З кнігі A. Fortescue, The Ceremonies of the Roman Rite Described (1943), раздз. VI “Ціхая Імша, якую служыць святар”

Са зведзенымі рукамі і апушчанымі вачыма ён праз правае плячо паварочваецца да людзей. Ён кажа: “Dominus vobiscum”, адначасова разводзячы рукі і зводзячы іх зноў, але не апускаючы іх падчас гэтага жэсту. Паварочваючыся назад праз левае плячо, ён ідзе да Імшала. Кажучы “Oremus”, ён разводзіць рукі і зводзіць іх зноў, а таксама кланяецца крыжу. Затым ён чытае калекту, трымаючы рукі ўзнятымі і разведзенымі прыкладна на шырыні і вышыні сваіх плячэй, а далоні пры гэтым глядзяць адна на адну. Калі ён кажа “Per Dominum nostrum” і г. д., ён зводзіць рукі. Калі малітва заканчваецца словамі “Qui tecum” альбо “Qui vivis”, ён зводзіць рукі на словы “in unitate”. На святое Імя “Iesum Christum” ён зноў кланяецца крыжу. Такім жа чынам ён прамаўляе наступныя калекты, калі іх некалькі.

Пасля апошняй калекты ён чытае Пасланне, трымаючы кнігу альбо кладучы на яе рукі (з абодвух бакоў) далонямі ўніз, каб яго вялікія пальцы альбо кончыкі пальцаў ляжалі на кромках старонак. Зазвычай, калі святар заканчвае Пасланне, ён падае знак прыслугоўваючаму, каб ён мог адказаць “Deo gratias”. Гэта можна зрабіць, на момант прыпадняўшы левую руку альбо сцішыўшы голас на апошніх словах і злёгку павярнуўшыся да прыслугоўваючага.

У пэўныя дні, перадусім у Сухія дні, перад Евангеллем ёсць серыя чытанняў, кожнае з якіх папярэджваецца сваёй калектай. У гэтым выпадку святар кажа “Dominus vobiscum” толькі перад калектамі, якія папярэджваюць апошняе чытанне. Адразу пасля “Kyrie, eleison” цэлебрант ідзе да Імшала, прапускаючы “Dominus vobiscum”. Ён прамаўляе кожную калекту і наступнае за ёй чытанне, як звычайна. Затым у месцы, якое пазначана ў Імшале, ён падыходзіць да сярэдзіны, кажа “Dominus vobiscum”, вяртаецца да кнігі і працягвае, як было апісана вышэй.

Калі трэба сказаць “Flectamus genua”, то цэлебрант, сказаўшы “Oremus”, адразу кладзе рукі на алтар і ўкленчвае, кажучы “Flectamus genua”. Прыслугоўваючы адразу адказвае “Levate”; цэлебрант падымаецца і чытае калекту.

Пасля Паслання цэлебрант тым жа голасам працягвае чытаць градуал, тракт, “Аллелюя” ці секвенцыю, калі яны сустракаюцца ў Імшале. Тым часам ён працягвае трымаць рукі на кнізе.

Калі ў калекце, Пасланні, градуале і г. д. сустракаецца слова з пералічаных вышэй, а менавіта святое Імя, імя Найсвяцейшай Панны альбо святога дадзенага дня, ён робіць жэст ушанавання, як было сказана вышэй. Калі рубрыкі прадпісваюць, святар укленчвае падчас Паслання ці градуала, кладучы рукі на алтар звычайным спосабам.

Затым ён падыходзіць да сярэдзіны алтара са зведзенымі рукамі, пакінуўшы кнігу адкрытай на баку Паслання. На сярэдзіне ён уздымае вочы на крыж [1], затым нізка схіляецца, не кладучы рукі на алтар, і ў такой паставе прамаўляе “Munda cor meum” і “Iube, Domine [2], benedicere. Dominus sit in corde meo” і г. д.

[1] Гл. с. 45, № 2.

[2] На ціхай Імшы цэлебрант кажа “Domine”, звяртаючыся да Бога. З-за цікавага развіцця мовы сярэднявечная форма “domnus”, якая з’яўляецца не чым іншым, як няправільным вымаўленнем [слова “dominus”], цяпер лічыцца правільнай, калі зварот адрасаваны проста чалавеку, вышэйшаму станам. Таму рубрыкі ў R, vi, 2 і Ordo Missae падаюць форму “Iube, domne, benedicere”, калі дыякан на спяванай Імшы звяртаецца да цэлебранта, але “Iube, Domine, benedicere”, калі на ціхай Імшы цэлебрант моліцца Богу (Гл. Ducange, Glossarium med. et inf. Latinitatis, c. v. “Domnus”).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz