З глыбокім смуткам, але рухомыя вернасцю нашаму Пану Езусу Хрысту, любоўю да Касцёла і інстытута папства, а таксама сыноўскай адданасцю вам, мы змушаныя накіраваць Вашай Святасці выпраўленне з нагоды распаўсюджання ерасяў, якія ўзніклі з-за апостальскай адгартацыі Amoris laetitia і іншых словаў, учынкаў і занядбанняў Вашай Святасці.

Такімі словамі пачынаецца “сыноўскае выпраўленне“, якое было дастаўлена ў дом святой Марты ў Ватыкане 11 жніўня 2017 года. У чаканні абяцанага “фармальнага выпраўлення” з боку кардыналаў-аўтараў dubia група з 40 каталіцкіх духоўных асобаў і навукоўцаў прадпрыняла падобны крок самастойна, звінаваціла Папу ў распаўсюджанні ерасяў і з павагай папрасіла, каб ён навучаў каталіцкай веры ва ўсёй паўнаце. Паколькі Папа Францішак ніяк не адрэагаваў на гэты крок, сёння гэты дакумент разам з прэс-рэлізам быў адначасова апублікаваны некалькімі кансерватыўнымі СМІ (Rorate Caeli, OnePeterFive). Таксама ён з’явіўся на адмысловым сайце: http://correctiofilialis.com/.

У дакуменце “Correctio filialis de haeresibus propagatis”, які аўтары называюць эпахальным актам, слова “ерась” упершыню ўжываецца не толькі да магчымых інтэрпрэтацый Amoris Laetitia, але і да “іншых словаў, учынкаў і занядбанняў” Папы. Паводле падпісантаў, апошні выпадак падобнага выпраўлення адбыўся ў 1333 годзе, калі адмовіцца ад ерасяў заклікалі Папу Яна ХХІІ. Тады Пантыфік выракся іх непасрэдна перад смерцю.

У першай частцы ліста аўтары тлумачаць, чаму яны лічаць магчымым накіраваць Папу такое выпраўленне:

Як асобы падпарадкаваныя, мы не маем права накіраваць Вашай Святасці такую форму выпраўлення, якою кіраўнік змушае падпарадкаваных сабе, пагражаючы ім пакараннем альбо прымяняючы яго. Хутчэй мы накіроўваем гэтае выпраўленне, каб абараніць нашых братоў-каталікоў, а таксама тых, хто знаходзіцца па-за Касцёлам і ў каго нельга забіраць ключ пазнання (пар. Лк 11:52), спадзеючыся папярэдзіць далейшае распаўсюджанне вучэнняў, якія самі па сабе вядуць да прафанацыі ўсіх сакрамэнтаў і звяржэння Божага закону.

Аўтары падкрэсліваюць, што гэтае выпраўленне не супярэчыць каталіцкаму вучэнню пра беспамылковасць Папы, таму што Папа Францішак не спрабаваў уводзіць ерэтычныя меркаванні як дагматычнае вучэнне Касцёла. Пацвярджаючы сваю гатоўнасць слухацца яго законных патрабаванняў і вучэнняў, падпісанты дакумента сцвярджаюць, што Папа падтрымліваў і распаўсюджваў ерэтычныя меркаванні іншымі прамымі і ўскоснымі спосабамі.

Разам з тым яны звяртаюць увагу, што не ўсе каталікі маюць добрае ўяўленне пра абмежаванні папскай беспамылковасці, і таму яны могуць трапіць у дзве памылкі: альбо яны ахвотна прымуць ерасі за праўду, альбо, бачачы такое навучанне, пачнуць сумнявацца ці адмаўляць прэрагатывы папства.

Затым у дакуменце пералічваюцца тыя сцвярджэнні Amoris Laetitia, якія служаць пашырэнню ерасяў. Усе яны знаходзяцца ў восьмым раздзеле апостальскай адгартацыі. Да іх аўтары дадаюць апісанне словаў, учынкаў і занядбанняў Папы Францішка, якія даюць падставы меркаваць, што Папа жадае менавіта ерэтычнай інтэрпрэтацыі пералічаных фрагментаў Amoris Laetitia. Сярод іх:

  • адмова адказаць на dubia кардыналаў Бёрка, Кафары, Брандмюлера і Майснера;
  • умяшальніцтва Францішка ў складанне прамежкавага дакумента “Relatio post disceptationem”, калі насуперак правілам сінода і па патрабаванні Папы ў яго быў уключаны пункт пра допуск разведзеных і паўторна жанатых асобаў да Камуніі, хоць ён і не набраў патрэбнай колькасці галасоў (гл. тут);
  • адказ Папы на пытанне журналіста, ці адкрыліся нейкія новыя магчымасці для разведзеных і паўторна жанатых асобаў, якіх не было дагэтуль: “Io posso dire, si. Punto” — “Я магу сказаць, так. Кропка”;
  • адказ на ліст біскупаў рэгіёна Буэнас-Айрэса, у якім тыя прапануюць удзяляць Камунію, калі паўторна жанатая пара не змагла “атрымаць пастанаўленне пра несапраўднасць сужэнства” (гл. тут і тут);
  • прызначэнне старшынёю Пантыфікальнай Акадэміі жыцця і вялікім канцлерам Папскага інстытута даследавання сужэнства і сям’і арцыбіскупа Вінчэнца Пальі, які выказваўся за допуск паўторна жанатых асобаў да Камуніі (гл. больш тут);
  • інструкцыі для дыяцэзіі Рыма (гл. тут), якія дазваляюць такі допуск, былі выдадзены з адабрэння Папы;
  • прызначэнне біскупа Кевіна Фарэла прэфектам новастворанай дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця і наданне яму кардынальскай годнасці (кардынал Фарэл таксама выказваўся на карысць ерэтычных сцвярджэнняў);
  • публікацыя мальтыйскіх інструкцый (гл. тут) у выданні L’Osservatore Romano без усялякай крытыкі.

Другая частка датычыцца непасрэдна выпраўлення, напісанага на лацінскай мове. У ім пералічваюцца сем ерэтычных сцвярджэнняў, якія Папа падтрымліваў наўпрост ці ўскосна. Аўтары падкрэсліваюць, што гэта не азначае, што Папа — ерэтык, бо для гэтага неабходна зрабіць высновы аб наўмыснасці гэтых памылак, пасля чаго кампетэнты кіраўнік мусіць вынесці адпаведнае суджэнне. Аўтары ліста кажуць, што яны не могуць і не збіраюцца ацэньваць таго, наколькі Папа ўсведамляў свае памылкі, а тым больш над Папам няма ніякай зямной улады. Аднак яны патрабуюць, каб гэтыя памылкі былі асуджаны дзеля дабра душаў.

Разам з тым, па словах падпісантаў, гэты пералік далёка не поўны, бо ў працы 45 тэолагаў знаходзіцца ажно 19 прыкладаў памылак. У “сыноўскім выпраўленні” ж знаходзяцца толькі тыя, якія спалучаюцца са словамі і ўчынкамі самога Папы Францішка.

У трэцяй частцы ліста падпісанты прыводзяць дзве прычыны гэтага крызісу: мадэрнізм і ўплыў Марціна Лютэра. Пад першым яны разумеюць погляд, паводле якога Бог не перадаў Касцёлу канчатковыя праўды, якім ён мусіць навучаць да канца вякоў, не змяняючы іх. Што да Марціна Лютэра, то ў лісце прыводзяцца некаторыя прыклады таго, як некаторыя ідэі Папы наконт сужэнства, разводаў і прабачэння суадносяцца з ідэямі нямецкага пачынальніка Рэфармацыі. Таксама аўтары звяртаюць увагу на “яўную і беспрэцэдэнтную пахвалу”, якою Папа адорвае архіерэтыка XVI стагоддзя.

Сярод падпісантаў ёсць некалькі знаных асобаў: нямецкі пісьменнік Марцін Мозэбах, прафесар Клаўдыё П’ерантоні, прафесар Анна Сілвас і гісторык Рабэрта дэ Матэі. Прэс-сакратаром групы падпісантаў выступіў англійскі філосаф Джозэф Шоу. Ужо пасля таго, як ліст быў перададзены Папу, але яшчэ трымаўся ў сакрэце, пра яго даведаліся яшчэ некалькі асобаў, і лічба падпісантаў узрасла да 62. Між іншым, да іх далучыўся генеральны настаяцель SSPX біскуп Бернар Феле, які падпісаў ліст ад імя членаў Брацтва св. Пія Х.

Цікава, што сярод падпісантаў не знайшлося ніводнага іншага біскупа ці кардынала. Каментатары выказваюць надзею, што за гэтым паследуе выпраўленне іншага роду, з адпаведнымі кананічнымі наступствамі.

Агулам гэта ўжо шостая вялікая ініцыятыва, звязаная з выказваннем перасцярогі адносна некаторых сцвярджэнняў Amoris Laetitia.

  • У верасні 2015 года, якраз перад другім сінодам на тэму сям’і, 800 000 чалавек скіравалі да Папы Францішка просьбу ясна падтрымаць вучэнне Касцёла пра сужэнства і сям’ю.
  • У ліпені 2016 года група з 45 тэолагаў скіравала заклік да Калегіі кардыналаў, просячы, каб тыя заклікалі Папу асудзіць памылковыя сцвярджэнні ў Amoris Laetitia.
  • 19 верасня 2016 года чацвёра кардыналаў прадставілі Папу пяць dubia, каб атрымаць праясненне ў сувязі з шырокім спектрам інтэпрпрэтацый Amoris Laetitia біскупскімі канферэнцыямі і паасобнымі біскупамі.
  • У лютым 2017 года міжнародная кааліцыя святарскіх супольнасцяў выпусціла заяву з просьбай растлумачыць Amoris Laetitia.
  • У красавіку ў Рыме адбылася канферэнцыя, на якой шасцёра навукоўцаў прыцягнулі ўвагу да неадназначных фрагментаў Amoris Laetitia.

Усе гэтыя ініцыятывы Папа праігнараваў.

Фота: Pixabay, CC0.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz