Маніпуляцыям і скажэнню праўды трэба супрацьстаяць паўсюль, дзе яны паўстаюць, незалежна ад іх крыніцы. Бо як кажа псальм 62, які традыцыйна чытаецца на нядзельнай Ютрані, “кароль узрадуецца ў Богу, будзе ўслаўлены кожны, хто Яму прысягае, бо замкнуцца вусны ў тых, што гавораць няпраўду” — дарэчы, гэты верш быў выкрэслены з Літургіі гадзінаў Паўла VI.

Кожны, хто прыклаў хоць бы невялікі высілак для вывучэння гісторыі Другога Ватыканскага сабору, ведае, што гэта была незвычайна складаная падзея, у якой існавалі розныя кірункі мыслення, праяўлялася вельмі вострая нязгода паміж асобамі і фракцыямі, а таксама адбываліся майстэрскія маніпуляцыі за кулісамі, пра што можна даведацца ад сведкаў (напрыклад, Вільтгена, Лефеўра, Кангара, дэ Любака) і гісторыкаў (напрыклад, Дэ Матэі). Гэта не быў проста трыумфальны марш прагрэсівізму па магілах абскурантыстаў, як бы ні хацеліся пераможцам перапісаць гісторыю, згладжваючы альбо замоўчваючы спраўдныя дыскусіі ў зале і фінальныя тэксты дакументаў, у якіх часта адлюстраваны кансерватыўны або традыцыйны пункт гледжання.

Не тое каб дакументы не прадстаўлялі ніякіх праблемаў; пяцьдзясят гадоў герменеўтычных дэбатаў добра ілюструюць адваротнае. Дастаткова сказаць, што папулярны сюжэт пра Сабор як пра “новую Пяцідзесятніцу”, якая суправаджалася амаль адзінадушным энтузіязмам і падтрымкай інавацый і мадэрнізацый, сапраўды вельмі далёкі ад неаднароднай і няпростай праўды рэчаў. Дакументы прадстаўлялі сабою несумненныя кампрамісы; лібералы планавалі адкінуць іх як мага хутчэй, як ракета Сатурн-5, якая імкнецца да месяца, скідае ніжнія ступені; традыцыйныя элементы гэтых дакументаў цяпер ужо амаль цалкам пахаваныя і забытыя; Касцёл збірае багатыя плёны разрыву і парушэння злітнасці. Усё гэта праўда. Але гэта яшчэ не дае карт-бланшу для перапісвання самога Сабору, калі толькі мы не хочам быць сярод тых, чые вусны замкнуцца.

Таму, па меншай меры, вельмі дзіўна знаходзіць у нядаўнім дакуменце наступныя заявы:

Вялікі прынцып, устаноўлены Другім Ватыканскім экуменічным саборам, згодна з якім літургічную малітву трэба дастасоўваць да ўспрымання людзей, каб яе можна было разумець, патрабаваў выканання важнай задачы ўвядзення народных моваў у літургію, а таксама падрыхтоўкі і зацвярджэння перакладаў літургічных кніг, адказнасць за якую была даверана Біскупам.

Лацінскі Касцёл усведамляў ахвяру, якая мела суправаджаць гэты працэс і заключалася ў частковай страце літургічнай лацінскай мовы, якая выкарыстоўвалася ва ўсім свеце цягам стагоддзяў. Аднак ён ахвотна адкрыў дзверы, каб гэтыя пераклады як часткі саміх абрадаў маглі нароўні з лацінскай мовай зрабіцца голасам Касцёла, які цэлебруе Божыя таямніцы.

У той жа час, асабліва з улікам розных ясна выказаных поглядаў Айцоў Сабору на выкарыстанне народных моваў у літургіі, Касцёл усведамляў і цяжкасці, якія могуць прадставіцца ў гэтай сувязі.

Мэтай перакладу літургічных тэкстаў і біблійных тэкстаў для Літургіі Слова з’яўляецца абвяшчэнне вернікам збаўчага слова ў паслухмянасці веры і выраз касцёльнай малітвы Пану. Па гэтай прычыне неабходна перадаваць дадзенаму народу, карыстаючыся яго ўласнай мовай, усё тое, што Касцёл жадаў перадаць іншым народам праз лацінскую мову.

На дзіва, гэта вельмі не падобна на тое, што можна адкрыць, разглядаючы вельмі вялікія тамы з прамовамі Айцоў Сабору — усіх тых настаяцеляў Ордэнаў, біскупаў, арцыбіскупаў і кардыналаў, якія дзень за днём выказваліся падчас адкрыцця Сабору ў 1962 годзе!

Чытаючы іх выказванні наконт чарнавога дакумента [schema] пра літургію, здзіўляешся, як часта яны вяртаюцца да тэмы лацінскай мовы. Нават пасля пастаянных просьбаў мадэратараў перастаць казаць пра гэта гэтая тэма працягвала ўсплываць. Амаль кожны прамоўца меў сваё меркаванне і жадаў падзяліцца ім (пры гэтым, вядома, кожны рабіў свае заўвагі на лацінскай мове, таму што Сабор быў апошняй вялікай падзеяй, на якой можна было жыва адчуць цудоўную еднасць глабальнага, шматнацыянальнага Касцёла, які размаўляе на супольнай матчынай мове, якая не належыць ніводнай зямной уладзе; мы страцілі яе як пакаранне за новую Вавілонскую вежу, якую паспрабавалі збудаваць у 1960-я гады). Так, гэта праўда, што некаторыя Айцы Сабору рашуча выказваліся на карысць значнага павелічэння ролі нацыянальных моваў; але іх была меншасць. Значна больш было тых, хто прызнаваў, што ў пэўных сітуацыях іх выкарыстанне варта пашырыць, не выцясняючы пры гэтым лацінскай мовы з яе традыцыйнага месца. І было шмат тых, хто цвёрда абараняў першае месца лацінскай мовы з-за якасцяў, якія за ёй прызнаваў Магістэрый Касцёла: старажытнасці, даўгавечнасці, устойлівасці і універсальнасці.

Адным з экспертаў, які сядзеў на Саборы, усмоктваючы ўсё гэта і пракладаючы свой шлях праз лабірынт меркаванняў і бясконцыя вячэрнія сустрэчы, быў тэолаг-езуіт Анры дэ Любак. Пазней ён зробіць рэпутацыю на кансерватызме, але гэта будзе толькі кропля сярод усяго астатняга вар’яцтва. Калі Сабор адкрываўся, яго паўсюдна лічылі прагрэсівістам, а нават мадэрністам, за яго хвалебную кнігу пра псеўдамістыка Тэяра дэ Шардэна. Дэ Любак пакінуў нам каштоўны гістарычны дакумент “Нататнікі з Ватыканскага сабору” (Vatican Council Notebooks). У іх ён кожны дзень падрабязна запісваў свой досвед падчас Сабору і вакол яго. Той факт, што прагрэсівізм дэ Любака схіляў яго ўдзяляць менш увагі нудным кансерватарам, робіць яшчэ больш уражвальным, што ён запісвае так шмат (але не ўсе) саборныя прамовы на карысць лацінскай мовы. Іншымі словамі, паколькі мы ведаем, што ён не спрабуе прасоўваць лацінскую мову — магчыма, нават наадварот — ягонае сведчанне надзейна адлюстроўвае глыбіню думкі і агульны настрой на карысць лацінскай мовы сярод Айцоў Сабору. Як мы ўбачым, шматлікія Айцы таксама ясна прадбачылі бяду надта вялікай літургічнай разнастайнасці і адаптацый, і таму выступалі за літургічную еднасць супраць дэцэнтралізацыі і фрагментацыі рашэнняў. Іхнія папярэджанні прайшлі незаўважанымі.

Пасля гэтага кароткага ўступу да Нататнікаў давайце паглядзім на некаторую частку таго, што дэ Любак пачуў і запісаў. (Нумары ў дужках абазначаюць старонкі ў першым томе Vatican Council Notebooks выдання Ignatius Press. Тут я не прыводжу даты прамоваў, якія можна знайсці ў самой кнізе; першы ўрывак узяты з пасяджэння 23 кастрычніка 1962 года, а апошні — з пасяджэння 13 лістапада. Дэ Любак не вылучае курсівам лацінскія фразы, якімі ён перасыпае свой тэкст.)

Арцыбіскуп Арманда Фарэс з Катандзара і Сквілачэ заўважыў, што гэты тэкст павінен быць “magna charta”; таму неабходна растлумачыць сувязь “inter fidem et liturgiam” [паміж верай і літургіяй], а таксама ўдзяліць вялікую ўвагу літургічнай еднасці дзеля еднасці веры. “Sit una lingua, sc. latina” [Няхай будзе адна мова, а менавіта лацінская] (176-177).

Кардынал Руфіні зрабіў 12 крытычных заўваг. … “Cautissime procedendum est” [неабходна рухацца з найвялікшай асцярожнасцю (у пытанні лацінскай мовы)]; тут існуе вялікая небяспека, і гэта не адпавядае вучэнню Пія ХІІ (178).

Кардынал Фельтэн: Лацінская мова застаецца мовай Касцёла. … Мы павінны пашырыць тыя дазволы на выкарыстанне нацыянальных моваў, якія ўжо былі дадзены Папамі. Ён прапануе, каб мы захавалі на лацінскай мове missa solemnis, а таксама істотныя формулы сакрамэнтаў (178).

Кардынал Джэймс Л. Макінтайр (Лос-Анджэлес): словы пахвалы лацінскай мове. Гэта рэч “plus quam humanum” [больш чым людская]. Ён аргументуе да гісторыі. Атакаваць лацінскую мову азначае пэўным чынам аспрэчваць нязменнасць дагматаў. Лацінская мова з’яўляецца неабходнай не толькі з эклезіяльнага пункту гледжання, але таксама з навуковага і грамадзянскага пункту гледжання. Гэта каталіцкая мова: пратэстанты яе не выкарыстоўваюць. “Missa debet remanere ut est” [Імша павінна застацца як ёсць] (178-179).

Кардынал Джон Д’Альтан (Арма, Ірландыя). … “Placet omnino quod dicitur de lingua latina” [Я цалкам згаджаюся з тым, што было сказана пра лацінскую мову], мову Касцёла; але мы павінны супрацьстаяць тым, хто жадае цалкам скасаваць лацінскую мову. Гэта выкліча замяшанне (179).

Кардынал Хуан Ландасуры Рыкетс (Ліма, Перу): “in genere placet” [у цэлым, я чарнавіком задаволены]. Аднак трэба паклапаціцца, каб не аддаваць надта перавагу разнастайнасці (179).

Кардынал Бачы. … Людзі не зразумеюць больш на народнай мове, чым на лацінскай, таму што тут мы маем справу з таямнічымі рэчамі… Акрамя таго, дастаткова, каб на народнай мове праводзілася катэхізацыя. … Небяспека дыскусій, нацыяналізму, асабліва ў дзвюхмоўных (Канада, Бельгія) альбо трохмоўных (Швейцарыя) краінах прынясе вялікую шкоду Касцёлу. У выпадку сакрамэнтаў можна дазволіць некаторыя часткі на народнай мове, “probante tamen Sancta Sede” [аднак з дазволу Святога Пасаду]. Настолькі сур’ёзныя справы нельга пакідаць біскупскім канферэнцыям. Іначай: “magna diversitas et confusio [вялікая разнастайнасць і замяшанне], якія існуюць ужо сёння (184).

Алекс Гансалвэс да Амара (Убераба, Бразілія): … Імшу і сакрамэнты трэба захаваць на лацінскай мове; Пасланне і Евангелле — на народных мовах (186).

П’етра Парэнтэ, эксперт Святой Канцылярыі. … Дзеянні Касцёла пацвярджаюць, што ён не з’яўляецца нерухомым, як яго абвінавачвалі. Але рухацца трэба “cum maxime cautela” [з найбольшай асцярожнасцю] … Трэба пазбягаць “pericula versionum” [небяспек перакладаў] (186-187).

Дзіна Стафа, арцыбіскуп Цэзарэі (Палестына), сакратар Кангрэгацыі адукацыі. … У прынцыпе дапускаць выкарыстанне народных моваў — гэта сур’ёзна, бо будзе немагчыма спыніцца на паўмерах. Існуе вялікая рызыка для веры і для дысцыпліны. — У той час, калі свет рухаецца да еднасці, ці ж можа Касцёл рухацца ў напрамку разнастайнасці? … “Lingua latina integre servetur in missa” [Няхай лацінская мова цалкам захаваецца ў Імшы] (187).

Кардынал Сіры. … Неабходна змякчыць арт. 20 наконт адаптацый; нам трэба папярэдзіць небяспеку мноства формаў і адхіленняў. …  № 24 пра лацінскую мову: caute procedendum [трэба рухацца з асцярожнасцю]; трэба заставацца вернымі “Veterum sapientia” (191).

Біскуп М. Х. Флорэс з Барбастра (Іспанія). … № 24 [пра ўвядзенне народных моваў]: мы не павінны давяраць тым, хто адважваецца на ўсё; асцерагайцеся, як і ў іншых месцах, “intolerantia auctoritatis” [нецярпімасці да ўлады]; асцерагайцеся парушальнікаў парадку. Флорэс прымяніў сюды малітву св. Ісідора, якая прамаўлялася напачатку кожнай сесіі: каб мы не дазвалялі сабе адыходзіць ад праўды і справядлівасці з-за любові да нашых нацыянальных моваў. Касцёл павінен быць “una in fide, una in liturgia, una in caritate” [адзіны ў веры, адзіны ў літургіі, адзіны ў любові] (192).

Дапаможны біскуп Бургаса (Іспанія) [Дэметрыя Мансілья Рэоя]: … № 24: без лацінскай мовы Імша будзе яшчэ менш зразумелая. Айцы Трыдэнцкага сабору мусілі рэагаваць на небяспеку неаднароднасці; “fructus ex historia capiamus” [будзем збіраць плёны гісторыі] (194).

[Віторыё Марыя] Канстанціні, біскуп-францысканец: народныя мовы пастаянна змяняюцца. Каментарыяў на народнай мове дастаткова. А літургіі на народных мовах будзе недастаткова, каб вярнуць нашых аддзеленых братоў (194).

[Бенедыкт] Рытц, бенедыктынец, абат Бойрана. Ён выступае за “usus moderatus linguae vulgaris” [умеркаванае выкарыстанне народных моваў], але ён не жадае, каб грыгарыянскі спеў быў асуджаны на смерць; ён не лічыць, што неабходна, каб усе разумелі ўсё; аднойчы на грэцкай Імшы я зразумеў толькі адно слова: Амэн, аднак яна прынесла мне духоўную карысць (195).

К. Ю. Калеваерт, біскуп Гента … Лацінская мова — гэта найлепшы знак еднасці; на канферэнцыях, пілігрымках, міжнародных сходах неабходна, каб кожны мог разам спяваць Gloria, Credo, Salve Regina… Народныя мовы можна дазволіць для сакрамэнтаў (195).

Дом Жан Пру, абат Салемскага абацтва. … Што да № 24, ён небяспечны: існуе рызыка ніколі не вярнуцца назад. Будзе неабходна ўвесці на гэта сур’ёзныя абмежаванні [на пашырэнне народных моваў] (195-196).

Біскуп [Луіджы Карла] Барамеа (Італія): няхай лацінская мова будзе захавана, нават у сакрамэнтах (197).

Анісэта Фернандэс, ОР, генеральны магістр: Major concordia esset si duae quaestiones distinguerentur: (a) major libertas in usu linguarum vernacularum: resp.: affirmative; (b) utrum omnes sacerdotes debeant cognoscere linguam latinam: affirmative, nam: lingua latina possidet (jus a longo tempore)—est lingua officialis—in lingua latina continentur immensi thesauri sapientiae christianae. [Мы дасягнулі б большай згоды, калі б адрознілі два пытанні: (а) большую свабоду ў выкарыстанні народных моваў. Адказ: так. (б) Ці павінны ўсе святары ведаць лацінскую мову? Так, таму што лацінская мова ўжо працуе (і ўжо доўгі час было так), гэта афіцыйная мова, у лацінскай мове ўтрымліваецца нязмернае багацце хрысціянскай мудрасці] (199).

Захарыя Ролім дэ Моўра, біскуп Кажазэйраса (Бразілія). … Мы павінны пазбегнуць памнажэння мясцовых абрадаў. Прамова ў абарону лацінскай мовы. Няхай не будзе лішніх інавацый альбо перабольшванняў супраць venerabiles traditiones [шанаваных традыцый] (200-201).

Юзаф Мелас, біскуп Нуоры (Італія): Няхай лацінская мова захоўваецца і рэкамендуецца, ut ex omni lingua et natione … latine loquantur [каб людзі кожнай мовы і кожнай нацыі маглі размаўляць на лацінскай мове]. Не бунтуйце вернікаў інавацыямі (202).

Францысканскі біскуп-місіянер (Індыя) [Альберт Конрад Дэ Віта]. Супраць выкарыстання народных моваў. … Божыя таямніцы прыніжаюцца выкарыстаннем народных моваў (202-203).

Іншы бразілец [Карлас Эдуарда дэ Сабоя Бандэйра Мэла]. Досвед паказвае, што ў апошнія гады паўстала вялікае замяшанне. Hodie lingua, cras aliud… [Сёння мова, заўтра іншая рэч]. А свецкія заяўляюць, што ведаюць лепш за духавенства. Няма ніводнага чалавека, які пасля некаторых тлумачэнняў не змог бы зразумець лацінскую Імшу. … Не будзем нічога дазваляць біскупскім канферэнцыям: біскуп з’яўляецца гаспадаром у сваёй дыяцэзіі; nullum moderamen, nulla jurisdictio inter episcopum et Romanum Pontificem [ніякіх пасрэднікаў, ніякай юрысдыкцыі паміж біскупам і Рымскім Пантыфікам] (203).

Біскуп Антоніё Санцін з Трыеста… У літургіі на народнай мове няма ані пабожнасці, ані годнасці. … “Non amore novi procedamus!” [Не будзем жа рабіць з любові да навізны!] (208)

Юзаф Баталья, біскуп Фаэнцы (Італія). … У № 24 lingua latina “diligenter et cum amore servetur. S. Pontifex luculenter demonstravit nexum inter Ecclesiam et linguam latinam.” [Няхай лацінская мова ахоўваецца са стараннасцю і любоўю. Вярхоўны Пантыфік падрабязна паказаў сувязь паміж Касцёлам і лацінскай мовай.] Усе дзеці Касцёла павінны пачуць голас сваёй Маці, адзін і той жа голас. Лацінская мова — гэта знак еднасці. Adjuro vos… [Я малю вас] (209).

Арцыбіскуп Энрыка Нікадэма з Бары (Італія). … Цяпер ён рэкамендуе нам лацінскую мову (210).

Бразільскі біскуп [Саламан Ферас]. Неабходна ўвесці крыху больш народнай мовы; няхай гэта будзе дазволена, sed nulli implacabiliter impositum [але нічога не насаджаецца бязлітасным чынам]. Ва ўрачыстых афіцыях lingua latina adhibenda, ut officialis [лацінская мова павінна выкарыстоўвацца як афіцыйная]. … Не адкідвайце знешніх традыцый, нават ва ўбранні (211).

Італьянскі біскуп [Б’яджа Д’Агасціна]. … Несумненна, лацінская мова non est de essentia fidei [не належыць да сутнасці веры], sed: una fides, unum baptisma, una liturgia [але: адна вера, адзін хрост, адна літургія]. Казаць “catholicus sum” [я каталік] — тое самае, што казаць “civis romanus sum” [я рымскі грамадзянін]. Няхай Захад захавае лацінскую мову (212).

Дж. Б. Перуцца, арцыбіскуп Агрыджэнта. Multa audivi contra sacram traditionem. Haec verba cause mihi fuerunt anxietatis et timoris. [Я чуў шмат рэчаў супраць святой традыцыі. Гэтыя словы выклікалі ўва мне боль і страх.] … Усе тыя, хто хоча паменшыць ролю лацінскай мовы, заўсёды прыводзяць тую самую прычыну: што людзі будуць разумець і ўдзельнічаць лепей. Гэта тое, чаго патрабавала Аўгсбургскае вызнанне. І цяпер quid evenit [які рэзультат]? Actus separationis a Sancta Matre Ecclesia [Акт аддзялення ад святой Маці-Касцёла]. Separatio a lingua latina, per quandam inexplicabilem rationem, fere semper, etiam cum permissu Summi Pontificis [Адкіданне лацінскай мовы па нейкай невыказнай прычыне амаль заўсёды, нават з дазволу Вярхоўнага Пантыфіка], заканчваецца абсалютным аддзяленнем (212-213).

Арцыбіскуп Перуцца згадвае Аўгсбургскае вызнанне — вызнанне веры, напісанае Філіпам Меланхтонам у 1530 годзе, каб прадставіць фундаментальныя пункты лютэранскай веры. У яго 24 артыкуле мы чытаем: “Усе цырымоніі [Імшы] павінны служыць у асноўным навучанню людзей тым рэчам, якія ім неабходна ведаць пра Хрыста”.

Вернемся да Айцоў Сабору:

Кардынал Спэлман. Maxima prudentia et circumspectio est necessaria. De liturgismo exaggerato vitando. No. 27: cur ordinem missae recognoscere? Attendamus, ne minuatur reverentia erga SS. Sacramentum. [Неабходныя вельмі вялікая разважлівасць і абачлівасць. Трэба пазбягаць перабольшанага літургізму. Навошта пераглядаць парадак Імшы? Будзем зважаць на тое, каб не паменшыць пашану да Найсвяцейшага Сакрамэнту.] Сцеражыцеся magna confusio [вялікага замяшання]! (213)

Кардынал Годфры, арцыбіскуп Лондана … № 42: не так шмат народнай мовы; рызыка памылак у пытаннях веры; а калі выбар пакінуць біскупам, erit maxima confusio [будзе шмат замяшання] (217).

Кардынал Атавіяні — № 37: Si oportet sic recognoscere Ordinem Missae, quid manebit? Haec res sanctissima non debet mutari [Калі мы павінны перагледзець парадак Імшы такім чынам, што ад яго застанецца? Гэтую найсвяцейшую рэч нельга змяняць] для кожнага пакалення. … [У чарнавіку] ёсць заклік да аўтарытэту Пія ХІІ; але там не згадваецца яго прамова да міжнароднага літургічнага кангрэса, дзе ён сказаў: “Касцёл мае сур’ёзны абавязак цвёрда падтрымліваць безумоўнае выкарыстанне лацінскай мовы, sine ulla remissione [без усялякіх паслабленняў]” (218).

Біскуп Дуаер з Лідса (Англія): № 37 незразумелы. Калі кожная нацыя зможа мяняць рэчы, “non erit recognitio, sed potius destructio” [гэта будзе не рэвізія, а хутчэй разбурэнне] (220).

Іспанскі біскуп [Рамон Іглесіас Навары]. У Імшу няможна ўносіць аніякіх зменаў без вельмі сур’ёзнай прычыны (225).

Кітайскі біскуп (Фармоза?) [Пётр Баоцзынь Доу]. Некалькі людзей імкнуцца ўвесці пэўныя прыгожыя навінкі. Canon missae idem debet ramenere ubique terrarum, etiam quoad linguam, exceptis Pater noster et Agnus Dei [Канон Імшы павінен застацца тым самым паўсюль на зямлі, нават у тым, што датычыцца мовы, за выключэннем Ойча наш і Баранку Божы], захавайце цырымоніі, аднак на розных мовах (229).

Арманда Фарэс, арцыбіскуп Катандзара і Сквілачэ (Італія). Памятайце пра Трыдэнцкі сабор. У № 37 не перабольшвайце актыўнага ўдзелу. Ne tangatur canon missae; cf. Trent: canon est ab omni errore purum [Няхай Канон Імшы застанецца некранутым; пар. Трыдэнцкі сабор: Канон вольны ад усялякіх памылак]. № 42 [пра Камунію пад дзвюма постацямі]: не; мы не павінны ўзбуджаць miratio populi [здзіўленне людзей], etc. (235-236)

Сабоя Бандэйра, біскуп Палмаса (Бразілія). с. 177: Omnino debet remanere sicuti est [(Рымскі абрад) павінен цалкам застацца як ёсць.] … Калі мы закранем яго, кожны пачне прапаноўваць свае ўласныя змены і г. д. (236)

Арцыбіскуп Мадрэга-і-Касаус з Барселоны. … Калі гамілія падрыхтавана добра, у народных мовах на Імшы няма патрэбы (239).

Падобныя ж меркаванні выказваліся, калі Айцы Сабору абмяркоўвалі Божы Афіцый. Зноў жа, былі некаторыя, хто выступаў за поўнае скасаванне лацінскай мовы, вялікая колькасць тых, хто жадаў змяшаць альбо мець выбар паміж лацінскай мовай і народнымі (напрыклад, Фрынгс, Лежэ, Дзёпфнэр), а таксама некалькі прыхільнікаў жорсткай лініі, якія казалі: Афіцый быў на лацінскай мове і павінен заставацца на лацінскай мове, а духавенству след прыкласці свой розум да яе вывучэння і выкарыстання. Прыклады:

Кардынал Мануэл Гансалвіш Сэрэжэйра, патрыярх Лісабона: … У агульным праве lingua latina a clericis servari debet, quia in officio sacerdo est tanquam vox Ecclesiae. [Лацінская мова павінна быць захавана духавенствам, бо ў Афіцыі святар, так бы мовіць, з’яўляецца голасам Касцёла] (258).

Кардынал Эцьен [Стэфан] Вышыньскі (Варшава). Змены няхай не будуць надта далёкімі: Servanda sunt monumenta antiquissimae traditionis [Мы павінны захаваць гэтыя помнікі найстаражытнейшай традыцыі]. … Lingua latina conservanda videtur in breviario [Здаецца, што лацінскую мову трэба захаваць у брэвіярыі]. Некаторыя прыгожыя тэксты нельга добра перакласці. Калі мы саступім па гэтым пытанні, святары яшчэ больш згубяць звычку карыстацца лацінскай мовай. Ад імя 64 польскіх біскупаў прашу: давайце ўстрымаемся ад надта моцнага скарачэння брэвіярыя (апладысменты) і захаваем лацінскую мову (258).

Кардынал Уільям Годфры, арцыбіскуп Вэстмінстэра. … Калі ў некаторых рэгіёнах лацінская мова больш не выкарыстоўваецца і не цэніцца, гэта не прычына адкідваць яе выкарыстанне: наадварот, мы павінны прыкласці намаганні для яе аднаўлення. Не давайце signum debilitatis [знак слабасці] (259).

Кардынал Ант. Бачы. … Літургічная лацінская мова простая; біскупы маюць сур’ёзны абавязак прадпрыняць неабходныя меры [на яе карысць] (261).

Біскуп Франіч (Спліт, Югаславія). Давайце не будзем больш скарачаць афіцый. … Захаваем лацінскую мову (262).

Біскуп Луіджы Карлі з Сеньі. Не скарачайце брэвіярый: хутчэй, яго трэба павялічыць. … Затым паследавала маштабная атака на выкарыстанне народнай мовы (268-269).

Біскуп Віктар Канстанціні з Сэса-Аўрункі (Італія), супраць народных моваў (269).

Арцыбіскуп П’ер Нго Дзінь Тхук з Хюэ (В’етнам). Ад імя біскупаў В’етнама. Гэты чарнавік прапануе так шмат інавацый, што ад рымскага абраду не застанецца нічога; гэта можа прынесці вельмі шмат шкоды. De aspectu sociali, multi Patres exagerant [Што да сацыяльнага аспекту, то некаторыя Айцы перабольшваюць]: на працягу доўгага часу гэты сацыяльны аспект быў даволі інтэнсіўны; але мы дагэтуль цэнім індывідуальную пабожнасць. Для інавацый патрабуюць столькі свабоды! У гэтым таксама ёсць небяспека. Лацінская мова заўсёды была мовай меншасці, таму гэта не новая сітуацыя, але яна прывяла да еднасці і павінна прыводзіць да яе і цяпер (278).

Польскі тытулярны біскуп [Францішак Ёп]. … Lingua latina magni pretii est [Лацінская мова мае вялікае значэнне]; яна павінна застацца; яна звязана з нараджэннем нашай нацыі; першая гісторыя Польшчы напісана на лацінскай мове і г. д. … Супраць росту магутнасці біскупскіх канферэнцый (284).

У гэтых скарочаных пераказах дэ Любака мы бачым, наколькі жывым было жаданне многіх Айцоў Сабору пакінуць лацінскую мову некранутай у яе велічнай ролі як крыніцы і сімвала каталіцкай еднасці і як традыцыйнай аправы для святых абрадаў, каб яны маглі заставацца супольнай маёмасцю святой Маці-Касцёла, а не здабыткам розных нацыянальных епіскапатаў і іх лінгвістычных і культурных праграм.

Хоць гэта і збітае выказванне, магчыма, тут будзе апраўдана яго прыгадаць: чым больш рэчы змяняюцца, тым больш яны застаюцца тымі самымі. Надзея і страх Айцоў Сабору з дакладнасцю маюць актуальнасць і ў цяперашняй сітуацыі. Іх пастаянныя пратэсты супраць меркаванага magnum principium і вынікаючай з гэтага дэцэнтралізацыі застаюцца справай гістарычнага факту, а гэтага ніхто змяніць не можа.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыя: Peter Geymayer (PD)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар