Сёння ў Рыме Папа Францішак выдаў шаснаццатае motu proprio свайго пантыфікату, Summa Familiae Cura. Апостальскае пасланне, датаванае для ўвядзення сённяшняй датай — роўна праз адзін год пасля таго, як Папу былі прадстаўлены пяць dubia адносна яго адгартацыі Amoris Laetitia, — устанаўлівае новы адукацыйны інстытут. Ён будзе насіць назву “Папскі тэалагічны інстытут сужэнства і навук аб сям’і імя Яна Паўла ІІ” і заменіць арыгінальны інстытут з падобнай назвай: “Папскі інстытут даследавання сужэнства і сям’і імя Яна Паўла ІІ”. Апошні быў заснаваны кардыналам Кафарам па просьбе Папы Яна Паўла ІІ пасля завяршэння Сінода па справах сям’і 1980 года; той сінод даў пачатак апостальскай адгартацыі Familiaris Consortio.

З нагоды заснавання таго інстытута сястра Лусія з Фацімы адказала на ліст ад Кафары, дзе ён прасіў малітвы аб новым пачынанні, сказаўшы яму, што “апошняя бітва паміж Панам і валадарствам шатана адбудзецца за сужэнства і сям’ю”. “Не бойцеся, — дадала яна, — таму што з кожным, хто працуе дзеля святасці сужэнства і сям’і, заўсёды будуць спрачацца і супраціўляцца яму кожным спосабам, таму што гэтая справа мае вырашальнае значэнне… аднак Дзева ўжо раздавіла яго галаву”.

Сённяшняе апостальскае пасланне аб рэарганізацыі інстытута Папа Францішак падпісаў 8 верасня, падчас свайго апостальскага падарожжа ў Калумбію, усяго праз два дні пасля таго, як кардынал Кафара, якога ватыканіст Сандра Маджыстэр апісаў як “рухавік” у справе dubia, нечакана адышоў у Балоньі ва ўзросце 79 гадоў.

Перасцярогі Кафары, выкладзеныя ў dubia, падзялялі не толькі кардыналы Рэйманд Бёрк, Вальтэр Брандмюлер і нядаўна памерлы Ёахім Майснер — іншыя тры падпісанты dubia — але і многія вернікі па ўсім свеце. Тым не менш Францішак у Summa Familiae Cura піша, што сіноды 2014 і 2015 гадоў, кульмінацыяй якіх стала напісанне Amoris Laetitia, “прывялі Касцёл да абноўленага ўсведамлення Евангелля сям’і і новых пастырскіх выклікаў, на якія хрысціянская супольнасць заклікана адказаць”. Францішак працягвае, цытуючы сваю ўласную адгартацыю: “Дабрабыт сям’і з’яўляецца вырашальным для будучыні свету і будучыні Касцёла”.

Цытуючы параграф 32 Amoris Laetitia, новае motu proprio працягвае:

Антрапалагічна-культурныя змены ўплываюць сёння на ўсе аспекты жыцця і патрабуюць аналітычнага і дыферэнцыраванага падыходу, не дазваляюць нам абмежавацца пастырскімі і місійнымі практыкамі, якія адлюстроўваюць формы і мадэлі мінулага. Мы павінны быць свядомымі і гарачымі інтэрпрэтатарамі мудрасці веры ў кантэксце, калі ў сваім эмацыйным і сямейным жыцці асобы менш, чым у мінулым, падтрымліваюцца сацыяльнымі структурамі. З яўнай мэтай заставацца вернымі вучэнню Хрыста мы павінны з інтэлектам любові і рэалістычнай мудрасцю паглядзець на сённяшнія рэаліі сям’і ва ўсёй складанасці з яе светлымі і цёмнымі бакамі.

Асіміляцыя каталіцкага вучэння пра сужэнства і сям’ю

Захаванне імя Папы Яна Паўла ІІ ў рэарганізаваным інстытуце ўжо выклікала падазрэнні, што яго рэпутацыя ў пытаннях жыцця і сям’і будзе выкарыстана ў якасці шырмы для неартадаксальнай праграмы. Гэтыя перасцярогі маюць пад сабою пэўныя прычыны. На працягу апошняга года мы бачылі, як некаторыя іерархі, якія актыўна прасоўваюць радыкальны перагляд касцёльнага вучэння пра сям’ю, адкрыта бяруць у саюзнікі працы Папаў Паўла VI і Яна Паўла ІІ.

У жніўні 2016 года арцыбіскуп Вінчэнца Палья — абаронца на словах Камуніі для “паўторна жанатых” асобаў, адказны за запрашэнне гомасэксуальных параў на Сусветную сустрэчу сем’яў у 2015 годзе, — быў выбраны Папам Францішкам старшынёю Пантыфікальнай Акадэміі жыцця, а таксама Папскага інстытута даследавання сужэнства і сям’і імя Яна Паўла ІІ. Як выявілася пазней (без усялякіх наступстваў) Палья таксама нёс адказнасць за размяшчэнне ў сваім катэдральным касцёле ў Тэрні-Нарні-Амеліі гомаэратычнай фрэскі, на якой была і асоба, падобная да яго самога. З нагоды навіны пра яго прызначэнне ён паведаміў Ватыканскаму радыё, што, на яго думку, Папа жадае, каб ён працягваў “новы курс”, які быў узяты пасля сінодаў і Amoris Laetitia. Прыняўшы інстытут, заснаваны Папам Янам Паўлам ІІ і кардыналам Кафарам, Палья сказаў: “Я разумею жаданне Папы Францішка, каб адбылося пэўнае паскарэнне блізкасці Касцёла і яго выхаду па-за межы — з развагай, смеласцю і крэатыўнасцю”.

У кастрычніку 2016 года кардынал Вальтэр Каспер — адзін з рухавікоў за кулісамі апошніх сінодаў і адгартацыі, якая паследавала за імі, — паспрабаваў пры дапамозе Familiaris Consortio, 84 апраўдаць дыскусійныя заяўленні Amoris Laetitia, якія даюць тым, хто жыве ў аб’ектыўным цяжкім граху, магчымасць прыступаць да сакрамэнтаў, не змяняючы свайго жыцця. Каспер заявіў, што калі Ян Павел ІІ вырашыў дазволіць “паўторна жанатым” каталікам прымаць сакрамэнты пры ўмове, што яны будуць жыць, як брат і сястра, гэта таксама было “фактычнай саступкай”. Папа Францішак, па словах Каспера, проста “робіць яшчэ адзін крок, ставячы задачу наконт працэсу прыняцця пастырскага падыходу, які заключаецца ў паступовай інтэграцыі”.

Тым самым кастрычнікам мы даведаліся, што мансіньёр П’еранджэла Сэкуэры будзе новым старшынёю Папскага інстытута даследавання сужэнства і сям’і імя Яна Паўла ІІ у Рыме. Сэкуэры быў кансультантам на двух сінодах, пасля чаго ён працягваў дапамагаць пісаць чарнавік Amoris Laetitia. У той самы час з’явіліся навіны, што арцыбіскуп Дэніс Харт з Мельбурна, Аўстралія, “шакаваў студэнтаў і супрацоўнікаў”, абвясціўшы, што мельбурнскі кампус Інстытута Яна Паўла ІІ закрыецца ў 2018 годзе. У заяве, размешчанай на старонцы Інстытута, было сказана, што вялікіх фінансавых праблем у Інстытута не было і ўсе патрэбы студэнтаў былі забяспечаны.

У лістападзе 2016 года ўвесь склад Пантыфікальнай Акадэміі жыцця (ПАЖ) — іншага стварэння Папы Яна Паўла ІІ, якое цяпер таксама знаходзіцца пад кіраўніцтвам арцыбіскупа Пальі, — быў звольнены, уключна з такімі членамі, як прафесар Ёзаф Зейферт, якія былі прызначаны на свае пасады пажыццёва. У той жа час статуты былі перапісаны так, што ад членаў больш не патрабавалася падпісваць дэкларацыю са сцвярджэннем, што яны падтрымліваюць каталіцкае вучэнне пра жыццё. Патрабаванне, каб члены былі каталікамі, таксама было скасавана. Да чэрвеня 2017 года Папа прызначыў 45 новых звычайных членаў вычышчанай ПАЖ, некаторыя з якіх, па прызнанні самога Пальі, былі няверуючымі і з якіх прынамсі адзін быў вядомы як прыхільнік абортаў да 18 тыдняў развіцця.

У маі 2017 года італьянскі журналіст і ватыканіст Марка Тасацці раскрыў атрыманую ім інфармацыю, што была створана “сакрэтная камісія”, якая павінна “праверыць і патэнцыяльна даследаваць змены ў пазіцыю Касцёла наконт пытання кантрацэпцыі, якое было растлумачана ў 1968 годзе Папам Паўлам VI у энцыкліцы Humanae Vitae“. У чэрвені 2017 года італьянскі каталіцкі гісторык і пісьменнік Рабэрта дэ Матэі пацвердзіў існаванне гэтай камісіі, паведаміўшы таксама, што яшчэ адна асоба з Інстытута Яна Паўла ІІ — прафесар манс. Джылфрэда Марэнга — будзе кіраваць яе працай. Паводле дэ Матэі, Марэнга “быў прызначаны Папам Францішкам пераінтэрпрэтаваць энцыкліку Паўла VI Humanae Vitae у святле Amoris Laetitia з нагоды 50-годдзя яе выдання, якое прыпадае на наступны год”. Дэ Матэі таксама распавёў пра ўдзел у працы манс. Сэкуэры, вышэйзгаданага новапрызначанага старшыні Інстытута Яна Паўла ІІ у Рыме.

Далей дэ Матэі дае зразумець мысленне манс. Марэнгі, які сцвердзіў у артыкуле ў выданні Vatican Insider у верасні 2015 года, што каталікам след адкінуць “паняцце дактрынальнай спадчыны Касцёла як закрытай сістэмы, непранікальнай для пытанняў і правакацый тут і цяпер, у якіх хрысціянская супольнасць паклікана апраўдваць сваю веру праз яе абвяшчэнне і сведчанне”. У іншым артыкуле дэ Матэі раскрыў, што Марэнга пытаўся, “ці не з’яўляецца палемічная гульня “за таблетку — супраць таблеткі”, як і сённяшняе “за Камунію для разведзеных — супраць Камуніі для разведзеных”, толькі знешняй праявай дыскамфорту і напружання, значна больш яўных у касцёльным жыцці”. У тым жа артыкуле Марэнга сказаў, што ён лічыць, што тое, як вучэнне Паўла VI абаронена ў Humanae Vitae, стварае праблемы для сённяшніх каталікоў. Каб праілюстраваць свой пункт гледжання, Марэнга працытаваў Папу Францішка, які сказаў: “мы прадстаўлялі надта абстрактны тэалагічны ідэал сужэнства, амаль што штучна створаны, далёкі ад канкрэтнай сітуацыі і сапраўдных магчымасцяў сям’і. Гэтая надмерная ідэалізацыя, перадусім калі мы зноў абудзілі давер да ласкі, не зрабіла сужэнства больш прывабным і жаданым, а зусім наадварот”.

У ліпені 2017 года існаванне камісіі па справах Humanae Vitae адмаўляў арцыбіскуп Палья. Аднак манс. Марэнга прызнаўся ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, што сапраўды існуе “даследчая група”, якая вывучае Humanae Vitae, хоць ён і настойваў, што гэта “гістарычна-крытычнае вывучэнне без іншых мэтаў, як толькі рэканструяваць, наколькі гэта магчыма, сам працэс стварэння энцыклікі”.

Але, як раней запытаўся Эдвард Пенцін з National Catholic Register, “навошта ўкладваць высілак у паглыбленне і вывучэнне чагосьці, што потым не будзе фундаментальна зменена?” Пенцін таксама заўважыў, што членам камісіі быў дадзены “беспрэцэдэнтны ўзровень доступу” ў ватыканскія сакрэтныя архівы. Такі від доступу, паводле Пенціна, не даваўся нават тым, хто даследаваў часта крытыкаваны пантыфікат Папы Пія ХІІ падчас Другой сусветнай вайны, хоць такія просьбы рабіліся гадамі. Пенцін кажа: “Усё гэта дае нагоду непакоіцца, што камісія выкарыстоўваецца ў якасці шырмы: вядзецца даследаванне навуковага і гістарычнага характару дакумента, але з канчатковай мэтай прадставіць Папу дастаткова інфармацыі, каб нязгодныя з энцыклікай маглі сказаць: часы змяніліся, Humanae Vitae трэба пераінтэрпрэтаваць у святле сумлення, у згодзе са складанасцю сённяшніх людскіх жыццяў”.

Што пра гэта думае сам Папа? У нас ёсць прынамсі дзве падказкі.

У інтэрв’ю ў сакавіку 2014 года Францішка папрасілі пракаментаваць Humanae Vitae. Канкрэтна, у яго спыталіся, ці Касцёл можа зноў “падняць пытанне кантролю нараджальнасці”.

“Усё залежыць ад таго, — адказаў Папа, — як інтэпрэтаваць Humanae Vitae. Сам Павел VI пад канец рэкамендаваў спаведнікам вялікую міласэрнасць і ўвагу да канкрэтных сітуацый”. Ён таксама сказаў, што “гэта справа таго, каб глыбока разабрацца ў справе і ўпэўніцца ў тым, што пастырскае служэнне прымае пад увагу сітуацыю кожнай асобы і тое, што асоба можа зрабіць. Гэта таксама будзе абмяркоўвацца на шляху да Сінода”.

У 2016 годзе на пытанне пра выкарыстанне кантрацэптываў падчас выбуху вірусу Зіка, які выклікае мікрацэфалію, ён адказаў, што пары ў закранутых рэгіёнах могуць законна “пазбягаць цяжарнасці”, звяртаючыся да “меншага зла”. У якасці прыкладу Папа прывёў сумнеўную гісторыю пра тое, што быццам Павел VI дазволіў манахіням у Афрыцы карыстацца кантрацэптывамі, калі існуе верагоднасць згвалтавання. Ватыканскі прэс-сакратар Федэрыка Ламбардзі пазней паясніў, што ў сваім адказе Папа сапраўды казаў пра выкарыстанне “прэзерватываў і кантрацэптываў” для мэтаў “пазбягання цяжарнасці”. “Кантрацэптыў альбо прэзерватыў, — сказаў кс. Ламбардзі, — у канкрэтных выпадках неабходнасці альбо ў сур’ёзных выпадках можа быць аб’ектам распазнання ў сур’ёзным суджэнні сумлення. Вось тое, што сказаў Папа”.

Summa Familiae Cura — прывітанне з мінулага?

Як мы пабачылі, на працягу вельмі кароткага часу прагрэсіўныя сілы ўнутры Касцёла рухаліся вельмі хутка, каб заняць важныя інстытуты альбо перахапіць рэпутацыю і працу тых, хто трымаўся лініі касцёльнага вучэння, каб прасунуць спробы падрыву касцёльнага вучэння пра сэксуальнасць чалавека і сужэнства.

Пытанне: якім чынам сюды ўпісваецца рэарганізацыя Інстытута Яна Паўла ІІ?

Як і многіх, мяне здзівіла раптоўнае і нечаканае з’яўленне сённяшняга motu proprio. Раптоўная змена імя, структуры і фокусу інстытута, асабліва так хутка пасля смерці яго старшыні-заснавальніка, выглядала вельмі дзіўна.

Таксама дзіўна, прынамсі для маіх вушэй, гучала новая назва. “Папскі тэалагічны інстытут сужэнства і навук аб сям’і імя Яна Паўла ІІ”. Навук? Якіх навук? Калі пытанне навукі перасякаецца з вучэннем Касцёла, яго зазвычай прынята разглядаць як меркаваную вышэйшасць эмпірычнага над тэалагічным, а таксама як “эвалюцыю” дактрыны, заснаваную на тым, што сучасны чалавек ведае нашмат больш, чым тыя, хто жыў да яго, і што ён мае мудрасць змяніць тое, чаго змяніць няможна.

Таксама мне на думку прыйшла кантрацэпцыя, прыняцце якой у касцёльных колах следуе той самай лініі мыслення.

Таму, калі я сеў рабіць даследаванне да гэтага артыкула, я паследаваў інтуіцыі. У мяне атрымалася знайсці анлайн-копію Schema for a Document on Responsible Parenthood [Чарнавіка дакумента аб адказным бацькоўстве] — так званую “справаздачу большасці” Пантыфікальнай камісіі па справах кантролю нараджальнасці, пададзеную Папу Паўлу VI у 1966 годзе. Гэта быў зліў дакумента, які прымусіў многіх паверыць, што Папа Павел VI пацвердзіць, што кантрацэпцыя і каталіцкае вучэнне пра сужэнства і плоднасць сумяшчальныя. Гэты дакумент таксама стаў прычынай таго, чаму многія былі шакаваныя тым, пра што насамрэч у выніку казала энцыкліка Humanae Vitae.

Гэтаму дакументу ўжо паўстагоддзі, аднак ён вельмі актуальна адгукаецца рэхам у нашых часах. Адзін з раздзелаў кажа даволі знакамітыя словы: “З-за складанасцяў сучаснага жыцця канкрэтныя маральныя нормы, якія павінны выконвацца, не трэба даводзіць да крайнасці”.

Але калі я дайшоў да другой часткі тэкста, пра “пастырскую неабходнасць”, я ледзь не выскачыў з крэсла. Першы параграф пад загалоўкам “Раздзел ІІ: Далейшыя разважанні; Прымяненне вучэння пра сужэнства да розных частак свету” кажа:

Здаецца неабходным устанавіць якісьці пантыфікальны інстытут альбо сакратарыят для вывучэння навук, звязаных з сужэнскім жыццём. У гэтай камісіі магло б існаваць пастаяннае супрацоўніцтва ў адкрытым дыялогу сярод экспертаў, кампетэнтных у розных сферах. Мэтай гэтага інстытута (альбо сакратарыята) будзе, сярод іншага, правядзенне далейшага даследавання і разважання, пачатага камісіяй. Разнастайныя даследаванні, якія камісія ўжо правяла, могуць публікавацца. Гэта пэўным чынам будзе даследаванне таго, як вучэнне пра сужэнства павінна прымяняцца да розных частак свету, і ўнёсак у фармацыю святароў і жанатых пар, якія прысвяцілі сябе апостальству сем’яў, пры дапамозе высылання да іх экспертаў (пар. Канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце, ІІ, раздз. 1, пар. 52). [вылучэнне дададзена]

Так і напісана. Дакладная фармулёўка новай назвы Інстытута Яна Паўла ІІ, якая спачатку падалася мне такой недарэчнай, — “сужэнства і навук аб сям’і” — наўпрост узята з дакумента, якім Папу Паўла VI імкнуліся схіліць адчыніць дзверы для выкарыстання каталікамі кантрацэпцыі.

Вядома, гэта магчыма, хоць мне вельмі цяжка ў гэта паверыць, што паралельная семантыка гэтых двух дакументаў з’яўляецца абсалютнай выпадковасцю. Я гадамі падазраваў, што сіноды былі спробай працягнуць працу, на шляху якой раней стала Humanae Vitae.

Гэтая так званая “справаздача большасці” была распрацоўкай стратэгіі. Яна мела на мэце расчысціць перашкоды для новай эпохі ў жыцці Касцёла, дзе можна будзе пазбавіцца ад гэтых “пастырскіх і місійных практык, якія адлюстроўваюць формы і мадэлі мінулага” (як Папа Францішак піша ў сённяшнім лісце) у святле “вострай неабходнасці людской прыроды” і “прагрэсу навукі” (як кажа ранейшы дакумент).

Але Папа Павел VI аказаўся на вышыні. Магчыма, ён чуў голас не толькі неакрэсленага “духа”, пра які мы сёння часта чуем, але і Святога Духа, Трэцяй Асобы Найсвяцейшай Тройцы. Ён намаляваў на пяску лінію, якую непаслухмянасць і хітрасць гэтага свету не маглі сцерці. Людзі маглі рабіць у ложку ўсё што заўгодна, а біскупы і святары маглі адмахвацца ад гэтага ў канфесіянале падміргваннем і кіўкамі, але вучэнне Касцёла пра кантрацэпцыю насамрэч не змянілася.

І затым, што яшчэ пагоршыла стан тых, хто прайграў, надышлі трыццаць пяць гадоў двух пантыфікатаў — Яна Паўла ІІ і Бенедыкта XVI, — калі фундаментальнае вучэнне Касцёла пра кантрацэпцыю заставалася нязменным. Ім трэба было чакаць трыццаць пяць гадоў, пакуль яны не атрымалі яшчэ адну спробу, каб скончыць сваю працу. Многія з тых, хто кіраваў паўстаннем у 1960-я, так і не дажылі да гэтага дня. Іншыя, як мы ведаем, канспіраваліся.

І нарэшце, здаецца, яны зноў могуць атрымаць свой шанец.

Amoris Laetitia імкнулася аддзяліць вінаватасць у цяжкім граху ад пазашлюбных сэксуальных актаў так, каб гэта адкрыла дзверы не толькі блюзнерству, але і развалу ўсяго маральнага будынку Касцёла. Прыняцце кантрацэпцыі па сваёй прыродзе было б нават горшым, але яно цвёрда ідзе ўслед за тым жа спосабам мыслення. Яно разводзіць сэксуальную інтымнасць і ўдзел у стварэнні новага жыцця. Гэта фундаментальная зброя, якая разбурыць саму мэту сужэнства і дэмантуе сям’ю, калі сям’я ўвогуле захаваецца. Гэтая зброя ўжо прывяла да глабальнай пандэміі эгаістычных, геданістычных і дэструктыўных імкненняў. Яна распачала эпоху распусты, чужалоства, парнаграфіі, мастурбацыі, садаміі і ўсіх відаў дэвіяцый. Бо калі сужэнскі акт можна зрабіць стэрыльным па прыхамаці пары, то ніякі іншы акт сэксуальнага задавальнення, ужо аддзелены ад стварэння жыцця, нельга лагічна забараніць.

Кантрацэпцыя разбурае самі межы і бар’еры, якія абараняюць сапраўдную людскую любоў. Яна б’е ў самае сэрца таго, што такое сям’я, і робіць кожнае сужэнства, якое аддаецца ёй, падманам. А ўслед за сям’ёю ідзе чалавецтва.

Калі вы сумняваецеся, што цяпер адбываецца актыўная спроба вярнуцца да вялікага паражэння ворага, якім была энцыкліка Humanae Vitae, паслухайце зноў словы сястры Лусіі з Фацімы.

“Апошняя бітва паміж Панам і валадарствам шатана адбудзецца за сужэнства і сям’ю”.

Сястра Лусія таксама казала нам маліцца аб трыумфе Беззаганнага Сэрца. Нам трэба ўспрыняць гэта сур’ёзна. Бо хоць мы і ведаем, што ў канцы вораг не пераможа, разбурэнне, якому яны даюць волю, ужо цяпер прыводзіць душы ў пекла. І яны не спыняцца, пакуль яна не раздавіць ім галаву.


Аўтар: Steve Skojec
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: Fotos Presidencia El Salvador (CC0)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі 1Р5.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар