Падчас святкаванняў 10-годдзя апостальскага паслання Summorum Pontificum у Рыме прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў кардынал Рабэр Сара звярнуўся да прысутных з прамовай “Цішыня і першынство Бога ў святой літургіі”. У ім кардынал засяродзіўся на неабходнасці вяртання Богу цэнтральнага месца на літургічных цэлебрацыях, выказаўся супраць “тэатру” і “свецкіх забаваў” падчас літургіі, а таксама прапанаваў словы падтрымкі і заахвоты супольнасцям, якія ўдзельнічаюць у традыцыйнай Імшы. Поўны тэкст прамовы на англійскай мове знаходзіцца на старонцы New Liturgical Movement.

Падзякаваўшы Богу за 10-годдзе выдання згаданага дакумента, кардынал Сара звязаў яго публікацыю з намаганнямі Папы Бенедыкта XVI вярнуць Богу належнае месца ў літургіі. У той час гучала “прапанова некаторых каталіцкіх літургістаў нарэшце адаптаваць літургічную рэформу да “антрапалагічнага павароту” нашых часоў і сканструяваць яе ў антрапацэнтрычным стылі”. Аднак меркаванне тагачаснага кардынала Ратцынгера было іншым:

Калі літургія прадстаўляецца найперш як майстэрня для нашай актыўнасці, тады мы забываемся пра нешта істотнае: пра Бога. Забыцца пра Бога — гэта самая непазбежная небяспека нашай эпохі. Насуперак гэтаму, літургія павінна ствараць знак Божай прысутнасці. (…) У любой і кожнай літургічнай рэформе, як і ў кожнай літургічнай цэлебрацыі, першынство Бога павінна ўлічвацца перадусім і ў першую чаргу.

На думку прамоўцы, год ад году гэтыя словы кардынала Ратцынгера толькі набываюць актуальнасць, таму што свет усё больш праяўляе прыкметы таго, што Бог у ім забыты: пануюць “бязбожны тэрарызм, усё больш агрэсіўны секулярызм, дух індывідуалістычнага спажывальніцтва ў адносінах да стварэння, матэрыяльных дабротаў і нават людскіх адносінаў, а таксама прагрэсіруючая культура смерці, якая ставіць пад пагрозу права на жыццё самых безабаронных нашых братоў і сясцёр: ненароджаных, хворых і старых”.

Кардынал прыгадаў, што калі ў свеце ўсё больш пашыраецца бязбожнасць, то менавіта хрысціяне пакліканыя абвяшчаць, што “Хрыстус — святло народаў” (Lumen Gentium, 1), і “заклікаць усіх людзей ва ўлонне Касцёла” (Sacrosanctum Concilium, 1). Калі ж у нашыя часы місіянерскія здольнасці Касцёла аслабіліся, калі сведчанне хрысціянаў у бязбожным свеце ўсё малее, то ці ж гэта не таму, пытаецца кардынал, што мы самі “як трэба, не ўзыходзім на вяршыню, да якой скіравана ўся дзейнасць Касцёла, і не п’ем дастаткова поўна з крыніцы, з якой паходзіць ягоная моц”?

Праблема, паводле прамоўцы, можа заключацца ў тым, што мы не да канца яшчэ прайшлі той шлях, які Айцы Другога Ватыканскага сабору пазначылі ў канстытуцыі Sacrosanctum Concilium, і не арганізавалі грунтоўную літургічную фармацыю як для святароў, так і для свецкіх асобаў.

Але таксама, сцвярджае кардынал, можа здарацца, што літургія ў некаторых касцёлах цэлебруецца не так, як таго жадае Касцёл. Ён звяртае ўвагу, што “многія літургіі прадстаўляюць сабою не што іншае як тэатр, свецкія забавы з вялікай колькасцю прамоваў і дзіўных крыкаў падчас цэлебрацыі таямніцы, з вялікай колькасцю шуму, з вялікай колькасцю танцаў і рухаў цела, якія нагадваюць папулярныя народныя падзеі”. Кардынал заклікаў каталікоў Афрыкі, а таксама Азіі і Лацінскай Амерыкі “з дапамогай Святога Духа, з разважлівасцю і з жаданнем прывесці хрысціянскіх вернікаў да святасці падумаць пра іх людскія амбіцыі і жаданне інкультураваць літургію”.

Затым прамоўца вярнуўся да тэмы цэнтральнага месца Бога ў літургіі, прыгадаўшы свае словы з прамовы на канферэнцыі “Sacra Liturgia” ў Лондане:

Бог, а не чалавек, знаходзіцца ў цэнтры каталіцкай літургіі. Мы прыходзім пакланяцца Яму. У літургіі галоўныя не вы ці я, гэта не тое месца, дзе мы святкуем нашую асабовасць ці дасягненні, узносім ці спрыяем сваёй уласнай культуры і мясцовым рэлігійным звычаям. Літургія найперш і найбольш скіравана на Бога і на тое, што Ён зрабіў для нас. Праз Божы Провід Усемагутны Бог заснаваў Касцёл і заснаваў Святую Літургію, дзякуючы якой мы можам прыносіць яму сапраўднае пакланенне ў адпаведнасці з Новым Запаветам, які ўстанавіў Хрыстус.

Каб праілюстраваць скіраванасць літургіі да Бога, кардынал прывёў прыклад рэчаў, якія выкарыстоўваюцца ў літургіі:

У службе Богу не бывае надта добрага, надта прыгожага і надта каштоўнага. Якімі б сціплымі не былі прадметы, якія нам даступны, нашае літургічнае начынне, убранне і іншыя рэчы павінны быць якаснымі, годнымі і прыгожымі, каб сабою яны сведчылі як пра любоў, так і пра ахвяру, якую мы прыносім Усемагутнаму Богу з іх дапамогай.

Кардынал Сара зноў нагадаў пра тое, што ў апошнія гады ён часта казаў пра важнасць вяртання супольнай арыентацыі святара і сабраных людзей падчас эўхарыстычнай літургіі на усход, да Бога. Такая арыентацыя амаль паўсюдна прынятая ў старэйшай форме рымскага абраду, “але гэтая старажытная і прыгожая практыка, якая так выразна кажа пра першынство Бога ў самым сэрцы Імшы, не абмежавана толькі usus antiquior. Гэтая шанаваная практыка дасканала адпавядае і — я настойваю — мае пастырскія перавагі таксама і ў цэлебрацыях usus recentior — сучаснай формы рымскага абраду”.

Кардынал таксама растлумачыў сакральнае вымярэнне літургіі на прыкладзе аб’яўлення Бога ў палаючым кусце, калі Майсей атрымаў такі загад: “Не набліжайся сюды, здымі абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, гэта святая зямля” (Зых 3:5). Гэты ж загад, паводле кардынала Сара, яшчэ больш адпавядае аб’яўленню Бога, якое адбываецца штодзень пры цэлебрацыі святой літургіі. Аднак важным адрозненнем з’яўляецца тое, што ў апошнім выпадку мы атрымліваем запрашэнне наблізіцца да Бога. “Гэтае запрашэнне павінна абудзіць нашую шчодрасць. У адказ на запрашэнне на вячэру Ягняці мы павінны ахвяраваць Пану не што іншае, як “першыя плёны”, матэрыяльныя і духоўныя”.

У якасці ключа да ўдзелу ў літургіі кардынал Сара прапануе цішыню сэрца, розуму і душы. “Як я магу сапраўдна ўдзельнічаць у святых таямніцах, — пытаецца прамоўца, — калі маё сэрца, мой розум і мая душа застаўлены грахом, зацемнены трывогамі гэтага свету і абцяжараны рэчамі, якія не паходзяць ад Бога?”

Па-першае, для падтрымання добрага стану душы кардынал прапануе частую, шчырую і пакорную споведзь. Па-другое, чалавеку варта прынамсі часова, на час літургіі пакінуць убаку свет і яго пастаянныя патрабаванні. У гэтым месцы кардынал Сара шырока каментуе ўжыванне электронных прыладаў у касцёле:

Усе мы атрымліваем карысць ад прарыву сучаснай тэхналогіі, аднак многія (магчыма, надта многія) тэхналагічныя прылады, на якія мы пакладаемся, могуць узяць нас у палон праз пастаянны паток камунікацыі і патрабаванне неадкладнай рэакцыі. Калі мы хочам адпаведна цэлебраваць літургію, нам трэба пакінуць гэта ўбаку. Магчыма, гэта вельмі практычна і зручна чытаць брэвіярый са свайго тэлефона, планшэта альбо іншай электроннай прылады, але гэта не годна: гэта дэсакралізуе малітву. Гэтыя апараты не з’яўляюцца інструментамі, кансэкраванымі і вылучанымі для Бога, бо мы іх выкарыстоўваем як для Бога, так і для свецкіх справаў. Раней я выказваўся пра тое, што непрымальна рабіць фотаздымкі падчас святой літургіі, а асабліва абуральна гэта тады, калі гэта робіць духавенства, апранутае для Божай службы. Мы не можам засяродзіцца на Богу, калі мы занятыя чымсьці яшчэ. Мы не можам пачуць, як Бог прамаўляе да нас, калі мы ўжо занятыя размовай з кімсьці іншым альбо паводзім сябе як фатограф.

Кардынал звяртае ўвагу, што прэзбітэрый ці сакрыстыя не павінны быць “месцамі балбатні, беганіны ў апошніх прыгатаваннях альбо проста сацыяльнай зонай”. Малітоўная цішыня касцёла ці сакрыстыі павінны стаць для нас школай participatio actuosa. Калі ж размаўляць неабходна, то гэта трэба рабіць з пашанай да таго месца, дзе мы знаходзімся, і да таго, што мы рыхтуемся рабіць.

Поўны, свядомы і актуальны ўдзел у святой літургіі вызначаецца нашай здольнасцю ўдзельнічаць, нашай успрымальнасцю і прыняццем таго, што Усемагутны Бог жадае даць нам. Нашая ўспрымальнасць залежыць ад нашай паслухмянасці, ад цішыні сэрца, розуму і душы. З нашага боку і з боку пробашчаў і рэктараў касцёлаў патрэбны высілак і дысцыпліна, каб гэтага можна было дасягнуць індывідуальна і ў тых месцах, дзе мы цэлебруем абрады Касцёла.

Напрыканцы сваёй прамовы кардынал Сара зрабіў некалькі важных заўваг з нагоды 10-гадовага юбілею апостальскага паслання Summorum Pontificum. У адным з іх кардынал заступіўся за маладых людзей, якія, як казаў Папа Бенедыкт XVI, “адкрываюць для сябе гэтую літургічную форму, захапляюцца ёю і знаходзяць у ёй асабліва спрыяльную форму сустрэчы з Таямніцай Найсвяцейшай Эўхарыстыі”. Па словах прамоўцы, гэта феномен, які людзі яго пакалення часта не могуць зразумець, аднак ён сам мог бы засведчыць шчырасць і пабожнасць гэтых людзей, як свецкіх, так і святароў:

Тым, хто сумняваецца ў гэтым, я кажу: наведайце гэтыя супольнасці і пазнаёмцеся з імі, асабліва з іх моладдзю. Адкрыйце свае сэрцы і розумы на веру гэтых нашых маладых братоў і сясцёр і на дабро, якое яны робяць. Яны не адчуваюць ані настальгіі, ані злосці, ані цяжару касцёльных баталій апошніх дзесяцігоддзяў; яны поўныя радасці жыць жыццём Хрыста сярод выклікаў сучаснага свету.

Гэтымі словамі кардынал Сара фактычна даў ускосны адказ Папу Францішку, які не раз выказваў сваё неразуменне цікаўнасцю маладых да старой літургіі і нават вінаваціў тых у зацвярдзеласці і псіхалагічных праблемах. Таксама ён заклікаў духавенства:

Я хацеў бы дадаткова звярнуцца да душпастыраў і асабліва да маіх братоў біскупаў: гэтыя людзі, гэтыя супольнасці вельмі патрабуюць айцоўскай апекі. Мы не можам дазволіць, каб нашыя асабістыя перавагі альбо былыя непаразуменні трымалі здалёку людзей, прывязаных да старых літургічных абрадаў.

Паводле кардынала, usus antiquior павінен быць нармальнай часткай літургіі Касцёла ў ХХІ стагоддзі, і хоць статыстычна ён знаходзіцца ў меншасці, гэта не азначае, што гэтая форма з’яўляецца другасортнай.

У прамове таксама зноў прагучаў заклік да рэформы рэформы, “хоць гэты выраз часам пужае людзей”. Кардынал адзначыў, што ў сучаснай форме Імшы можна было б прамаўляць малітвы аферторыя і Канон паціху, што ўзбагаціла б абрад, таму што “рытуальная цішыня ў гэтых частках Імшы ў старэйшых абрадах прыносіць добрыя плёны: дух чалавека можа ўзняцца да неба, таму што ёсць прастора, якая дазваляе яму зрабіць гэта”. Падобным чынам, і старому Імшалу пайшло б на карысць даданне будніх Імшаў у перыядзе Адвэнту, а таксама пашырэнне лекцыянарыя на буднія дні, але “не шляхам накладання новага на старое, каб нейкім чынам “зарабіць пункты”, а праз сапраўднае ўзбагачэнне і арганічнае развіццё абраду дзеля хвалы Усемагутнага Бога і дабра душаў”.

Кардынал адзначыў, што ўсведамляе, наколькі адчувальнымі могуць быць далейшыя рэформы рымскага абраду і што іх нельга праводзіць без належнага даследавання і падрыхтоўкі. Ён дадаў, што прапануе толькі ідэі для разважання.

Таксама ён прыгадаў, што ў ліпені выказваўся наконт паяднання паміж дзвюма формамі рымскага абраду і што некаторыя ўспрынялі гэта як праграму, якая павінна скончыцца ўвядзеннем “гібрыднага” абраду, які зробіць усіх няшчаснымі, а старая форма Імшы праз такі падман будзе скасавана. Кардынал заўважыў, што гэта не тое, што ён меў на ўвазе: ён толькі жадаў заахвоціць далейшае вывучэнне гэтых пытанняў “у спакоі і духу малітоўнага распазнання”.

Нарэшце, кардынал звярнуўся з айцоўскімі словамі да асобаў, прывязаных да usus antiquior:

Некаторыя, а можа і многія людзі называюць вас “традыцыяналістамі”. Часам нават вы называеце сябе “традыцыйнымі каталікамі” альбо пазначаеце сябе падобным чынам. Калі ласка, больш не рабіце гэтага. Вашае месца не ў скрынцы на паліцы і не ў музеі дзіўных рэчаў. Вы не традыцыяналісты, вы каталікі рымскага абраду, як і я сам, як і Святы Айцец. Вы не з’яўляецеся другасортнымі ці па-іншаму асаблівымі членамі Касцёла, толькі таму што вашае малітоўнае жыццё і вашыя духоўныя практыкі адпавядаюць тым, якімі карысталася безліч святых. Як і кожная ахрышчаная асоба, вы пакліканыя Богам заняць сёння сваё поўнае месца ў жыцці і місіі сусветнага Касцёла, а не замыкацца — ці, яшчэ горш, адыходзіць — у гета, у якім пануюць самаабарона і самааналіз, якія душаць хрысціянскае сведчанне і місію, якую вы павінны несці ў свет. (…)

Калі вы яшчэ не адкінулі аковы “традыцыяналістычнага гета”, калі ласка, зрабіце гэта сёння. Усемагутны Бог заклікае вас зрабіць гэта. Ніхто не адбярэ вам usus antiquior рымскага абраду. Але многія атрымаюць карысць, у гэтым жыцці і ў будучым, ад вашага вернага хрысціянскага сведчання, якое можа так шмат прапанаваць з улікам глыбокай фармацыі ў веры, якую далі вам старажытныя абрады і духоўная і дактрынальная атмасфера, якая іх суправаджае. Як сам Пан вучыць нас у Нагорным казанні: “Запаліўшы светач, не ставяць яго пад пасудзінай, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме” (Мц 5:15). Гэта, мае дарагія сябры, вашае сапраўднае пакліканне.

ФотаFrançois-Régis Salefran (CC BY-SA)

Пакінуць каментар