З кнігі A. Fortescue, The Ceremonies of the Roman Rite Described (1943), раздз. VI “Ціхая Імша, якую служыць святар”

Выхад да алтара. У момант пачатку Імшы святар бярэ келіх у левую руку, а правую кладзе на бурсу. Вэлюм павінен закрываць келіх прынамсі спераду, каб келіха не было відаць. Калі вэлюм мае крыжык альбо арнамент на адным з бакоў, келіх трэба трымаць так, каб гэтае ўпрыгожванне было спераду. Адкрытая частка бурсы павінна глядзець у бок святара. Трымаючы келіх перад грудзямі, з пакрытай галавою [1], ён кланяецца крыжу або галоўнаму абразу ў сакрыстыі, затым выходзіць за прыслугоўваючым у касцёл. Зазвычай пры дзвярах сакрыстыі святар робіць знак крыжа асвячанай вадою, хоць гэта і не прадпісана. Таксама ў шматлікіх касцёлах існуе практыка, калі, выходзячы праз дзверы сакрыстыі, прыслугоўваючы звоніць у званок, каб даць знак людзям, што хутка пачнецца Імша.

Калі, ідучы да алтара, на якім будзе служыцца Імша, ён праходзіць побач з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, яны з прыслугоўваючым укленчваюць перад ім. Калі пры галоўным алтары не захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт, святар кланяецца, праходзячы перад ім. Ні ў якім з гэтых выпадкаў ён не здымае бірэту. Калі ён праходзіць побач з выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам (напрыклад, падчас удзялення святой Камуніі), ён здымае бірэту і робіць двайное ўкленчванне. Гэта не прымяняецца да выпадку, калі святар праходзіць побач з алтаром, на якім служыцца Імша, паміж кансэкрацыяй і Камуніяй [2]. У такой сітуацыі ён не павінен звяртаць на гэта ніякай увагі, калі толькі яго ўвагу не прыцягне нейкая частка Імшы, напрыклад, званок. Калі так сталася, ён павінен укленчыць, не здымаючы бірэты. Але калі ён праходзіць побач у момант узнясення, ён кленчыць без бірэты, пакуль узнясенне не скончыцца.

У дарозе да алтара святар не вітае нікога, акрамя біскупа альбо іншага святара ў літургічным убранні, які ідзе ад алтара. У гэтым выпадку ён кланяецца, не здымаючы бірэты.

Прыбыўшы да алтара, дзе ён будзе служыць Імшу, ён спыняецца перад першай прыступкай і найперш аддае сваю бірэту прыслугоўваючаму. Калі на тым месцы захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт, ён укленчвае, паставіўшы калена на падлогу, але не на прыступку. У іншым выпадку ён кланяецца крыжу [3]. Калі Найсвяцейшы Сакрамэнт выстаўлены, ён робіць двайное ўкленчванне.

Затым ён узыходзіць да алтара, ставіць накрыты келіх на бок Евангелля, бярэ бурсу, адкрывае яе, вымае складзены карпарал і кладзе яго на алтар. Ён адкладае бурсу на бок Евангелля, прыхіляючы яе да выступу алтара альбо да свечкі. Затым ён раскладае карпарал на сярэдзіне алтара (на адлегласці каля адной цалі ад пярэдняга краю алтара) і ставіць на яго келіх так, каб ён быў цалкам закрыты вэлюмам. Ён павінен звярнуць увагу на тое, каб перад келіхам засталося дастаткова месца для пацалунку алтара. Са зведзенымі рукамі ён ідзе да Імшала на бок Паслання і адкрывае яго на інтроіце Імшы [4]. Ён вяртаецца да сярэдзіны, кланяецца крыжу, паварочваецца праз бок Паслання [5] і сыходзіць уніз, становячыся пасярэдзіне перад прыступкамі алтара. Тут ён зноў нізка кланяецца альбо, калі захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт, укленчвае, гэтым разам на найніжэйшай прыступцы.

[1] На ціхай Імшы цэлебрант кланяецца крыжу ў сакрыстыі з пакрытай галавою, таму што ён ужо трымае келіх. На спяванай Імшы цэлебрант і пасвячаныя служыцелі кланяюцца з непакрытымі галовамі, [таму што келіх у гэты момант ужо знаходзіцца альбо на алтары, альбо на крэдэнсе — TI].

[2] SRC 41352.

[3] Усе падобныя жэсты ўшанавання прызначаны алтару. Ён кланяецца алтару, але на практыцы ён заўсёды робіць гэта ў бок крыжа, які стаіць на цэнтры алтара.

[4] На ціхай Імшы, якую служыць святар, ён заўсёды павінен адкрываць кнігу і знаходзіць неабходныя старонкі сам (SRC 25725).

[5] Акрамя выключэнняў, пра якія трэба згадаць, цэлебрант на Імшы заўсёды паварочваецца ад алтара і да яго праз бок Паслання, гэта значыць, паварочваецца ад алтара праз правае плячо, а назад — праз левае плячо. На спяванай Імшы на тым баку стаіць дыякан, і цэлебрант не павінен паварочвацца плячыма да яго.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz