15.09.2017 / Te igitur

“Magnum principium”: што і як?🕑 7 хвілін

Новае апостальскае пасланне Папы Францішка выклікала ў СМІ дыскусію, у якой шматлікія аўтары выказваюць здагадкі, як зменіцца ў Касцёле працэс падрыхтоўкі перакладаў літургічных кніг і які фактычны ўплыў акажа Magnum principium на баланс сілаў у гэтай сферы, якая толькі на першы погляд выдаецца простай і зразумелай.

Фактычныя змены ў праве

Аднак спачатку варта разгледзець, якія менавіта змены ўносіць Папа Францішак у кананічнае права. Як вынікае з тэкста апостальскага паслання, зменам падлягае кан. 838, а менавіта яго §§ 2-3. Паколькі беларускі пераклад кананічнага права знаходзіцца ў працэсе падрыхтоўкі, скарыстаемся лацінскім арыгіналам, падаючы найперш старую, а затым новую фармуліроўку.

§2. Apostolicae Sedis est sacram liturgiam Ecclesiae universae ordinare, libros liturgicos edere eorumque versiones in linguas vernaculas recognoscere, necnon advigilare ut ordinationes liturgicae ubique fideliter observentur.

§2. Apostolicae Sedis est sacram liturgiam Ecclesiae universae ordinare, libros liturgicos edere, aptationes, ad normam iuris a conferentia Episcoporum approbatas, recognoscere, necnon advigiliare ut ordinationes liturgicae ubique fideliter observentur.

Другі параграф канона апісвае паўнамоцтвы Апостальскай Сталіцы: кіраванне святой літургіяй ва ўсім Касцёле, выданне літургічных кніг на народных мовах і нагляд за захаваннем літургічных правілаў. Дададзены фрагмент кажа, што цяпер Ватыкан таксама будзе даваць адабрэнне адаптацыям, прапанаваным біскупскімі канферэнцыямі, у форме recognitio. Юрыст Эд Кондан, спасылаючыся на суправаджальныя дакументы да гэтага апостальскага паслання, тлумачыць, у чым заключаецца сэнс зменаў. Гэты параграф датычыцца менавіта адаптацый самой літургіі, а пад recognitio трэба разумець актыўны разгляд і ацэнку Ватыкана.

§3. Ad Episcoporum conferentias spectat versiones librorum liturgicorum in linguas vernaculas, convenienter intra limites in ipsis libris liturgicis definitos aptatas, parare, easque edere, praevia recognitione Sanctae Sedis.

§ 3. Ad Episcoporum Conferentias spectat versions librorum liturgicorum in linguas vernaculas fideliter et convenienter intra limites definitos accommodatas parare et approbare atquae libros liturgicos, pro regionibus ad quas pertinent, post confirmationem Apostolicae Sedis edere.

Параграф 3 датычыцца перакладаў літургічных кніг на нацыянальныя мовы з арыгінальнага лацінскага тэкста, і ў ім зроблена больш значная змена. Цяпер публікацыя і зацвярджэнне перакладу, падрыхтаванага біскупскай канферэнцыяй, патрабуе не recognitio, а confirmatio. Паміж гэтымі двума тэрмінамі існуе істотная розніца. Арцыбіскуп Рош тлумачыць, што confirmatio Апостальскай Сталіцы азначае не “альтэрнатыўнае ўмяшанне ў працэс перакладу”, а просты афіцыйны акт, якім Ватыкан зацвярджае (альбо не зацвярджае) ухваленне біскупскай канферэнцыі.

Такім чынам, з 1 кастрычніка, калі Magnum principium набудзе моц, Ватыкан перадае асноўную адказнасць за верны пераклад літургічных кніг біскупскім канферэнцыям, а ягоныя дзеянні адгэтуль будуць мець больш пасіўны характар і заключацца ў простым зацвярджэнні тэкстаў.

Што датычыцца беларускіх рэалій, то можна меркаваць, што для нас нічога не зменіцца, бо цяжка ўявіць сабе, што Рымская Курыя здолее моцна варушыць беларускі пераклад Імшала альбо іншых літургічных кніг. Аднак не для кожнай краіны гэта так.

Гісторыя перакладаў англійскага Імшала

Апошняя і найбольш вядомая гісторыя перакладу лацінскага Імшала на нацыянальныя мовы звязана з англійскім перакладам. У 1963 годзе англамоўныя біскупы, якія ўдзельнічалі ў Другім Ватыканскім саборы, арганізавалі камісію ICEL (International Commission on English in the Liturgy), якая ўжо праз чатыры гады пасля публікацыі Імшала Паўла VI выдала яго англійскі пераклад. Ім мелі супольна карыстацца ўсе англамоўныя краіны.

Пры перакладзе тэкстаў ICEL выкарыстоўвала прынцып дынамічнай эквівалентнасці, згодна з якім англійскі тэкст меў перадаваць сэнс малітвы, пазбягаючы тэхнічных тэрмінаў. Такі падыход засноўваўся на ватыканскай інструкцыі Comme le prévoit (1969), якая казала наступнае:

“ад людзей не трэба патрабаваць адмысловай літаратурнай адукацыі; літургічныя тэксты зазвычай павінны быць зразумелыя для ўсіх, нават для менш адукаваных”.

У 1973 годзе агламоўныя краіны пабачылі плён такога перакладу. Часткова гэты пераклад быў прыняты, але некаторыя крытыкавалі яго за сур’ёзнае адыходжанне ад лацінскага арыгінала і баналізацыю мовы. Вось толькі два прыклады з Парадку святой Імшы:

Лацінскі арыгінал: et cum spiritu tuo.
Даслоўны пераклад: і з духам тваім.
ICEL (1973): and also with you (= і таксама з табою).

Лацінскі арыгінал: accipens et hunc praeclarum calicem in sanctas ac venerabiles manus suas.
Даслоўны пераклад: узяў таксама гэты пачэсны келіх у свае святыя і дастойныя рукі.
ICEL (1973): he took the cup (= ён узяў кубак).

Сур’ёзныя змены адбыліся таксама ва ўласных малітвах Імшы. А. Джон Зюльсдорф (Fr. Z) заснаваў на гэтым свой вельмі папулярны блог “What does the prayer really say” (“Што насамрэч кажа гэтая малітва”), у якім ён разбірае структуру лацінскіх малітваў і параўноўвае пераклады. Вось адзін з прыгожых прыкладаў (калекта ХХІ звычайнай нядзелі):

Лацінскі арыгінал: Deus, qui fidelium mentes unius efficis voluntatis, da populis tuis id amare quod praecipis, id desiderare quod promittis, ut, inter mundanas varietates, ibi nostra fixa sint corda, ubi vera sunt gaudia.

Даслоўны пераклад: Божа, Які яднаеш розумы верных у адзінай волі, дай Твайму народу любіць тое, што Ты загадваеш, і жадаць таго, што абяцаеш, каб сярод зменлівасцяў гэтага свету нашыя сэрцы трывалі там, дзе знаходзіцца сапраўдная радасць.

ICEL (1973): Ойча, дапамажы нам шукаць каштоўнасцяў, якія ў гэтым зменлівым свеце прынясуць нам трывалую радасць. У нашым жаданні таго, што Ты абяцаеш, зрабі нас адзінымі розумам і сэрцам. (Father, help us to seek the values that will bring us lasting joy in this changing world. In our desire for what you promise make us one in mind and heart.)

Цудоўна.

У 1998 годзе ICEL падрыхтавала новую версію Імшала, які больш адпавядаў лацінскім тэкстам, а таксама ўтрымліваў часткі, якія ICEL склала самастойна (варыяцыі рубрык для будніх Імшаў, варыяцыі Парадку Імшы, альтэрнатыўныя калекты, заснаваныя на нядзельным лекцыянарыі, і іншыя). Новы пераклад зацвердзілі ўсе біскупскія канферэнцыі, якія ўваходзілі ў ICEL, і ён быў накіраваны на разгляд у Кангрэгацыю Божага культу. Аднак, паколькі ў той час ужо ішла праца над трэцім выданнем Імшала Паўла VI (які часткова быў надрукаваны ў 2000 годзе, а цалкам — у 2002 годзе), Кангрэгацыя адмовіла ў згодзе на публікацыю новага перакладу, заснаванага на старой лацінскай версіі.

Нарэшце, у 2001 годзе, пры пантыфікаце Папы Яна Паўла ІІ, была выдадзена інструкцыя Liturgiam authenticam, якая патрабавала:

“Арыгінальны тэкст, наколькі гэта магчыма, павінен перакладацца інтэгральна і як мага больш дакладна, без пропускаў і дадаткаў у змесце, а таксама без парафразаў і ўпрыгожванняў. Любое дастасаванне да асаблівасцяў альбо прыроды розных нацыянальных моваў павінна быць стрыманым і разважлівым” (№ 20).

У 2011 годзе ICEL (якая змяніла кіраўніцтва ў 2002 годзе) выдала новы англійскі пераклад Імшала, які адпавядаў правілам фармальнай эквівалентнасці, гэта значыць дакладна перадаваў арыгінальны тэкст не паводле сэнсу, а ў словах і нават — часткова — у сінтаксісе, падобна як гэта сёння робіць Імшал, перакладзены на беларускую мову. Як вынік, англійская мова новага Імшала набыла сакральнае вымярэнне і адышла ад мовы падручнікаў малодшых класаў.

Што цяпер?

Лішне казаць, што незадаволенасць праціўнікаў Liturgiam authenticam і новага англійскага перакладу Імшала яшчэ не сціхла. Супраць іх выказваюцца самыя розныя людзі: гэта і парафіяльныя святары, якія ўважаюць, што іх парафіяне не разумеюць новыя тэксты. Гэта і тыя, хто працаваў над Імшалам 1998 года, каб потым паставіць яго на паліцу. Але таксама гэта і тыя, хто коштам дынамічнай эквівалентнасці хоча пазбегнуць выкарыстання дакладных тэалагічных тэрмінаў і, магчыма, увесці свае тэалагічныя ідэі ў святую Імшу. (У гэтым месцы можна прыгадаць дыскусію вакол перакладу словаў “pro multis” у формуле кансэкрацыі, але не толькі.)

Таму некаторыя, не хаваючы, радуюцца, што пасля Magnum principium надыдзе іх час, бо можна будзе перакласці па-свойму, альбо выкаціць англійскі Імшал 1998 года, альбо нават вярнуцца да перакладу ICEL 1973 года.

Магчымыя наступствы Magnum principium

1. Прыхільнікі рэвізій атрымалі ад Францішка дапамогу. Паколькі ўся адказнасць за пераклады ляжыць на нацыянальных канферэнцыях біскупаў, такі магутны праект, як ICEL, наўрад ці застанецца жыццяздольным, і кожная краіна ў межах сваёй кампетэнцыі зможа працаваць аўтаномна. Паколькі цяперашні англійскі пераклад з’яўляецца найбольш якасным, перавага на баку тых, каму ён не падабаецца.

2. Некаторыя аўтары выказваюць неспакой, што аднастайны англійскі літургічны свет можа разваліцца на шэраг адрозных нацыянальных англійскіх перакладаў. Нагадаем, што ў ICEL уваходзяць Англія з Уэльсам, Аўстралія, ЗША, Індыя, Ірландыя, Канада, Новая Зеландыя, Пакістан, ПАР, Філіпіны і Шатландыя, якія цяпер змогуць выпрацоўваць свае пераклады. Спыніць гэты працэс драблення змогуць два фактары. Як заўважае д-р Джозэф Шоу, старшыня Таварыства лацінскай Імшы Англіі і Уэльса, усе, хто сапраўды быў уключаны ў дарагі і цяжкі працэс падрыхтоўкі Імшала 2011 года, сёння настолькі гэтым знясіленыя, што чакаць чарговых зменаў не выпадае. Таксама важным фактарам з’яўляецца і кошт такой працы. Менш багатыя краіны з такіх моўных кангламератаў хутчэй вырашаць карыстацца Імшаламі з іншай краіны, чым арганізоўваць уласны пераклад. Іншымі словамі, калі б у Беларусі была ўведзена Імша на рускай мове, мы карысталіся б Імшаламі з Расіі, а не рабілі б свой рускі пераклад. Аднак, калі такое раз’яднанне адбудзецца, то ці зробіцца сітуацыя горшай, чым ужо ёсць цяпер?

3. Большы неспакой выклікае гіпотэза, што Magnum principium з’яўляецца першым крокам да адкату новага англійскага выдання Імшала. Езуіцкі часопіс “America” сцвярджае, што ў студзені Францішак склікаў камісію для перагляду прынцыпаў Liturgiam authenticam. Аднак пакуль гэтая інструкцыя дзейнічае, новыя пераклады ўсё так жа мусяць адпавядаць яе нормам і засноўвацца на фармальнай эквівалентнасці.

4. Нарэшце, многія бачаць у пасланні Magnum principium заяўлены Францішкам курс на “дэцэнтралізацыю” ўлады ў Касцёле, а менавіта перанос паўнамоцтваў ад Рымскай Курыі да мясцовых біскупскіх канферэнцый. Пры слове “дэцэнтралізацыя” кожнаму здароваму каталіку павінна рабіцца блага, бо гэта ў пэўным сэнсе антонім да слова “каталіцтва”. Асабліва з улікам таго, што суб’ектам касцёльнай улады з’яўляецца не біскупская канферэнцыя, а біскуп-ардынарый.

Сапраўдных жа  наступстваў застаецца толькі чакаць.

Фота: Lima / Wikimedia Commons (CC BY-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up