Апостальскае пасланне “Magnum principium”

3 верасня 2017 года Папа Францішак выдаў апостальскае пасланне Magnum principium, якім змяніў фармуліроўкі ў кан. 838 Кодэкса кананічнага права, каб больш ясна акрэсліць кампетэнцыю Апостальскай Сталіцы і мясцовых біскупскіх канферэнцый у справе падрыхтоўкі перакладаў літургічных кніг. З увагі на тое, што змест паслання прадстаўляе пэўны інтарэс для далейшага абмеркавання, мы ў чаканні афіцыйнага беларускага перакладу публікуем “чарнавы” пераклад гэтага дакумента з англійскай мовы.

Апостальскае пасланне Вярхоўнага Пантыфіка, дадзенае motu proprio [па ўласнай ініцыятыве], якое змяняе кан. 838 Кодэкса кананічнага права

Вялікі прынцып, устаноўлены Другім Ватыканскім экуменічным саборам, згодна з якім літургічную малітву трэба дастасоўваць да ўспрымання людзей, каб яе можна было разумець, патрабаваў выканання важнай задачы ўвядзення народных моваў у літургію, а таксама падрыхтоўкі і зацвярджэння перакладаў літургічных кніг, адказнасць за якую была даверана Біскупам.

Лацінскі Касцёл усведамляў ахвяру, якая мела суправаджаць гэты працэс і заключалася ў частковай страце літургічнай лацінскай мовы, якая выкарыстоўвалася ва ўсім свеце цягам стагоддзяў. Аднак ён ахвотна адкрыў дзверы, каб гэтыя пераклады як часткі саміх абрадаў маглі нароўні з лацінскай мовай зрабіцца голасам Касцёла, які цэлебруе Божыя таямніцы.

У той жа час, асабліва з улікам розных ясна выказаных поглядаў Айцоў Сабору на выкарыстанне народных моваў у літургіі, Касцёл усведамляў і цяжкасці, якія могуць прадставіцца ў гэтай сувязі. З аднаго боку, трэба было паяднаць дабро вернікаў дадзенай эпохі і культуры і іх права на свядомы і актыўны ўдзел у літургічных цэлебрацыях з трывалай еднасцю рымскага абраду. З іншага боку, самі народныя мовы — часта толькі з цягам часу — маглі б стаць літургічнымі мовамі, якія не саступаюць літургічнай лацінскай мове ў сваім элегантным стылі і глыбіні канцэпцый, каб ажыўляць веру.

Такой была мэта разнастайных літургічных законаў, інструкцый, энцыклік, заўваг і зацвярджэнняў літургічных кніг на розных народных мовах, выдадзеных Апостальскай Сталіцай ад часоў Сабору, і так гэта было як перад, так і пасля законаў, устаноўленых Кодэксам кананічнага права.

Пазначаныя тут крытэрыі былі і застаюцца на ўзроўні агульных інструкцый, якім, наколькі гэта магчыма, літургічныя камісіі павінны следаваць як найбольш прыдатным інструментам, каб сярод вялікай разнастайнасці моваў літургічная супольнасць магла дасягнуць выразнага стылю, адпаведнага і ўласцівага паасобным часткам, захоўваючы цэласнасць і дакладную вернасць, асабліва ў перакладзе некаторых вельмі важных тэкстаў у кожнай з літургічных кніг.

Паколькі літургічны тэкст з’яўляецца рытуальным знакам, гэта таксама і сродак вуснай камунікацыі. Аднак для вернікаў, якія цэлебруюць святыя абрады, слова таксама з’яўляецца таямніцай. Сапраўды, калі вымаўляюцца словы, асабліва, калі чытаецца Святое Пісанне, да нас прамаўляе Бог. У Евангеліі сам Хрыстус прамаўляе да свайго народа, які адказвае альбо сам, альбо праз цэлебранта ў малітве Пану ў Духу Святым.

Мэтай перакладу літургічных тэкстаў і біблійных тэкстаў для Літургіі Слова з’яўляецца абвяшчэнне вернікам збаўчага слова ў паслухмянасці веры і выраз касцёльнай малітвы Пану. Па гэтай прычыне неабходна перадаваць дадзенаму народу, карыстаючыся яго ўласнай мовай, усё тое, што Касцёл жадаў перадаць іншым народам праз лацінскую мову. Хоць вернасць не заўсёды можна ацаніць па паасобных словах і яна павінна захоўвацца ў кантэксце ўсяго камунікатыўнага акту і ў адпаведнасці з яго літаратурным жанрам, тым не менш, некаторыя канкрэтныя тэрміны павінны таксама разглядацца ў кантэксце ўсёй каталіцкай веры, таму што кожны пераклад тэкстаў павінен быць адпавядаць здароваму вучэнню.

Нядзіўна, што цягам гэтай доўгай працы паміж Біскупскімі Канферэнцыямі і Апостальскай Сталіцай паўсталі пэўныя цяжкасці. Каб рашэнні Сабору наконт выкарыстання народных моваў у літургіі таксама мелі значэнне ў будучыні, абсалютна неабходна, каб паміж Біскупскімі Канферэнцыямі і Дыкастэрыяй Апостальскай Сталіцы, якая выконвае задачу падтрымання святой літургіі, г. зн. Кангрэгацыяй Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, існавала нястомнае і творчае супрацоўніцтва, поўнае ўзаемнага даверу. Таму, каб аднова ўсяго літургічнага жыцця магла працягвацца, выдавалася неабходным ясна паўтарыць і ўвесці ў практыку некаторыя прынцыпы, перададзеныя з часоў Сабору.

Несумненна, трэба звяртаць увагу на карысць і дабро вернікаў, а таксама нельга забывацца пра правы і абавязкі Біскупскіх Канферэнцый, якія разам з БІскупскімі Канферэнцыямі з іншых рэгіёнаў, якія падзяляюць тую самую мову, і з Апостальскай Сталіцай павінны забяспечыць і пастанавіць, каб пры захаванні характару кожнай мовы цалкам і верна перадавалася значэнне арыгінальнага тэкста і каб нават пасля адаптацый перакладзеныя літургічныя кнігі заўсёды падкрэслівалі еднасць рымскага абраду.

Каб зрабіць больш лёгкім і плённым супрацоўніцтва ў гэтым служэнні вернікам паміж Апостальскай Сталіцай і Біскупскімі Канферэнцыямі, а таксама выслухаўшы парады Камісіі біскупаў і экспертаў, якую я заснаваў, карыстаючыся даручанай мне ўладай, я загадваю, каб кананічная дысцыпліна, дзейная цяпер у кан. 838 ККП, была зроблена больш зразумелай і каб, згодна з тым, што сказана ў Канстытуцыі Sacrosanctum Concilium, у прыватнасці ў артыкулах 36 § 3-4, 40 і 63, у апостальскім лісце motu proprio Sacram Liturgiam, IX, кампетэнцыя Апостальскай Сталіцы адносна перакладу літургічных кніг і больш радыкальных адаптацый, устаноўленых і зацверджаных Біскупскімі Канферэнцыямі, да якіх можна таксама далучыць дадаванне новых тэкстаў у гэтыя кнігі, была выкладзена больш ясна.

Таму адгэтуль кан. 838 трэба чытаць наступным чынам:

Кан 838 — § 1. Кіраванне святой літургіяй залежыць выключна ад касцёльнай улады, якою валодае Апостальскі Пасад і, згодна з нормамі права, дыяцэзіяльны біскуп.

§ 2. У паўнамоцтвы Апостальскага Пасаду ўваходзіць кіраванне святой літургіяй ва ўсім Касцёле, выданне літургічных кніг, разгляд [recognoscere] адаптацый [aptationes], ухваленых [approbatas], паводле нормаў права, біскупскімі канферэнцыямі, а таксама нагляд за тым, каб літургічныя правілы паўсюль верна захоўваліся.

§ 3. Задача біскупскіх канферэнцый — верна рыхтаваць пераклады літургічных кніг на народныя мовы, выконваючы іх належную апрацоўку [accommodatas] ў вызначаных межах, ухваляць [approbare] літургічныя кнігі для рэгіёнаў, за якія яны адказваюць, пасля зацвярджэння [post confirmationem] Апостальскім Пасадам.

§ 4. Задача дыяцэзіяльнага біскупа ў даручаным яму Касцёле — у межах сваіх паўнамоцтваў устанаўліваць абавязковыя для ўсіх нормы ў літургічных пытаннях.

Адпаведна, менавіта так трэба інтэрпрэтаваць арт. 64, § 3 апостальскай канстытуцыі Pastor Bonus, а таксама іншыя законы, асабліва тыя, якія знаходзяцца ў літургічных кнігах і датычацца іх перакладу. Падобным чынам, я загадваю, каб Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў змяніла свае “Статуты” на аснове новай дысцыпліны і дапамагала Біскупскім Канферэнцыям выконваць сваю працу, а таксама працавала над яшчэ большай падтрымкай літургічнага жыцця Лацінскага Касцёла.

Усё, што я пастанавіў у гэтым апостальскім пасланні, дадзеным motu proprio, неабходна захоўваць ва ўсіх яго частках нягледзячы на ўсё супярэчнае, нават калі яно патрабуе асаблівай згадкі; таксама тут я фармулюю і распараджаюся, каб яно было ўведзена шляхам публікацыі ў штодзённым выданні L’Osservatore Romano і набыло моц 1 кастрычніка 2017 года, а пасля гэтага было апублікавана ў Acta Apostolicae Sedis.

Дадзена ў Рыме, у святога Пятра, 3 верасня года 2017, у пяты года майго пантыфікату.

FRANCISCUS P.P.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: