14.09.2017 / Maike Hickson

Касцёл пасля “Amoris Laetitia”: інтэрв’ю з Ёзафам Зейфертам🕑 22 хвілін

У святле нядаўняга эсэ Ёзафа Зейферта, у якім ён разглядае некаторыя небяспечныя наступствы Amoris Laetitia, — эсэ, за якое ён быў звольнены са сваёй прафесарскай пасады арцыбіскупам Гранады, — д-р Майка Хіксан скантактавалася з аўстрыйскім філосафам, каб задаць яму дадатковыя пытанні не толькі пра паслясінадальную адгартацыю, якая выклікала так шмат дыскусій, але таксама пра стан маральнага вучэння і практыкі ў Касцёле ў сувязі з гэтым.

Майка Хіксан (MH): Год таму, у жніўні 2016 года, пасля публікацыі Amoris Laetitia, вы апублікавалі эсэ, у якім вы далікатна крытыкавалі гэты папскі дакумент і прасілі Папу зрабіць выпраўленні некаторых памылковых, а часам нават “аб’ектыўна ерэтычных сцвярджэнняў”. У чым прычына таго, што цяпер вы вырашылі зноў выказацца ў новым эсэ на тэму Amoris Laetitia?

Ёзаф Зейферт (JS): Пасля публікацыі таго артыкула здарылася шмат падзей: мой добры сябра Рока Буцільёнэ і мой былы студэнт Радрыга Гера аддана абаранялі Amoris Laetitia (AL) нягледзячы на мае пярэчанні, і я напісаў шмат электронных лістоў і адказ на іх аргументы, які яшчэ не быў апублікаваны. Група тэолагаў і філосафаў двойчы паставіла Папу Францішку ў віну вялікі спіс ерасяў і іншых памылак, якія знаходзяцца ў AL, і яны правялі дэтальны аналіз, каб абгрунтаваць сваё права прасіць Папу Францішка выправіць гэтыя памылкі. Мяне прасілі падпісаць іхні ліст, але я не зрабіў гэтага па розных прычынах. За мой першы артыкул арцыбіскуп Гранады забараніў мне выкладаць семінарыстам. Арцыбіскуп Вадуца (Каралеўства Ліхтэнштэйн) павіншаваў мяне з гэтым артыкулам і падзякаваў мне за вялікую паслугу Касцёлу, якую ён убачыў у ім. Чацвёра кардыналаў падалі свае dubia, якія дагэтуль засталіся без адказу. Такім чынам, у мяне было шмат новых прычын падумаць пра AL і пра свой папярэдні артыкул, які я найперш паслаў Папу Францішку як асабісты ліст (на які ён так і не адказаў і нават ніяк яго не заўважыў).

Аднак непасрэднай прычынай для напісання другога артыкула было тое, што я прачытаў пра камісію, якую склікаў Папа Францішак, быццам бы для перагляду энцыклікі Humanae Vitae (HV) і для яе адаптацыі пад AL. Да таго ж, я напісаў прафесару Буцільёнэ, майму дарагому сябру, меркаванне якога наконт AL надзвычай моцна адрозніваецца ад майго, што я баюся, што таксама HV і Evangelium Vitae стануць ахвярамі той самай лініі, якую можна бачыць у AL. Ён паглыбіў маё пачуццё страху і трывогі наконт гэтага, сказаўшы, што, вядома, да Humanae Vitae і Evangelium Vitae трэба было б прымяніць тое самае распазнанне і тыя самыя прынцыпы, якія выкладзены ў AL у дачыненні да сужэнства. Гэта кранула мяне да глыбіняў душы. (Я напісаў шмат артыкулаў з філасофскай абаронай Humanae Vitae і Veritatis Splendor, і думка пра тое, што гэтае сапраўднае вучэнне будзе адкінута, рэлятывізавана альбо пастаўлена пад сумнеў простым прымяненнем логікі цытаванай рэмаркі з AL, мяне глыбока занепакоіла.)

Па ўсіх гэтых прычынах я зноў стаў разважаць над тымі самымі пытаннямі і падумаў, што знайшоў значна большую прычыну для неспакою, чым тыя, якія я апісаў у сваім папярэднім артыкуле.

Такім чынам, я вырашыў напісаць новы і непараўнальна карацейшы артыкул, які я абмежаваў да аднаго-адзінага сцвярджэння ў AL, якому я прысвяціў недастаткова ўвагі ў сваім першым артыкуле. Гэтае адзінае выказванне глыбока занепакоіла мяне, бо мне, здаецца, удалося давесці, што змены маральнага вучэння ў AL патэнцыйна могуць пайсці значна, значна далей, чым маглі здагадвацца ўдзельнікі цяперашняй дыскусіі (таксама і Папа, і я), якія засяродзіліся на допуску нераскаяных чужаложнікаў і гомасэксуалістаў да сакрамэнтаў. Я пабачыў у гэтым тэксце схаваную вялікую пагрозу для ўсяго маральнага вучэння Касцёла. Такім чынам, я палічыў сваім сур’ёзным абавязкам і добрай службай Папу і Касцёлу паставіць сур’ёзнае пытанне, выказанае ў маім новым артыкуле, не даючы адказу на яго. Але паставіць яго такім ясным чынам, каб Папа альбо іншы чытач маглі правільна адказаць на яго самастойна. Я адчуваў абавязак напісаць гэта, каб адвесці ўдар маральна-тэалагічнай атамнай бомбы, якая можа разбурыць усё маральнае вучэнне Касцёла. Такім чынам, маім намерам было праз гэтае як мага больш ясна пастаўленае пытанне аказаць дапамогу вучэнню Папы Францішка і пазбегнуць гэтай шкоды.

Паколькі лагічныя і патэнцыйныя наступствы гэтага адзінага сцвярджэння, якія я пабачыў унутры сябе, былі настолькі страшныя, і паколькі ў той жа час я палічыў няправільным абвінавачваць Папу ў сур’ёзнай памылцы (што было адной з прычынаў, чаму я ўстрымаўся ад падпісання фармальнага абвінавачвання Папы ў ерасях, якое мяне прасілі падпісаць дзве групы тэолагаў), і паколькі толькі сам Папа, альбо, магчыма, Калегія кардыналаў, альбо Сабор могуць выправіць гэтае сцвярджэнне і пазбегнуць увядзення ў практыку яго лагічных наступстваў, я сфармуляваў свой артыкул як адно вялікае пытанне і як серыю пытанняў, якія следуюць з прымянення чыстай логікі да згаданага сцвярджэння і пытання.

MH: Не маглі б вы дзеля нашых чытачоў прадставіць свой галоўны неспакой, звязаны з Amoris Laetitia?

JS: Мой галоўны неспакой выкладзены ў маім другім артыкуле. Калі нашае сумленне можа ведаць (а не толькі памылкова лічыць), што Бог жадае, каб мы ў пэўнай сітуацыі ўчынілі ўнутрана дрэнныя, чужаложныя альбо гомасэксуальныя, дзеянні, то чыстая логіка павінна зрабіць вывад, што тое самае прымяняецца да кантрацэпцыі (HV), да абортаў і да ўсіх іншых дзеянняў, якія Касцёл і Божыя прыказанні выключаюць “абсалютна”. Гэта дакладная пазіцыя і гэта дакладныя наступствы так званай “чыста мэтанакіраванай этыкі”, якую некалькі гадоў таму абаранялі езуіцкі тэолаг Ёзаф Фукс і многія іншыя, перад і пасля Humanae Vitae, і якую я вывучаў і імкнуўся абвергнуць у сваіх шматлікіх артыкулах і вялікай неапублікаванай кнізе на нямецкай мове. Папа Ян Павел ІІ ясна і канчаткова асудзіў гэтую памылку Фукса і кампаніі, і ён зрабіў гэта ўрачыста ў Veritatis Splendor і ў Evangelium Vitae, такім чынам уносячы яснасць у спрадвечнае маральнае вучэнне Евангелляў і Касцёла. У другой з гэтых энцыклік Папа Ян Павел ІІ заклікае аўтарытэт св. Пятра (EV 68) і дэкларуе (на мой погляд, дагматычна), што ад першага моманту зачацця кожнае дзіця заслугоўвае поўнай павагі як чалавек, і таму аборт заўсёды з’яўляецца ўнутрана і цяжка амаральным учынкам.

Такім чынам, я адчуў глыбокія асабістыя пакуты. Мне падалося, што цяпер увесь корпус абсалютнай этыкі (пра якую яшчэ да Хрыста вучылі Сакрат і Цыцэрон) Старога і Новага Запавету і Касцёла можа пачаць развальвацца пры простым прымяненні логікі да гэтага сцвярджэння.

Перад гэтым, у сваім першым артыкуле, я таксама выказваў шмат іншых перасцярог:

Што ўсялякае адрозніванне шляхам распазнання добрых і кепскіх чужаложнікаў, дзе першых, нават калі яны не раскаяліся, можна дапускаць да сакрамэнтаў, а апошніх трэба выключаць з гэтага доступу, з’яўляецца для святара немагчымай задачай распазнання паміж добрымі і кепскімі цяжкімі грэшнікамі (як гэта добра сфармулявала Канферэнцыя біскупаў Польшчы);

Доўгі тэкст AL прапануе дапускаць да сакрамэнтаў пары, якія, аб’ектыўна кажучы, жывуць у цяжкім граху, але не згадвае аніводным словам пра небяспеку блюзнерства, супраць якога вельмі моцнымі словамі нас перасцерагае апостал Павел, кажучы, што мы рызыкуем “есці і піць на сваё асуджэнне”, калі мы прымаем святую Камунію ў стане цяжкага граху;

AL заяўляе, што “ніхто (таксама і ніводзін чужаложнік) не можа быць асуджаны навечна”, што, з выгляду, адмаўляе існаванне пекла і наўпрост супярэчыць словам св. Паўла, што ніводзін нераскаяны чужаложнік не ўвойдзе ў неба, і такім чынам усе будуць асуджаны навечна, калі яны не навернуцца;

Што некаторыя хрысціяне не маюць сілы выканаць Божыя прыказанні (з дапамогай сакрамэнтаў і Божай ласкі), што з’яўляецца адной з галоўных лютэраўскіх ерасяў, асуджаных на Трыдэнцкім саборы.

Я ўсё яшчэ трымаюся гэтых і іншых перасцярогаў наконт AL, але я хацеў: (а) сфармуляваць у другім артыкуле толькі адзін тэзіс, які мне падаецца сапраўднай праблемай AL; і (б) паставіць перад Папам і іншымі чытачамі некалькі лагічных пытанняў, на якія я не бачу адмоўнага адказу. А калі на іх адказаць станоўча, то гэтае адзінае сцвярджэнне ў AL пры дапамозе чыстай логікі прывядзе да разбурэння ўсяго маральнага вучэння Касцёла, і таму яго трэба адклікаць, аб чым я (умоўна) прашу Папу.

Такім чынам, я ва ўсёй любові папрасіў Папу пры ўмове, што ён таксама адкажа на лагічныя пытанні, якія я стаўлю, абсалютным “так”, адклікаць прынамсі гэтае адзінае сцвярджэнне AL і не рабіць з яго фундаменту для маральна-тэалагічнай рэформы ў Касцёле. Бо Папа напэўна не будзе трымацца за захаванне гэтага сцвярджэння, калі яно пры ягоным уласным станоўчым адказе на пытанне майго артыкула прычыніцца да разбурэння скалы каталіцкага маральнага вучэння, а таксама натуральнай этыкі (пра якую вучылі Сакрат і Цыцэрон).

MH: Як вы асабіста лічыце, ці засталіся нейкія сумненні наконт таго, ці жадае Папа дазволіць некаторым разведзеным і “паўторна жанатым” асобам доступ да сакрамэнтаў? Якімі аргументамі вы можаце ўмацаваць сваю пазіцыю?

JS: Абсалютна ніякіх сумневаў! Таксама высока ацэненыя абаронцы AL, такія як Рока Буцільёнэ, кардынал Блэйз Супіч і кардынал Крыстаф Шонбарн, ясна гэта бачаць і хваляць AL за гэта. Аднак, у адрозненне ад мяне і многіх іншых, яны ўспрымаюць гэты допуск нераскаяных грэшнікаў да сакрамэнтаў як плён міласэрнасці і законнае пастырскае рашэнне Папы Францішка. Больш за тое, яны лічаць, што, дапускаючы нераскаяных чужаложнікаў, гомасэксуалістаў і іншыя пары ў “неўрэгуляваных сітуацыях” да сакрамэнтаў, AL не супярэчыць ані Veritatis Splendor, ані Familiaris Consortio 84, якія выключаюць гэта, спасылаючыся на Евангелле. Іх абгрунтаванне гучыць наступным чынам: калі гэтыя пары могуць зразумець, што тое, што яны робяць, з’яўляецца сур’ёзна няправільным, і маюць сілу волі, пра якую кажа Папа Ян Павел ІІ, то іх, згодна з навучаннем Святога Айца, няможна дапускаць да сакрамэнтаў. Але калі гэтыя грэшнікі не выконваюць гэтыя дзве неабходныя суб’ектыўныя ўмовы смяротнага граху (і Буцільёнэ разам з Папам лічыць, што, магчыма, большасць сучасных мужчын і жанчын не выконваюць адной ці абодвух гэтых умоваў смяротнага граху), то іх, як вучыць Папа Францішак у AL, трэба дапусціць да сакрамэнтаў. Такім чынам, згодна з такой інтэрпрэтацыяй, абодва Папы маюць рацыю і не супярэчаць адзін аднаму. З гэтага можна бачыць, што таксама гэтыя абаронцы AL згаджаюцца, што AL фактычна прапануе пасля адпаведнага распазнання дапускаць нераскаяных чужаложнікаў і іншых грэшнікаў да сакрамэнтаў. (Філіпінскія біскупы ў сваёй першай рэакцыі на AL выдалі запрашэнне да сакрамэнтаў, скіраванае да ўсіх такіх параў, без распазнання і неадкладна. У дадатак, кардынал Шонбарн і а. Антоніа Спадара SJ заявілі ажно тое, што AL знішчыла ўсялякае адрозненне паміж урэгуляванымі і неўрэгуляванымі парамі.)

Акрамя таго, гэта пацвярджаецца пахвалою самога Папы ў адрас біскупаў Буэнас-Айрэса за тое, што іх інтэрпрэтацыя AL, якая прадугледжвае допуск нераскаяных чужаложнікаў і іншых параў да сакрамэнтаў пасля распазнання, з’яўляецца “адзіным карэктным прачытаннем AL”. Тое самае можна сказаць і пра пахвалу значна больш ліберальнай інтэрпрэтацыі AL біскупамі Мальты, якая заснавана на палажэннях радыкальнай сітуацыйнай этыкі. Гэтыя і многія іншыя словы і ўчынкі Папы Францішка пацвярджаюць, што на вашае пытанне трэба адказаць станоўча, нават калі кардынал Герхард Мюлер і манс. Лівіё Меліна прымаюць такую інтэпрэтацыю, што AL не змяніла сакрамэнтальную дысцыпліну.

У той самы час Папа прыняў пазіцыю Канферэнцыі біскупаў Польшчы і Канферэнцыі біскупаў Альберты ў Канадзе, якія працягваюць следаваць Familiaris Consortio і адмаўляюцца змяняць сакрамэнтальную дысцыпліну. Папа Францішак прыняў адзінадушнае адкіданне польскімі біскупамі зменаў правіл, выкладзеных у Familiaris Consortio, заявіўшы (як кажа сама AL), што Магістэрый не павінен мець адзінага вучэння па такіх пытаннях і можа зносіць культурныя і нацыянальныя адрозненні “маральных традыцый”. У Касцёле існуе распаўсюджаны неспакой, што гэта дадае да іншых праблем AL гістарычны і культурны рэлятывізм. Бо выглядае зусім непрымальным, што тое, што ў Польшчы лічыцца цяжкім грахом і выключае нераскаянага грэшніка са святой Камуніі і споведзі, не цягне ніводнага з гэтых наступстваў, калі чужаложнік перакрочвае мяжу з Германіяй і прыступае да Камуніі і споведзі там, у адным кіламетры на захад ад папярэдняга польскага святара, які адмовіўся ўдзяляць яму адпушчэнне грахоў і дапускаць яго да святой Камуніі.

MH: У вашым эсэ 2016 года вы сказалі, што AL можа выклікаць “лавіну вельмі разбуральных наступстваў для Касцёла і для душаў”. Ці бачыце вы, як гэтыя разбуральныя наступствы ўваходзяць у жыццё праз год?

JS: Калі нават адна ці некалькі, а тым больш большасць з многіх пар, якія знаходзяцца ў “неўрэгуляваных сітуацыях”, цяпер прымаюць сакрамэнты, здзяйсняючы блюзнерства і цяжкі грэх, то, відавочна, разбуральныя духоўныя наступствы AL праяўляюцца, і праўдзівыя словы Хрыста “vidente” (візіянеру) у Гранадзе, згодна з якімі гэтыя “вельмі памылковыя вучэнні” (“falsísimas doctrinas”) вядуць многія душы ў пекла.

Акрамя таго, сур’ёзная шкода душам прычыняецца, калі цяпер некаторыя семінарысты не хочуць станавіцца святарамі, таму што яны чакаюць, што іх будуць супраць сумлення прымушаць ўдзяляць сакрамэнты паўторна жанатым каталікам, чыё сужэнства Касцёл не аб’явіў няісным. Ім кажуць, што дзверы семінарыі адчыненыя. Калі яны не хочуць прыняць гэтага, яны павінны сысці. Такім чынам, многія з найлепшых будучых святароў адыдуць і не будуць выконваць працу на карысць душаў. Святароў заахвочваюць ці нават загадваюць ім дзейнічаць супраць свайго сумлення, некаторым пагражаюць стратай парафіі, калі яны будуць следаваць свайму сумленню. Біскупы прыгнятаюць святароў, паслухмяных традыцыі Касцёла і вучэнню, выкладзенаму ў Familiaris Consortio Папы Яна Паўла ІІ. Некаторыя святары, якія жывуць у нязгодзе з вучэннем Касцёла, адчуваюць заахвоту прыступаць да сакрамэнтаў і цэлебраваць Імшу, вызнаючы адсутнасць свабоднай волі, каб устрымлівацца ад гомасэксуальных актаў альбо сэксуальных адносінаў з жанчынай. Пануе вялікае замяшанне: многія губляюць веру ў Касцёл, у якім яны бачылі скалу праўды, а цяпер бачаць Вавілон замяшання, і гэтак далей.

MH: У вашым новым эсэ вы задаеце пытанне, ці AL “ясна сцвярджае, што гэтыя ўнутрана неўпарадкаваныя і аб’ектыўна цяжкагрэшныя ўчынкі […] могуць быць дазволены альбо нават аб’ектыўна загаданыя Богам”, і вы кажаце, што калі гэта сапраўды так, мы маем справу з “маральна-тэалагічнай атамнай бомбай”. Ці маглі б вы растлумачыць гэты выраз?

JS: Калі AL сапраўды кажа гэта ў тым тэксце, які я аналізую, гэта значыць, калі Бог у некаторых выпадках, альбо хоць у адным выпадку, можа жадаць ад нас, каб мы ў канкрэтнай сітуацыі здзейснілі ўнутрана няправільны ўчынак, такі як гомасэксуальны акт альбо чужалоства, то не існуе лагічна істотнай прычыны не прымяніць тое ж да кантрацэпцыі, абортаў, крывавай помсты, падману, ілжывасці і г. д. Бо можна сапраўды прымяніць прынцыпы, якія выконваюцца для аднаго віду ўнутрана дрэнных актаў, да любых унутрана дрэнных актаў. Таксама можна проста адмаўляць, што гэты ўчынак, альбо любы людскі ўчынак з’яўляецца ўнутрана неўпарадкаваным і кепскім.

Аднак увесь закон і прарокі, усё маральнае вучэнне Касцёла абапіраецца на прызнанне таго, што многія такія ўчынкі не павінны здзяйсняцца ніколі і нідзе. Таму, калі вывесці лагічныя наступствы з гэтага сцвярджэння ў AL, гэта выкліча лавіну наступстваў, і гэта будзе духоўнай атамнай бомбай, якая знішчыць цудоўны будынак каталіцкага маральнага вучэння (і натуральнай этыкі).

MH: У гэтым кантэксце “унутрана неўпарадкаваных і аб’ектыўна цяжкагрэшных учынкаў” вы самі яўным чынам згадваеце не толькі разведзеных і “паўторна жанатых” асобаў, але і гомасэксуальныя саюзы. Ці лічыце вы, што тэрмін “неўрэгуляваныя пары”, які выкарыстоўваецца ў AL, уведзены, каб больш інклюзіўна прымяняцца таксама і да гомасэксуальных пар?

JS: Ён яўна прымяняецца, і многія іншыя заявы Папы і біскупскіх канферэнцый, такіх як філіпінская, робіць гэта відавочным.

MH: У кантэксце абсалютных маральных нормаў, якія у бягучай дыскусіі быццам бы ставяцца пад сумнеў, вы самі падымаеце тэму Humanae Vitae і магчымага будучага перагляду яе вучэння пра кантрацэпцыю. Ці маеце вы канкрэтную інфармацыю наконт гэтай новасфарміраванай ватыканскай камісіі? Ці з’яўляюцца для вас некаторыя з яе членаў паказчыкам таго, у які бок будзе накіравана праца камісіі?

JS: Гэтае паведамленны было пацверджана надзейнымі і інфармаванымі крыніцамі ў вялікай колькасці артыкулаў і ў блогах. Аднак, нават калі не давяраць ім, чыстая логіка кажа нам: калі некаторыя нераскаяныя чужаложнікі могуць быць дапушчаны да сакрамэнтаў і калі іх чужалоства можа быць нават тым, чаго “патрабуе сам Бог сярод канкрэтных складаных абмежаванняў”, як можна выключаць, што па той жа логіцы тыя самыя пары, якія выкарыстоўваюць кантрацэпцыю, будуць таксама дапускацца да сакрамэнтаў? Альбо што нават Бог у скаладанасці іх канкрэтнай сітуацыі пажадае ад іх выкарыстання кантрацэптываў і стэрылізацыі замест часовага ўстрымання, таму што гэтае ўстрыманне можа прывесці мужа ці жонку да здзяйснення горшых грахоў?

MH: У сваё новае эсэ вы дадалі, што вы самі былі “выбраны св. Янам Паўлам ІІ звычайным (пажыццёвым) членам Пантыфікальнай Акадэміі па справах жыцця (гэтае прызначэнне скончылася разам са звальненнем усіх членаў PAV Папам Францішкам у 2016 годзе; пазней не быў пераабраны ў моцна змененую PAV у 2017 годзе)”. Ці не маглі б вы растлумачыць гэтыя словы? Ці азначае гэта, што вы былі звольнены з PAV нягледзячы на той факт, што вы былі прызначаны (Янам Паўлам ІІ) як пажыццёвы член PAV?

JS: Згодна са статутамі PAV, усе яе звычайныя члены з’яўляюцца пажыццёвымі членамі. Спачатку Папа Францішак змяніў канстытуцыю PAV. Такім чынам, цяпер максімальны перыяд кадэнцыі звычайнага члена ў PAV складае пяць гадоў. Па-другое, Папа Францішак звольніў усіх дзейсных членаў PAV і адмяніў запланаваную раней сустрэчу генеральнай асамблеі ў 2016 годзе. Па-трэцяе, ён назваў некаторых новых і аднавіў некаторых былых членаў PAV, уключна з некаторымі вельмі добрымі. Я аказаўся сярод тых, каго звольнілі і не аднавілі.

MH: Як вы думаеце, чаму вас звольнілі з PAV?

JS: Паколькі, як я згадаў, звольнілі ўсіх членаў PAV, то ясна, чаму звольнілі і мяне. На пытанне, чаму мяне не аднавілі, ясна можа адказаць толькі Папа, але, калі хочаце, пра гэта можна выказаць здагадкі. Можа, з-за майго артыкула пра AL у 2016 годзе? Магчыма, таму што я пастаянна і публічна крытыкаваў двух былых прэзідэнтаў PAV (пры Папу Бенедыкце) і прасіў Папу замяніць іх (што ён зрабіў у адным выпадку)? Таму што я пісаў доўгія крытычныя тэксты наконт дэфініцый смерці мозга на шматлікія сустрэчы PAV і на дзве сустрэчы Пантыфікальнай Акадэміі навук (якая запрасіла мяне ў якасці эксперта па гэтым пытанні), а таксама на працягу двух гадоў — у камісію па вызначэнні смерці мозга, скліканую кардыналам Эліё Сгрэча? Можа, таму што я дасылаў сваю крытыку двум папярэднім Папам (Яну Паўлу ІІ і Бенедыкту XVI) у (невыкананай) надзеі, што Касцёл ясна адкіне дэфініцыі смерці мозга і крытэрыі смерці мозга як несапраўдныя? Магчыма, таму што я публічна крытыкаваў паведамленне мансіньёра Марсэла Санчэса Саронда, скіраванае на Сусветны медыцынскі кангрэс па коме і смерці на Кубе, у якім казалася, што вызначэнне “смерці мозга” з’яўляецца нечым накшталт “дагмата Каталіцкага Касцёла”, якога трэба абавязкова трымацца, а таксама яго ілжывую заяву, што прыняцце гэтага крытэрыя з’яўляецца цяпер “афіцыйным каталіцкім вучэннем”? Можа, таксама таму, што падчас таго ж самага Сусветнага медыцынскага кангрэса па коме і смерці, а таксама двух папярэдніх, я чытаў даклады, у якіх крытыкаваў атаясамліванне “смерці мозга” са смерцю чалавека? Магчыма таму, што я распавёў аўдыторыі апошняга згаданага кангрэса, што (і чаму) Папа Ян Павел ІІ пасля свайго звароту да хірургаў-трансплантолагаў, у якім ён, як здавалася, падтрымаў гэтае атаясамліванне “смерці мозга” са смерцю чалавека, выказваў найбольш сур’ёзныя сумневы адносна такой ідэнтыфікацыі? Альбо таму што я публічна распавёў, што Папа Ян Павел ІІ асабіста склікаў сімпозіум на гэтую тэму ў Пантыфікальнай Акадэміі навук, на якім абсалютная большасць медыкаў, філосафаў, юрыстаў, анэстэзіёлагаў і г. д. адкінула гэтае атаясамліванне? Магчыма, таму што я раскрыў прысутным, што абяцаныя (і ўжо вычытаныя) тэксты актаў гэтага сімпозіума былі забаронены, відаць, самім манс. Санчэсам Саронда і што PAS склікала яшчэ адзін сімпозіум, на якім толькі меншасць адкінула атаясамліванне смерці чалавека са “смерцю мозга”?

MH: Вы кажаце, што новая PAV, калі яна была трансфарміравана ў канцы 2016 года, стала “моцна змененай”. Вы маглі б растлумачыць, што гэта азначае? Якія змены вы назіраеце ў новай PAV?

JS: Па-першае, я не хачу абагаўляць старую PAV, заснаваную св. Янам Паўлам ІІ. Пасля прэзідэнцтва праведнага медыка Жэрома Лежона, чый беатыфікацыйны працэс распачаты (і які адкрыў прычыну сіндрому Даўна і які адчайна змагаўся за жыццё кожнага дзіцяці, кранутага гэтым сіндромам, якіх многія лекары і бацькі забілі б, калі б яны даведаліся пра іх генетычную хваробу) і які памёр ад раку за некалькі месяцаў да свайго прызначэння прэзідэнтам, мы мелі двух іншых прэзідэнтаў. Першым з іх быў прафесар Хуан дэ Дзіас Віаль, рэктар Пантыфікальнага ўніверсітэта ў Чылі, якому дапамагаў, агульна кажучы, выдатны віцэ-прэзідэнт мансіньёр (цяпер кардынал) Эліё Сгрэча, які пазней стаў такім жа грунтоўным і кампетэнтным прэзідэнтам PAV (хоць нават некаторыя з членаў, і я таксама, крытычна ставіліся да таго, як ён кіраваў некаторымі справамі, напрыклад, дыскусіяй пра смерць мозга. Нават тады, у свае залатыя часы, PAV мела некалькі спрэчак, напрыклад, па пытанні, ці так званая “смерць мозга” насамрэч з’яўляецца смерцю чалавека, і тых, хто адмаўляў гэта, як прафесары Алан Ш’юман, Вольфганг Вальдштайн, Алехандра Серані, я і іншыя, усё больш спіхвалі на ўзбочыну. Затым у нас былі два прэзідэнты PAV, якія зрабілі заявы, супярэчныя этычнай праўдзе і вучэнню Касцёла. (Першы, [арцыбіскуп] Фізікела, абараняў законнасць і міласэрны характар некаторых абортаў), а другі арганізаваў, напрыклад, кангрэс PAV, на якім з сямі запрошаных прамоўцаў на тэму тэрапіі бясплоднасці шэсць распаўсюджвала метады, якія наўпрост супярэчаць вучэнню Касцёла. Гэтыя і іншыя падзеі прыводзілі да заслужанага супраціву з боку некаторых членаў. На маю думку і на думку многіх, гэта абсалютна супярэчыла мэтам Пантыфікальнай Акадэміі па справах жыцця і пралайф-прысязе, якую мусіў прынесці кожны член, а таксама і перадусім вучэнню Касцёла. Я напісаў два адкрытыя лісты наконт гэтай нязноснай сітуацыі ў “старой PAV”. Таму я не ўсхваляю “старую PAV” і не адмаўляю, што істотная рэформа “старой PAV” была б вельмі пахвальнай.

Аднак глыбокія змены, якія цяпер адбыліся, здаецца, ідуць значна далей і ў адваротным накірунку. На адміністратыўным узроўні, як я згадваў, Папа Францішак змяніў канстытуцыю, і таму ён знішчыў цвёрдае ядро з членаў, безумоўна адданых жыццю і абраных Папам Янам Паўлам ІІ, што прывяло да стварэння гнуткай, зменнай супольнасці, якая страціла сваю ідэнтычнасць, якую некаторыя пастаянныя і адданыя члены надавалі PAV. Найбольш важна, што новыя статуты скасавалі пралайф-прысягу, якую мы павінны былі прыносіць у старой PAV. Былі прызначаны некаторыя члены, якія адкрыта выступаюць супраць жыцця. Новы прэзідэнт і біскуп манс. Вінчэнца Палья перад сваім прызначэннем замовіў фрэску ў сваёй катэдры ў Італіі, дзе ён і шмат іншых людзей паказаны ў аголеным выглядзе, задзейнічаны ў гомасэксуальных і іншых грахах і ў вялікай сетцы прыцягваюцца Езусам, які мае рысы вядомага мясцовага гомасэксуальнага цырульніка, у неба, прычым усе яны працягваюць здзяйсняць тыя самыя грахі ў гэтай сетцы. Вялікі мастак Босх маляваў тыя самыя грахі, праслаўленыя ў гэтай фрэсцы, у сваіх знакамітых выявах пекла. Таксама біскуп Палья ўзначальвае Інстытут Яна Паўла ІІ, дзе на прафесароў аказваецца вялікі ціск, каб яны не падтрымлівалі маральнае і дысцыплінарнае сакрамэнтальнае вучэнне Familiaris Consortio, а падтрымлівалі AL.

MH: Ці асабіства вы занепакоены некаторымі новымі членамі PAV, такімі як прафесар Найджэл Бігар, а. Маўрыцыё Кьёдзі, а. Карла Казалонэ SJ, альбо а. Ален Тамасэ SJ, некаторыя з якіх актыўна абараняюць альбо аборты, альбо выкарыстанне кантрацэпцыі? (Вось спасылка: http://www.ncregister.com/daily-news/respected-u.s.-pro-lifers-prominent-among-latest-pontifical-academy-for-lif).

JS: Вядома, занепакоены. У нас раней былі некаторыя такія члены, напрыклад, аўстрыец, які прасоўваў “сям’ю вашых мараў” (die Wunschfamilie), рэалізацыя якой уключала ў сябе апладненне in vitro, селекцыю аплодненых яйцаклетак паводле полу альбо здароўя, адбор “дэфектных” альбо “нежаданых” дзяцей і раннія аборты. Аднак такіх членаў прасілі сыходзіць. Цяпер іх наўпрост прызначаюць у Ватыкане. Гэта азначае істотную змену бачання PAV у параўнанні з былой.

MH: У святле папярэдняй дыскусіі наконт Amoris Laetitia, а таксама многіх верных спробаў абараніць традыцыйнае маральнае вучэнне Каталіцкага Касцёла, ці бачыце вы паралелі з магчымым цяпер пераглядам Humanae Vitae і яго вынікамі?

JS: Я перакананы, што згодна з чыстай логікай, калі Папа Францішак не адкліча вучэнне, якое я аналізую ў сваім апошнім артыкуле, і калі ён не дасць адказаў на dubia кардыналаў, праясніўшы, што існуюць ўнутрана дрэнныя ўчынкі і што такія ўчынкі не могуць быць апраўданымі ні ў якой сітуацыі, то Humanae Vitae будзе інтэрпрэтавана як ідэал, якога няможна патрабаваць ад кожнага, а тыя, хто практыкуе кантрацэпцыю (з абартыўным эфектам альбо без яго) пасля распазнання будуць дапушчаны да сакрамэнтаў, бо Бог сам у некаторых складаных выпадках жадае ад іх выкарыстання кантрацэпцыі. Гэта следуе з любога адмаўлення існавання ўнутранна дрэнных учынкаў. А такое адмаўленне напэўна прапануе ўрывак, які я аналізую ў сваім апошнім артыкуле. Таму я горача спадзяюся, што Папа, калі ён адкажа на пастаўленае мною пытанне станоўча, адкліча гэтае сцвярджэнне з AL і такім чынам пазбегне краху Humanae Vitae.

MH: Айцец Джон А. Хардан SJ (+ 30 снежня 2000 года), шырока вядомы амерыканскі спецыяліст па дагматыцы, падкрэсліваў, што большая частка маральнага вучэння Касцёла была беспамылкова выкладзена ўніверсальным звычайным Магістэрыем, без дэкларацыі ex cathedra. Ці асабіста вы лічыце строгую забарону выкарыстання любых форм кантрацэпцыі (многія з якіх з’яўляюцца абартыўнымі) частка беспамылковага вучэння Касцёла? Ці дазволяць Папу Францішку зрабіць выключэнні ў дачыненні да гэтага вучэння?

JS: Я ўпэўнены, што гэта частка беспамылковага вучэння Касцёла (хоць і не выражаная ў форме дагмата). Акрамя таго, я лічу, што яго этычная праўдзівасць таксама можа быць спазнаная чыстым заключэннем розуму, і я напісаў шмат артыкулаў у абарону філасофскіх доказаў і сведчанняў яго праўдзівасці.

MH: Калі спалучыць ваша эсэ 2017 года з надыходзячай дыскусіяй наконт Humanae Vitae, ці бачыце вы рэалістычную небяспеку таго, што пастаноўка пад сумненне абсалютных маральных законаў можа прывесці да таго, што Касцёла афіцыйна дазволіць аборты і кантрацэпцыю?

JS: Я думаю, што Папе Паўлу VI, які схіляўся аддаць перавагу меркаванню большасці (“за кантрацэпцыю”) у скліканай ім камісіі, гэтага не даў зрабіць цудоўны дар беспамылковасці Касцёла, і таму ён напісаў Humanae Vitae у падтрымку ПРАЎДЗІВАГА меркавання меншасці. Акрамя таго, я думаю, што гэтая самая беспамылковасць ніколі не дазволіць, каб Каталіцкі Касцёл пайшоў за англіканскай Канферэнцыяй у Ламбеце, якая змяніла забарону на кантрацэпцыю ў пратэстанцкіх касцёлах, якая раней адзінадушна прымалася ўсімі хрысціянскімі касцёламі.

Тым не менш, я не думаю, што цалкам немагчыма, каб беспамылковае вучэнне Касцёла было НЕБЕСПАМЫЛКОВА абвергнута Саборам альбо нават Папам, што часам здаралася ў гісторыі Касцёла. Напрыклад, Папа Ян ХХІІ навучаў вельмі сур’ёзнай ерасі, якую ён сам адклікаў перад смерцю, напісаўшы булу з асуджэннем свайго вучэння, а ягоны наступнік асудзіў яго як ерась. Папа Ліберый падпісаў паўарыянскую дэкларацыю, якая ў пэўнай ступені адхілялася ад цэнтральнага хрысціянскага дагмата аб сапраўднай боскасці Хрыста, а св. Атаназій, які горача абараняў праўду, быў некалькі разоў экскамунікаваны за абарону праўды. Сабор спаліў усе творы іншага Папы-ерэтыка Ганорыя, і ён быў экскамунікаваны пасмяротна. Таму часам, на шчасце, вельмі рэдка — і ніколі тады, калі Папа прамаўляе беспамылкова, абвяшчаючы дагмат, — Папа можа дапусціць сур’ёзныя памылкі і нават ерасі. У маім апошнім артыкуле я не крытыкую і не “атакую” Папу, а таксама не абвінавачваю яго ў ерасі, а толькі задаю некаторыя пытанні. Не трэба, аднак, забывацца, што крытыка небеспамылковага сцвярджэння альбо меркавання Папы ніякім чынам не шкодзіць Касцёлу і не з’яўляецца заўсёды няправільнай. Першы Папа, св. Пётр, быў публічна раскрытыкаваны св. Паўлам на саборы, і св. Тамаш цудоўна абараніў гэта. Сам Хрыстус, якраз пасля таго Ён назваў св. Пятра першым Папам і скалою, на якой будзе збудаваны Касцёл, нават назваў яго “сатаной” і сказаў яму: “Адыдзі ад мяне, сатана”, абвінаваціўшы яго ў тым, што ён хоча накласці свае чыста людскія думкі на Божую думку, якая ўключала ў сябе таямніцу мукі і смерці Езуса Хрыста.

MH: Нядаўна кардынал Вальтэр Брандмюлер публічна абмяркоўваў справу вызнання веры Папам, што часта практыкавалася ў часы крызісу ў Касцёле. Падзяліцеся сваімі думкамі, ці ў цяперашняй сітуацыі такое папскае вызнанне веры магло б дапамагчы.

JS: Я лічу, што калі б Папа публічна прачытаў сапраўдны і поўны Сімвал веры Каталіцкага Касцёла, гэта вельмі дапамагло б унесці яснасці і праўду ў безнадзейна заблытаную сітуацыю, але, вядома, толькі сабор можа патрабаваць гэтага ад Папы, альбо ён сам мусіць палічыць гэта як найбольш карысным.

MH: Кардыналы-аўтары dubia пастаянна атрымліваюць жорсткую крытыку ад іншых кардыналаў, напрыклад, ад кардынала Радрыгеса (https://onepeterfive.com/top-papal-adviser-insults-the-four-dubia-cardinals/) і кардынала Шонбарна (https://onepeterfive.com/cardinal-schonborn-dubia-questions-can-answered-yes/). Ці лічыце такія заўвагі апраўданымі? Якім будзе ваш асабісты адказ на такія рэакцыі высокапастаўленых людзей на dubia?

JS: Я думаю, што чацвёра аўтараў dubia (трох з якіх я лічу сябрамі, а адзін з якіх з’яўляецца маім блізкім сябрам ужо 37 гадоў) дзейнічалі згода са сваім сумленнем, з вялікай стрыманасцю і павагай да Папы, а таксама з поўным апраўданнем. Я думаю, што іх крытыка за dubia глыбока памылковая і што, нават горш, паклёп на гэтых цудоўных людзей Касцёла з’яўляецца вялікім грахом. Акрамя таго, я лічу, што да іх павінна была б далучыцца ўся Калегія кардыналаў. На мой погляд, усе іншыя кардыналы, біскупы і ўсе каталікі павінны падтрымаць чатырох (цяпер трох жывых) кардыналаў і разам з гэтымі кардыналамі папрасіць Папу даць канчатковы ясны і адназначны адказ на гэтыя пытанні, аднавіўшы яснасць і праўду, а таксама рассеяўшы вялікае замяшанне, якое цяпер пануе і якога не можа адмаўляць ніхто, хто мае вочы, каб бачыць, і розум, каб думаць. Недавер да Папы і замяшанне распаўсюджваюць не dubia, а адсутнасць адказу на іх у праўдзе і з адназначнай яснасцю.


Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: OnePeterFive

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі 1Р5.

Пакінуць каментар

Scroll Up