5 жніўня 2017 года
Aemaet Bd. 6, Nr. 2 (2017) 2-9

Змест

Пытанне, вынесенае ў якасці загалоўка гэтага артыкула, звернута да Папы Францішка і да ўсіх каталіцкіх кардыналаў, біскупаў, філосафаў і тэолагаў. Яно датычыцца чыста лагічных наступстваў аднаго са сцвярджэнняў Amoris Laetitia і заканчваецца заклікам да Папы Францішка, каб ён адклікаў прынамсі адно сцвярджэнне AL, калі адказ на галоўнае пытанне гэтага невялікага эсэ будзе станоўчым і калі сапраўды з-за гэтага аднаго сцвярджэння ў AL адна толькі чыстая логіка з выкарыстаннем відавочных пасылак можа разбурыць усё каталіцкае маральнае вучэнне. У Сакратавым стылі гэты артыкул пакідае Папе Францішку і іншым чытачам права адказаць на тытульнае пытанне і дзейнічаць згодна са сваім адказам.

Несумненна, Amoris Laetitia стварыла шмат няяснасці і выклікала канфліктныя інтэпрэтацыі ва ўсім каталіцкім свеце. Я не буду прадстаўляць тут усю дыскусію, каб не паўтараць і не развіваць далей пазіцыю, якую я ў сувязі з гэтым абараняў у мінулых артыкулах (гл. Josef Seifert, “Amoris Laetitia. Joy, Sadness and Hopes”). Хоць я мог бы зрабіць гэта ў адказ на некаторыя крытычныя каментарыі, якія я атрымаў ад майго блізкага сябра Буцільёнэ [Buttiglione], з якім я згаджаюся амаль ва ўсіх філасофскіх і іншых справах.

Аднак у AL існуе адно сцвярджэнне, якое не мае нічога супольнага з прызнаннем правоў суб’ектыўнага сумлення, спасылаючыся на якое Рока Буцільёнэ стараецца прадэманстраваць поўную гармонію паміж маральным вучэннем св. Яна Паўла ІІ і Папы Францішка супраць сцвярджэнняў Роберта Шпемана і іншых пра яўны разрыў паміж іх вучэннямі. Адносна іх супярэчнага вучэння аб сакрамэнтальнай дысцыпліне Буцільёнэ кажа, што Папа Ян Павел ІІ мае рацыю, калі ўлічваць толькі аб’ектыўны складнік людскіх дзеянняў, тады як Папа Францішак мае рацыю, калі суб’ектыўным фактарам і адсутнасці ўмоваў смяротнага граху (недахопу ведаў і слабасці свабоднай волі) надаць — пасля адпаведнага распазнання —  іх адпаведную ролю і прызнанне.

Аднак тут я хацеў бы даследаваць сцвярджэнне ў AL, якое зусім не датычыцца суб’ектыўнага сумлення, а сцвярджае, што існуе цалкам аб’ектыўная Божая воля, якая ў пэўных сітуацыях жадае, каб мы здзяйснялі ўчынкі, якія з’яўляюцца ўнутрана дрэннымі і якія Касцёл заўсёды лічыў такімі. Паколькі Бог напэўна не можа мець недахопу этычных ведаў, “памылкі сумлення” альбо слабасці свабоднай волі, гэты фрагмент не “абараняе правы людской суб’ектыўнасці”, як заяўляе Буцільёнэ, а, як здаецца, ясна сцвярджае, што гэтыя ўнутрана неўпарадкаваныя і аб’ектыўна і цяжка грэшныя ўчынкі, як прызнае Буцільёнэ, могуць быць дазволеныя альбо нават аб’ектыўна загаданыя Богам. Калі гэта сапраўды тое, пра што кажа AL, то ўся трывога пра прамыя сцвярджэнні AL наконт змены сакрамэнтальнай дысцыпліны (допуску пасля адпаведнага распазнання чужаложнікаў, актыўных гомасэксуалістаў і іншых пар у падобных сітуацыях да сакрамэнтаў споведзі і Эўхарыстыі, і, па логіцы, таксама хросту, канфірмацыі і сужэнства без іх жадання змяніць сваё жыццё і жыць у поўным сэксуальным устрыманні, чаго ад пар у такіх “неўрэгуляваных сітуацыях” патрабаваў Папа Ян Павел ІІ ў Familiaris Consortio) адносіцца толькі да вяршыні айсберга, да слабога пачатку лавіны альбо да першых некалькіх будынкаў, знішчаных маральна-тэалагічнай атамнай бомбай, якая пагражае знесці ўвесь маральны квартал дзесяці Божых прыказанняў і каталіцкага маральнага вучэння.

Аднак ў дадзеным артыкуле я не буду сцвярджаць, што гэта менавіта той выпадак. Наадварот, я цалкам пакіну Папу і любому іншаму чытачу адказ на пытанне, знаходзіцца ці не ў Amoris Laetitia прынамсі адно сцвярджэнне, з якога будзе лагічна вынікаць знішчэнне ўсяго каталіцкага маральнага вучэння. І я павінен прызнацца, што тое, што я прачытаў пра скліканне камісіі, якая будзе “пераправяраць” Humanae Vitae — энцыкліку, якая разам з пазнейшай энцыклікай Veritatis Splendor паклала рашучы канец дзесяцігоддзям этычных і маральных дыскусій сярод тэолагаў, — прымусіла мяне сур’ёзна занепакоіцца пытаннем, якое я зрабіў загалоўкам гэтага эсэ.

Давайце прачытаем ключавы тэкст (AL 303), які Папа Францішак прымяняе да выпадку чужаложных альбо іншым чынам “не ўрэгуляваных параў”, якія вырашаюць не следаваць патрабаванню, якое ў энцыкліцы Familiaris Consortio скіравана да такіх “неўрэгуляваных параў”. Папа Ян Павел ІІ кажа такім парам альбо ўвогуле разысціся, альбо, калі гэта немагчыма, цалкам устрымлівацца ад сэксуальных адносінаў. У сваю чаргу, Папа Францішак заяўляе:

Аднак сумленне можа прызнаць не толькі тое, што дадзеная сітуацыя аб’ектыўна не адпавядае агульным пастулатам Евангелля, але можа таксама шчыра і сумленна прыняць тое, што ў дадзеную хвіліну з’яўляецца велікадушным адказам, які можна даць Богу, і адкрыць з нейкай маральнай упэўненасцю, што гэта дар, якога патрабуе сам Бог сярод канкрэтных складаных абмежаванняў, хоць гэта яшчэ не цалкам аб’ектыўны ідэал (AL 303).

Як з папярэдняга, так і з наступнага кантэксту зразумела, што гэтая “Божая воля” тут датычыцца далейшага жыцця ў тым, што з’яўляецца аб’ектыўна цяжкім грахом. Пар., напрыклад, AL 298, зноска 329:

У такіх сітуацыях многія, ведаючы і прымаючы магчымасць заставацца ў шлюбе “як брат і сястра”, якую прапануе ім Касцёл, адкрываюць, што калі няма пэўных праяў інтымнасці, “то вернасць нярэдка выпрабоўваецца, а дабро патомства ставіцца пад пагрозу”.

У Gaudium et Spes 51, адкуль узята апошняя цытата, гэтая думка прыводзіцца як памылковае пярэчанне маральнаму патрабаванню ніколі не здзяйсняць чужалоства альбо акту кантрацэпцыі. У AL яно разумеецца ў сэнсе, растлумачаным вышэй, — як апраўданне, якое быццам нават згаджаецца з аб’ектыўнай Божай воляй, для далейшага здзяйснення аб’ектыўна цяжкіх грахоў.

Іншымі словамі, AL не толькі эўфемістычна называе аб’ектыўны стан цяжкага граху “не цалкам аб’ектыўным ідэалам”, але і кажа, што мы можам “з нейкай маральнай упэўненасцю” ведаць, што сам Бога просіць нас працягваць здзяйсняць унутрана няправільныя акты, такія як чужалоства і актыўны гомасэксуалізм. Я стаўлю пытанне: ці ж пры такім дапушчэнні не будзе чыста лагічна запытацца:

Калі нават адзін выпадак унутрана амаральнага ўчынка можа быць дазволены альбо нават пажаданы Богам, ці ж не павінна гэта прымяняцца да ўсіх актаў, якія лічацца “ўнутрана няправільнымі”? Калі Бог сапраўды можа жадаць ад чужаложнай пары жыцця ў чужалостве, ці ж не трэба тады перафрамуляваць прыказанне “Не чужалож!” у такой форме: “Калі ў тваёй сітуацыі чужалоства не з’яўляецца меншым злом, не чужалож! Калі з’яўляецца, працягвай жыць у ім!”?

Ці ж не мусяць тады памыляцца астатнія дзевяць запаведзяў, Humanae Vitae, Evangelium Vitae і ўсе мінулыя, цяперашнія і будучыя касцёльныя дакументы, дагматы і саборы, якія вучаць пра існаванне ўнутрана няправільных актаў? Можа тады выкарыстанне кантрацэптываў больш не з’яўляецца ўнутрана няправільным, а Humanae Vitae, у якой адназначна сцвярджаецца, што кантрацэпцыя не можа быць маральна апраўданай ні ў якай сітуацыі, а тым больш яе не можа патрабаваць Бог, памыляецца?

Ці ж не заключыць, для пачатку, новая камісія па Humanae Vitae, заснаваная Папам Францішкам, што ў некаторых сітуацыях кантрацэпцыя можа быць добрай і нават абавязковай і жаданай Богам? Ці ж не могуць тады і аборты, як сцвярджаў былы старшыня Пантыфікальнай Акадэміі жыцця манс. Фізікела, быць апраўданымі ў некаторых выпадках і быць тым, чаго “патрабуе сам Бог сярод канкрэтных складаных абмежаванняў, хоць гэта яшчэ не цалкам аб’ектыўны ідэал”?

Ці ж тады, згодна з чыстай логікай, эўтаназія, суіцыд і спрыянне яму, падман, крадзеж, ілжывае сведчанне, адмаўленне і здрада Хрысту, як у выпадку св. Пятра, альбо забойства ў некаторых выпадках і пасля адпаведнага “распазнання” быць добрымі і пахвальнымі з-за складанасці канкрэтнай сітуацыі (альбо з-за адсутнасці этычных ведаў альбо сілы волі)? Ці ж не можа тады сам Бог патрабаваць, каб сіцыліец, які адчувае сябе абавязаным знішчыць нявінных членаў сям’і, галава якой забіў члена ягонай уласнай сям’і і брат якой заб’е чатыры сям’і, калі ён не заб’е адну, пайшоў і выканаў гэтае забойства, таму што ягоны ўчынак у дадзеных абставінах з’яўляецца тым, чаго “патрабуе сам Бог сярод канкрэтных складаных абмежаванняў, хоць гэта яшчэ не цалкам аб’ектыўны ідэал”? Ці ж не патрабуе чыстая логіка, каб мы зрабілі такі вынік з гэтага сцвярджэння Папы Францішка?

Бо калі на тытульнае пытанне трэба адказаць станоўча, а я асабіста лічу, што гэта менавіта так, то чыста лагічныя наступствы гэтага аднаго сцвярджэння ў Amoris Laetitia знішчаць усё маральнае вучэнне Касцёла. Ці ж не павінна яно быць адклікана і асуджана самім Папам Францішкам, які несумненна сам ненавідзіць гэтае наступства, якое, калі мы адкажам на тытульнае пытанне станоўча, жалезная і халодная логіка не можа не вывесці з працытаванага сцвярджэння Папы Францішка?

Таму я хачу заклікаць нашага вярхоўнага духоўнага Айца на зямлі, “салодкага Хрыста на зямлі”, як называла св. Кацярына Сіенская аднаго з Папаў, пад кіраўніцтвам якога яна жыла, адначасова востра яго крытыкуючы (калі Папа Францішак згодзіцца з гэтым лагічным заключэннем і станоўча адкажа на тытульнае пытанне гэтага эсэ), адклікаць згаданае сцвярджэнне. Калі яго лагічныя наступствы з жалезнай незваротнасцю прывядуць не менш як да поўнага знішчэння маральнага вучэння Каталіцкага Касцёла, ці ж не павінен “салодкі Хрыстус на зямлі” адклікаць сваё ўласнае сцвярджэнне? Калі згаданы тэзіс бясспрэчна і лагічна вядзе да адкідання таго факту, што існуюць дзеянні, якія павінны лічыцца ўнутрана няправільнымі пры любых абставінах і ва ўсіх сітуацыях, і калі гэтае сцвярджэнне пасля Familiaris Consortio і Veritatis Splendor разбурыць таксама Humanae Vitae і многія іншыя элементы ўрачыстага навучання Касцёла, то ці не трэба яго скасаваць? Ці ж не відавочна, што існуюць такія ўчынкі, якія заўсёды з’яўляюцца няправільнымі, як існуюць і іншыя ўчынкі, якія заўсёды з’яўляюцца добрымі, апраўданымі і жаданымі Богам? (Гл. Ян Павел ІІ, Veritatis Splendor, а таксама Josef Seifert, “The Splendor of Truth and Intrinsically Immoral Acts: A Philosophical Defense of the Rejection of Proportionalism and Consequentialism in ‘Veritatis Splendor’.”, Studia Philosophiae Christianae UKSW 51 (2015) 2, 27-67. “The Splendor of Truth and Intrinsically Immoral Acts II: A Philosophical Defense of the Rejection of Proportionalism and Consequentialism in ‘Veritatis Splendor’.” Studia Philosophiae Christianae UKSW 51 (2015) 3, 7-37.) Ці ж не павінен кожны кардынал і біскуп, кожны святар, манах і кансэкраваная дзева, а таксама кожная свецкая асоба ў Касцёле мець як найбольшую зацікаўленасць у гэтым і падпісацца пад гэтым гарачым заклікам пакорнай свецкай асобы, простага прафесара філасофіі і, сярод іншых прадметаў, логікі?

Ёзаф Зейферт — рэктар-заснавальнік Міжнароднай акадэміі філасофіі ў Княстве Ліхтэнштэйн, прафесар кафедры рэалістычнай фенаменалогіі імя Дзітрыха фон Гільдэбранда ў IAP-IFES, Гранада, Іспанія, а таксама выбраны св. Янам Паўлам ІІ звычайны (пажыццёвы) член Пантыфікальнай Акадэміі жыцця (гэтае прызначэнне скончылася разам са звальненнем усіх членаў PAV Папам Францішкам у 2016 годзе; пазней не быў пераабраны ў моцна змененую PAV у 2017 годзе).


Крыніца: OnePeterFive
ІлюстрацыяOnePeterFive

Тэкст апублікаваны пад свабоднай ліцэнзіяй Creative Commons License Attribution 3.0 (CC BY 3.0).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар