З кнігі A. Fortescue, The Ceremonies of the Roman Rite Described (1943), раздз. VI “Ціхая Імша, якую служыць святар”

Убранне. У сакрыстыі ўбранне выкладваецца на століку для апранання ў парадку, у якім святар будзе яго апранаць, каб першая рэч была зверху. Спачатку выкладваецца арнат, так каб святар мог зручна ўзяць яго. Ён кладзецца на столік пярэдняй часткай уніз. На арнат кладзецца стула, затым маніпул, пас, альба і амікт — у такім парадку.

Кожны святар карыстаецца сваім аміктам і пурыфікатарам, таму яны захоўваюцца асобна для кожнага святара. Іншыя прадметы ўбрання з’яўляюцца агульнымі для ўсіх цэлебрантаў.

Побач з убраннем рыхтуецца келіх з пурыфікатарам, патэнай, на якую кладзецца гостыя, палай, вэлюмам і бурсай з карпаралам унутры, як апісана ніжэй.

Калі Імшал яшчэ не знаходзіцца на алтары, яго кладуць побач з убраннем, каб святар мог спярша знайсці і пазначыць у ім неабходныя месцы. Усю гэтую падрыхтоўку выконвае сакрыстыянін альбо часткова прыслугоўваючы, згодна са звычаямі дадзенага касцёла [1]. У кожным выпадку перад пачаткам Імшы прыслугоўваючы павінен упэўніцца, што ўсё добра падрыхтавана.

Імша павінна пачынацца не раней, чым за гадзіну да світання, і не пазней, чым у 13:00 [2] [Папа Пій ХІІ дазволіў цэлебраваць св. Імшы таксама і ўвечары — TI].

Падрыхтоўка цэлебранта. Святар, які мае намер цэлебраваць Імшу, павінен знаходзіцца ў стане ласкі і захоўваць пост ад поўначы [з 1964 года эўхарыстычны пост скарочаны да 1 гадзіны перад прыняццем святой Камуніі — TI]. Згодна з рубрыкамі, да Імшы ён павінен прамовіць прынамсі Ранішнюю малітву (Matutinum) і Хвалы (Laudes) [3] [сёння гэта правам не прадпісана — TI].

Да рымскага абраду вельмі добра пасуе рубрыка з іншага абраду: “Святар, які збіраецца цэлебраваць святыя таямніцы, павінен загадзя вызнаць свае грахі, быць паяднаным з усімі людзьмі і не мець нічога супраць нікога. Ён павінен стрымліваць сваё сэрца ад кепскіх думак, быць духоўна чыстым і захоўваць пост да часу ахвяры” [4].

Перад Імшою святар праводзіць пэўны час, прамаўляючы падрыхтоўчыя малітвы, і прыгадвае намер, з якім ён будзе складаць ахвяру. Ён не абавязаны карыстацца малітвамі, пададзенымі з гэтай мэтай у Імшале [5], але яны напэўна з’яўляюцца найлепшай падрыхтоўкай [6].

Апрананне на Імшу. Затым, калі ён гатовы, прыкладна за пяць хвілін да ўстаноўленага часу пачатку Імшы, ён падыходзіць да століка з убраннем у сакрыстыі. Маецца на ўвазе, што ён ужо мае на сабе сутану [7]. Калі ён не носіць яе ў штодзённым жыцці, ён апранае яе перад тым, як пачаць прамаўляць малітвы падчас апранання [8]. Рубрыкі прадпісваюць яму спачатку пазначыць неабходныя месцы ў Імшале [9]. Затым ён мые рукі ў спецыяльна падрыхтаваным для гэтага месцы, кажучы адпаведную малітву. Ён рыхтуе келіх [10] (альбо глядзіць, ці добра ён падрыхтаваны): пурыфікатар павінен ляжаць поперак чашы келіха, на ім — патэна з гостыяй альбо гостыямі для кансэкрацыі, на патэне — пала, а ўсё гэта цалкам пакрываецца вэлюмам. Зверху кладзецца бурса з карпаралам. Затым ён апранае ўбранне. Спачатку ён бярэ амікт, цалуе крыжык, які знаходзіцца на яго сярэдзіне, на момант кладзе яго на галаву, а затым апускае яго на плечы, укладае амікт вакол шыі, пад свой каўнер, і завязвае матузкі вакол цела, каб амікт трымаўся на месцы. Затым ён апранае альбу (прасоўваючы правую руку перш, чым левую) і звяртае ўвагу, каб яна не цягнулася па падлозе, а дасягала костачак і мела раўнамерную даўжыню па ўсім перыметры. Ён падвязвае яе вакол цела пасам, складзеным удвая (частка з кутасікамі павінна быць справа), і пакідае два канцы паса свабодна звісаць спераду. Ён бярэ маніпул, цалуе крыжык на яго сярэдзіне, апранае яго на левую руку і замацоўвае яго, калі неабходна. Ён бярэ стулу, цалуе крыжык у сярэдзіне, накладае яе на плечы [11], скрыжоўвае яе спераду (правая частка накладаецца на левую) і замацоўвае яе канцы пасам з абодвух бакоў. Ён апранае арнат, прасоўваючы галаву праз выраз і замацоўвае яго, прывязваючы матузкі да цела. Нарэшце ён накладае бірэту.

Па меры таго як ён апранае кожны элемент убрання, ён прамаўляе адпаведную малітву, пададзеную з гэтай мэтай ў Імшале [12]. Прыслугоўваючы павінен дапамагаць святару пры апрананні, падаючы яму кожную рэч альбо прынамсі дапамагаючы укласці альбу [13] і стулу.

Святару выпадае быць гатовым за хвіліну ці дзве да пачатку Імшы. Тады ён становіцца перад столікам для апранання і прамаўляе свае малітвы да моманту пачатку Імшы.

Ад таго часу, як ён пачаў малітвы перад Імшою, ён не павінен ні з кім размаўляць, акрамя выпадкаў пільнай патрэбы.

[1] Рубрыкі (R I, 1) прадпісваюць святару рыхтаваць келіх самастойна. Гэта можа рабіць семінарыст ці сакрыстыянін (SRC 41941, 419815; пар. CJC 1306, § 1), але святару рэкамендуецца рабіць гэта самому (SRC, 419815; пар. Св. Кангр. cакрам., 26 сакавіка 1929 года).

[2] RG xv, 1; CJC 821. Можна прытрымлівацца любой сістэмы вылічэння часу.

[3] R I, 1.

[4] Рубрыка візантыйскага Эўхалагіёна перад “Парадкам святой Літургіі”.

[5] “Praeparatio ad Missam pro opportunitate Sacerdotis facienda” ў пачатку Імшала.

[6] Зазвычай ён робіць гэтую падрыхтоўку ў касцёле ці сакрыстыі.

[7] Ніхто не можа насіць дзукету падчас Імшы без выразнага дазволу Святога Пасаду. Зазвычай такое права маюць толькі кардыналы, біскупы і абаты (СJC 811, § 2). Калі хтосьці яшчэ мае гэты прывілей, ён павінен захоўваць сваё права (с. 23).

[8] СJC 811, § 1.

[9] R I, 1.

[10] Пар. с. 38, № 2.

[11] Знаходжанне стулы з’яўляецца вельмі дыскусійным пытаннем. Найлепшым вырашэннем гэтай цяжкасці было б тое, каб стула ляжала паміж плячыма на аснаванні шыі (накрытая арнатам), а не вышэй на самой шыі (CE II. viii, 14) і не ніжэй на спіне (R I, 3).

[12] У пачатку Імшала, пасля “Praeparatio”.

[13] R I, 1.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар