З кнігі A. Fortescue, The Ceremonies of the Roman Rite Described (1943), раздз. VI “Ціхая Імша, якую служыць святар”

Хоць гістарычна спяваная Імша з’яўляецца першасным абрадам, а ціхая Імша — гэта насамрэч толькі яе скарочаная форма, тым не менш на практыцы святару след найперш навучыцца служыць ціхую Імшу [1]. Ён служыць яе пастаянна, зазвычай кожную раніцу. Цырымоніі звычайнай ціхай Імшы з’яўляюцца нібы падмуркам для ўсіх іншых Эўхарыстычных абрадаў. Калі прыняць да ўвагі, што святар ужо знаёмы з абрадамі ціхай Імшы, то ўсе астатнія можна апісаць больш коратка. У такім выпадку трэба было б пазначыць толькі адрозненні.

Ніжэй не будзе сказана нічога адносна малітваў і г. д.; гэта іншая справа, і надзвычай складаная [2]. Тут мы апісваем толькі цырымоніі.

Падрыхтоўка алтара. Перад Імшою неабходна зрабіць наступнае. Трэба зняць з алтара покрыва, пакінуўшы на ім тры алтарныя абрусы з белага льну. На ім павінен быць крыж і тры альбо прынамсі дзве свечкі, якія трэба запаліць. Яны павінны стаяць на розных баках алтара. Трэцяя свечка, якую рубрыкі прадпісваюць для кансэкрацыі [3], павінна стаяць на баку Паслання, па-за іншымі дзвюма; альбо яе можна замацаваць у падстаўцы каля алтара. Антыпендый і вэлюм на табернакулюме (калі ёсць табернакулюм, у якім захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт) для ціхай Імшы павінны заўсёды мець колер дня; альбо — калі колер Імшы адрозніваецца ад колеру дня, як у выпадку, напрыклад, ватыўнай Імшы, — яны могуць мець колер гэтай Імшы. Калі выкарыстоўваецца чорнае ўбранне, антыпендый і вэлюм на табернакулюме (калі прысутнічае Найсвяцейшы Сакрамэнт) не павінны быць чорнымі. Яны павінны мець альбо фіялетавы колер, альбо колер дня. Падстаўка для Імшала альбо падушка кладуцца проста на бок Паслання, каб іх пярэдняя лінія была паралельная пярэдняй лініі алтара. Імшал ляжыць на падстаўцы або падушцы, а яго старонкі глядзяць у бок крыжа, калі толькі прыслугоўваючы не прыносіць Імшал з сабою з сакрыстыі (што з’яўляецца больш правільнай практыкай). У любым выпадку, усе неабходныя месцы ў Імшале трэба знайсці і пазначыць перад пачаткам Імшы. Алтарныя карткі трэба паставіць на свае месцы на алтары.

На крэдэнсе [4] ставяцца ампулкі, напоўненыя віном і вадой, посуд і ручнік для абмыцця рук, камунійная патэна, званок і, калі трэба, картка з малітвамі, якія прамаўляюцца пасля Імшы.

[1] Для цырымоній ціхай Імшы першай нормай, вядома, з’яўляюцца рубрыкі Імшала (Rubricae Generales і Ritus Servandus).

[2] Гэты аспект Імшы цалкам апісаны ў кнізе кс. Дж. О’Конэла “The Celebration of Mass”, т. 1, “Агульныя рубрыкі Імшала” (гл. Бібліяграфію на ст. xi).

[3] (R. G. xx; R. viii, 6) Існуе пашыраны звычай не выкарыстоўваць гэтую трэцюю свечку, і Святая Кангрэгацыя абрадаў пастанавіла, што гэты звычай трэба захоўваць. Ардынарый, аднак, можа загадаць захаванне гэтай рубрыкі (4141).

[4] Больш правільна трымаць картку з малітвамі, званок і ўсе астатнія рэчы на крэдэнсе, бо для гэтага і прызначаны стол, тады як прыступкі алтара, прынамсі непасрэдна, для гэтага не прызначаны.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар