Адышоў у вечнасць кардынал Карла Кафара, арцыбіскуп Балоньі (Італія) на пенсіі. Яму было 79 гадоў.

Кафара — гэта другі з чатырох кардыналаў-аўтараў dubia, якія памерлі за апошнія 60 дзён. Фактычна, ягоная смерць адбылася амаль дзень у дзень праз два месяцы пасля адыходу кардынала Ёахіма Майснера 5 ліпеня.

Кардынал Кафара быў унікальны сярод аўтараў dubia тым, што ў 1980-я гады ён атрымаў папярэджанне ад сястры Лусіі наконт бітвы, якая тады надыходзіла. У інтэрв’ю 2008 года Кафара раскрыў нечаканае паведамленне ад фацімскай візіянеркі:

Q. Існуе прароцтва сястры Лусіі душ Сантуш з Фацімы, якое датычыцца “апошняй бітвы паміж Панам і каралеўствам шатана”. Полем бітвы будзе сям’я. Жыццё і сям’я. Мы ведаем, што вы атрымалі заданне ад Яна Паўла ІІ спланаваць і стварыць Пантыфікальны інстытут для вывучэння сужэнства і сям’і.

А. Так, атрымаў. Напачатку гэтай працы, даверанай мне Слугою Божым Янам Паўлам ІІ, я напісаў сястры Лусіі з Фацімы праз яе біскупа, бо я не мог зрабіць гэтага непасрэдна. Не магу растлумачыць чаму, але хоць я не чакаў адказу, бо прасіў толькі аб малітве, я атрымаў вельмі доўгі ліст за яе подпісам — цяпер ён знаходзіцца ў архівах Інстытута. У ім было напісана: апошняя бітва паміж Панам і валадарствам шатана адбудзецца за сужэнства і сям’ю. Не бойцеся, дадала яна, таму што з кожным, хто працуе дзеля святасці сужэнства і сям’і, заўсёды будуць спрачацца і супраціўляцца яму кожным спосабам, таму што гэтая справа мае вырашальнае значэнне. І затым яна дадала: аднак Дзева ўжо раздавіла яго галаву.

Перад тым, як падпісаць dubia, Кафара ясна сказаў, што ён лічыць Amoris Laetitia сапраўднай праблемай для Касцёла:

Адносна папскай адгартацыі Amoris Laetitia кардынал Кафара кажа, што “восьмы раздзел аб’ектыўна з’яўляецца няясным”, паколькі ён выклікае “канфлікты інтэпрэтацый нават сярод біскупаў”. У такім выпадку, працягвае італьянскі іерарх, трэба звяртацца да працягласці Магістэрыя мінулых часоў і шукаць яснасці. “У справах дактрыны і маралі Магістэрый не можа супярэчыць сам сабе”, — сцвярджае Кафара. Адносна пытання разведзеных і паўторна жанатых асобаў і іх доступу да святой Камуніі кардынал ясна кажа, што гэтага змяніць нельга і што гэтым парам усё яшчэ забаронена прымаць святую Камунію. Тут ён спасылаецца на папярэдняе вучэнне Касцёла і працягвае: “Цяпер, калі б Папа хацеў змяніць гэтае вучэнне, то ясна, што ён меў бы абавязак, насамрэч сур’ёзны абавязак, сказаць гэта ясна і яўным чынам. Няможна змяніць спрадвечную дысцыпліну Касцёла з дапамогай адной толькі зноскі, напісанай няяснымі словамі”.

У студзені 2017 года кардынал Кафара перарваў сваё маўчанне наконт dubia, стараючыся прадэманстраваць як сыноўнюю павагу да Папы, так і свядомаць “сур’ёзнага абавязку нас, кардыналаў, дапамагаць Папу ў кіраванні Касцёлам. Гэта абавязак, а абавязак прымушае рабіць гэта”. Ён зноў паўтарыў свой сур’ёзны неспакой наконт таго, што “толькі сляпы можа адмаўляць”, а менавіта што “ў Касцёле існуе вялікае замяшанне, няпэўнасць, нестабільнасць, выкліканая пэўным абзацамі Amoris Laetitia“. Калі мова ідзе пра дысцыпліну, звязаную з сакрамэнтам сужэнства, споведзі і Эўхарыстыі, кажа Кафара, “некаторыя біскупы кажуць А, а іншыя кажуць адваротнае гэтаму А”.

У інтэрв’ю для Майкі Хіксан з 1Р5 у ліпені мінулага года Кафара раскрыў свой неспакой адносна стану сужэнства ў свеце і замяшання, якое акружае гэты святы інстытут нават у Касцёле:

Сённяшні стан сужэнства на Захадзе проста трагічны. Грамадзянскія законы змянілі яго азначэнне, таму што яны знішчылі біялагічнае вымярэнне асобы. Але я скажу пра гэта пазней. Каталікам, якія адчуваюць збянтэжанасць адносна вучэння пра сужэнства, я скажу проста: прачытайце і паразважайце над Катэхізісам Каталіцкага Касцёла, 1601—1666. І калі вы пачуеце, як нехта кажа пра сужэнства — нават калі гэта святары, біскупы, кардыналы — а вы бачыце, што гэта не адпавядае Катэхізісу, не слухайце іх. Гэта сляпыя, якія водзяць сляпых.

Ягоная парада верным наконт таго, як захаваць каталіцкую веру ў сваёй цэласнасці і выхаваць дзяцей да вечнага жыцця, магчыма, павінна стаць тым, чым нам найбольш запомніцца гэты італьянскі іерарх, які ў свае апошнія дні прыклаў так шмат намаганняў для абароны вучэння нашага Пана:

Скажу вельмі шчыра, што па-за сям’ёй я не бачу месца, дзе ў дастатковай ступені можна перадаць веру, якую чалавек павінен мець і якой павінен жыць. Акрамя таго, тое, што ў Еўропе падчас падзення Рымскай Імперыі і падчас пазнейшых набегаў варвараў рабілі бенедыктынскія кляштары, сёння могуць зрабіць веруючыя сем’і — пры сённяшнім панаванні новага духоўна-антрапалагічнага варварства. І дзякуй Богу, што яны [веруючыя сем’і] дагэтуль існуюць і трываюць. (…)

Веруючыя сем’і — гэта сапраўдныя крэпасці. А будучыня ў Божых руках.

Будучыня сапраўды ў Божых руках, як і душа добрага кардынала Кафары. Няхай Бог дасць яму вечны супакой, і калі ён атрымае вечнае шчасце, няхай ён заступаецца за нас, бедных грэшнікаў, якія працягваюць гэтую бітву на ягоным месцы.


Аўтар: Steve Skojec
Крыніца: OnePeterFive
Фота: H. Guerrero

Тэкст перакладзены з англйскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі 1Р5.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар