Васковая свечка ў літургіі

Абмеркаванне тэмы ўжывання свечак у літургіі, распачатае ў нядаўна апублікаваным урыўку “Гісторыі Імшы” кс. О’Браена, варта паглыбіць яшчэ адным артыкулам. Гэты тэкст прадстаўляе логіку, якою кіраваўся Касцёл, прадпісваючы абавязковае ўжыванне васковых свечак у ранейшыя часы. Арыгінальны тэкст быў напісаны ў 1942 годзе, таму гэты артыкул каштоўны як з гістарычнага пункту гледжання, так і ў сэнсе прадстаўленых аргументаў на карысць пчалінага воску. Разам з тым варта адзначыць, што колькасныя патрабаванні да ўтрымання воску ў свечках на сённяшні дзень трэба ўспрымаць як неактуальныя. Рымскі Імшал больш не прадпісвае матэрыялу, з якога павінны рабіцца свечкі (хоць біскупы маюць права распарадзіцца ў гэтай справе, што было зроблена ў ЗША ў сучасныя часы).

* * *

З гісторыі рэлігіі вядома, што святло і агонь часта спадарожнічалі сакральным абрадам многіх народаў. Агонь алтара і свечкі ў ахвяравальным пакоі выкарыстоўваліся не проста сімвалічна: часам яны лічыліся самім ззяннем боскасці. Габрэям сам Бог загадаў выкарыстоўваць святло ў абрадах пакланення. У шатры павінна была знаходзіцца свяцільня з сямю галінамі, па адной лампадзе на кожнай галіне (Зых 25, 31-37). Адны лампады свяцілі пры гарэнні смалістага дрэва, але, несумненна, былі і іншыя, у якіх гарэў аліўкавы алей [1]. Верагодна, габрэі не ведалі пра свечкі і не карысталіся імі ў сваіх абрадах. Слова “свечка” [candle] часта сустракаецца ў [біблійным перакладзе] “Revised Version”, аднак габрэйскае слова “ner” след перакладаць як “лампада”, а не як “свечка” [2]. Збівае з панталыку і слова “свечнік” [candlestick], якое сустракаецца ў перакладзе Рэймса — Дуэ [Rheims-Douay] для перадачы слова “candelabrum” з Вульгаты. Сярод рымлянаў гэтае слова зазвычай азначала ліхтарны слуп [3].

Гісторыкі нібыта згаджаюцца, што ў першыя тры стагоддзі не існавала цырыманіяльнага выкарыстання запаленых свечак, ліхтароў альбо лампадаў [4]. Лампады выкарыстоўвалі ў сваіх ахвярных рытуалах рымляне, а першыя хрысціяне стараліся пазбягаць усяго, што магло б нагадваць гэтую форму культу. Змена гэтай паставы адбывалася павольна, але натуральна. Паколькі набажэнствы зазвычай праводзіліся альбо ўвечары, альбо ранняй раніцай, святло зрабілася неабходнасцю. Асабліва гэта датычылася выпадкаў, калі Імша служылася ў цёмнай прасторы катакомбаў. Хрысціяне пазнейшых стагоддзяў прызвычаіліся да выкарыстання святла вакол алтара і ў святыні, таму яны захавалі лампады і свечкі, хоць і не прыдавалі значэння іх прыгажосці і сімвалічнаму значэнню.

Цяжка вызначыць дакладны час, калі свечкі ўпершыню набылі літургічнае выкарыстанне. Згадкі пра іх знаходзяцца ў крыніцах з IV стагоддзя і далей, але незразумела, калі менавіта ўвесь Касцёл прыняў іх як пастаянны элемент рытуалу. Абат (цяпер кардынал) Шустэр [Schuster] у сваёй манументальнай працы пра гісторыю малітваў Імшы рымскага абраду прысвячае вялікі раздзел набажэнству “Eucharistia Lucernaris”, якое ўзяло свой пачатак у Ерузалеме [5] у IV стагоддзі і ўключала ў сябе абрад ахвяравання запаленага светача альбо свечкі ў гонар таго, хто з’яўляецца сапраўдным Святлом. З Ерузалема гэтае набажэнства распаўсюдзілася на захад, па Іспаніі, Галіі, паўночнай Італіі і, нарэшце, Рыме. Ад гэтай цырымоніі пайшло выкарыстанне пасхала, а таксама ахвяраванне ладану на Нешпарах, пры спеве Magnificat. Гімн “Laus cerei” згадвае святы Геранім у 378 годзе, і ён сам склаў гімн, у які ўключыў сімвалізм пчалы і воску. Пазней Магн Фелікс Энодзій (+521) склаў два гімны ў падобным стылі, дзе ён кажа пра нявіннасць працавітай пчалы як правобраз нявіннага нараджэння Збаўцы, а таксама пра ахвяраванне і прысвячэнне Богу запаленай свечкі. Хоць гэтая ідэя нявіннасці працавітай пчалы згубілася ў ніжэйшых разрадах міфалогіі, у той час яна мела вялікі ўплыў на сакральнае выкарыстанне васковых свечак у касцёльных набажэнствах. Ordo Romanus VII стагоддзя дае нам апісанне пантыфікальнай Імшы, у якім апісваецца, як перад біскупам ідуць сем акалітаў, несучы сем запаленых васковых свечак, магчыма, як напамін пра традыцыю нясення сямі свечак перад рымскімі высокімі асобамі. Пазней падчас Імшы дзве з гэтых свечак неслі ў працэсіі перад кнігай Евангелляў. Затым іх ставілі за алтаром разам з іншымі пяццю і гасілі. Лагічным крокам было пакідаць гэтыя свечкі запаленымі на працягу ўсёй Імшы, і з часам іх пачалі ставіць на алтар, а не побач з ім ці вакол яго. Так выглядае гісторыя васковай свечкі, якая сёння знаходзіцца на кожным каталіцкім алтары.

Выкарыстанню свечак у працэсіях і ў святыні абавязкова папярэднічала іх благаслаўленне. Пасхал вядомы гісторыкам літургіі яшчэ з V стагоддзя, а першая згадка пра яго благаслаўленне знаходзіцца ў творах Папы Грыгорыя Вялікага каля 605 года. Сёння мы часта асацыюем благаслаўленне свечак са святам Грамніцаў. Гістарычна гэты абрад благаслаўлення васковых свечак мае заблытанае паходжанне, а з’явіўся ён наступным чынам. Рымляне, як язычнікі, так і хрысціяне, захапляліся працэсіямі і часта праводзілі іх. Паколькі большасць з іх адбывалася на світанні, удзельнікам прыходзілася несці факелы. Свечкі, зробленыя з воску, прыйшлі ім на замену пазней. Адна з такіх працэсій прыйшла з усходу, і ўвёў яе, магчыма, Папа Сергій І (687 год), які па нараджэнні быў сірыйцам з Антыёхіі. Гэтая працэсія праводзілася ў свята св. Сімяона, 2 лютага, і пазней стала называцца святам Ачышчэння Найсвяцейшай Панны Марыі, хоць малітвы з Імшы дня кажуць пра свята Ахвяравання нашага Пана. Гэтую рымскую працэсію апісвае Беда Вялебны (730 год). Духавенства і вернікі проста неслі свечкі, але не благаслаўлялі іх. Пазней Папа пачаў благаслаўляць свечкі перад тым, як іх запальвалі. Сёння ў парафіляльных набажэнствах ідэя працэсіі амаль цалкам знікла, а другасны абрад благаслаўлення свечак застаўся. Менавіта гэтае свята з яго гімнамі і малітвамі благаслаўлення захавала сімволіку васковай свечкі ў розумах вернікаў, прывучаных у Сярэднявеччы хутчэй да містычных рэчаў, чым да гістарычных.

Калі над Еўропай навіслі хмары Рэфармацыі, цёмным сілам, відаць, не было даспадобы святло васковых свечак, бо яны хутка зніклі з мяцежных касцёлаў, акрамя лютэранскіх касцёлаў, якія заставаліся найбольш блізкімі да рымскага вучэння. Нават у Англіі, дзе, як нас сёння пераконваюць англійскія аўтары, Імша і яе бачныя формы ніколі не прыходзілі ў заняпад, свечка адправілася ў камору ўслед за алтаром. Толькі праз паўтары стагоддзі малюткае святло васковай свечкі вярнулася на сваё месца. У Каталіцкім Касцёле свечка засталася разам са сваёй сімволікай святла, ласкі і прыгажосці. Тады, як і цяпер, яна ўпрыгожвала ахвярны алтар; яе апускалі ў хрысцільню; яна глядзела на тое, як адчыненыя дзверы табернакулюма адкрывалі Сапраўдную Прысутнасць Святла свету; яна пераходзіла з рук новапасвячанага святара ў рукі біскупа; яе святло адбівалася ў цьмяным пакоі хворага, пакуль святар выконваў сваю гаючую працу. У гадзіну малітвы ў кляштары і ў катэдры яна была сімвалам Ecclesia Orans. Свечка — гэта не проста дазволенае ўпрыгожванне ў літургіі; традыцыя надзяліла яе пастаяннай роляй.

Мы перагарнулі старонкі 1600 гадоў гісторыі і развіцця васковай свечкі, і касцельныя законы, якія цяпер рэгулююць яе выкарыстанне, зрабіліся больш зразумелымі і святымі. Бо мы пакліканы да разумнай службы Богу, і мы больш поўна цэнім нашую спадчыну, калі разумеем прычыну закону. Апошнім часам у свечачнай вытворчасці здарылася рэвалюцыя, і васковая свечка саступае месца больш танным светачам. Натуральна, служыцелі Касцёла заўважаюць гэты трэнд нашых часоў. Кашалёк адыгрывае даволі важную ролю ў нашай службе Богу, і ён прамаўляе з амбоны настолькі ж ясна, наколькі ясна свеціць свечка з алтара. Вялікія даўгі, выдаткі на парафіяльную школу і г. д. прымушаюць Божага святара забыцца пра працу малой пчалы сярод ружаў і ў вуллі, пра творы сярэднявечных паэтаў і містыкаў, пра значэнне літургічных малітваў і благаслаўленняў у Пасхальную вігілію і на Грамніцы. У рэшце рэшт, ён задавольваецца тым, што ў ХХ стагоддзі на алтары могуць гарэць жывёльныя і мінеральныя алеі і тлушчы. Старая Маці-Касцёл нагадвае нам і нават папярэджвае нас, што неразумна здавацца так лёгка. Аднак перад тым, як пералічыць яе пажаданні ў законах і інструкцыях, варта разабрацца ў тым, як робяць сучасныя свечкі.

Свечка можа быць зроблена з аднаго альбо некалькіх матэрыялаў, такіх як сала, цвёрдая частка пальмавага і какосавага алею, адбелены воск, спермацэт, парафін і іншыя алеепадобныя рэчывы, якія знаходзяцца ў вуглі, сланцах і каменнавугальнай смале [6]. Згодна з Encyclopedia Britannica, “неачышчаны парафінавы воск з нафтаперапрацоўчых заводаў награваецца ў печках пры тэмпературы, крыху ніжэйшай за тэмпературу плаўлення, каб яго можна было ачысціць ад легкаплаўкіх воскаў і дамешкаў алею, пасля чаго ён ачышчаецца апрацоўкай парам з жывёльным вуглём і адбельваючай глінай. Паколькі чысты парафінавы воск робіцца пластычным пры тэмпературах, значна ніжэйшых за тэмпературу плаўлення, свечкі, зробленыя з яго, лёгка гнуцца, таму яго зацвярджаюць 5-10 % стэарыну, які таксама робіць воск менш празрыстым. Свечкі, зробленыя з такой сумесі, вядомыя пад назвай “кампазітных”. У свечках, прызначаных для цёплага клімату, долю стэарыну павялічваюць, а часам іх робяць цалкам са стэарыну. Стэарын складаецца з тлустых кіслотаў і гліцэрыну. Апошні трэба выдаляць, бо ён дае едкія пары. Цвёрдыя тлушчы, сала, пальмавы алей і касцявы тлушч перапрацоўваюцца адным з некалькіх спосабаў, затым апрацоўваюцца кіслатою і адбельваюцца”. З чыстага стэарыну, альбо стэарынавай кіслаты, цяжка рабіць свечкі, бо пры ахаладжэнні ён сціскаецца і пакідае невялікія поласці паміж крышталямі. Перад заліваннем у формы яго трэба змяшаць з воскам альбо парафінам. Свечкі, зробленыя са спермацэту — белага крышталічнага воску, які здабываецца з чарапной поласці кашалота, — пачалі выкарыстоўвацца ў другой палове XVIII стагоддзя. Свечка з гэтага матэрыялу, якая важыць адну шостую частку фунта і спальвае 120 гран у гадзіну, была прынята Лонданскім метрапалітальным газавым актам 1860 года ў якасці стандартнай свечкі для фотаметрыі. Яна надзвычай ломкая, таму спермацэт трэба змешваць з невялікай колькасцю іншых матэрыялаў, пераважна з пчаліным воскам. Найстарэйшы матэрыял, які выкарыстоўваецца пры вырабе свечак, гэта, вядома, пчаліны воск. Ён быў вядомы рымлянам, і на працягу многіх стагоддзяў ён быў адзіным матэрыялам, які выкарыстоўваўся ў свечках, прызначаных на абрадавыя мэты ў Каталіцкім Касцёле.

Пры вырабе свечкі важна дакладна разлічыць прапорцыі тлушчу альбо воску і кноту, які зазвычай робіцца з мяккай скручанай баваўнянай ніткі. Калі кнот надта вузкі, святло будзе слабое, а полымя надта малое, каб дастаткова хутка плавіць воск. Калі кнот завялікі, тлучшу будзе недастаткова, каб сфармаваць і падтрымліваць зыркае полымя.

Большасць свечак вырабляюць фармаваннем, заліваючы расплаўленыя сумесі ў формы, у якіх загадзя нацягваюць і замацоўваюць кнаты. Пры ахалоджванні кнаты адразаюць ад мацавання, а формы крыху награваюць, каб можна было выцягнуць свечкі. За адзін раз можна зрабіць сотні свечак у залежнасці ад памераў машыны. Васковыя свечкі няможна вырабіць фармаваннем з-за клейкасці матэрыялу, таму іх вырабляюць апусканнем у воск. Кнот апускаюць у расплаўлены воск, і калі яго вымаюць, пэўная колькасць воску прыстае да яго. Пасля застывання кнот, пакрыты воскам, зноў і зноў апускаюць у расплаўлены воск, пакуль не атрымаецца патрэбная таўшчыня. Большыя свечкі зазвычай вырабляюць, накручваючы васковыя лісты на кнот альбо на папярэднія слаі воску. Абодва метады патрабуюць асцярожнага ручнога накручвання пры дапамозе плоскіх драўляных брускоў, каб атрымалася аднародная форма. Такім чынам, васковая свечка для касцёльнага ўжывання адрозніваецца ад больш таннай свечкі, якая выкарыстоўваецца пры абедзенным стале, як матэрыялам, так і працэсам вытворчасці. Зроблены жывой пчалою, воск нясе ў сабе ідэю жыцця і лепш сімвалізуе духоўную рэальнасць, чым свечкі, сфармаваныя з алею, атрыманага з нетраў зямлі.

Несумненна, жаданнем Касцёла з’яўляецца тое, каб свечкі рабіліся з воску. Пералічваючы рэчы, неабходныя для цэлебрацыі Імшы, Missale Romanum ясна патрабуе luminaria cerea [7]. Ван дэр Стапэн [Van der Stappen] прыводзіць агульны прынцып, што іншыя матэрыялы ўжываць няможна [8]. Аднак ён адзначае, што ў нашыя дні ўсё цяжэй здабыць свечкі з іншых рэчываў, і таму некаторыя біскупы на пераломе стагоддзяў папрасілі Святы Пасад даць параду ў гэтай сітуацыі. Святая Кангрэгацыя абрадаў адказала, што яна больш не патрабуе свечак, зробленых выключна з воску, але пасхал, свечкі, якія выкарыстоўваюцца пры благаслаўленні хрысцільнай вады, і дзве свечкі, неабходныя для цэлебрацыі Імшы, павінны быць зроблены з воску прынамсі пераважна (maxima parte), а ўсе іншыя свечкі, якія выкарыстоўваюцца на алтары, павінны ўтрымліваць “большую альбо значную частку воску”. Пробашчы і рэктары касцёлаў павінны падпарадкоўвацца нормам, зацверджаным іх адпаведнымі ардынарыямі [9]. З увагі на гэты дэкрэт, Ван дэр Стапэн кажа, што ён і іншыя лічаць, што ў выпадку пасхала і свечак, неабходных для цэлебрацыі Імшы, дастаткова, каб яны складаліся з воску на 75 %; для іншых свечак на алтары, для выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту, для публічнай цэлебрацыі Афіцыя і г. д. дастаткова, каб свечкі складаліся прыкладна з 50 % воску. Фортэск’ю [Fortescue] кажа наступнае: “Прапорцыя пчалінага воску ў касцёльных свечках рэгулюецца правам. Пасхал, дзве свечкі для ціхай Імшы, шэсць для спяванай Імшы і дванаццаць свечак для благаслаўлення [Найсвяцейшым Сакрамэнтам] павінны мець прынамсі 65 % сапраўднага пчалінага воску. Усе іншыя свечкі, якія выкарыстоўваюцца на алтары, павінны мець прынамсі 25 % сапраўднага пчалінага воску. Так [пастанавілі] біскупы Англіі і Уэльса 4 снежня 1906 года. Біскупы Ірландыі ў кастрычніку 1905 года пастанавілі, што пасхал і дзве галоўныя свечкі на алтары падчас Імшы павінны ўтрымліваць прынамсі 65 % пчалінага воску і што ўсе іншыя свечкі, якія выкарыстоўваюцца на алтары, павінны ўтрымліваць прынамсі 25 % пчалінага воску” [10]. Аўгустын [Augustine] кажа: “Агульнае правіла такое, што ўсе свечкі, які выкарыстоўваюцца падчас літургічных функцый, павінны быць зроблены з чыстага пчалінага воску. Таму свечкі, зробленыя са стэарыну (жывёльнага тлушчу) альбо з парафіну (вуглевадародаў альбо бурага вуглю), альбо з сала не дазваляецца ўжываць у літургіі (SRC No. 3063)”. Каментуючы дэкрэт 1904 года, ён кажа: “У працэнтах гэта, магчыма, азначае 67-75 % пчалінага воску для першага сорту (maxima parte) і прынамсі 51 % для іншых свечак” [11]. Праглядаючы іншыя стандартныя працы наконт літургіі і рубрык, мы бачым, што гэтыя меркаванні з’яўляюцца агульнапрынятымі. Паколькі ў гэтай краіне мы не можам падпарадкоўвацца адмысловым правілам, уведзеным мясцовымі ардынарыямі Англіі, Уэльса і Ірландыі, мы павінны слухацца пастановаў нашых мясцовых дыяцэзій, калі ардынарый палічыць патрэбным распарадзіцца наконт гэтай справы. У іншых выпадках трэба кіравацца меркаваннем разумных літургістаў. Можна бяспечна меркаваць, што пасхал і іншыя свечкі, якія выкарыстоўваюцца падчас Імшы, павінны мець прынамсі дзве траціны воску ў сваім складзе. 67 % будзе мінімумам. Наконт іншых свечак Святая Кангрэгацыя абрадаў прадпісвае, што воск павінен складаць большую (51 %) альбо значную частку. 25 % выглядае даволі слаба. 40 % выглядае лепей. У любым выпадку, невялікая доля воску, якую вытворца дадае ў свечку, каб звязаць асноўнае рэчыва альбо палепшыць яго якасці, не з’яўляецца дастатковай. Святару след набываць толькі тыя свечкі, на якіх выціснуты працэнт воску для кожнай паасобнай свечкі. Каб не ўзнікала спрэчак, Святы Пасад пакідае апошняе слова за мясцовым біскупам.

Свечкі, якія выкарыстоўваюцца ў прэзбітэрыі, павінны быць выбелены, але на Імшах за памерлых, на Імшах у буднія і нядзельныя дні Адвэнту і Вялікага посту, на цёмных Ютранях [Tenebrae] і на Імшы раней асвячаных дароў яны павінны быць невыбеленыя. Усе свечкі трэба благаслаўляць, хоць гэта і не строгі абавязак. Гэта можна зрабіць альбо на Грамніцах (строга кажучы, благаслаўлёнымі лічацца толькі тыя свечкі, якія выкарыстоўваліся з гэтай нагоды), альбо ў іншы час пры дапамозе формулы, якая знаходзіцца ў Rituale Romanum. Колькасць свечак, якая выкарыстоўваецца на розных набажэнствах, рэгулюецца касцёльным правам: шэсць на ўрачыстай Імшы; чатыры альбо шэсць на спяванай Імшы; дзве на ціхай Імшы; дванаццаць на благаслаўленні [Найсвяцейшым Сакрамэнтам]; дванаццаць на выстаўленні; шэсць на прыватным выстаўленні ў цыборыі. Пры асаблівых нагодах можна ўжываць больш свечак [12]. Пры выкарыстанні свечак святар павінен заўсёды праяўляць добры густ, калі ён следуе літары закону; аналагічна як ён павінен аказваць чэсць Богу, следуючы духу закону.

[1] Smith, Dictionary of the Bible, Vol. I, p. 249.

[2] Hastings, Dictionary of the Bible, ‘Lamp’.

[3] Funk and Wagnalls, New Standard Dictionary.

[4] Smith-Cheetham, Dictionary of Christian Antiquities, Vol. II, p. 993.

[5] Schuster, The Sacramentary, Vol. II, p. 245.

[6] International Encyclopedia.

[7] Missale Romanum, “De defectibus”, Title X, No. 1.

[8] Sacra Liturgia, Vol. III, Q. 59.

[9] S.R.C., 14 Dec. 1904, No. 4148.

[10] Ceremonies of the Roman Rite Explained, p. 8.

[11] Liturgical Law, p. 37.

[12] Ryan, Candles in the Roman Rite, pp. 15-23.


Аўтар: Fr. John Bolen
Крыніца: Catholic Culture / The Ecclesiastical Review
Ілюстрацыя: Paolo Neo (PD).

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: