Біскупы Англіі і Уэльса вяртаюць абавязковыя святы на свае ўласныя дні

Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Англіі і Уэльса пастанавіла перанесці ўрачыстасць Аб’яўлення Пана і ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана адпаведна на 6 студзеня і на чацвер VI тыдня Велікоднага перыяду. Раней гэтыя святы на тэрыторыі Англіі і Уэльса адзначаліся ў бліжэйшыя нядзелі.

Будова рымскага календара не з’яўляецца выпадковай: шматлікія даты ў ім маюць альбо глыбокае тэалагічнае значэнне, альбо вельмі старажытнае паходжанне.

Унебаўшэсце Пана заўсёды прыпадае на чацвер VI тыдня Велікоднага перыяду, таму што гэта 40-ы дзень пасля Пасхі. Адрэзак у 40 дзён (альбо гадоў) часта сустракаецца ў Святым Пісанні і сімвалізуе час чакання. Перанос урачыстасці Унебаўшэсця Пана са сваёй даты на нядзелю не толькі знішчае сэнс саракадзённага перыяду, але і сціскае прамежак паміж Унебаўшэсцем Пана і Спасланнем Святога Духа, які зазвычай складае дзевяць дзён (час падрыхтоўкі, навэна).

Аб’яўленне Пана адзначаецца на 12 дзень пасля Божага Нараджэння, і гэтая дата мае старажытнае паходжанне. Прычыны святкавання ў гэты дзень дакладна невядомыя, але некаторыя гіпотэзы і крыніцы прыпісваюць устанаўленне гэтай даты гнастычным сектам ІІ стагоддзя. У некаторых Усходніх Касцёлах 6 студзеня дагэтуль асацыюецца з Нараджэннем Пана, што цягам пэўнага часу было характэрна таксама для Заходняга Касцёла.

Разам з тым, сучасны рымскі каляндар дазваляе перасоўваць Аб’яўленне Пана на нядзелю паміж 2 і 8 студзеня, а Унебаўшэсце Пана — на VII нядзелю Велікоднага перыяду, калі гэтыя даты не адзначаюцца як абавязковыя святы (Агульныя нормы літургічнага года, 7).

Менавіта гэта і было зроблена ў Англіі і Уэльсе ў 2006 годзе. Тады ж біскупы перанеслі на нядзелю і свята Божага Цела (што парушыла адлюстраванне ў гэтым свяце Таямніцы Вялікага чацвярга).

Згодна з новым пастанаўленнем біскупаў, свята Божага Цела застаецца на былым месцы, а святы Аб’яўлення і Унебаўшэсця вяртаюцца на свае адпаведныя дні. Дэкрэт, зацверджаны Кангрэгацыяй Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, набывае моц з 3 снежня 2017 года (І нядзелі Адвэнту).

Мяркуецца, што ранейшае паслабленне было зроблена біскупамі, каб не накладаць на вернікаў дадатковыя абавязкі па ўдзеле ў святой Імшы ў працоўныя дні. Праблемы такога падыходу абмяркоўваліся ў іншым артыкуле.

UPD. Непаўторны д-р Джозэф Шоу, каментуючы гэтую навіну, заўважае, што касцёльныя колы круцяцца сапраўды вельмі павольна.

Біскупы Англіі і Уэльса абмяркоўвалі адкат рашэння 2006 года прынамсі з 2014 года. Я бачу, што яны прынялі рашэнне 17 лістапада 2016 года і што Кангрэгацыя Божага культу атрымала іхні ліст 21 лютага. Такім чынам, скласці і выслаць ліст заняло ім тры месяцы. Затым кангрэгацыя адказвала ім больш за шэсць месяцаў, напісаўшы адзін абзац, які я прыводжу ніжэй, і проста дазволіўшы нашым біскупам часткова вярнуцца да таго, што і так прадугледжана нормамі кананічнага права (кан. 1246). Затым Канферэнцыя біскупаў амаль цэлы месяц публікавала ліст, атрыманы ад Кангрэгацыі Божага культу. Я не наракаю. Я проста ў захапленні.

Ілюстрацыя: Майстар Аахенскага алтара, Пакланенне каралёў, каля 1510 года.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: