Як служыць Імшу ў надзвычайнай форме? Частка В. Уводзіны з а. Кельвінам Гудвінам FSSP

Нарэшце, апошняя частка ўводзінаў да відэападручніка па цэлебрацыі ціхай Імшы ў надзвычайнай форме рымскага абраду. У гэтым відэа кс. Кельвін Гудвін FSSP разважае над пытаннем, якое часта непакоіць святароў: ці ж гэтую Імшу не цяжка служыць?

Кожны, хто спрабаваў паглыбіцца ў дэталі гэтых старажытных абрадаў, напэўна, заўважаў, што святар робіць даволі шмат дробных жэстаў, шмат знакаў крыжа, шмат паклонаў і г. д. У новай форме Імшы тыя ж жэсты рэдкія і, як сёння прынята лічыць, не зусім абавязковыя. У надзвычайнай форме рухаў насамрэч больш і яны больш разнастайныя.

Варта заўважыць, што ад пабочнага позірку схавана ўнутраная механіка гэтых дзеянняў. Жэсты і серыі жэстаў не з’яўляюцца адвольнымі, узаемазамяняльнымі. Калі ў новай форме, тэарэтычна, няма вялікай розніцы, якой рукою здымаць палу з келіха, то ў старой форме гэта трэба абавязкова рабіць правай, бо левая рука гэтым часам абавязкова ляжыць на аснове келіха. Ці можна памяняць рукі? Можна паспрабаваць, але тады ёсць верагоднасць адставіць палу не на той бок алтара і стварыць сабе яшчэ шэраг нязручнасцяў на будучыню. Таму, відаць, пэўныя дзеянні трэба трэніраваць і завучваць да аўтаматычнага стану.

Старыя цырыманіялы, з якімі мы яшчэ пазнаёмімся, нават прыводзяць пакрокавыя інструкцыі для некаторых канкрэтных частак Імшы: што якой рукою браць, як правільна ламаць Гостыю над келіхам, што і як рабіць пасля малітвы “Ойча наш”…

Ці ўсё сапраўды настолькі кепска? Невядома. Аўтар гэтых радкоў традыцыйнай Імшы не служыў і не збіраецца, а пасвячаныя калегі сваім досведам з ім не дзяліліся. Што не перашкаджала некаторым з іх служыць і не скардзіцца.

Адно трапнае параўнанне, якое даводзілася пачуць, кажа, што калі святар навучыўся вадзіць машыну (а шырока вядома, што амаль кожны з іх мае правы і некаторых нават высылаюць за перавышэнне хуткасці), то і тут напэўна дасць рады. Калі кіроўца за стырном здольны сінхронна ціснуць педалі і пераключаць перадачы, то і перад алтаром не падвядзе.

Зноў жа праверыць таго не можам, бо той, хто чытае старыя літургічныя кніжкі, на аўташколу часу не мае (так, так, абмежаванасць страшная), але на памяць прыходзіць іншае параўнанне, гэтым разам са сферы музыкі.

Кожны, хто вучыўся ў музычнай школе на фартэпіяна, напэўна, паспеў палюбіць Баха і яго таварышаў. Чалавек, незнаёмы з фартэпіяна, можа думаць, што дзесяць пальцаў на 88 клавіш — гэта дастаткова, і нават з гакам. Неяк там сыграецца. Аднак жа аказваецца, што музычныя творы маюць не толькі канкрэтна прадпісаную паслядоўнасць паўзаў і нот, але і прадпісаную аплікатуру — якую ноту і якім пальцам трэба націскаць. Навошта? Бо рэдактар аплікатуры хоча спрасціць піяністу задачу, прапанаваўшы яму найбольш зручную схему націскаў, найбольш трапнае размяшчэнне рук, найбольш раўнамернае размеркаванне нагрузкі на пальцы. Тады піяніст зможа даехаць да канца.

Уявім сабе на момант, што піяніст не хоча падпарадкоўвацца рэдактару аплікатуры, пачынае вінаваціць яго ў “зацвярдзеласці”, рубрыцызме і сляпым следаванні прадпісанням. “У табе няма любові да бліжняга, — кажа піяніст, — не лезь са сваёй аплікатурай”. І пачынае імправізаваць, падстаўляючы такія пальцы, як яму зручна. (О, кожны з нас рабіў гэта!) Зрэдку гэта можа спрацаваць, але “Добра тэмпераваны клавір” з адвольнай аплікатурай дык напэўна заваліцца ўжо на трэцім такце.

А святая Імша ў надзвычайнай форме рымскага абраду — гэта той яшчэ шэдэўр мастацтва, які патрабуе адпаведнай дысцыпліны.

Што ж рабіць? Нехта са святароў няхай паспрабуе паўтарыць паводле гэтых відэазапісаў і няхай напіша нам пра свае адчуванні. Толькі вось, кажучы далей мовай музычнай алегорыі, Бах іначай не даваўся, як толькі шляхам пастаянных паўтораў, трэніровак і дзяўбання. Да чатырох гадзінаў штодзённа. А калі гэта робяць дзеці за піяніна, то верым, што дарослыя за алтаром і не на такое здатныя.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: