Парафія, якая адасабляе людзей, што маюць неразважлівасць заводзіць дзяцей, не заслугоўвае новага пакалення сваіх членаў.

Многія людзі раздражняюцца тым, што дзеці шумяць падчас Імшы, і дзіцячыя пакоі могуць падавацца ім адказам на іх малітвы. Дзеці могуць проста пайсці туды, і праблема будзе вырашана.

Аднак, з пункту гледжання бацькоў, усё выглядае зусім па-іншаму. Калі ваша шумнае дзіця ідзе ў дзіцячы пакой з іншымі шумнымі дзецьмі, тады вам прыйдзецца ісці з ім, і магчыма, астатнім вашым дзецям — таксама. Праблема балагану не вырашана: яна проста паменшана для большай часткі членаў супольнасці і значна пагоршана для астатніх. Калі вам не даводзілася паспытаць непараўнальнага досведу дзіцячага крыку ў замкнёнай прасторы, вам след паспрабаваць далёкі пералёт у час вакацый.

Калі казаць шчыра, то парафія, якая адасабляе і мучыць тых членаў сваёй супольнасці, якія мелі неразважнасць завесці дзяцей, не заслугоўвае новага пакалення сваіх членаў.

Праблему можна разглядаць як выбар таго, хто з людзей павінен мучыцца, але ўсё больш складана. Як бацька, я ніколі не павяду шумнае дзіця ў дзіцячы пакой у касцёле з той простай прычыны, што там дзіця прадказальна будзе паводзіць сябе горш.

Адна з прычын гэтага зразумелая: дзіцячы пакой — гэта не тое месца, куды дзеці хочуць і куды ім трэба. Часам вісклівае дзіця можна пакласці спаць у вазку ў ціхім кутку. Нярэдка немаўляты і малыя дзеці добра рэагуюць на глыток свежага паветра. У іншых выпадках іх можна пераканаць ціха гуляцца на вольным месцы ў канцы касцёла. Дзіцячыя пакоі не даюць ніводнай з гэтых магчымасцяў. Зазвычай яны замкнёныя, нудныя, а таксама шматлюдныя; яны па вызначэнні шумныя. Калі малое дзіця трэба супакоіць, туды яму след ісці ў апошнюю чаргу.

Часам можа здавацца, што дзіцячыя пакоі не прызначаныя для таго, каб прымушаць дзяцей паводзіць сябе лепей: наадварот, гэта месца, дзе ім можна дазволіць паводзіць сябе дрэнна. З гэтай ідэяй ёсць іншая праблема. Апынуўшыся ў такім пакоі, дзеці і іх бацькі часам адкідваюць усялякую стрыманасць. Калі іншыя дзеці побач выходзяць з-пад кантролю, трымаць пад кантролем сваё дзіця робіцца бясконца цяжка.

Прыводзіць дзяцей падчас Імшы ў такую прастору, дзе ім дазваляецца дрэнна сябе паводзіць, гэта надзвычай недальнабачная стратэгія. Дзяцей трэба вучыць, як паводзіць сябе на Імшы, таксама як і паводзінам за сталом альбо ў школе. Гэтага немагчыма зрабіць, калі ім не дазваляць сядзець за сталом альбо знаходзіцца ў класе, альбо разам з іншымі прысутнічаць на Імшы. Можа здавацца, што дзіцячы пакой — гэта амаль тое самае, што Імша, але калі ў такім пакоі шмат шумных дзяцей, гэта не зусім так. Каб навучыцца правільна рэагаваць на атмасферу Імшы, дзецям трэба адчуваць яе. Калі ім гэтага не дазваляюць, яны ніколі не навучацца паводзіць сябе добра.

Я разумею, наколькі могуць раздражняць чужыя шумныя дзеці на Імшы. Насуперак таму, што могуць падумаць бяздзетныя чытачы, бацькі не з’яўляюцца больш устойлівымі да такіх з’яваў; насамрэч часам ім яшчэ цяжэй. Праблема ўскладняецца прысутнасцю ў касцёле сямей, якія мала альбо нічога не ведаюць пра Імшу; якія не практыкуюць у сям’і рэгулярнай малітвы і не могуць навучыць дзяцей ідэі таго, каб паводзіць сябе ціха, кленчыць і маліцца; якія не маюць добрай сямейнай дысцыпліны ўвогуле, і якія нячаста ходзяць на Імшу.

Гэта не тыя праблемы, якія можна лёгка вырашыць. Аднак высылка такіх сямей у дзіцячы пакой толькі пагоршыць кожную з гэтых праблемаў: дзецям (і іх бацькам) будзе цяжэй здабыць адпаведныя веды пра Імшу; яны атрымаюць менш досведу ціхай малітвы; у бацькоў будзе менш стымулу выхоўваць адпаведную дысцыпліну; а перадусім адчуванне ўласнай непрынятасці пашкодзіць звычцы рэгулярнага наведвання Імшы.

Якім бы ні быў намер іх вынаходнікаў, дзіцячыя пакоі не служаць карысці ані дзяцей, ані іх сямей, нават калі яны дапамагаюць часова аблегчыць нелюбоў супольнасці да дзяцей.

Парафіі, у якіх пераважаюць старэйшыя людзі, могуць паразважаць над тым, што, ізалюючы малых дзяцей і іх бацькоў у выразна недухоўную прастору падчас літургіі, якую Другі Ватыканскі сабор называў крыніцай і вяршыняй хрысціянскага жыцця, яны змяншаюць верагоднасць убачыць гэтых дзяцей у касцёле дарослымі і са сваімі ўласным дзецьмі. Альбо знішчыце дзіцячыя пакоі, альбо падрыхтуйцеся да знішчэння ўсяго касцёла.


Аўтар: Joseph Shaw
Крыніца: Catholic Herald
Фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара і рэдакцыі.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар