№41. Свечкі

На кожны алтар для цэлебрацыі Імшы побач з распяццем ставяцца два свечнікі, у якіх падчас усяго набажэнства гараць свечкі з чыстага воску. На ўрачыстай спяванай Імшы па правілах іх павінна быць шэсць. На ціхай Імшы, якую цэлебруе біскуп, звычайна выкарыстоўваецца чатыры. Звычайны ж святар не можа выкарыстоўваць больш за дзве. Калі спяваную Імшу цэлебруе Святы Айцец, свечкі заўсёды арнаментаваныя (Martinucci, ii. p. 31, note).

Правіла, якое патрабуе, каб свечкі былі зроблены з чыстага воску, вельмі суровае, і дазволы яго не захоўваць даюцца вельмі рэдка і толькі ў складаных выпадках. У выпадку неабходнасці каталіцкім місіянерам у некаторых частках Кітайскай імперыі і на тэрыторыі Індастана дазволена выкарыстоўваць алей замест свечак. Так званыя парафінавыя свечкі забаронены цалкам, акрамя тых выпадкаў, калі касцёл настолькі бедны, што не можа дазволіць сабе набыць іншыя. Акрамя натуральнай прычыны для забароны свечак не з чыстага воску (а менавіта такой, што свечкі з іншых матэрыялаў зазвычай распаўсюджваюць непрыемны пах), ёсць таксама шмат духоўных і містычных прычын, галоўная з якіх заключаецца ў тым, што чысты воск сімвалізуе людскую прыроду нашага Пана, якая была беззаганнай і бязгрэшнай, тады як святло сімвалізуе Яго боскую прыроду, якая заўсёды ззяла навокал і асвятляла кожны Яго ўчынак. [Ужо ў 1904 годе гэтае суровае патрабаванне было аблегчана, і Святая Кангрэгацыя абрадаў пастанавіла, што пасхал, свечкі для благаслаўлення хрысцільнай вады і дзве свечкі, неабходныя для цэлебрацыі Імшы, павінны быць зроблены з большага з воску, усе іншыя свечкі на алтары павінны быць зроблены пераважна з воску альбо мець значную частку воску. — Te igitur]

Старажытнае паходжанне свечак на алтары

Існуе меркаванне, аспрэчваць якое было б паспешлівасцю, што выкарыстанне свечак пры цэлебрацыі Імшы мае апостальскае паходжанне. Кардынал Бона і ўсе знаёмыя нам літургічныя аўтары цвёрда прытрымліваюцца гэтага меркавання, а многія ўрыўкі з Новага Запавету, як здаецца, яго пацвярджаюць (Bona, Rer. Liturg., pp. 206-294).

Містычнае значэнне свечак

Акрамя згаданага, існуе шмат містычных тлумачэнняў выкарыстання свечак падчас Імшы. Па-першае, яны вельмі яскрава і радасна прадстаўляюць місію нашага Боскага Пана на зямлі. Прарок Ісая называе Яго “святлом вялікім”; таксама ён кажа, што “народ, які хадзіў у цемры, убачыць святло” (9:2). Той жа прарок называе Яго “Святлом Яхвэ” і заклікае Ерузалем узняцца і прасвятліцца Ім. Калі стары Сімяон упершыню пабачыў Яго і патрымаў Яго ў сваіх руках у Храме, ён назваў Яго “святлом для асвятлення язычнікаў” (Лк 2:32). Сам Ён называе сябе “святлом свету” (Ян 8), а св. Ян апісвае Яго як “святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет”. Рабіны таксама мелі гэтае разуменне аб нашым Боскім Пану, альбо аб “вялікім Чаканым народаў”, як яны Яго называлі, бо яны глядзелі на Яго як на Боскае Святло, якое павінна было накіраваць іх на шлях супакою (Ambrose Serle, Essays on the Names and Titles of Jesus Christ, p. 216, London, 1837).

Таксама і Яго вучэнне цалкам параўнальнае са святлом, бо як апошняе рассейвае фізічную цемру, якая хавае ўсялякую прыгажосць прыроды ад нашага погляду, так першае рассейвае цемру душы і дазваляе нам бачыць прыгожае, добрае і сапраўднае ў духоўным сэнсе. “Слова Тваё — светач нагам маім, — кажа псальміст, — і святло сцежцы маёй” (Пс 118). Але яшчэ больш гэтым светачам і святлом з’яўляюцца словы святога Евангелля, якія спяваюцца падчас Імшы, і Касцёл мудра загадвае, каб свечкі суправаджалі Евангелле ў працэсіі. “Кожны раз, калі чытаецца Евангелле, — пісаў св. Геранім Вігілянцыю, — запальваюцца свечкі; праўда, не для таго, каб рассеяць цемру, а каб паказаць радасць з таго, што пад выглядам фізічнага святла праяўляецца тое святло, пра якое псальміст кажа: “Слова Тваё — светач нагам маім і святло сцежцы маёй” (Hierurgia, p. 401).

Святло ў Старым Запавеце. — Выкарыстанне святла ў габрэйскіх цырымоніях настолькі добра пацверджана, што няма сэнсу спыняцца на гэтым і гэта даводзіць. Пра гэта кажа само Святое Пісанне. Таксама не трэба асабліва засяроджвацца і на семісвечкавай свяцільні, якую сам Бог загадаў зрабіць і трымаць напоўненай алеем, каб яна магла заўсёды гарэць (гл. Зых 25 і 27:20), хоць і няма пэўнасці, ці гэтая свяцільня мусіла даваць святло таксама ўдзень. Калі не, то гэты прыклад у нашай сітуацыі нам не дапаможа. Аднак Іосіф Флавій, вельмі добры аўтарытэт у гэтых пытаннях, ясна кажа, што тры з яе свечак гарэлі нават удзень (Antiquities of the Jews, book iii, chap. viii, 3); а ў сваіх запісах пра будаўніцтва Храма Хірамам І Вялікім ён сцвярджае, што тады было зроблена дзесяць тысяч свечнікаў, адзін з якіх быў прызначаны для выкарыстання ў самім святым будынку, “каб ён гарэў удзень, як напісана ў законе” (book viii, chap. iii, 7).

Святло, якое даецца новаахрышчаным

Адной з найбольш прыгожых цырымоній сакрамэнту хросту з’яўляецца тая, калі святар укладае ў руку новаахрышчанага запаленую свечку з наступным заклікам: “Прымі гэтае палаючае святло і захоўвай свой хрост беззаганным; выконвай Божыя запаведзі, каб, калі Пан прыйдзе на вясельнае свята, ты мог пабегчы насустрач Яму з усімі святымі ў Яго вясельны палац і мець вечнае жыццё на вякі вечныя. Амэн”.

Свечкі як сімвал пашаны

Свечкі з’яўляюцца сімвалам вялікай пашаны, і таму іх выкарыстоўваюць у значныя моманты жыцця. Афіняне выкарыстоўвалі іх на святы Мінервы, Вулкана і Праметэя, а рымляне карысталіся імі ва ўсе ўрачыстыя дні (Rabbi Maimonides, Notes and Illustrations on the Reasons of the Law of Moses, p. 411). З-за вялікай пашаны, якую габрэі мелі да ўбрання свайго першасвятара, яны запальвалі свечку, якая гарэла ўвесь час, калі яно захоўвалася ў вежы Антонія ў Ерузалеме (Іосіф Флавій, Antiq. of the Jews, book xviii. chap. iv. 3). Вялікі лама, альбо вярхоўны кіраўнік, Тартарыі ніколі не знаходзіцца ў сваім палацы без безлічы светачаў і ліхтароў, якія гараць вакол яго (Burder, Relig. Customs and Ceremonies). Таксама шырока вядомы той факт, што пэўны высокі еўрапейскі чыноўнік — сын кагосьці з каранаваных асобаў — пры нагодзе свайго візіту ў гэтую краіну некалькі гадоў таму адмовіўся сесці ў выдзеленых яму апартаментах у адно з нашых прыгожых крэслаў, пакуль не прынеслі і не запалілі перад ім дзве васковыя свечкі. Такі этыкет шырока распаўсюджаны на Усходзе (гл. Burder, Relig. Customs and Ceremonies, с. 502 і іншае).

Свечкі на пахаваннях і пры магілах. — Эўзэбій прыводзіць багатае апісанне таго натоўпу свечак, які выкарыстоўваўся на пахавальных экзэквіях Канстанціна Вялікага, які памёр у 337 годзе, а св. Геранім піша пра колькасць свечак на пахаванні св. Паўлы. Калі цела св. Яна Хрызастома пераносілі з Каманаў у Канстантынопаль, на Басфоры на лодках сабралася вялікая колькасць людзей, каб сустрэць картэж. Пры гэтым палілася так шмат свечак, што здавалася, што само мора палае (Hierurgia, p. 403). Свечкі пастаянна гарэлі ў Вэстмінстэрскім абацтве, у Лондане, перад вялікімі героямі Англіі. Старажытная традыцыя запальваць знічы пры магілах продкаў паказвае, наколькі важны гэты знак пашаны да памерлых.

Свечкі на ўрачыстай спяванай Імшы

Акрамя звычайных свечак, якія ставяцца на алтар перад Імшою, пры набліжэнні кансэкрацыі акаліты прыносяць яшчэ іншыя свечкі, якія гараць увесь час, пакуль наш Боскі Пан прысутнічае на алтары, гэта значыць да часу пасля Камуніі.

Усходняя практыка. — У гэтым сэнсе практыка Усходняга Касцёла і нашая практыка дасканала згаджаюцца, што можа пацвердзіць кожны, хто падарожнічаў на Усход і заглядаў на адну з усходніх літургій. Копты ні ў якім разе не стануць служыць Імшу без прынамсі дзвюх свечак. “Liturgia non celebretur, — кажа адзін з іхніх канонаў, — absque cereis duobus majoribus aut minoribus qui altare luceant” (“Няхай літургія не служыцца без дзвюх вялікіх альбо малых васковых свечак, якія гараць на алтары” (Renaudot, Liturg. Orient. Col., i. p. 179). Астатнія Усходнія Касцёлы так жа дакладна прытрымліваюцца гэтага прынцыпу.

Мы свядома даўжэй затрымаліся на гэтай справе, каб паказаць, што пратэстанты абсалютна дарэмна называюць нашую практыку выкарыстання свечак удзень дурной, не маючай значэння альбо прэцэдэнту, які б яе абгрунтоўваў.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Alex Proimos (CC BY-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: