Як служыць Імшу ў надзвычайнай форме? Частка Б. Прадмовы

У наш час, калі традыцыйная святая Імша знаходзіцца на ўзбочыне літургічнага жыцця Касцёла, прыходзіцца прызнаць, што адносна яе ўсе каталікі дзеляцца на дзве групы: прыхільнікі і праціўнікі. Тое, што яшчэ 50 гадоў таму магло здавацца неверагодным, сёння з’яўляецца праўдай: існуюць людзі, якія выступаюць супраць спрадвечнага абраду Заходняга Касцёла.

Тлумачыцца гэта рознымі прычынамі. Ёсць тыя, хто ўсімі сродкамі імкнецца “ажыццявіць” Сабор, перш за ўсё не даючы падняцца з кален старому абраду. Варожым настроям паспрыяла і рэзкае ўзнікненне і развіццё харызматычнага руху з адпаведнымі літургічнымі асаблівасцямі. Найбольшы ўплыў жа, здаецца, аказаў тэалагічны разрыў, калі на месцы заўсёднага разумення Імшы ўзнікла раптоўная пустэча, якая па неабходнасці запоўнілася новымі гіпотэзамі, тэорыямі і тлумачэннямі. Як вынік, абодва абрады, якія, згодна з сённяшняй фармальнай класіфікацыяй, з’яўляюцца дзвюма формамі аднаго рымскага абраду, насамрэч маюць істотна розны тэалагічны падмурак, таму іх спалучэнне і суіснаванне зводзіцца не проста да рознага крою арнатаў ці да пытання, з якога боку алтара лепш стаяць. Гэта найперш балючы зрух ва ўспрыманні літургіі, які знешне выяўляецца ў варожасці і нянавісці.

Такім чынам, непрыманне традыцыйнай лацінскай Імшы з’яўляецца смутным, але зразумелым фактам, які з часам і з Божай дапамогай можна будзе выправіць.

Нашмат больш смутным фактам з’яўляецца існаванне трэцяй групы людзей. Цяжка сказаць, ці гэта нацыянальная ці агульнаславянская рыса, але ёсць людзі, здольныя шчыра ненавідзець тое, з чым не дадуць сабе працы найперш разабрацца. Іх няможна назваць праціўнікамі Імшы, бо яны ніколі не задумваліся над тым, чаму яе ненавідзяць.

Пэўны час таму звыклая абыякавасць беларускай каталіцкай публікі перарвалася словамі абвінавачвання з боку адной духоўнай асобы, якая ў артыкуле Пітэра Кваснеўскі (дарэчы, прафесара каталіцкага каледжа ў добрых адносінах з Касцёлам) наконт годнай цэлебрацыі святой Імшы на свежым паветры ўгледзела прапаганду “лефеўрызму”.

Трэба меркаваць, што гэты блог, на шчасце альбо няшчасце, пакуль не ўваходзіць у праграму абавязковага дыяцэзіяльнага чытання нароўні з шэдэўрамі deon.pl, а таму не кожны святар можа і мусіць ведаць пазіцыю тутэйшых аўтараў. Але рэфлекс на тыя фотаздымкі сапраўды смутны. Запрашаем чытачоў паглядзець той артыкул і напісаць у каментарыях, ці пабачыўся ім там дух арцыбіскупа Лефеўра.

Для статыстыкі адзначым, што гэта 198-ы артыкул у нашым блогу. З іх у катэгорыю SSPX трапіла толькі пяць, з якіх адзін — гэта словы перасцярогі біскупа амерыканскай дыяцэзіі Мэдысана, два датычацца легалізацыі сакрамэнту сужэнства ў капліцах Брацтва і яшчэ адзін — гэта цудоўная гісторыя пра мужнасць біскупа Бернара Феле, бо што ёсць, таго не адняць.

Мы ж з драмы Брацтва моцна шкадуем і молімся за ўрэгуляванне яго стану, прычым з добрым вынікам для ўсіх, а не так, як гэта абяцае быць пры цяперашнім пантыфікаце. Але ж хадзіць у капліцы гэтай супольнасці адахвочваем, самі гэтага не робім і інтарэсаў іх тут не прадстаўляем, бо яны і самі гэта робяць.

Гэтая гісторыя прымушае забяспечыць дадзены відэападручнік па цэлебрацыі ціхай Імшы ў надзвычайнай форме прыкрым уступам — прадмовай да прадмовы двух шаноўных людзей.

Цэнтральную ролю ў дадзеным відэапраекце адыгрывае Святарскае брацтва святога Пятра (FSSP), якое ў 1988 годзе аддзялілася ад Святарскага брацтва святога Пія Х (FSSPX альбо SSPX). Навошта аддзялілася? Бо якраз у 1988 годзе заснавальнік SSPX арцыбіскуп Марсэль Лефеўр без згоды Папы, а нават пасля наўпроставага папярэджання, кансэкраваў для Святарскага брацтва святога Пія Х чатырох новых біскупаў (сярод іх і цяперашняга Генеральнага настаяцеля бп. Бернара Феле), з-за чаго ўсе пяцёра, альбо шасцёра, калі лічыць асістэнта біскупа Маера, былі аўтаматычна пакараныя экскамунікай, якую Святы Пасад потым дадаткова дэклараваў.

Адразу пасля гэтага дванаццаць святароў і дваццаць семінарыстаў выйшлі са складу SSPX і стварылі Святарскае брацтва святога Пятра — асобнае таварыства апостальскага жыцця, якое падпарадкоўваецца наўпрост Пантыфіку праз адпаведную камісію “Ecclesia Dei”.

Дзеля пашаны і хвалы святога Каталіцкага Касцёла, дзеля суцяшэння трывогі вернікаў і дзеля спакою іхняга сумлення ніжэйпадпісаныя, дагэтуль члены Брацтва святога Пія Х, з глыбокім жалем з прычыны незаконнай кансэкрацыі біскупаў 30 чэрвеня заяўляюць, што яны засталіся ў Каталіцкім Касцёле як pars sanior [здаровая частка] таго самага Брацтва і што адзіным іх жаданнем з’яўляецца магчымасць жыць як рэлігійная супольнасць у гэтым Касцёле і аддаваць сябе на службу яму, вядома, пад уладай Рымскага Пантыфіка, яго найвышэйшага кіраўніка (з Дэкларацыі намеру заснавальнікаў).

Такім чынам, больш кананічна і эклезіяльна ўжо няможна, хоць у Інтэрнэце ёсць таксама дапаможныя відэаматэрыялы ад SSPX. Магчыма, нават больш дэтальныя. Ці азначае гэта, што імі нельга карыстацца? Не, не азначае, але просім знайсці, паглядзець і засвоіць самастойна, бо зноў будзе “прапаганда лефеўрызму”.

Гл. таксама:

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: