Ліст Папы Францішка дэлегату пастырскага рэгіёна Буэнас-Айрэса мансеньёру Серхіё Альфрэда Феною апынуўся на вэб-старонцы Ватыкана. Амаль год таму гэты ліст, у якім Папа выказаў падтрымку “Базавым крытэрыям прымянення восьмага раздзела Amoris Laetitia“, быў зліты ананімным святаром блогу “The Wanderer“, а адтуль трапіў у каталіцкія СМІ.

Дакумент, напісаны біскупамі пастырскага рэгіёна Буэнас-Айрэса, інтэрпрэтуе для святароў рэгіёна восьмы раздзел адгартацыі Amoris Laetitia. Між іншым, ён сцвярджае, што “калі канкрэтныя абставіны пары робяць гэта магчымым, асабліва калі двое з’яўляюцца хрысціянамі з досведам веры, можна прапанаваць ім зрабіць высілак і жыць ва ўстрыманні”.

У іншых жа выпадках, калі атрымаць пастанаўленне пра несапраўднасць сужэнства немагчыма, пастырскія інструкцыі біскупаў прапануюць працягваць “падарожжа распазнання”. “Калі прыдзецца прызнаць, што ў дадзеным выпадку існуюць абмежаванні, — кажа дакумент, — якія змяншаюць адказнасць і вінаватасць (пар. 301-302), асабліва калі асоба мяркуе, што ўпадзе ў наступныя грахі, наносячы шкоду дзецям з новага саюза, Amoris Laetitia адкрывае магчымасць доступу да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі (пар. зн. 336 і 351)”.

Больш за тое, біскупы прапануюць святарам не ўстрымлівацца ад суправаджэння супольнасці, “каб яна ўзрастала ў духу разумення і прыняцця”, бо “супольнасць — гэта інструмент міласэрнасці”.

У сваім лісце ў адказ Папа дзякуе біскупам за працу:

“Я дзякую табе за праведзеную працу: сапраўдны прыклад суправаджэння для святароў. (…) Дакумент вельмі добры, ён цалкам тлумачыць значэнне восьмага раздзела Amoris LaetitiaІншых інтэрпрэтацый няма. І я ўпэўнены, што ён зробіць шмат добрага. Няхай Пан узнагародзіць гэты высілак пастырскай любові”.

Такім чынам, пасля публікацыі на вэб-старонцы Ватыкана гэты ліст — а разам з ім і намер Папы дазволіць доступ да святой Камуніі прынамсі некаторым разведзеным і паўторна жанатым асобам — набывае пэўны афіцыйны статус. Цікава, што па часе гэтая знаходка супала з выказваннямі фактычнага аўтара Amoris Laetitia арцыбіскупа Віктара Мануэля Фернандэса ў абарону “асцярожнага прасоўвання” новай пастырскай практыкі.

Яшчэ больш цікава тое, што гэты ліст быў заўважаны на афіцыйным рэсурсе Ватыкана толькі дзякуючы таму, што сам арцыбіскуп Фернандэс змясціў на яго гіперспасылку ў сваіх нядаўніх разважаннях. Па інфармацыі са старонкі archive.org, гэты ліст быў апублікаваны там паміж 23 снежня 2016 года і 22 чэрвеня 2017 года.

Які крок наступны? Афіцыйная публікацыя ў Acta Apostolicae Sedis?

* * *

Ватыкан, 5 верасня 2016 года

Манс. Серхіё Альфрэда Феною,
дэлегату пастырскага рэгіёна Буэнас-Айрэса

Узлюблены брат,

Я атрымаў дакумент пастырскага рэгіёна Буэнас-Айрэса “Базавыя крытэрыі прымянення восьмага раздзела Amoris Laetitia”. Дзякуй вялікі за тое, што даслаў яго мне. Я дзякую табе за праведзеную працу: сапраўдны прыклад суправаджэння для святароў… і ўсе мы ведаем, наколькі важная блізкасць біскупа да свайго духавенства і духавенства да біскупа. Найбліжэйшым з “бліжніх” для біскупа з’яўляецца святар, а прыказанне любіць бліжняга, як самога сябе, для нас, біскупаў, пачынаецца менавіта з нашых святароў.

Дакумент вельмі добры, ён цалкам тлумачыць значэнне восьмага раздзела Amoris Laetitia. Іншых інтэрпрэтацый няма. І я ўпэўнены, што ён зробіць шмат добрага. Няхай Пан узнагародзіць гэты высілак пастырскай любові.

А менавіта пастырская любоў прымушае нас выходзіць насустрач тым, хто знаходзіцца здалёк, а знайшоўшы іх, распачынаць дарогу запрашэння, суправаджэння, распазнання і інтэграцыі ў эклезіяльную супольнасць. Мы ведаем, што гэта стамляе, што гэта патрабуе пастырскага падыходу “адзін на адзін”, які не задавольваецца праграмным, арганізацыйным альбо юрыдычным умяшаннем, якімі б неабходнымі яны не былі. Проста запрашаць, суправаджаць, распазнаваць, інтэграваць. З гэтых чатырох пастырскіх пазіцый найменш культывуецца і практыкуецца распазнанне, і я лічу важнай фармацыю ў распазнанні, як персанальную, так і супольную, у нашых семінарыях і святарскіх супольнасцях.

Нарэшце, я хачу прыгадаць, што Amoris Laetitia з’яўляецца плёнам працы і малітвы ўсяго Касцёла і разважанняў двух Сінодаў і Папы. З гэтай прычыны я рэкамендую правесці поўную катэхезу аб Адгартацыі, якая напэўна паспрыяе росту, кансалідацыі і святасці сям’і.

Я зноў жа дзякую табе за зробленую працу і заахвочваю цябе працягваць рухацца наперад у розных супольнасцях дыяцэзіі з вывучэннем і катэхізацыяй аб Amoris Laetitia.

Калі ласка, не забывайся маліцца і прасіць іншых маліцца за мяне.

Няхай Езус благаславіць цябе, а Святая Дзева мае цябе ў апецы.

Па-братэрску,
Францішак

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар