Арцыбіскуп Фернандэс абараняе “Amoris Laetitia” ад крытыкаў

Фактычны аўтар папскай апостальскай адгартацыі сцвярджае, што Святы Айцец жадаў асцярожна змяніць пастырскую практыку Касцёла, звязаную з ключавой часткай маральнага вучэння. У той жа час знаны англічанін-дамініканец заклікае да выпраўлення папскіх памылак у гэтым дакуменце.

Адзін з найбліжэйшых дарадчыкаў Папы Францішка ўпершыню публічна адказаў на рэзкую крытыку апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia, сцвярджаючы, што ў справе прыняцця святой Камуніі разведзенымі і паўторна жанатымі асобамі Папа жадаў асцярожна змяніць пастырскую практыку з улікам важнай ролі адказнасці і ўмяняльнасці віны ў складаных выпадках.

Арцыбіскуп Віктар Мануэль Фернандэс, рэктар Папскага каталіцкага універсітэта Аргентыны і аўтар чарнавога варыянту Amoris Laetitia, кажа, што Папа жадае, каб пастыры разважылі “складанасць канкрэтных сітуацый”, у якіх, па яго меркаванні, ужываць словы “распуснік” і “чужаложнік” недарэчна.

Таксама ён сказаў, што крытыкі, якія цытуюць словы Пісання, забараняючы адкрыць у такіх выпадках дзверы да святой Камуніі, ставяць “пастку”, прымушаючы іншых “прыняць пэўную логіку”.

Касцёл заўсёды забараняў прымаць святую Камунію асобам, якія развяліся і ўступілі ў паўторны грамадзянскі шлюб, калі яны маюць сэксуальныя адносіны са сваім новым партнёрам і калі адно ці абодва з мінулых сужэнстваў гэтай пары не было ануляванае.

Гэтае вучэнне засноўваецца на ясных словах Хрыста ў Мц 19:9: “Я кажу вам: хто развядзецца з жонкаю сваёю не з прычыны распусты і ажэніцца з іншай, той чужаложыць”.

Але арцыбіскуп Фернандэс, чые заўвагі знаходзяцца напрыканцы артыкула ў спецыяльным выданні лацінаамерыканскага часопіса Medellín і словы якога передае Осцін Айвэрэ ў Crux, прапануе наступны прыклад, каб растлумачыць, чаму ён лічыць важным браць пад увагу складанасць сітуацыі, прымяняючы гэтае вучэнне:

“Можна таксама задаць пытанне, ці ўчынкі тых, хто жыве разам more uxorio [г. зн. маючы сэксуальныя адносіны], заўсёды павінны ў сваім агульным значэнні падпадаць пад негатыўнае паняцце “распусты”. Я кажу пра “агульнае значэнне”, таму што нельга казаць, што гэтыя акты ў кожным выпадку з’яўляюцца глыбока непрыстойнымі ў суб’ектыўным значэнні. Менавіта ў складанасці канкрэтных сітуацый, паводле св. Тамаша [Аквінскага], “павялічваецца нявызначанасць”. Сапраўды, няпроста назваць “чужаложніцай” жанчыну, якую збіваў і прыніжаў яе муж-каталік і якая атрымала прыстанішча, эканамічную і псіхалагічную дапамогу ад іншага мужчыны, які дапамагаў ёй выхоўваць дзяцей з мінулага саюзу і з якім яна шмат гадоў жыве і мае новых дзяцей”.

У іншым месцы арцыбіскуп Фернандэс прадстаўляе і абараняе наступныя рэчы:

  • Папа меў намер прасоўваць сваю неадназначную справу “асцярожным чынам”, праз зноску 351, таму што ён хацеў, каб цэнтральным пунктам гэтага дакумента сталі іншыя раздзелы пра любоў.
  • Арцыбіскуп Фернандэс прызнае, што вакол гэтай зноскі падняўся фурор і здарылася зусім не тое, што задумвалася.
  • Ён пацвярджае, што Папа выказаў сваю афіцыйную падтрымку ў лісце да аргентынскіх біскупаў, адкрываючы дзверы да ўдзялення святой Камуніі ў некаторых выпадках.
  • Апостальская адгартацыя св. Яна Паўла ІІ Familiaris Consortio ўжо праклала шлях да гэтай змены, дазваляючы прымаць Камунію разведзеным і паўторна жанатым асобам, якія жывуць у чысціні.
  • Маральныя нормы з’яўляюцца абсалютнымі, аднак Папа лічыць, што існуюць сітуацыі, калі такія нормы сфармуляваць немагчыма, як у прыведзеным вышэй прыкладзе.
  • Францішак непакоіцца не тым, ці ўсведамляе асоба прагал паміж сваёй сітуацыяй і аб’ектыўнай маральнай нормай, а хутчэй праблемай адказнасці і ўмяняльнасці віны, якія могуць быць зменшаны ў залежнасці ад абставінаў.
  • Папа працягвае лічыць, што сэксуальныя адносіны паміж разведзенымі і паўторна жанатымі асобамі з’яўляюцца “аб’ектыўнай сітуацыяй пастаяннага цяжкага граху” і застаюцца “аб’ектыўна дрэннымі”, нават калі з-за складанасці выпадку пара можа не быць суб’ектыўна вінаватай.
  • Францішак заўсёды прытрымліваўся таго, што толькі асоба ў стане ласкі можа прымаць святую Камунію, але ён таксама лічыў, што аб’ектыўна сур’ёзная правіна не з’яўляецца дастатковай, каб пазбавіць асобу асвячальнай ласкі, што “дазваляе ісці шляхам распазнання” да прыняцця Эўхарыстыі разам з асобай, карыстаючыся яе сумленнем, дапамогай пастыра і святлом вучэння Касцёла.
  • Арцыбіскуп Фернандэс сцвярджае, што маральная норма застаецца ўніверсальнай, але яе наступствы могуць змяняцца і павінны распазнавацца ў “пастырскім дыялогу”.
  • “Вялікае новаўвядзенне” Францішка заключаецца ў тым, што ён дазволіў гэтаму распазнанню мець практычныя наступствы ў прымяненні гэтай маральнай нормы на ўнутраным форуме.
  • Арцыбіскуп Фернандэс апраўдвае такую змену, згадваючы, як Касцёл развіваў прымяненне вучэння адносна праблемы рабаўладання, збаўлення па-за Касцёлам, адлучэння разведзеных і паўторна жанатых асобаў.
  • Ён спрачаецца з крытыкамі гэтай змены, кажучы, што яны прымяняюць “канкрэтную логіку” і мысленне, якое з’яўляецца пасткай і не дазваляе прымяняць іншыя спосабы мыслення.
  • Ён вінаваціць такіх крытыкаў у “інтэлектуальным пелагіянстве” і ў тым, што яны з’яўляюцца “алігархічнай групай спецыялістаў па этыцы”, якая лічыць Пісанні спосабам “праілюстраваць логіку” свайго тыпу мыслення.
  • Францішак не ўздымае ролю сумлення, каб яно магло “ствараць праўду, як яму падабаецца, альбо дастасоўваць яе да сваіх пажаданняў”. Таксама і пастыр не павінен хаваць “поўнага святла праўды”.
  • Amoris Laetitia з’яўляецца “вельмі патрабавальнай”, улічваючы складаную рэальнасць і канкрэтнае жыццё, тады як “утульная зацвярдзеласць” яе крытыкаў “можа быць здрадай сэрцу Евангелля”.
  • Арцыбіскуп Фернандэс адкідвае крытыкаў гэтага дакумента як “малую, але гіперактыўную” групу.

Канфлікт з Veritatis Splendor

Каментатар National Catholic Register кс. Рэйманд дэ Соўза ўжо ўзяў пад сумненне многія з аргументаў, выстаўленых арцыбіскупам Фернандэсам.

Заўважаючы, што восьмы раздзел Amoris Laetitia знаходзіцца ў яўным канфлікце з энцыклікай св. Яна Паўла ІІ Veritatis Splendor, кс. дэ Соўза выказаў наступныя крытычныя заўвагі ў артыкуле, апублікаваным у студзені гэтага года:

  • У той час як са сцвярджэннем, што можна знаходзіцца ў смяротным граху, але не быць суб’ектыўна вінаватым з-за адсутнасці поўных ведаў альбо згоды, няма ніякіх праблемаў, у гэтых выпадках не можа існаваць “адсутнасць ведаў пра тое, што такія паводзіны з’яўляюцца аб’ектыўна няправільнымі”, таму што працэс распазнання, які прапануе Amoris Laetitia, патрабуе не толькі ведання вучэння, але і “любові да вучэння Касцёла”.
  • Калі святая Камунія будзе дазволена разведзеным і паўторна жанатым асобам у вельмі рэдкіх выключных выпадках, што можа спыніць прымяненне такога падыходу да ўсяго іншага маральнага жыцця, дзе абставіны могуць быць такімі ж ці нават больш складанымі? Навошта спыняцца на гэтым і чаму б не прымяніць яго да іншых маральных катэгорый?
  • Ён падае некалькі прыкладаў іншых маральных сітуацый, якія не датычацца сужэнства і сям’і і ў якіх выхад з пастаяннай грэшнай сітуацыі можа быць больш цяжкім, чым сэксуальнае ўстрыманне для пары ў неўрэгуляванай сітуацыі.
  • Ён сцвярджае, што на абаронцаў Amoris Laetitia ўскладзена заданне паказаць, як роля сумлення ў адной сферы маральнага жыцця (у сэксуальнай маральнасці і сужэнстве) можа рэалізавацца іначай, чым яна рэалізуецца ў іншых сферах маральнага жыцця.

У новым артыкуле ў Homiletic and Pastoral Review а. Рэджыс Скэнлан OFMCap вінаваціць Amoris Laetitia ў тым, што яна праз свядомую неадназначнасць дазваляе некаторым разведзеным асобам, што заключылі новы грамадзянскі шлюб і не жывуць ва ўстрыманні, прымаць святую Камунію.

Ён крытыкуе яе за “ўкрыванне ключавых фрагментаў Familiaris Consortio і нарэшце злоўжыванне ключавым дакументам Касцёла пра сужэнства Gaudium et Spes (51), каб стварыць бачнасць законнасці таго, што разведзеныя і паўторна жанатыя асобы могуць прымаць Камунію”.

Заўважаючы, што існуюць шырока адрозныя інтэрпрэтацыі гэтага дакумента (некаторыя біскупскія канферэнцыі рашуча выключаюць удзяленне Камуніі ў дадзеных выпадках, іншыя прымаюць лінію Папы), айцец Скэнлан сцвярджае, што нават лідары Касцёла “спадзяюцца, што будзе падкрэслена артадаксальнае вучэнне, а не тое, пра што цішком даецца зразумець у гэтым дакуменце”.

“Надзвычай сур’ёзная” сітуацыя

Разважаючы над гэтай і іншай крытыкай дакумента, знаны дамініканец а. Айдан Нікалс на мінулым тыдні заявіў, што Amoris Laetitia прывяла да “надзвычай сур’ёзнай” сітуацыі, у якой можа спатрэбіцца кананічная працэдура “закліку Папы, які навучае памылцы, да парадку”.

Англійскі тэолаг кажа, што тая інтэпрэтацыя гэтага дакумента, якую прадставіў арцыбіскуп Фернандэс, супярэчыць адвечнаму вучэнню Касцёла і што адгартацыя фактычна апраўдвае “дазволенае пазашлюбнае сумеснае жыццё”.

Адносна фрагментаў восьмага раздзела ён таксама кажа, што здаецца, быццам яны кажуць, што ўчынкі, “асуджаныя правам Хрыста, могуць быць маральна правільнымі альбо іх нават можа патрабаваць Бог”.

Ён дадае, што паколькі Amoris Laetitia, як здаецца, кажа, што не заўсёды магчыма і нават мэтазгодна следаваць маральнаму закону, “ніводная сфера хрысціянскай маральнасці не застанецца некранутай”.

Крытыка а. Нікалса з’явілася пасля таго, як на мінулым тыдні кардынал Рэйманд Бёрк пацвердзіў, што патрэбна выпраўленне, і распавёў, якім чынам яно можа быць прадпрынята.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыя: uca.edu.ar (CC BY-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: