Кардынал Сара: “Хрысціянін не можа жыць без нядзелі”

Хто такі Езус Хрыстус? Як мы сустракаемся з Ім? Хто такі хрысціянін? Гэтыя тры пытанні перад удзельнікамі канферэнцыі “Sacra Liturgia 2017” паставіў кардынал Рабэр Сара, прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў. У сваім вітальным слове на распачацце канферэнцыі кардынал растлумачыў неабходнасць удзелу ў літургіі для паўнавартаснага хрысціянскага жыцця, раскрытыкаваў спробу аддзяліць “Езуса гісторыі” ад “Хрыста веры”, заклікаў да адкрыцця ў сабе пашаны да літургічных справаў, а таксама запрасіў паразважаць “над прыгажосцю, дарэчнасцю і пастырскім значэннем прыняцця святой Камуніі на каленях і на язык”.

З 6 па 9 чэрвеня 2017 года ў Мілане адбывалася ўжо чацвёртая навуковая канферэнцыя “Sacra Liturgia”, якую арганізуе французскі біскуп Дамінік Рэ, ардынарый дыяцэзіі Фрэжус-Тулона. Адпаведна традыцыям Мілана, даклады ў гэтым годзе адзначаліся ўхілам у амбразіянскі абрад; суправаджалася ж канферэнцыя цэлебрацыямі ў старой і рэфармаванай формах таго ж абраду.

Ужо другі раз удзельнікаў вітаў прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў кардынал Рабэр Сара. Яго ўступная прамова на гэтай канферэнцыі ў 2016 годзе набыла вялікі розгалас у СМІ. Тады ён звярнуўся да святароў з заклікам увесці цэлебрацыю святой Імшы ў накірунку ўсходу (ad orientem):

…І таму, дарагія айцы, я прашу вас увесці гэтую практыку дзе толькі мажліва, з разважлівасцю і з неабходнай катэхезай, вядома, але і з пастырскай упэўненасцю, што гэта штосьці добрае для Касцёла, штосьці добрае для нашых людзей. Вашае ўласнае пастырскае суджэнне падкажа вам, як і калі гэта стане магчымым, але, можа, першая нядзеля Адвэнту гэтага года, калі мы чакаем “Пана, які прыйдзе і не затрымаецца”, будзе вельмі добрым часам, каб зрабіць гэта.

Гэтая прапанова пацягнула за сабою абвяржэнне з боку прэс-службы Святога Пасаду і абудзіла чарговы раунд абмеркавання таго, што кажа заканадаўства Касцёла наконт месцазнаходжання і арыентацыі святара і алтара падчас Імшы.

Гэтым разам кардынал Сара не рабіў гучных заяваў, але прадставіў не менш глыбокі даклад пад назвай “Святая Літургія — наша сустрэча з Усемагутным Богам: хрысталагічная і эклезіялагічная перспектыва”.

Сваю прамову кардынал прысвяціў таму, каб прадэманстраваць, чаму менавіта на літургіі павінна засяроджвацца ўвага Касцёла, калі “існуе так шмат іншых важных і Богам вызначаных заняткаў, якімі Касцёл мусіць займацца”. “Чаму б тады нам не пакінуць літургію ў спакоі і не засяродзіцца на гэтых важных заданнях?” — пытаецца кардынал Сара.

Каб паказаць, што літургія сапраўды займае цэнтральнае месца ў жыцці Касцёла і што “Касцёл стаіць і падае з Літургіяй”, выступоўца прапанаваў змястоўныя адказы на тры пытанні:

  1. Хто такі Езус Хрыстус?
  2. Як мы сустракаемся з Езусам Хрыстом?
  3. Хто такі хрысціянін?

Адказваючы на першае пытанне, кардынал Сара падкрэсліў, што нашага Пана нельга разглядаць толькі як “філосафа з І стагоддзя з пэўнымі каштоўнымі ідэямі наконт чалавечнасці і наконт гарманічнага жыцця з гэтым светам”, бо “Езус з’яўляецца Уцелаўленнем і рашучым аб’яўленнем Усемагутнага Бога ў чалавечай гісторыі”. Адпаведна, непрымальнай для хрысціянскага культу з’яўляецца спроба раздзяліць чалавечую і боскую прыроды Другой Асобы Найсвяцейшай Тройцы, правесці рысу паміж “Езусам гісторыі” і “Хрыстом веры”. Хоць такі падыход набыў папулярнасць у навуковым асяроддзі і можа спрыяць асабістай пабожнасці, стаўленне да Езуса як да брата ў святой літургіі і спроба выкрэсліць Яго ролю як Пана і Бога прыводзяць да таго, што “веліч Яго боскасці і ззянне Яго святасці больш не выклікаюць у нас трымцення, пакланення і ўшанавання”. Таму мы забываемся, што менавіта цэльны Хрыстус павінен знаходзіцца ў цэнтры нашых цэлебрацый.

Разважаючы пра тое, якім чынам мы сустракаемся з Езусам Хрыстом, кардынал прывёў прыклад людзей, якія кажуць, што “яны вельмі шчаслівыя мець асабістыя адносіны з Езусам, але яны не хочуць мець нічога супольнага з Касцёлам”. Дакладчык заўважыў, што асабістых адносінаў з Панам недастаткова, бо “зярнятку веры для росту патрэбная глеба і ежа, якую яно знаходзіць у жыцці Касцёла”. Асноўным спосабам сустрэчы з Езусам Хрыстом кардынал называе “эклезіяльны” спосаб, гэта значыць, удзел у літургічным жыцці Касцёла:

Вядома, як Бог, наш Пан Езус Хрыстус здольны адкрывацца асобным людзям надзвычайнымі спосабамі, пра што часам сведчаць жыцці святых. Але які звычайны спосаб сустрэчы з Тым, хто прынёс сябе ў ахвяру любові дзеля нашага збаўлення? На гэтае пытанне можна адказаць адным словам: мы сустракаемся з Ім эклезіяльна. Мы ўваходзім у адносіны з Хрыстом праз адзіны сапраўдны Каталіцкі Касцёл, які Ён заснаваў менавіта дзеля гэтай мэты.

Нарэшце, звяртаючыся да пытання, хто такі хрысціянін, кардынал Сара заўважыў, што можна паважаць хрысціянскае вучэнне, падзяляць яго ідэалы і старацца жыць імі, але калі чалавек не належыць да Адзінага Каталіцкага Касцёла, ён губляе істотную частку свайго быцця хрысціянінам.

Такім чынам, хрысціянінам з’яўляецца той, хто займае сваё законнае месца, нават фізічна, у літургічным сходзе ecclesia і хто п’е з гэтай крыніцы ласкі і навучання, неабходнай для хрысціянскага жыцця. Хрысціянін — гэта той, хто пачынае пранікаць у глыбокія таямніцы, якія перадае святая літургія, і яшчэ больш жыць імі. Таму ўдзел у святой літургіі з’яўляецца неабходным для таго, каб быць хрысціянінам. Іншымі словамі, адказваючы на пытанне “хто такі хрысціянін?”, мы можам сказаць: хрысціянін — гэта той, хто быў абмыты Касцёлам у хросце і хто ўсё больш і больш чэрпае з унікальнай крыніцы і вяршыні жыцця Касцёла і яго місіі — са святой літургіі.

Такім чынам, заключае кардынал, не можа існаваць нелітургічных альбо адасобленых хрысціянаў, а “сапраўдная цэлебрацыя святой Літургіі з’яўляецца цэнтрам любой адновы ў Касцёле”.

У другой частцы свайго выступу кардынал Сара прапанаваў некаторыя вывады са сваіх разважанняў. Па-першае, ён з болем адзначыў, што шматлікія хрысціяне “перасталі займаць сваё месца ў касцёльным сходзе, у сэрцы цэлебрацыі святой літургіі”, яны больш не наведваюць касцёлы і не ўдзельнічаюць у святой Імшы. Кардынал прыгадаў, што з той жа праблемай яшчэ каля 67 года змагаўся аўтар Паслання да Габрэяў, калі ўпрошваў:

“Будзем непахісна трымацца вызнання надзеі, бо верны той, хто абяцаў. І будзем зважаць адзін на аднаго, каб заахвочваць да любові і добрых учынкаў. І не пакідайма нашага сходу, як стала звычаем некаторых, але будзем заахвочваць адзін аднаго; і тым больш, чым больш бачыце, як набліжаецца гэты дзень” (Гбр 10:23-25).

“Калі мы пакідаем літургічны сход з-за рэлігійнай абыякавасці ці практычнага атэізму, то як Уваскрослы Пан дасць нам свае Цела і Кроў, каб абнавіць і вылечыць нашую хрысціянскую прыроду? — ставіць пытанне іерарх і дадае: — Мы павінны зрабіць усё неабходнае, як ad extra, так і ad intra, каб выправіць гэты скандал”.

Другая прапанова дакладчыка заключаецца ў тым, каб узгадаць, каму мы пакланяемся, і аднавіць “паставу пашаны і трымцення, абсалютна неабходную перад усімі літургічнымі справамі”.

Нашае літургічнае мастацтва і архітэктура, літургічная музыка, літургічнае прапаведаванне і іншыя формы літургічнага выразу не павінны прымаць формы, якія робяць націск выключна на нашым чалавечым братэрстве з Езусам і выключаюць Яго боскую прыроду. У святой літургіі сапраўдна прысутнічае адзіны Езус Хрыстус, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, а не толькі той ці іншы Яго аспект. Усе элементы святой літургіі павінны адлюстроўваць гэтую праўду.

У якасці трэцяй рэчы да разважання кардынал Сара прапанаваў засяродзіцца на прыгажосці, дарэчнасці і пастырскім значэнні прыняцця святой Камуніі на каленях і ў вусны. Важнасць вяртання да гэтай традыцыйнай практыкі кардынал абгрунтоўвае прыкладамі св. Яна Паўла ІІ і св. Тэрэзы з Калькуты, якія дэманстравалі вялікую і нават гераічную павагу да Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

На працягу ўсяго свайго жыцця Караль Вайтыла адзначаўся глыбокай пашанай да Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Пра гэта можна шмат казаць, і пра гэта шмат напісана. Сёння я прашу вас толькі прыгадаць, што напрыканцы свайго служэння Пятра ён быў чалавекам з целам, разбітым хваробай, якая паступова і незваротна вяла яго да амаль поўнага фізічнага распаду. Аднак нягледзячы на адсутнасць усялякіх фізічных сілаў, літаральна знішчаны хваробай, амаль прыбіты да крыжа з Хрыстом, Ян Павел ІІ ніколі не дазваляў сабе сядзець у прысутнасці Найсвяцейшага Сакрамэнту, выстаўленага для пакланення. (…) Чаму ж мы пагарджаем і аказваемся нячулымі да знакаў, якія дзеля нашага духоўнага ўзрастання і дзеля нашых блізкіх адносінаў з Ім дае нам сам Бог?

Таксама ў выступе кардынала Сара прагучала і спасылка на Фаціму, у прыватнасці, на паставу Анёла супакою, які паказвае дзецям-візіянерам, трэба прымаць святую Камунію. Але гэтым разам кардынал, здаецца, свядома зрабіў крок назад і падкрэсліваў, што не збіраецца навязваць гэтую практыку:

Я ўсяго толькі хачу — і раблю гэта тут — як ваш брат у Хрыстовай веры, як святар і як біскуп, а таксама як кардынал-прэфект, які наглядзеўся на скаргі на сур’ёзную адсутнасць пашаны да Найсвяцейшага Сакрамэнту па ўсім свеце, заклікаць да разважання над прыгажосцю, дарэчнасцю і пастырскім значэннем прыняцця святой Камуніі на каленях і на язык. На мой погляд і суджэнне, вельмі важна, каб Касцёл сёння паразважаў над гэтым.

Але ў той жа час ён перасцярог святароў: “Няхай ніводзін святар не адважваецца накладаць свае патрабаванні на гэтую справу, адмаўляючы тым, хто жадае прымаць Камунію на язык, альбо робячы з іх дурняў”.

Напрыканцы свайго дакладу кардынал Сара заахвоціў прысутных працягваць сваю працу на карысць літургіі Касцёла.

Поўны тэкст прамовы будзе дададзены неўзабаве.

Фота: Sacra Liturgia 2017

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: