З 20 па 27 ліпеня санктуарый Маці Божай Ліхэньскай прымаў найбуйнейшую ў Польшчы майстэрню, удзельнікі якой вучыліся цэлебраваць традыцыйную лацінскую Імшу і паслугоўваць падчас яе, а таксама выконваць харал, паліфонію і польскія народныя песні для яе суправаджэння. Усяго ў майстэрні ўзяло ўдзел больш за 150 духоўных і свецкіх асобаў з 35 польскіх і 10 замежных дыяцэзій. Сярод іх былі і дзве асобы з нашай краіны.

У гэтым годзе арганізатары прапанавалі тры накірункі падрыхтоўкі для святароў, міністрантаў і спевакоў. Навучанне было арганізавана ў наступных групах:

  • К1 — навучанне святароў цэлебрацыі Імшы і сакрамэнтаў;
  • К2 — навучанне святароў функцыям дыякана і субдыякана;
  • М1 — навучанне міністрантаў для рэцытаванай і спяванай Імшы;
  • М2 — навучанне міністрантаў для ўрачыстай спяванай Імшы;
  • М3, М4 — паглыбленае навучанне міністрантаў;
  • S1 — грыгарыянскі спеў (мужчыны);
  • S2 — грыгарыянскі спеў (жанчыны).

Майстэрня “Ars Celebrandi” з’яўляецца адказам на публікацыю motu proprio “Summorum Pontificum“, у якім Папа Бенедыкт XVI адзначыў, што любы святар мае права цэлебраваць святую Імшу ў той форме, якая папярэднічала рэформам 1960-1970-х гадоў. Аднак нягледзячы на пастаянны ўзрост зацікаўленасці традыцыйным абрадам толькі рэдкія семінарыі ўвялі адпаведнае навучанне святароў. Таму ўжо чацвёрты год запар асацыяцыя свецкіх прыхільнікаў класічнай рымскай літургіі “Una Voce Polonia” арганізуе гэтае навучанне, у якім кожны можа прыняць удзел адпаведна сваім магчымасцям і пакліканню.

Цудоўнае спалучэнне святарскай, міністранцкай і музычнай майстэрняў зрабіла магчымым не толькі тэарэтычнае навучанне, але і практычны ўдзел у шматлікіх формах цэлебрацыі старой Імшы. Штодзённа ў касцёлах і капліцах санктуарыя адбываліся ранішнія ціхія (рэцытаваныя) Імшы, падчас якіх кожны святар-удзельнік меў магчымасць адслужыць “прыватную” Імшу ў прысутнасці аднаго паслугуючага міністранта, а таксама іншых міністрантаў, якія праз сузіранне абраду спасцігалі навуку паслугоўвання. З гэтай мэтай арганізатары падрыхтавалі на прасторы санктуарыя 11 месцаў цэлебрацыі, на якіх штораніцы служылася да 17 святых Імшаў.

This slideshow requires JavaScript.

Затым адбываўся першы блок тэарэтычных заняткаў, пасля якога ўсе ўдзельнікі збіраліся ў касцёле Маці Божай Чанстахоўскай на найбольш багатай цырымоніямі ўрачыстай спяванай Імшы з удзелам дыякана і субдыякана і ў суправаджэнні мужчынскага альбо жаночага хору. На гэтых цэнтральных Імшах прагучаў шэраг казанняў, прысвечаных умовам добрай споведзі. Запісы ўсіх казанняў можна паслухаць на профілі майстэрні ў Soundcloud.

Нарэшце, увечары, пасля другога блоку тэарэтычных заняткаў, служылася спяваная Імша (адпаведна, без удзелу дыякана і субдыякана). На гэтых цэлебрацыях святары, міністранты і спевакі мелі магчымасць не толькі рэалізаваць атрыманыя веды, але і пазнаёміцца з тым, як насамрэч выглядала традыцыйная святая Імша ў кожным з трох яе варыянтаў.

This slideshow requires JavaScript.

Дзякуючы прысутнасці айцоў-дамініканцаў святыя Імшы служыліся таксама ў традыцыйным дамініканскім абрадзе. Асаблівай падзеяй стала ўрачыстая святая Імша-рэквіем з экзэквіямі за кракаўскага біскупа Іва Адрованжа (ca. 1160 — 1229), якую цэлебраваў а. Войцех Галаскі ОР. У Польшчы такая святая Імша не служылася ўжо на працягу дзесяцігоддзяў (больш фота).

Найбольш адважныя ўдзельнікі мастэрні маглі паўдзельнічаць у штодзённай цэлебрацыі Ютрані (Laudes) у 6:00 альбо завяршыць дзень урачыстымі Нешпарамі з Камплетай у 21:00. Гэтыя набажэнствы Божага Афіцыя таксама праводзіліся на лацінскай мове і з удзелам шматлікай асісты.

This slideshow requires JavaScript.

Таксама падчас майстэрні адбыліся дзве канферэнцыі. На адной з іх кс. Дэніс Калінскі SJC (ЗША) прадставіў справу рэстаўрацыі sacrum з перспектывы дзейнасці рэгулярных канонікаў св. Яна з Кент. Іншая канферэнцыя была прысвечана 10-годдзю публікацыі Summorum Pontificum: да дыскусіі далучыўся кс. Гжэгаж Снядах IBP з Беластока.

This slideshow requires JavaScript.

Правядзенне наступнай майстэрні “Ars Celebrandi” плануецца з 12 па 19 ліпеня 2018 года. Запіс зазвычай адкрываецца за некалькі месяцаў да пачатку, а арганізацыйны ўзнос у гэтым годзе склаў каля 150 €. Акрамя таго, святары і міністранты павінны мець пры сабе ўласны харавы строй.

* * *

Фота: Tomasz Mreńca
Больш фотаздымкаў: http://arscelebrandi.pl/ars-celebrandi-2017/
Афіцыйная старонка майстэрні: http://arscelebrandi.pl/

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар