Распяцці

Як сцвярджаюць найлепшыя літургічныя аўтары, звычай ставіць распяцце — крыж з выявай нашага Пана, укрыжаванага на ім, — паходзіць ад саміх апосталаў. Пра гэты звычай згадваюць усе раннія Айцы, і, як мы ўбачым пазней, распяцце заўсёды знаходзілася ва ўжытку на Усходзе (Bouvry, ii. 225; Kozma, 33). Яно мае нагадваць, што ў святой Ахвяры Імшы прыносіцца тая ж Ахвяра, што і на Кальварыі, толькі некрывавым чынам. “Касцёл не занядбоўвае нічым, — кажа Папа Бенедыкт XIV, — каб захаваць у розумах святара і вернікаў, што Ахвяра алтара і Ахвяра Крыжа — гэта адно і тое ж” (Bouvry, ii. 22, note).

Пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце распяцце рэкамендуецца прыбіраць з-за прысутнасці самога Пана, аднак гэта неабавязкова, калі штосьці гэтаму перашкаджае. Фактычна, кожнаму касцёлу дазволена следаваць свайму звычаю ў гэтай справе (De Herdt, i. 181).

Розныя выгляды крыжоў

Разглядаючы тэму крыжоў, мы хочам згадаць іх розныя віды, бо пра некаторыя з іх ходзяць памылковыя меркаванні. Зазвычай пералічваюць шэсць відаў крыжоў, а менавіта:

  1. Лацінскі крыж, у якім папярэчная лінія адсякае вертыкальную лінію каля верху.
  2. Грэцкі крыж, у якім абедзве лініі маюць аднолькавую даўжыню і перасякаюцца ў сярэдзіне.
  3. Крыж, вядомы пад імем св. Андрэя, таму што гэты святы быў укрыжаваны на такім крыжы; ён нагадвае літару Х.
  4. Егіпецкі крыж, альбо крыж св. Антонія, які мае выгляд літары Т.
  5. Мальтыйскі крыж, які атрымаў такую назву, бо яго носяць рыцары Мальтыйскага Ордэна; ён складаецца з чатырох раўнабочных трохкутнікаў, вяршыні якіх сыходзяцца ў адной кропцы.
  6. Рускі крыж, які мае дзве папярэчныя лініі наверсе і адну ўнізе, прычым апошняя злёгку нахілена, бо, паводле старадаўняй рускай традыцыі, калі наш Пан вісеў на крыжы, адна з Ягоных ног была вышэй за другую (Coxe, Travels in Russia, p. 593).

Трайны крыж. — Крыж з трыма папярэчкамі зазвычай называюць Папскім крыжам, але гэта ўсяго толькі чыстая фантазія, бо сярод папскіх знакаў адрознення ніколі не існавала такога крыжа, ды і сёння ён нідзе не ўжываецца. Калі Святы Айцец рухаецца ў працэсіі, перад ім нясуць звычайны крыж. Таксама вядома, што Папа не выкарыстоўвае біскупскага жэзла, альбо пастарала, як яго называюць. Таму трайны крыж — гэта непаразуменне, якое стварылі мастакі і якога Касцёл ніколі не зацвярджаў.

Двайны крыж. — Двайны крыж, альбо крыж з дзвюма папярэчкамі, адна з якіх карацейшая за іншую, відавочна, паходзіць ад таго факту, што на крыжы, на якім цярпеў Пан, над галавою была таблічка з надпісам на габрэйскай, грэцкай і лацінскай мовах: “Езус Назаранін, Кароль Юдэйскі”. Гэтую таблічку сімвалізуе адна з папярэчак, а другая — гэта тая, да якой былі прыбітыя рукі Пана; адсюль і назва “двайны крыж”.

Арцыбіскупскі крыж. — Нам вельмі цяжка сказаць, як гэты двайны крыж зрабіўся знакам арцыбіскупаў. Ані “Caeremoniale Episcoporum”, ані “Pontificale Romanum” не кажуць ані слова пра такі крыж; не пішуць пра яго і знаёмыя нам літургічныя аўтары, а не прагледжаных намі прац сапраўды вельмі мала. Аднак нельга аспрэчваць, што такія крыжы знаходзяцца ва ўжытку і што ў пэўныя часы яны былі распаўсюджаныя сярод англійскіх прэлатаў. Лічыцца, што ў Англію яны трапілі з Усходу падчас крыжовых паходаў. Мяркуюць, што да іх увядзення быў датычны Яго Эксцэленцыя Энтані Бэк, біскуп Дарэма, якога ў 1305 годзе Папа Клімэнт V зрабіў патрыярхам Ерузалема, бо яны былі вельмі папулярныя сярод грэкаў (Dr. Rock, Church of Our Fathers, vol. ii. pp. 218-223). Чытача можа зацікавіць, што толькі два прэлаты ў Касцёле маюць права на двайны крыж: гэта патрыярх Венецыі [1] і арцыбіскуп Эгера ў Венгрыі (Kozma, 73, note 3).

Янсеністычныя крыжы. — Крыжы, на якіх рукі нашага Пана разведзеныя не цалкам, называюцца янсеністычнымі, ад імя Карнэлія Янсэна, біскупа Іпра ў Бельгіі (1636), які падтрымліваў ерэтычнае вучэнне, быццам Хрыстус памёр не за ўсё чалавецтва, а толькі за добрых людзей. Каб падкрэсліць сапраўднае вучэнне, паводле якога Хрыстус памёр за ўсіх, звычайнае каталіцкае распяцце прадстаўляе нашага Пана з поўнасцю разведзенымі рукамі.

Колькасць цвікоў, якімі наш Пан быў прыбіты да крыжа

Агульна лічыцца, што ногі нашага Пана былі прыбіты да крыжа асобна, а не пакладзены адна на адну і прыбіты адным цвіком, як падае традыцыя Грэцкай Царквы. Папа Бенедыкт XIV, каментуючы гэтую справу, справядліва заўважае, што было б амаль немагчыма не зламаць ніводнай косці ў стопах, калі б яны ляжалі адна на адной і праз іх праходзіў адзін цвік. У такім выпадку пад пагрозай знаходзілася б выказванне Пісання, згодна з якім ніводная косць нашага Збаўцы не была зламана.

Да XII стагоддзя выявы ўкрыжавання заўсёды прадстаўлялі Пана з нагамі, прыбітымі паасобку, і таму лічба цвікоў была роўная чатыром, а не тром. Св. Грыгорый Турскі і Дзюран кажуць пра чатыры цвікі, але апошні з іх таксама згадвае і пра тры, не кажучы, да якой лічбы схіляецца ён сам (Rationale Divinorum, p. 537). Са старадаўніх часоў Лацінскі Касцёл трымаецца традыцыі, што выкарыстоўвалася чатыры цвікі, а не тры, і прадстаўляе Пана на распяццях адпаведным чынам (гл. Notes, Ecclesiological and Historical, on the Holydays of the English Church, p. 172).

Лічыцца, што адзін з тых самых цвікоў захоўваецца ў касцёле Святога Крыжа ў Рыме (Санта-Крочэ-ін-Джэрусалеме), а астатнія знаходзяцца ў Парыжы, Трэве і Тулі. Калі св. Алена ўпершыню знайшла іх, адзін з іх, як кажуць, яна прымацавала да шлема свайго сына, Канстанціна Вялікага, іншы яна прымацавала да аброці ягонага каня. Згодна з паданнем, трэці цвік яна кінула ў Адрыятычнае мора, каб суцішыць шторм. Карона Італіі ўтрымлівае частку аднаго з гэтых цвікоў, а апілкі ад цвікоў захоўваюцца як рэліквіі ў шматлікіх касцёлах Еўропы (Rev. W. J. Barry, The Sacramentals).

Практыка Усходніх Касцёлаў адносна распяццяў

Усходнія дысцыплінарныя каноны, якія датычацца святога знака нашага збаўлення, вельмі суровыя. Ніводнае набажэнства не можа адбыцца без крыжа, выстаўленага на бачным месцы. Адзін з крыжоў выкладваюць на алтары, каб людзі маглі цалаваць яго, уваходзячы ў храм. Крыж можна сустрэць на галоўных вуліцах усходніх гарадоў, асабліва ў Расіі, і наўрад ці можна будзе знайсці дом, у якім на бачным месцы не будуць знаходзіцца распяцце і абраз Багародзіцы, перад якімі гарыць лампада (гл. Porter, Travels, p. 54; Romanoff, Greco-Russian Church, pp. 84 and 93).

Армяне маюць надзвычайную пашану да крыжа. Перад выкарыстаннем яго благаслаўляюць у багатай цырымоніі. З гэтай мэтай яго абмываюць у віне і вадзе, якія сімвалізуюць кроў і ваду, якія выцяклі з боку Збаўцы, а затым яго намашчаюць святым алеем (meiron), прыгадваючы Святога Духа, Які сышоў на яго. Затым чытаюцца некалькі ўрыўкаў з псальмаў, прарокаў, пасланняў і Евангелляў, пасля чаго святар узносіць малітоўны заклік, каб Бог даў гэтаму крыжу моц выганяць дэманаў, лячыць хваробы і суцішваць гнеў, які спадае на нас з прычыны нашых грахоў. Такім чынам пасвячаны крыж армяне называюць “тронам Хрыста”, яго “калясніцай”, яго “зброяй для перамогі над шатанам”  (Smith and Dwight, Researches in Armenia, vol. i. pp. 157, 158).

Нестарыяне таксама праяўляюць вялікую пабожнасць да крыжа. Ён стаіць пры парозе кожнага іх касцёла, каб яны маглі ўваходзіць у Божы дом са святымі думкамі (Badger, Nestorians and their Rituals, ii. 135), і нярэдка гэтыя крыжы пакрываюцца адбіткамі іх пацалункаў. Два аўтары, якіх мы толькі што працытавалі, кажуць нам, што пры ўваходзе ў касцёл, перад тым, як сесці, нестарыянін найперш здымае абутак і аддае пашану крыжу на бакавым алтары, сціпла падыходзячы да яго і цалуючы (ii. p. 210). Адным з найвялікшых святаў у нестарыянскім календары з’яўляецца “Дзень святога Крыжа”, які гучна адзначаецца 13 лістапада. Як адзначае кс. Баджэр, можна напісаць цэлыя тамы пра пашану, якую нестарыяне аддаюць крыжу, якімі б ерэтыкамі яны не з’яўляліся б.

Таксама і копты [2] не адстаюць у гэтай пабожнай практыцы. Іхняя пашана да крыжа настолькі вялікая, што яны, каб заўсёды мець крыж перад вачыма, наносяць яго сабе на рукі пры дапамозе татуіроўкі, і калі іх спытацца, ці з’яўляюцца яны хрысціянамі, у адказ можна адразу пабачыць іх руку, якая з’яўляецца сведчаннем іх веры (Pococke, Travels in Egypt, p. 370).

Пратэстанцкім місіянерам на Усходзе след было б аднавіць сваю пашану да гэтага святога сімвала збаўлення. Пакуль яны адмаўляюцца ад яго ў сваіх набажэнствах і высмейваюць яго пабожнае ўшанаванне на Усходзе і на Захадзе, да іх будзе пераходзіць вельмі мала людзей. У многіх месцах на Усходзе на іх глядзяць як на язычнікаў з адной толькі гэтай прычыны. Гэты факт адкрыта прызнаюць згаданыя вышэй аўтары.


[1] Хоць цяпер тытул “патрыярх” мае толькі ганаровае значэнне, чытачу варта ведаць, што сёння ў Каталіцкім Касцёле ёсць дванаццаць такіх іерархаў: гэта патрыярхі Канстантынопаля, Александрыі, мараніцкі патрыярх Антыёхіі, мелькіцкі патрыярх Антыёхіі, сірыйскі патрыярх Антыёхіі, лацінскі патрыярх Антыёхіі, патрыярхі Ерузалема, Вавілона, Заходняй Індыі, Лісабона, Кілікіі і Венецыі (Gerarchia Cattolica, 1873).

[2] Кажучы на працягу гэтай кнігі пра ўсходніх хрысціянаў, мы не палічылі патрэбным засяроджвацца на іх дактрынальных прынцыпах, акрамя некаторых асобных выпадкаў. Калі размова ідзе пра літургічныя цырымоніі і звычаі, паміж прававернымі і неправавернымі хрысціянамі амаль няма ніякай розніцы. Чытачу варта памятаць пра гэта, бо гэта дапаможа вырашыць многія цяжкасці.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар