№39. Рэліквіі

Старажытныя звычаі. — Падчас пераследу [1] вернікі прызвычаіліся пераўтвараць магілы, у якіх былі пахаваныя іх мучанікі, у алтары і прыносіць на іх Найсвяцейшую Ахвяру. Гэта даказваюць шматлікія сведчанні, таксама гэта можна пабачыць на ўласныя вочы, калі прадпрыняць падарожжа ў рымскія катакомбы і прачытаць надпісы на іх. “Пасярод гэтых шанаваных сімвалаў, — кажа Дажанкур (D’Agincourt, том 2, с. 86), — на вялікай мармуровай пліце, якая цалкам пакрывала саркафаг мучаніка, першыя служыцелі хрысціянскай малітвы падчас пераследу цэлебравалі таямніцы нашай веры”. Адсюль і назвы, якія Айцы старажытнасці надавалі такім месцам і якія потым перайшлі да касцёлаў, збудаваных на тых месцах альбо побач: memoria, confessio, martyrium, apostolia (Kozma, 21, note; Hierurgia, 496). Што праўда, назва “martyrium” не заўсёды надавалася толькі алтарам альбо касцёлам, збудаваным на месцы магілы мучаніка. Часам яе надавалі касцёлу, які быў узняты дзякуючы намаганням нейкай асобы. Канстанцін Вялікі назваў так касцёл, які ён пабудаваў у Ерузалеме і які быў помнікам і сведкам добрых адносінаў з хрысціянскім людам  (Riddle, Christian Antiquities, p. 704).

Цяперашняя практыка. — Калі ў Касцёле аднавіўся мір, звычай служыць Імшу на магілах мучанікаў паступова прыйшоў у заняпад і даў пачатак цяперашняму звычаю, паводле якога ў новакансэкраваныя алтары змяшчаюць нейкую частку цела мучаніка. Адсюль і паходзіць тая малітва, якую сёння кажа святар, калі напачатку Імшы кладзе рукі на святы алтар: “Молім Цябе, Пане, праз заслугі святых тваіх, чые рэліквіі тут спачываюць, і ўсіх святых будзь ласкавы дараваць мне ўсе грахі мае”.

Рэліквіі мучанікаў у алтар змяшчае біскуп, які яго кансэкруе, прычым, каб спраўдзіліся словы прыведзенай вышэй малітвы, гэта павінны быць менавіта рэліквіі некалькіх мучанікаў. Да рэліквій мучанікаў таксама зазвычай далучаюць рэліквіі таго святога, якому прысвечаны дадзены касцёл. Адносна гэтага след заўважыць, што часткі адзення святога ці мучаніка недастаткова: гэта павінна быць менавіта частка цела (Святая Кангрэгацыя абрадаў, 13 красавіка 1867 года, N. 5379; De Herdt, i. No. 178). Літургічныя аўтары кажуць, што ўпершыню гэтую практыку прадпісаў Папа Фелікс (ІІІ ст.) (Merati, Thesaur. Rit., 115). Перад змяшчэннем у алтар святыя рэліквіі найперш кладуць у невялікую скрыначку, зробленую са срэбра альбо іншага металу, і пішуць імёны святых, чые гэта рэліквіі, а таксама імя біскупа, які змясціў іх у алтар (Martinucci, vii. 306; Catalanus, Pontif. Roman., iii. 403). Змяшчэнне рэліквій у алтар суправаджаецца такімі словамі малітвы: “Пад алтаром Божым вы атрымалі месца, святыя Божыя; заступайцеся за нас перад Панам нашым Езусам Хрыстом”.

Змяшчэнне Святой Эўхарыстыі замест рэліквій. — У пэўныя часы, калі немагчыма было атрымаць рэліквіі, назіраўся вельмі цікавы звычай змяшчаць у алтар святую Гостыю. Дзюран, біскуп Манда, які памёр і быў пахаваны ў Рыме ў 1296 годзе, кажа ў сваім Rationale Divinorum (с. 54), што калі няма сапраўдных рэліквій, алтар нельга кансэкраваць без Найсвяцейшага Сакрамэнту. Той жа звычай захоўваўся ў Англіі, калі гэтая краіна яшчэ была каталіцкай. У 816 годзе было пастаноўлена наступнае: “Калі касцёл збудаваны, няхай яго кансэкруе дыяцэзіяльны біскуп; пасля гэтага няхай Эўхарыстыя, якую біскуп кансэкруе на той Імшы, будзе пакладзена ў невялікую скрыначку разам з рэліквіямі і няхай захоўваецца ў той жа базіліцы. Але калі немагчыма знайсці рэліквіі, то Эўхарыстыя паслужыць гэтай мэце як найлепей, бо гэта Цела і Кроў нашага Пана Езуса Хрыста” (Church of Our Fathers, vol. i. p. 41, note). Гэты звычай дзейнічаў у Англіі да XV стагоддзя (ibid.) У скрыначку з рэліквіямі таксама дадавалі тры зярняткі ладану, як робіцца і сёння (ibid. 42).

У іншых месцах быў распаўсюджаны звычай, калі разам са звычайнымі рэліквіямі захоўвалі часткі прыладаў, якімі мучанікам прычынялі пакуты, а таксама дакументы аб іх праслаўленні. У дакументах касцёла св. Паўла ў Лондане з 1295 года мы чытаем, што ў алтары з яшмы, акрамя рэліквій святых Філіпа і Андрэя і святых Дыянісія і Блажэя, захоўвалася частка сапраўднага крыжа, на якім быў укрыжаваны св. Андрэй (ibid. 254).

Ліст Найсвяцейшай Дзевы. — Кажуць, што ў Месіне, на Сіцыліі, ёсць алтар, у якім ляжыць найкаштоўнейшая рэліквія — ліст, напісаны самой Божай Маці. Гісторыя гэтага цікавага ліста наступная. Традыцыя перадае, што жыхары Месіны атрымалі дар веры наўпрост ад самога св. Пятра падчас яго рымскага пантыфікату. Іх катэдра з’яўляецца адной з найбольш велічных у Еўропе і вельмі шанаванай, бо яна была закладзена яшчэ ў 1197 годзе. У 42 годзе, паводле падання, Месіну наведаў св. Павел, і, знайшоўшы там людзей, адпаведна настроеных і ахвотных слухаць Божае слова, ён прамовіў да іх два казанні: адно пра Муку нашага Пана, а другое — пра вечнае дзявоцтва Найсвяцейшай Дзевы. Апошняе з іх мела настолькі вялікі эфект, што жыхары ў адзін голас закрычалі: “Наш горад трэба аддаць пад апеку Дзевы-Маці”. Далей гісторыя распавядае, што ў Ерузалем, дзе тады жыла Багародзіца, выправілася дэлегацыя на чале з самім св. Паўлам. Як толькі пасланцы сустрэліся з Найсвяцейшай Дзевай, тая напісала жыхарам Месіны адказ па-габрэйску, сцвярджаючы, што згодная задаволіць іх пабожныя просьбы. Пазней гэты ліст быў перакладзены на грэцкую мову св. Паўлам і перанесены ў старажытны касцёл Месіны, адкуль з часам яго перамясцілі ў цяперашняе месца захоўвання — галоўны алтар катэдральнага касцёла. Ніжэй мы прыводзім тэкст гэтага выбітнага дакумента:

“Марыя Дзева, дачка Яўхіма, найніжэйшая слуга Бога, Маці ўкрыжаванага Езуса Хрыста, з пакалення Юды, з дому Давіда, усяму народу Месіны прывітанне і благаслаўленне ад Бога, Айца ўсемагутнага. Афіцыйныя дакументы пацвярджаюць, што вы ў вялікай веры паслалі да нас пасланцоў. Пазнаўшы праз прапаведаванне апостала Паўла шлях праўды, вы вызнаеце, што наш Адзінародны Божы Сын з’яўляецца і Богам, і чалавекам і што пасля свайго ўваскрасення ён узышоў на неба. Таму мы благаслаўляем вас і ваш горад, які мы жадаем узяць пад сваю вечную апеку. — Год нашага Сына сорак другі; першы пятнаццацігадовы перыяд, 2 чэрвеня, 27 дзень па маладзіку, пяты дзень тыдня. З Ерузалема. Марыя Дзева, якая зацвердзіла напісанае вышэй” (Hemans, Catholic Italy, vol. ii. p. 511).

Каб устанавіць сапраўднасць гэтага ліста, адукаваны езуіт а. Мельхіёр Інхофер напісаў на лацінскай мове працу пад назвай “Epistolae Beatae Mariae Virginis ad Messanenses veritatis vindicata” (“Доказы сапраўднасці ліста ліст Благаслаўлёнай Дзевы Марыі да люду Месіны”) [2].

Выкарыстанне рэліквій на Усходзе. — Усходнія хрысціяне згаджаюцца з намі адносна практыкі выкарыстання святых рэліквій. Рэліквіі змяшчаюцца пад алтар у невялікай скрыначцы і карыстаюцца вялікай пашанай сярод вернікаў. Паводле рускай традыцыі [3], скрыначка змяшчаецца толькі тады, калі святыню кансэкруе сам арцыбіскуп, а не яго намеснік (Romanoff, 84). Нестарыянскія абрады забараняюць кансэкраваць любы алтар без рэліквій (Smith and Dwight, Travels in Armenia, ii. 236).


[1] Прынята лічыць, што ў раннія дні хрысціянства было дзесяць перыядаў пераследу хрысціянаў. Першы пачаўся пры Нероне, другі быў пры Даміцыяне, трэці быў пры Траяне, чацвёрты пры Марку Аўрэлію, пяты пры Северы, шосты пры Максіміне, сёмы пры Дэцыі і Гале, восьмы пры Валерыяне, дзявяты пры Клаўдыі і Аўрэліяне і дзясяты пры Дыяклецыяне і Максіміяне. Апошні здарыўся ў 303 годзе.

[2] Па загадзе Святой Кангрэгацыі Індэкса слова “сапраўднасць” было пазней заменена на “гіпотэза”.

[3] Руская Царква выкарыстоўвае тыя самыя цырымоніі і абрады, як і Грэцкая Царква, але ўжываецца славянская мова. Вядома, існуюць некаторыя невялікія адрозненні ў літургіі.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: antmoose (CC BY), цела св. Роберта Беларміна.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: