Кардынал Мюлер пакіне Кангрэгацыю дактрыны веры 2 ліпеня

У чутках пра немінучы сыход кардынала Герхарда Мюлера з пасады прэфекта Кангрэгацыі дактрыны веры няма нічога новага. Але на мінулым тыдні на радарах з’явілася новая гісторыя, якая з большага прайшла не заўважанай англамоўным светам. Аргентынскі часопіс Clarín апублікаваў артыкул, у якім ішла мова, што Папа Францішак плануе скарыстацца набліжэннем заканчэння пяцігадовага мандата кардынала Мюлера, каб звольніць яго. Калі Мюлер не будзе стаяць на шляху, кажа Clarín, “шлях аднаўлення апошняй фазы пантыфікату Хорхе Бергольё, якому ў снежні споўніцца 81 год, будзе адкрыты”.

Сёння з’явіліся новыя паведамленні, якія пацвярджаюць гісторыю Clarín, хоць і без дадатковых падрабязнасцяў. Яны з’явіліся ў Corrispondenza Romana і Rorate Caeli. Уласныя крыніцы, блізкія да Кангрэгацыі дактрыны веры, пацвердзілі OnePeterFive, што гэтыя паведамленні праўдзівыя: кардынал Мюлер пакіне пасаду прэфекта Кангрэгацыя дактрыны веры ў нядзелю, 2 ліпеня.

Цікава, што Rorate вырашыла абазначыць агульную ролю Мюлера ў гісторыі з Amoris Laetitia, як ролю апазіцыянера:

Кардынал Мюлер з’яўляецца адным з кардыналаў, які імкнуўся інтэрпрэтаваць Amoris Laetitia згодна з герменеўтыкай неразрыўнасці з Традыцыяй Касцёла. Гэтага было дастаткова, каб паставіць яго сярод крытыкаў новага курсу, які праводзіць Папа Бергольё.

Гэта праўда, што Мюлер вырашыў разглядаць паслясінадальную апостальскую адгартацыю праз ружовыя акуляры. У студзеньскім інтэрв’ю з італьянскім тэлеканалам TGCOM24 нямецкі кардынал сказаў, што “Amoris Laetitia вельмі ясная ў сваім вучэнні і што [у ёй] мы можам інтэрпрэтаваць [sic] усё вучэнне Езуса наконт сужэнства, усё вучэнне Касцёла ў 2000 гадах гісторыі”. З гэтым не маглі пагадзіцца тыя, хто бачыць Камунію для разведзеных і паўторна жанатых асобаў, незалежна ад іх пакаяння, як новы і асобны шлях для Касцёла.

Але ў тым самым інтэрв’ю ён таксама адкрыта крытыкаваў dubia, ясна кажучы, што AL не стварае небяспекі для веры:

Кардынал Мюлер таксама сказаў, што ён здзіўлены, што ліст чатырох кардыналаў да Папы, у якім знаходзіліся dubia наконт Amoris Laetitia, апублікавалі. “Мне не падабаецца гэта”, — сказаў ён. Паводле Мюлера, зусім не прыстоіць амаль прымушаць Папу адказваць “так” альбо “не” на dubia, асабліва таму што “не існуе небяспекі для веры”, якая ў іншым выпадку патрабавала б братэрскага выпраўлення. Таму такое выпраўленне Папы “выдаецца мне вельмі далёкім”, сказаў прэфект. Ён таксама лічыць няправільным тое, што такія рэчы абмяркоўваюцца “публічна”.

Такім чынам, Мюлер зрабіўся выпадковым саюзнікам цяперашняй схемы ўвядзення Amoris Laetitia і моцна ўдарыў па чатырох кардыналах і іх dubia. Да яго ставіліся надзвычай кепска, улічваючы важнасць і цэнтральны характар яго пасады прэфекта Кангрэгацыі дактрыны веры. На дактрынальную рэцэнзію яму далі не фінальны тэкст Amoris Laetitia, а значна менш праблемную версію чарнавіка. І нават тады, як Мюлер сказаў пэўнаму вышэйшаму супрацоўніку, Кангрэгацыя “падала шмат, шмат правак, і ніводная з іх не была прынятая”. Раней у гэтым годзе Папа прымусіў яго звольніць траіх са сваіх найбольш давераных святароў з Кангрэгацыі без тлумачэння канкрэтнай прычыны. Папа Францішак і ягоныя давераныя дарадчыкі, якім было дазволена абыходзіцца з ім непаважліва, публічна ставілі яго ў непрыстойнае становішча:

Самога Мюлера Францішак і яго найбліжэйшыя дарадчыкі часта не паважаюць і абыходзяць бокам. У студзені 2014 года кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга, член найбліжэйшага кола Францішка, выказаў адкрытую пагарду да таго факту, што Мюлер адмаўляе ў святой Камуніі разведзеным і паўторна жанатым асобам, кажучы, што прэфект “думае толькі чорна-белымі тэрмінамі” і што насамрэч “свет не такі”. Арцыбіскуп Віктар Фернандэс, іншы блізкі сябра Францішка, які лічыцца галоўным патаемным аўтарам Amoris Laetitia, даў у маі 2015 года інтэрв’ю, якое было ўспрынята як наўпроставая атака на заявы, зробленыя прэфектам Кангрэгацыі дактрыны веры. У маі гэтага года Майка Хіксан паведамляла, што “Карлас Асора, арцыбіскуп Мадрыда, Іспанія, забараніў кардыналу Герхарду Мюлеру прэзентаваць сваю новую кнігу пра надзею ў каталіцкім універсітэце Сан-Дамаса, таму што гэтая кніга, як сцвярджае Асора, накіраваная супраць Папы“. У снежні Kathpress.at, афіцыйны орган аўстрыйскай біскупскай канферэнцыі пад кіраўніцтвам папскага саюзніка кардынала Крыстафа Шонбарна, адрэдагаваў інтэрв’ю з Мюлерам так, што некаторыя з яго найважнейшых рэплік наконт Amoris Laetitia засталіся ў абрэзках. Шматразова Францішак даваў зразумець, што ў справах тэалогіі ён аддае перавагу і нават паважае кардынала Вальтэра Каспера, так што адкрыта неартадаксальны іерарх нават стаў вядомы як “папскі тэолаг”.

У маім каментары ад 11 студзеня 2017 года я пісаў пра “атмасферу страху” ў Ватыкане і пра страх таго, што за многімі, хто працуе ў Ватыкане, сочаць у стылі КДБ. Паралельна я згадваў, што “ватыканскія мабільныя тэлефоны і адрасы электроннай пошты карыстаюцца абсалютным падазрэннем, а таксама пачынаюць з’яўляцца паведамленні супрацоўнікаў, якіх паціху звальнялі з кангрэгацый накшталт Кангрэгацыі дактрыны веры за злачынную згоду з супрацівам супраць Amoris Laetitia“. Я асабіста размаўляў з людзьмі, якія чулі выпадковыя гукі запісаў тэлефонных званкоў, размаўляючы з ватыканскімі крыніцамі, альбо з людзьмі, якім казалі, што не трэба абмяркоўваць рэчы па тэлефоне. Я таксама распавядаў пра гісторыі знявагаў, запісаныя каталіцкімі журналістамі, а таксама пра заявы ватыканскага карэспандэнта Эдварда Пентына адносна “палітычных маніпуляцый, падману і паклёпаў, якія адбываюцца за сценамі Ватыкана”. У маі было апублікавана паведамленне дэкана Калегіі кардыналаў да кардыналаў, якія жывуць у Рыме, дзе гучаў заклік захаваць “шляхетную традыцыю”, якая прадпісвае ўсім кардыналам, што жывуць у вечным горадзе, “інфармаваць Святога Айца праз Дзяржсакратарыят наконт тэрмінаў адсутнасці ў Рыме і адрасу свайго прабывання”. Яшчэ пазней я чуў пакуль не пацверджаныя паведамленні пра яшчэ больш драконаўскія паліцэйскія працэдуры: неаб’яўленыя рэйды па офісах і доўгія размовы/допыты супрацоўнікаў.

Крыніцы, блізкія да кардынала Мюлера, ужо перадалі нам, што агульным перакананнем кардынала было тое, што ён зможа зрабіць больш дабра знутры, чым звонку. Ён таксама непакоіўся пра тое, кім яго заменяць. (У гісторыі Clarín у якасці магчымага кандыдата прапануецца кардынал Шон О’Мэлі; іншыя лічаць, што выбраць могуць кардынала Крыстафа Шонбарна, бо сам Папа вырашыў, што той будзе інтэрпрэтаваць Amoris Laetitia).

Але застаецца пытанне, чаго добрага хацеў дамагчыся Мюлер, калі яму актыўна перашкаджалі, а сам ён баяўся заняць цвёрдую і адназначную пазіцыю. Як я пісаў у студзені, кардынал праяўляў сімптомы стакгольмскага сіндрому:

Ясна, што разыходжанні ў практыцы, якія прымаюцца рознымі біскупамі ва ўсім свеце, Папа, які сам пацвярджае, што святую Камунію можна у пэўных абставінах удзяляць разведзеным і паўторна жанатым асобам, а таксама афіцыйныя інтэпрэтатары адгартацыі, якія імкнуцца выдаць яе за “абавязковую для веры”, сведчаць пра тое, што мы сутыкнуліся прынамсі з “раздзяленнем тэорыі і практыкі веры”. Калі гэта сапраўды “хрысталагічная ерась”, як казаў сам Мюлер, то гэта ў любым выпадку з’яўляецца небяспекай для веры.

Праясніўшы гэтыя рэчы, нельга не прыйсці да пэўных высноваў. Калі кардынал Мюлер думае, што можа супрацьстаяць цемры там, дзе ён стаіць, стараючыся затаптаць агонь незадаволенасці, раздуты dubia, з сярэдзіны ватыканскага апарату пры дапамозе мяккага і дыпламатычнага падыходу, то ён сур’ёзна памыляецца. А калі ж яму кажуць, што казаць, і калі ён жадае выконваць гэта (прыгадайце падобныя паведамленні пра тое, што мансіньёр Пінта з Рымскай Роты атрымаў загад Папы накінуцца на чатырох кардыналаў), то яму немагчыма давяраць. І атрымліваецца, што ён пачаў нейкім чынам атаясамліваць сябе з тымі, хто па сутнасці ўтрымлівае яго ў закладніках на ягонай ўсё больш бескарыснай пасадзе.

У той жа час я цытаваў артыкул Джона Алена ў Crux, у пацвярджэнне таго, якім чынам Францішак спраўляецца з персаналам:

Па сутнасці, падыход Папы Францішка да цяжкога выбару персаналу заключаецца ў тым, каб пакідаць людзей на месцах, у той жа час давяраючы сапраўдную адказнасць камусьці іншаму і робячы афіцыйнага супрацоўніка калі не зусім бескарысным, то прынамсі менш рашучым.

Але сядзець на плоце — гэта не тое самае, што займаць чыйсьці бок. Шэрасць у гэтым выпадку не дапамагла. Мюлер супраціўляўся Францішку роўна настолькі, каб зрабіцца праблемай, і не жадаў займаць цвёрдай пазіцыі роўна настолькі, каб страціць давер тых, хто хацеў бачыць у ім крыніцу надзеі і галоўнага абаронцу вучэння Касцёла.

Стараючыся быць карысным для абодвух бакоў дыскусіі, ён зрабіўся бескарысным і для тых, і для гэтых. Цяпер ён сыходзіць, ніводнага разу не выкарыстаўшы сваю вагу і аўтарытэт, каб сказаць тое, што ён павінен быў сказаць: стаць з чатырма кардыналамі і безліччу безыменных каталікоў і любым коштам выбраць Хрыста.

Раніцай я размаўляў пра гэтую гісторыю з Майкай Хіксан, і яна прапанавала смутную перспектыву. “З гэтага моманту, — сказала яна мне, — дзе б ён ні апынуўся, людзі спытаюцца ў яго: “Але што зрабіў ты? Ты быў там, дык чаму ты нічога не сказаў?”

“Для немцаў, — кажа яна, маючы на ўвазе пачуццё, якое ўсё яшчэ захоўвае нямецкі народ з-за адчування, што яны недастаткова супраціўляліся жорсткасці нацыстаў, — гэта штосьці, з чым мы маем справу ўжо шэсцьдзесят гадоў”.

Крыніцы, набліжаныя да кардынала Мюлера, сведчаць пра тое, што ягонае выдаленне з пасады, на якой ён адчуваў сябе абавязаным працаваць у еднасці з Папам, можа фактычна даць яму большую свабоду ў сваёй ацэнцы цяперашняга крызісу.

Я спадзяюся, што гэта якраз той выпадак. І я спадзяюся, што яшчэ не позна.


Аўтар: Steve Skojec
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыйнае фота: OnePeterFive

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі OnePeterFive.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: