Калі рэлігія накладае на сваіх паслядоўнікаў большыя патрабаванні, яна павялічвае іх адданасць.

На сённяшні дзень прыпадае ўрачыстасць святых Пятра і Паўла — адно з нешматлікіх святаў, якое ў Брытаніі ўсё яшчэ патрабуе абавязковага ўдзелу ў святой Імшы. Калі не лічыць нядзеляў, вядома.

Цягам апошніх дзесяцігоддзяў біскупскія канферэнцыі зменшылі колькасць такіх дзён, пераносячы такія вялікія святы, як Аб’яўленне Пана, Унебаўшэсце Пана і Божае Цела, на нядзелі, у спадзяванні, што касцёльнае жыццё стане больш зручным для вернікаў.

“Колькі людзей у сучасным свеце мае час на ўдзел у Імшы ў будні дзень? — думаюць біскупы. — Калі мы перанясем абавязак на нядзелю, больш людзей прыйдзе ў касцёлы і верагоднасць таго, што яны адпадуць ад веры, зменшыцца”.

Праблема ў тым, што гэта наўрад ці працуе. Фактычна, гэта хутчэй працуе наадварот.

У 1972 годзе сацыёлаг Дзін Келі апублікаваў рэвалюцыйную кнігу “Why Conservative Churches are Growing” (“Чаму растуць кансерватыўныя касцёлы”). Ён сцвярджае, што тыя дэнамінацыі, якія накладаюць на сваіх паслядоўнікаў большыя патрабаванні, натхняюць іх на большую адданасць. Менавіта так, тлумачыць ён, выжываюць больш кансерватыўныя касцёлы, альбо прынамсі лічба іх вернікаў спадае больш павольна, тады як ліберальныя дэнамінацыі разбураюцца.

Праз сорак гадоў з гэтым аргументам цяжка спрачацца. Касцёл Англіі, які прайшоў праз хуткую тэалагічную лібералізацыю (яшчэ адзін спосаб зрабіць веру менш патрабавальнай), спазнаў аналагічна хуткі спад у колькасці вернікаў. Тым часам Каталіцкі Касцёл у Брытаніі захаваў колькасць сваіх вернікаў на адносна тым жа ўзроўні толькі дзякуючы іміграцыі.

Іншы сацыёлаг Лорэнс Аянакон ў 1994 годзе сцвярджаў, што больш патрабавальныя касцёлы не адкідваюць людзей, а “павышаюць агульны ўзровень адданасці, павялічваюць сярэдні паказчык наведвальнасці і пашыраюць агульную выгоду прыналежнасці да іх”.

Вывядзенне людзей са сферы штодзённасці і патрабаванне ад іх ахвяры, нават калі ахвярай з’яўляецца толькі іхні час, сумарна павышае іх дабрабыт, таму што прыводзіць іх у супольнасць іншых адданых вернікаў.

Здаецца, біскупскія канферэнцыі Англіі і Уэльса таксама пачынаюць гэта разумець.

У 2011 годзе біскупы вярнулі патрабаванне ўстрымлівацца ад мяса ў пятніцы, кажучы ў сваёй заяве: “Біскупы жадаюць зноў устанавіць практыку пятнічнага пакаяння ў жыцці вернікаў як ясную і відочную рысу іх уласнай каталіцкай ідэнтычнасці. Яны прызнаюць, што найлепшыя звычкі набываюцца ў межах супольных пастановаў і супольнага сведчання. Важна, каб вернікі з’ядналіся ў супольным адзначэнні пятнічнага пакаяння”.

Ці ж могуць каталікі выразіць сваю ідэнтычнасць лепш, чым наведваннем Імшы?

Патрабаванне ад вернікаў выдзеліць час у вялікае свята, каб сабрацца разам у калектыўным акце малітвы, умацоўвае сувязі супольнасці і робіць каталіцкую веру больш важнай часткай іхняга жыцця. Гэта не толькі духоўныя, але і сацыяльныя выгоды.

Магчыма, аднойчы брытанскія біскупы перанясуць такія святы, як Божае Цела, Унебаўшэсце Пана і Аб’яўленне Пана, назад на свае сапраўдныя даты. Калі яны зробяць так, гэта будзе вельмі мудрым рашэннем.


Аўтар: Nick Hallett
Крыніца: Catholic Herald
Ілюстрацыйнае фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі Catholic Herald.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар