Алтар на Усходзе

Дысцыпліна Усходняга Касцёла адносна алтароў не вельмі адрозніваецца ад нашай. Іхнія алтары таксама мусяць быць каменныя. Аднак, калі сталага алтара няма, яны мусяць служыць Імшу на спецыяльнай тканіне, якая называецца антымінсам, а ў выпадку крайняй патрэбы — на старонцы Евангелля.

Антымінс. — Хоць гэтае слова і пішуць праз “і”, яно адназначна паходзіць ад словаў “анты” — замест, і “mensa” — стол, алтар. На Усходзе да антымінсаў ставяцца з вялікай пашанай. Зазвычай яны зробленыя з шоўку, але ў некаторых выпадках выкарыстоўваюць таксама лён па прыкладзе карпаралаў. Антымінсы кансэкруюцца з урачыстымі цырымоніямі. У іх зашываюцца рэліквіі з духмянай смалою, а таксама на іх выліваецца святы алей. Затым на іх сем дзён запар цэлебруецца святая Эўхарыстыя, і тады яны становяцца цалкам кансэкраванымі. Далей на іх зазвычай вышываецца дата кансэкрацыі і імя таго, хто іх кансэкраваў (Neale, Holy Eastern Church, vol. i. p. 186; Hierurgia, 504; Goar, Euchol. Graec., 653). Часта на антымінсах знаходзіцца выява сцэны пахавання нашага Пана Юзафам з Арыматэі і святымі жанчынамі (Romanoff, Rites and Customs of the Greco-Russian Church, pp. 84, 85). Дысцыпліна Рускай Царквы адносна гэтых святых тканін такая суровая, што ніводная царква не можа быць кансэкраваная без іх. Калі антымінсы не ўжываюцца, іх складаюць у шаўковую тканіну, якая называецца ілітон (ibid.) У Сірыі пры неабходнасці замест антымінсаў выкарыстоўваюць драўляныя пліткі, якія называюцца Mensae. Яны ўжываюць іх і тады, калі ім захочацца, хоць зазвычай яны маюць доступ да кансэкраваных алтароў (Neale, 187).

Абстаноўка алтара на Усходзе

Як і мы, усходнія хрысціяне выкарыстоўваюць тры абрусы. Вось як апісваецца працэс апранання алтара: “У кутах менсы кладуць чатыры невялікія кавалкі тканіны, якія сімвалізуюць чатырох евангелістаў і якія ўпрыгожаны іх адпаведнымі эмблемамі”. Над імі сцелюць шаўковую катасарку, якая мае чатыры шнуркі альбо кутасікі на канцах. А ўжо на яе кладзецца верхні абрус, зазвычай выраблены крыжыкамі” (Neale, i. p. 187). Гор (Euchol. Graec., p. 849) згаджаецца з Нілам наконт колькасці абрусоў, але называе яшчэ адзін — ілітон, якога няма ў Ніла.

Згодна з рускімі абрадамі, алтар найперш накрываюць белай льняной тканінай, зробленай у форме крыжа, чатыры канцы якой звісаюць да падлогі. Яна называецца срачыца — кашуля, якую наш Пан пакінуў у грабніцы пасля свайго слаўнага ўваскрасення (Romanoff, 85). Наступная тканіна называецца індзіцыя і азначае “Божую славу”. Трэцяя тканіна называецца ілітон. Яна нагадвае хусту, якая была павязана вакол галавы Пана і якую бачылі апосталы Пётр і Ян, калі яна ляжала “асобна, скручаная на іншым месцы” (Greco-Russian Church, p. 85).

Першы абрус, які накладаюць копты, мае чорны колер (mappa nigra). У іх, а ўвогуле ў большасці ўсходніх хрысціянаў, алтар заўсёды застаецца непакрытым па-за Імшою. Ён накрываецца толькі ў той час, калі перад ім стаіць святар, здзяйсняючы падрыхтоўку да літургіі (Renaudot, Liturg. Orient. Collectio, tom. i. 166).

У Вялікі Чацвер Рымскі Касцёл таксама здымае з алтара ўсе абрусы і ўпрыгожванні, пакідаючы толькі свечнікі і крыж. Так робяць на ўспамін пра распрананне нашага Пана падчас Яго горкай мукі (Bouvry, ii. 515).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Velopilger (PD)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар