1

Якраз зараз мы знаходзімся (прынамсі, у паўночным паўшар’і) на парозе лета, а таксама ўсіх вандровак і іншых заняткаў на свежым паветры, якія лета робіць магчымымі. Таму здаецца карысным абмеркаваць феномен Імшаў на адкрытым паветры, якія, калі ўжо так казаць, усё набіраюць і набіраюць папулярнасць.

Відавочна, для таго, каб праводзіць Імшу на свежым паветры, не заўсёды існуе добрая прычына. Як мы ведаем, кананічнае права вызначае нарматыўным месцам для малітвы кансэкраваны касцёл ці капліцу. З іншага боку, калі вы група каталікоў, якія збіраюцца ў даволі доўгую і дзікую вандроўку, і калі вы будзеце за кіламетры ад цывілізацыі (альбо нават за горы), альбо калі вы збіраецеся ў шматдзённую пілігрымку ад адной святыні да іншай, тады “ўзяць з сабою” Імшу будзе самым добрым выбарам.

Але яе ўсё ж трэба адслужыць карэктна, гэта значыць, з пашанай, з усімі неабходнымі элементамі абраду і без небяспекі прафанацыі. Кажучы коратка, калі ўжо рабіць Імшу на адкрытым паветры, яе трэба рабіць добра, а калі па нейкай прычыне гэта немагчыма, лепш яе не рабіць. Айцец П’ер Жан Дэ Смэт (Pierre-Jean De Smet) (1801—1873), сапраўдны апостал амерыканскага Захаду, аднойчы сказаў, што найбольш цяжкім для яго было тое, што ён шмат разоў не мог адслужыць Імшу з-за дрэнных умоваў.

Я зацікавіўся пытаннем Імшаў на адкрытым паветры з-за сваёй працы ў Каталіцкім каледжы Ваёмінга, які арганізуе праграму для лідэраў на адкрытым паветры (Outdoor Leadership Program), пасылаючы ўсіх першакурснікаў на тры тыдні ў падарожжа па дзікіх месцах са святарамі, якія спадарожнічаюць ім на працягу першых двух тыдняў. Іншыя вандроўкі, такія як зімняя тыднёвая вандроўка для першакурснікаў, таксама цешацца прысутнасцю і служэннем нашых штатных святароў. Сам я меў радасць удзельнічаць у 12-дзённым падарожжы некалькі гадоў таму ў кампаніі святара з Брацтва св. Пятра, які штодзённа служыў традыцыйную Імшу пасярод самых захапляльных пейзажаў, якія я калісьці бачыў. Мы нават зрабілі спяваную Імшу на свята Перамянення Пана (я браў з сабою ксеракопіі сталых і зменных частак Імшы).

Мая мэта — сабраць у адным артыкуле пэўную колькасць фотаздымкаў і парадаў наконт Імшаў на адкрытым паветры. На маю думку, аднойчы які-небудзь святар з традыцыйным светаўспрыманнем, які ў той жа час мае вялікі досвед падарожжаў з заплечнікам, мусіць напісаць поўную і добра ілюстраваную кнігу на гэтую тэму. А пакуль мы чакаем гэтай публікацыі, можам прынамсі паглядзець некалькі фотаздымкаў дзеля натхнення і цікавасці, а таксама прачытаць дзесяць парадаў, якімі са мною падзяліўся а. Энтані Суміч FSSP (Antony Sumich), калі я пісаў чарнавік гэтага артыкула.

Два адрозныя сцэнарыі

Пры цэлебрацыі Імшы на адкрытым паветры існуюць два адрозныя сцэнарыі:

  1. Сцэнарый “без абмежаванняў”, калі альбо з-за наяўнасці аўтатранспарту, альбо з-за прысутнасці вялікай колькасці людзей, якія могуць несці рэчы і не мусяць доўгі час заставацца на дварэ, можна арганізаваць Імшу адносна поўна, уключаючы выкарыстанне палаткі, пераноснага алтара, высокіх свечак, фігурак, крэслаў і гэтак далей, што ў выніку дасць нам часовую капліцу.
  2. Сцэнарый “з лёгкім заплечнікам”, калі ключавым з’яўляецца тое, каб рэчаў было мала і каб яны былі лёгкія, таму што святар і яго паплечнікі збіраюцца ў далёкія месцы і самі на сабе нясуць свае рэчы і ежу.

Вядома, гэтыя сцэнарыі не раздзеленыя тоўстай лініяй, і на практыцы існуе шмат варыянтаў і сітуацый. Імша ў традыцыйным абрадзе патрабуе больш рэчаў, чым Novus Ordo, але, як паказваюць фотаздымкі, існуюць па-майстарску выкананыя пераносныя версіі ўсяго на свеце. (Прапаную зазірнуць на сайт St. Joseph’s Apprentice, кампаніі, якая прапануе шмат мадэляў, напрыклад, “Алтар для дзікіх месцаў“. OnePeterFive размясціў цікавы артыкул са сталяром, які заснаваў гэтую кампанію.)

(1) Сцэнарый 1: часовая капліца

За многія гады сайт New Liturgical Movement (NLM) апублікаваў шмат фота з Імшаў на адкрытым паветры, якія падпадаюць пад першы сцэнарый. Найбольш вядомымі з’яўляюцца Імшы са штогадовай пілігрымкі ў Шартр.

2

3

4

Іншы цудоўны прыклад — гэта Імша, якую цэлебраваў а. Суміч на вяршыні гары Кіліманджара, найвышэйшым піку Афрыканскага кантынента. Айцу дапамагалі свецкія каталікі, якія неслі стол і іншыя рэчы, якія можна бачыць на фота.

5

6

7

Вось яшчэ адно фота з гэтай катэгорыі:

8

Іншыя добрыя прыклады можна знайсці тут і тут.

(2) Сцэнарый 2: збіраемся ў дзікія мясціны

NLM амаль не публікаваў фотаздымкаў з катэгорыі “зусім дзікія мясціны”. Выключэннем хіба будуць фатаграфіі з зімняга падарожжа Каталіцкага каледжа Ваёмінга, калі першакурснікі спаборнічалі адзін з адным у стварэнні найлепшага снежнага алтара і святыні ў студзені ў наваколлях парка Гранд-Цітон.

Вось некалькі фотаздымкаў з падарожжа выкладчыкаў каледжа, падчас якога функцыю капелана выконваў а. Тэрэнс Гордан FSSP:

9

10

11

12

13

(3) Гібрыдны варыянт

Сумесь двух сцэнарыяў будзе адбывацца тады, калі нехта спыніўся ў лагеры і мае пад рукой розныя рэчы, такія як стол для пікніка, альбо вялікія бярвёны ці дошкі, якія цяжка знайсці ў дзікіх мясцінах.

14

15

16
У парку ў Зімбабвэ
17
У парку Ёхо, Брытанская Калумбія
18
Імша пры –15 °С

19 20 21

Дзесяць парадаў

Айцец Суміч падзяліўся са мной наступнымі парадамі дзеля карысці святароў, якія чытаюць гэты артыкул.

Служэнне Імшы на адкрытым паветры патрабуе добрай арганізацыі і дакладнага планавання.

  1. Ранняя раніца — гэта найлепшы час, калі няма ветру, што вельмі важна. Праўда, аднойчы я цэлебраваў Імшу ў пустыні Наміб як раз перад узыходам сонца, калі са скогатам наляцеў вецер, і мне прыйшлося спыніць Імшу на чытанні!
  2. Для абрусоў спатрэбяцца альбо кліпсы, альбо камяні, каб іх не здзьмула.
  3. Свечы цяжка ўтрымаць запаленымі. На Кіліманджара добра спрацавалі ліхтары са свечкамі, але яшчэ ёсць, над чым працаваць.
  4. Калі браць два наборы літургічнага адзення, якое можна апранаць дзвюма бакамі, іх можна скласці ў адну сумку з зіплокам (увесь камплект!).
  5. Алтар, які я выкарыстоўваў на Кіліманджара быў фантастычны і дадаваў мне яшчэ 20-25 см да вышыні звычайнага складнога століка. Гэта дапамагае не нахіляцца, цэлебруючы Імшу. Але такі алтар можна выкарыстоўваць толькі тады, калі ёсць каму яго несці. У дзікіх месцах гэта можа быць надта цяжкім грузам, і прыдзецца канструяваць свой уласны алтар.
  6. Для гостый патрэбны цвёрды (але вельмі кампактны) і герметычны кантэйнер.
  7. Відавочна, Імшал павінен быць малы, але з надта малога Імшала часам вельмі цяжка чытаць.
  8. Рэчы будуць забруджвацца, але, калі скласці літургічнае адзенне і асабліва алтарныя абрусы з альбамі ў вельмі шчыльны стос, гэта МОЖА зберагчы іх ад моцнага забруджвання. Зіплокі — гэта фантастыка.
  9. У залежнасці ад колькасці, для гостый вельмі падыходзіць альбо маленькі цыборый, альбо піксіда (лац. pyxis).
  10. Тэарэтычна можна адслужыць Імшу і на марозе, але калі вада ў ампулцы замёрзне, у вас будуць праблемы. Трымаць рукі ў цяпле таксама цяжка, таму што пальцы аголеныя, а келіх можа быць вельмі халодны. Я бачыў фотаздымак Імшы на Паўночным полюсе на ледзяным алтары!

Досвед шматлікіх людзей, як бачна з гэтых фотаздымкаў, паказвае, што цэлебраваць святыя таямніцы ў глухмені з вялікім дбаннем, пашанай і ўвагай да дэталяў сапраўды магчыма. Я хачу падзякаваць усім святарам, якія робяць гэта добра і якія могуць паказаць іншым, як рабіць гэта добра.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: New Liturgical Movement
Фотаздымкі з арыгінальнага артыкула.

Пераклад зроблены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара. Першая публікацыя на Te igitur: 16.06.2016.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар