Што такое каталіцкае “навошта”?

Сёння падчас ранішняга шпацыру я слухаў аўдыёкнігу Саймана Сайнэка пад назвай “Пачніце з навошта“. Галоўны пасыл кнігі наступны: не так важна, што вы робіце ў тым ці іншым праекце альбо арганізацыі, як тое, навошта вы гэта робіце. “Навошта” — гэта вашая фундаментальная вера, ідэя і разуменне, якія фармуюць і натхняюць вашае дзеянне. Сайнэк сцвярджае, што ў бізнэсе найбольш паспяховыя фірмы маюць моцнае “навошта” і што гэта прыцягвае аднадумцаў. У якасці аднаго з прыкладаў ён кажа, што людзі купляюць камп’ютэры Apple не таму, што яны абавязкова нейкім чынам лепшыя за іншыя, а таму што Apple азначае штосьці для іх. Штосьці пра іх. Людзі, якія купляюць прадукты Apple, любяць хваліцца імі. Гэта штосьці кажа пра тое, хто яны. Як кажа Сайнэк, тыповай брэндавай заявай камп’ютэрнай кампаніі будзе:

Мы робім класныя камп’ютэры. Яны прыгожыя, простыя і зручнымі ў карыстанні. Хочаце набыць адзін?

Але заява Apple такая:

Усё, што мы робім, мы робім, верачы ў змену статус-кво. Мы верым у тое, што можна думаць іначай. Мы кідаем выклік статус-кво, ствараючы нашыя прадукты прыгожымі, простымі і зручнымі ў карыстанні. І ў нас атрымліваюцца класныя камп’ютэры. Хочаце набыць адзін?

Прадукт Apple — гэта не проста камп’ютэр, тэлефон альбо MP3-плэер. Гэта стыль жыцця.

Якое дачыненне гэта мае да каталіцтва?

Ну, каталіцтва — гэта, напэўна, значна больш, чым проста кампанія, брэнд альбо арганізацыя. Але яно мае супольныя атрыбуты з усімі гэтымі рэчамі. Яно мае унікальную ідэнтычнасць. Яно мае распазнавальныя характэрныя рысы. Яно мае сваю місію. Яно мае вельмі яснае “навошта”. Калі б мне трэба было яго коратка апісаць, як у вышэй пададзеным прыкладзе, я б сказаў:

Мы існуем, таму што Езус Хрыстус, адзінародны Божы Сын, прыняў цела ад Дзевы Марыі, каб памерці за нашыя грахі, перамагчы смерць і заснаваць у гэтым свеце сродкі збаўлення, каб мы маглі пазнаваць Бога, любіць Яго, служыць Яму ў гэтым жыцці і мець шчасце з Ім у жыцці наступным.

Мы верым, што Бог любіць кожнага чалавека і вельмі жадае, каб кожны стаў святым. Мы верым, што Ён даверыў нам місію прыводзіць гэтыя душы да Яго, і таму кожная катэдра, якую мы будуем, кожны твор мастацтва, над якім мы працуем, кожны такт сакральнай музыкі, які мы складаем для Імшы, кожная тэалагічная праца, якую мы пішам, кожная літургія, якую мы здзяйсняем, і кожны сакрамэнт, які мы ўдзяляем, не маюць ніякай іншай мэты, акрамя наступнай: заахвочваць людзей разважаць аб велічы нашага Стварыцеля і натхняць іх жыць такім жыццём, якое дазволіць ім быць з Ім у небе. Мы не дадзім сабе адпачынку, пакуль не занясем Добрую Навіну ў кожны куточак свету, таму што мы ведаем, што па-за гэтай установай, якую Ён стварыў і з’яднаў з сабою, ніводзін чалавек не можа быць збаўлены.

Хочаце далучыцца да нас?

Магчыма, гэты тэкст можна было б крыху падправіць, але для чарнавіка ён вельмі добры. І я асмелюся заявіць вам, што ўсе праблемы, з якімі мы сёння сустракаемся ў Касцёле, — усе. да. адной. — можна звесці да страты гэтага “навошта”. Ці то з-за страху, ці з-за збянтэжанасці, нязгоды, пачуцця марнасці альбо з-за шчырай пагарды перакананнямі, пералічанымі вышэй, “кіраўнікі” нашай “кампаніі” больше не вераць у тое, што яны прадаюць, і таму яны страцілі здольнасць натхняць іншых, каб тыя далучаліся да іх.

З іншага боку, калі дазволіце мне далей трымацца бізнэс-метафар, існуе невялікая група “служачых” і нават пара людзей у топ-мэнэджмэнце, якія так і не страцілі свайго захаплення гэтым “навошта” каталіцкай веры. Яны жывуць ім. Яны дыхаюць ім. І яны ведаюць, што зрабіць кампанію вялікай можна толькі тады, калі кожны член арганізацыі зноў прыме гэтае “навошта” і падзеліцца сваім захапленнем са светам.

Мае сябры, гэты мы. Вы. Я. Кардыналы, якія напісалі dubia. Гучныя, але адзінокія галасы каталіцкіх СМІ і блогаў, якія выступаюць супраць таго, што робіцца ў Касцёле. 45 тэолагаў. Безліч святароў, якія кожны дзень змагаюцца ў акопе канфесіянала і амбоны, каб утрымаць тое, у што мы верым і чаму гэтым ганарымся. Сем’і, якія заводзяць дзяцей і аддаюць іх Богу, каб яны сталі святарамі і манахінямі. Сужэнцы, якія супраць сваёй волі трапілі ў пастку разводу, якія тым не менш застаюцца вернымі сваім абяцанням і шостаму прыказанню і якія ахвяруюць свае цяжкасці і пакуты нашаму Пану, не зважаючы на тых, хто кажа ім, што гэта таго не варта.

Нас вельмі мала, але ў нас ёсць штосьці, чаго няма ў іх: мы адчуваем да сваёй справы такое захапленне, якое можа быць толькі тады, калі мы ведаем, што гэтая справа падрыхтавана для нас на вышынях. Мы ўжо маем упэўненасць у перамозе. Мы проста мусім працягваць яе выбіваць, пакуль нарэшце не здабудзем яе.

І тут я пераходжу да наступнай думкі.

Ніхто не гуляе, каб прайграць

Я зноў звярнуся да Сайнэка:

У каледжы ў маім пакоі жыў мой сябра па імені Говард Ерухімовіц, які цяпер працуе адвакатам у Чыкага. З ранняга ўзросту Говард спазнаў вельмі простае людское жаданне. Сталеючы ў прыгарадзе Нью-Ёрка, ён гуляў у бейсбол у найгоршай камандзе “Little League”. Яны прайгравалі амаль кожную сваю гульню, прычым з немалым лікам. Перыядычна іх проста знішчалі. Іхні трэнер быў добрым чалавекам і хацеў дадаць маладым спартсменам крыху пазітыўнага настрою. Пасля чарговай буйной паразы трэнер сабраў каманду і нагадаў ім: “Няважна, прайграеце вы ці перамагаеце; важна тое, як вы гуляеце”. Тады малады Говард падняў руку і спытаўся: “Тады навошта ўвогуле весці лік?”

З маладога ўзросту Говард пазнаёміўся з нармальным чалавечым жаданнем перамагаць. Ніхто не любіць прайграваць, і большасць здаровых людзей пражывае сваё жыццё, каб перамагаць.

Ці часта вы адчувалі сябе падобна?

Калі вы чытаеце, што чацвёра кардыналаў практычна просяць крошак з папскага стала; калі вы бачыце, што яны пісьмова пацвярджаюць “сваю абсалютную адданасць і нашую безумоўную любоў да Пасаду Пятра і да Вашай дастойнай асобы, у якой мы прызнаём Наступніка Пятра і Вікарыя Езуса”, тады як ён нават не ўдзеліць ім часу; калі людзі робяць вам заўвагі за надта крытычнае стаўленне да таго, што адбываецца, не прызнаючы таго, што менавіта тое і ёсць праблема, а вы проста паказваеце яе, ці не адчуваеце вы тады, нібыта вам кажуць, што важна толькі тое, як вы гуляеце ў гульню?

Вядома, у адрозненне ад бізнэсу альбо ад спорту, каталіцтва дае нам парады, якія пэўным чынам супярэчаць нашай спаборніцкай натуры. “Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі”. Альбо: “Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”. “Літанія пакоры”, пра якую я пісаў раней, б’е проста ў нашую пыху. Мы чытаем гэтую малітву радок за радком, і ў нас прабуджаюцца сумненні: “Праўда? Я праўда хачу перастаць жадаць, каб мяне цанілі і любілі? Я праўда хачу, каб іншыя мелі перавагу перада мною? Я праўда хачу, каб іншыя былі больш святымі за мяне??” Калі мы разважаем над гэтым выклікамі нашаму эга, мы можам прыгадаць знакамітую цытату былой зоркі NBA Чарльза Барклі: “Пакорныя могуць атрымаць зямлю ў спадчыну, але яны ніколі не атрымаюць ад мяне мяч”.

Змаганне, спаборнічанне, імкненне да перамогі закладзена ў нашай прыродзе. Духоўнае ж жыццё прыбірае перашкоды, якія ўтрымліваюць нас ад атрымання перамогі. У адрозненне ад павышэння па працы, ад перамогі ў шахматным турніры, ад атрымання ўзнагароды, збаўленне — гэта не штосьці, у накірунку чаго мы можам проста працаваць, пакуль не атрымаем яго. Дзеля яго няможна трэніравацца, як дзеля марафону. Мы не можам атрымаць акадэмічную ступень, якая адчыніць нам брамы неба. Немагчыма так рэалізаваць свае таленты, праліць столькі крыві, поту ці слёз, каб прыйсці туды. Адзіная дарога да неба ляжыць праз крыж і праз Божую ласку. Мы мусім зрабіць сваю частку, але мы не можам абысціся без Яго. Таму пераможная пастава духоўнага чэмпіёна такая: “Ён павінен павялічвацца, а я павінен памяншацца”.

Гэта не азначае, што мы павінны прытаптаць полымя спаборніцтва ў нашых сэрцах. Нам проста трэба нанова абдумаць, як працуюць амбіцыі. Пасланне да Эфесцаў (6:12) кажа нам пра ўнутраную барацьбу: не пра нейкую апатычную капітуляцыю ў той час, як нас нясе Божым патокам. “Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці”. І якія ж правілы ўдзелу ў гэтай барацьбе? Больш поўнае чытанне Эф 6 (10-20) дае нам ясную карціну:

Нарэшце, мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай. Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць подступам д’ябла. Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці. Дзеля гэтага прыміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць. Таму станьце, падперазаўшы сцёгны свае праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога; і шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць слова Божае. Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе. А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых і за мяне, каб мне дадзена было слова, і я мог адкрыць вусны свае, і адважна абвяшчаць таямніцу Евангелля, дзеля якога я стаў пасланнікам у кайданах, каб смела прапаведаваў яго, як і належыць.

Гэта сапраўдная барацьба. А ў барацьбе змагаюцца, каб перамагчы.

Патрабуюцца мужчыны для небяспечнага падарожжа

У шостым раздзеле сваёй кнігі Сайнэк распавядае гісторыю Эрнэста Шэклтана, англійскага даследчыка, які ў пачатку ХХ стагоддзя выпраўляўся ў антарктычную экспедыцыю. Шэклтан ведаў, што гэта будзе падступнае падарожжа на 1700 міль вакол самай паўднёвай часткі сушы. Аднак ягоная экспедыцыя прайшла яшчэ горш, чым ён чакаў:

5 снежня 1914 года Шэклтан і яго каманда з 27 людзей выйшла ў накірунку мора Уэдэла на 350-тонным караблі “Энд’юранс” (“Вынослівасць”), збудаваным на грошы прыватных ахвярадаўцаў, Брытанскага ўрада і Каралеўскага геаграфічнага таварыства. У той час у Еўропе бушавала Першая сусветная вайна, і грошай не ставала. За сабачыя запрэжкі было ўплачана з ахвяраванняў англійскіх школьнікаў.

Але каманда карабля “Энд’юранс” так і не дасягнула мацерыковай часткі Антарктыды.

Усяго праз некалькі дзён, прайшоўшы астравы Паўднёвай Георгіі ў паўночнай Атлантыцы, карабель трапіў у кіламетры пакавага льду, і хутка быў схоплены ў пастку, бо зіма надыходзіла ранняя і вельмі лютая. Член каманды пісаў, што карабель засеў у ільдзіне, “як міндаль у кавалку ірыскі”. Шэклтан і яго каманда заставаліся ў водах Антарктыкі на працягу дзесяці месяцаў, а “Энд’юранс” паволі дрэйфаваў на поўнач, пакуль ціск ільдзінаў нарэшце не разбіў карабель. 21 лістапада 1915 года каманда назірала, як карабель апускаецца пад халодныя воды мора Уэдэла.

Апынуўшыся на ільдзіне, каманда “Энд’юранс” перасела на тры ратавальныя шлюпкі і высадзілася на невялікім востраве Мардвінава (востраве Элефант). Там Шэклтан пакінуў усю сваю каманду, акрамя пяці чалавек, і прадпрыняў небяспечнае падарожжа на 800 міль у бурнае мора, каб знайсці дапамогу. Дапамога ўсё ж знайшлася.

Аднак гісторыя пра “Энд’юранс” выдатная не самой экспедыцыяй, а тым, што цягам усяго гэтага суровага выпрабавання ніводзін чалавек не загінуў. Там не было бунтаў і гісторый пра тое, як людзі елі іншых людзей. Так сталася не дзякуючы ўдачы. Проста Шэклтан набраў адпаведных людзей. Гэта былі адпаведныя людзі для адпаведнай працы.

Як жа менавіта Шэклтан знайшоў гэтых людзей? Па аб’яве ў лонданскі Times. Тыповыя аб’явы аб працы патрабавалі ўменняў і досведу, але Шэклтан ведаў, якія людзі яму патрэбныя, і ён стараўся прамовіць да іх унутранага агню.

“Патрабуюцца мужчыны для небяспечнага падарожжа. Нізкі заробак, пранізлівы холад, доўгія месяцы ў поўнай цемры, пастаянная небяспека, шчаслівае вяртанне пад сумненнем. У выпадку поспеху павага і прызнанне”.

“На гэту працу адклікаліся толькі тыя людзі, — піша Сайнэк, — якія чыталі гэтую аб’яву і лічылі, што гэта гучыць цудоўна. Яны любілі непераадольныя цяжкасці. На аб’яву адгукнуліся тыя, хто ўмеў перамагаць. Шэклтан набраў толькі тых, хто верыў у тое ж, у што верыў ён сам”.

Выжываючы сярод непераадольных цяжкасцяў

Калі вы тут і калі вы чытаеце гэта, то гэта таму, што вы — чалавек Шэклтана, вы ацалелы. Вы адправіліся ў гэтае падарожжа, калі лодка Пятра праплывае небяспечна блізка ад мелкіх месцаў і бураў альбо захрасае ў ільдзінах, не таму, што вы не баіцеся небяспекі. Вы не сядзіце ў сваёй кабіне, хутка плывучы пад сонечным небам і захапляючыся ілюзіямі. Вы не бегаеце па палубе, гатовыя выкінуцца за борт, бо не можаце знесці думкі, што ваш капітан, якому вы даверыліся, завёў вас у небяспечныя воды.

Вы ведаеце, што цяжкасці непераадольныя, але вы верыце ў падарожжа. І таму, што вы верыце, вы знойдзеце шлях.

Бог не размяшчаў аб’яву ў газеце, каб знайсці вас. Аднак ён даў вам жыццё ў гэты неверагодны момант гісторыі. Ён паклікаў вас да каталіцкай веры. Ён даў вам інстынктыўнае адчуванне праўды і здольнасць адрозніваць праўду ад больш папулярных і суцяшальных ілюзій. Ён выйшаў і адшукаў мужчын і жанчын, якія мелі вочы, каб бачыць, і Ён адкрыў іх. І вы адказалі на гэты заклік, не зважаючы на рызыку, таму што вы верыце.

Хоць Сайнэк і не згадвае гэтага, Эрнэст Шэклтан так і не скончыў свае пошукі. Вярнуўшыся дадому з правальнай экспедыцыі 1914 года, ён паспрабаваў зноў у 1921 годзе, але памёр у дарозе ад сардэчнага прыступу.

Магчыма, многія з нас таксама не дажывуць і не ўбачаць адноўлены Касцёл. Насамрэч, ёсць верагоднасць, што гэтага не ўбачыць ніхто з нас. Ці азначае гэта, што мы павінны ўсё кінуць, адправіцца дадому і знайсці іншы, больш прыемны, мірны і бясстрэсавы спосаб праводзіць нашыя дні? Ці мог бы хто з нас зрабіць гэта, нават калі і хацеў бы? Ці маглі б мы тады жыць з сабою? Ці маглі б вы вярнуцца да бяскрыўднага існавання, нядбайна ігнаруючы тое, што магло б быць найважнейшай бітвай у гісторыі? Бітвай за самае сэрца Касцёла і за душы, дзеля збаўлення якіх Касцёл існуе?

У нас няма зразумелых прычын верыць, што мы пераможам. Але і змагаемся мы не проста за людскую ўстанову.

Мы будуем катэдру

Я выкарыстаю апошні прыклад з кнігі Сайнэка:

Паглядзіце на гісторыю пра двух муляраў. Вы падыходзіце да першага муляра і пытаецеся ў яго: “Табе падабаецца твая праца?” Ён глядзіць на вас і адказвае: “Я будую гэтую сцяну столькі, колькі сябе памятаю. Праца манатонная. Кожны дзень я працую пад пякучымі прамянямі сонца. Камяні цяжкія, і падымаць іх дзень за днём вельмі знясільвае. Я нават не ўпэўнены, што гэтая будоўля будзе скончана да маёй смерці. Але гэта праца. Мне плацяць грошы”. Вы дзякуеце яму за патрачаны час і ідзеце далей.

Праз дзесяць метраў вы падыходзіце да наступнага муляра. Вы задаеце яму тое самае пытанне: “Табе падабаецца твая праца?” Ён падымае вочы і адказвае: “Я люблю сваю працу. Я будую катэдру. Вядома, я працую над гэтай сцяной столькі, колькі сябе памятаю, і так, праца часам манатонная. Кожны дзень я працую пад пякучымі прамянямі сонца. Камяні цяжкія, і падымаць іх дзень за днём вельмі знясільвае. Я нават не ўпэўнены, што гэтая будоўля будзе скончана да маёй смерці. Але я будую катэдру“.

Абодва гэтыя муляры робяць тое самае; розніца ў тым, што адзін з іх адчувае мэту. Ён адчувае сябе часткай гэтага. Ён ідзе на працу, каб стацца часткай чагосьці большага, чым праца, якую ён выконвае. Проста адчуванне “навошта” цалкам змяняе ягоны погляд на працу. Яно робіць яго больш прадуктыўным і больш адданым. Калі першы муляр, магчыма, знойдзе новую працу з большым заробкам, то другі, натхнёны муляр будзе працаваць больш і нават адмовіцца ад лягчэйшай працы з большым заробкам, каб застацца і быць часткай чагосьці большага. Другі муляр не параўноўвае сябе з чалавекам, які вырабляе вітражы, альбо нават з архітэктарам. Яны працуюць разам, каб збудаваць катэдру. Менавіта гэтая сувязь стварае братэрскія адносіны. І гэтае братэрства і давер прыводзіць да поспеху. Людзі працуюць разам дзеля агульнай мэты. [вылучэнне дададзена]

Я шчыра прызнаюся, што большасць часу адчуваю сябе, як першы муляр. Мая версія наступная: “Я змагаўся ў гэтай барацьбе столькі, колькі сябе памятаю. Праца манатонная, а рэчы ніколі не змяняюцца. Кожны дзень я чытаю жудасныя гісторыі і мушу знаходзіць энергію, каб апісаць тое, што адбываецца, хоць я мог бы рабіць што-небудзь іншае. Увесь час людзі нападаюць на мяне за тое, што я стараюся рабіць добрую справу. Альбо яны прыходзяць да мяне і кажуць, што падумваюць пайсці з Касцёла, альбо хочуць ведаць, што ім рабіць цяпер, калі справы ідуць сапраўды кепска. А я не ведаю, што адказаць ім, бо я нават не ведаю, што павінен рабіць я. Я пастаянна думаю, што штосьці павінна змяніцца, але можа і не. Можа, Бог проста расцягне гэта на ўсё маё жыццё, і я ніколі не ўбачу, як справы пойдуць у лепшым кірунку. Часам гэтая цемра проста пужае. Але ў гэтую працу я ўклаў усё сваё жыццё. Дзякуючы ёй я аплачваю рахункі і кармлю сям’ю. Я не ведаю, што яшчэ можна рабіць у такой сітуацыі”.

Але крытычна важна памятаць, што насамрэч усе мы будуем катэдру. А гэта штосьці значыць. Калі гісторыя вашых часоў будзе напісана, людзі азірнуцца і ўбачаць, што былі і тыя, хто трымаўся. Хто дзень за днём рабіў працу, дакументуючы дзеянні ворагаў і супраціўляючыся тым, хто пашкодзіў Яго Містычнае Цела, як рак. Хтосьці працягваў навучаць сапраўднай веры. Хтосьці захаваў любоў да Бога, Яго Касцёла і да бясконцай колькасці душаў, якія звялі з правільнага шляху. Хтосьці, хто нягледзячы на спакусу роспачы і свае ўласныя шматлікія грахі, працягваў працаваць.

Вашыя малітвы, вашыя ахвяры, вашыя Імшы, вашыя ружанцы, вашыя высілкі — дзе б вы ні жылі і дзе б вы ні “прапаведавалі смела, як і належыць” — гэта камяні для катэдры, якую мы будуем. Гэта рэстаўрацыйная праца, і калісьці яна будзе скончана, нават калі вы не ўбачыце гэтага цягам свайго жыцця.

Радасць не быць галоўным

Калі ж разглядаць справу дэтальна, і я, і вы можам зрабіць не так і шмат. Мы не можам адрамантаваць тое, што зламалася ў нашай любімай веры. У нас няма ані сілы, ані сродкаў. Фактычна, асмелюся сказаць, як і казаў раней, найбольш верагодна, людскога рашэння не існуе ўвогуле.

Але Бог не звязаны людскімі сродкамі. Гэта Яго вера, Яго Касцёл, Яго Нявеста. Ён дазволіў ёй выцерпець вялікія пакуты, узяць удзел у Ягонай муцы, але Ён не дасць ёй загінуць пад ударамі ворагаў. Ён абяцаў нам, што брамы пякельныя не перамогуць, і хоць можа здавацца, што яна памерла, Ён падыме яе зноў, як і Ён сам уваскрос у першы слаўны Вялікдзень.

Калі вы падобныя да мяне, вы лёгка забываецеся, што вы не галоўны і што праца начальніка не для вас. Але вы і праўда не начальнік, таму будзьце спакойныя, бо Ён ужо сказаў нам, як трэба сябе паводзіць:

Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я (Ян 14:1-3).


Аўтар: Steve Skojec
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: Карабель “Энд’юранс” у ледзяной пастцы (1915).

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі 1Р5.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz