№37. Алтар (Б)

Сакральная сімволіка алтара. — Дакладная сімволіка алтара заключаецца ў тым, што ён указвае на Хрыста, нашага Пана, згодна са словамі, якія кажа св. Павел ў сваім першым пасланні да Карынцянаў: “Усе пілі той самы духоўны напой, бо пілі з духоўнай скалы, што спадарожнічала ім, а скалою быў Хрыстус” (Bouvry, ii. 222).

Правы і левы бок алтара. — Да XV стагоддзя левы і правы бок алтара вызначаўся паводле палажэння святара, які стаяў перад ім. Тая частка алтара, якая была насупраць правай рукі святара, называлася правай, а тая, што была насупраць левай рукі, называлася левай. Цяпер гэтыя абазначэнні змяніліся на супрацьлеглыя, бо цяпер бакі вызначаюцца адносна распяцця, а не адносна святара. Такім чынам, цяпер правы бок алтара знаходзіцца справа ад распяцця і называецца бокам Евангелля, а левы знаходзіцца злева ад распяцця і называецца бокам Паслання. Айцец Ле-Брун (Explication de la Messe, i. 171, note) піша, што гэтую змену каля 1488 года ініцыяваў біскуп італьянскай П’енцы Патрыцый, а Папа Пій V прыняў яе падчас свайго перагляду Імшала. Гэта варта мець на ўвазе, чытаючы, напрыклад, працы Дзюрана альбо Папы Інакенція ІІІ, напісаныя да гэтага часу, таму што яны заўсёды называюць левы бок алтара правым, бо так было прынята ў той час.

Такое правіла дзейнічае як падчас Імшы, так і па-за ёю, калі трэба правесці адрозненне бакоў алтара. Гэта, напрыклад, карысна пры апісанні абраду акраплення вадой, засыпання ладану ў кадзільніцу, а таксама акаджэння прадметаў.

Абрусы і абстаноўка алтара. — Кожны алтар, на якім складаецца Святая Ахвяра, абавязкова павінен быць накрыты трыма льнянымі абрусамі. Першыя два мусяць мець такія памеры, каб імі можна было накрыць усю паверхню алтара, а трэці, верхні, павінен накрываць першыя два і звісаць з абодвух бакоў да падлогі. Калі накрыць алтар трыма абрусамі немагчыма, дазваляецца ніжні скласці ўдвая. Перад выкарыстаннем абрусы павінен благаславіць біскуп альбо нехта іншы, каму біскуп гэта даручыў. Тры абрусы сімвалізуюць Найсвяцейшую Тройцу (Gavantus, p. 115), а таксама нагадваюць льняныя палотны, у якія было абвінута цела Пана ў грабніцы (Kozma, 32). Абрусы згадваюцца яшчэ ў чацвёртым стагоддзі: у той час іх распраўлялі на алтары толькі тады, калі з касцёла выйшлі катэхумэны, гэта значыць перад аферторыем.

Алтарныя карткі. — Дзеля большай зручнасці на алтары заўсёды вертыкальна стаяць тры вялікія карткі, з якіх святар можа чытаць пэўныя часткі Імшы. Што праўда, святар мусіць памятаць гэтыя тэксты, але паколькі памяць здраджвае нам якраз тады, калі мы найменш гэтага чакаем, разумна мець пэўныя тэксты перад сабою дзеля большай упэўненасці.

На баку Евангелля стаіць картка з урыўкам Евангелля паводле св. Яна. У цэнтры знаходзіцца картка з тэкстамі “Gloria” і “Credo”, а таксама ўсімі малітвамі, якія прамаўляюцца падчас аферторыя. Таксама на ёй жа змешчана малітва “Qui pridie” альбо пачатак Канона, малітвы кансэкрацыі, малітвы перад Камуніяй, а таксама апошняя малітва — “Placeat”. Картка, якая стаіць на баку Паслання, утрымлівае малітвы, што прамаўляюцца падчас налівання вады ў келіх і пры абмыванні пальцаў. Насамрэч патрэбная толькі цэнтральная картка, і толькі пра яе кажуць рубрыкі. Астатнія дзве былі ўведзеныя па традыцыі.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: