Кардынал Кафара просіць Францішка аб аўдыенцыі

Чацвёра кардыналаў жадаюць абмеркаваць з Францішкам наступствы Amoris Laetitia, а таксама свае пытанні, якія яны накіравалі яму ў верасні мінулага года. Адпаведная просьба кардынала Карла Кафары ад 25 красавіка 2017 года была перададзена Святому Айцу 6 мая, аднак дагэтуль засталася без адказу. 

У сваім лісце кардынал Кафара, адзін з аўтараў dubia, сведчыць пра адданасць Пасаду Пятра і асобе Папы Францішка і запэўнівае, што адзінай прычынай дзеянняў чатырох кардыналаў з’яўляецца адчуванне вялікай адказнасці, якая паўстае з задання кардынала і пасвячэння біскупа. Аднак, не атрымаўшы адказу на свае ранейшыя пытанні і ўсведамляючы сур’ёзнасць сітуацыі, цяпер яны просяць аб аўдыенцыі для абмеркавання дэзарыентацыі, якая ўзнікла з прычыны паслясінадальнай апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia.

Тлумачачы гэтую неабходнасць, аўтар прадстаўляе Святому Айцу некаторыя наступствы супярэчных інтэрпрэтацый гэтага дакумента: “тое, што з’яўляецца грахом у Польшчы — вітаецца ў Германіі, што забаронена ў архідыяцэзіі Філадэльфіі — дазволена на Мальце”. Кардынал Кафара згадвае, што ў час напісання ліста ў Рыме праводзілася канферэнцыя, прысвечаная праясненню Amoris Laetitia, справаздачу з якой мы публікавалі раней. Гэты факт ён прыводзіць як прыклад шматлікіх старанняў свецкіх вернікаў у справе абароны традыцыйнага вучэння.

Нягледзячы на ранейшыя заявы аб магчымым братэрскім выпраўленні Францішка (і словы кардынала Мюлера аб тым, што ніякага выпраўлення не будзе), відавочна, кардыналы абіраюць шлях дыялогу і, не прадпрымаючы рашучых аднабаковых дзеянняў, даюць Папу магчымасць самастойна выправіць сітуацыю. “Мы адчуваем цяжар адказнасці, і нашае сумленне прымушае нас з пакорай і павагай прасіць аб аўдыенцыі”. Рэакцыі Францішка на гэтую просьбу застаецца чакаць.

Ніжэй мы падаем ліст кардынала Кафары ў перакладзе з англійскай мовы. Арыгінальны тэкст апублікавала ўчора выданне National Catholic Register.

Святы Ойча,

З пэўным трымценнем я звяртаюся да Вашай Святасці падчас гэтых дзён Велікоднага перыяду. Я раблю гэта ад імя Іх Эмінэнцыі кардыналаў Вальтэра Брандмюлера, Рэйманда Л. Бёрка, Ёахіма Майснера і сябе.

Пачаць мы хочам сцвярджэннем сваёй абсалютнай адданасці і нашай безумоўнай любові да Пасаду Пятра і да Вашай дастойнай асобы, у якой мы прызнаём Наступніка Пятра і Вікарыя Езуса: “салодкага Хрыста на зямлі”, як любіла казаць святая Кацярына Сіенская. Мы нават у малой ступені не падзяляем пазіцыі ані тых, хто лічыць Пасад Пятра вакантным, ані тых, хто жадае прыпісаць іншым нераздзельную адказнасць Пятровага задання [munus]. Намі рухае выключна свядомасць вялікай адказнасці, якая паўстае з задання [munus] кардыналаў: быць дарадчыкамі Наступніка Пятра ў яго суверэнным служэнні, а таксама з сакрамэнту біскупства, які “паставіў нас біскупамі, каб мы пасвілі Касцёл Божы, які Ён прыдбаў уласнай крывёю” (Дз 20:28).

19 верасня 2016 года мы перадалі Вашай Святасці і Кангрэгацыі дактрыны веры пяць dubia, просячы Вас вырашыць недакладнасці і ўнесці яснасць па некаторых пунктах паслясінадальнай апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia.

Не атрымаўшы ніякага адказу ад Вашай Святасці, мы прыйшлі да рашэння з павагай і пакорай супольна прасіць Вас аб аўдыенцыі, калі Ваша Святасць гэтага пажадае. Мы далучаем, як вядзецца на практыцы, аўдыенцыйны ліст, у якім мы прадстаўляем два пункты, якія хочам абмеркаваць з Вамі.

Святы Ойча,

З моманту публікацыі Amoris Laetitia прайшоў ужо год. На працягу гэтага часу публічнымі сталі інтэрпрэтацыі некаторых аб’ектыўна неадназначных фрагментаў паслясінадальнай адгартацыі, якія не толькі адыходзяць, але і супярэчаць нязменнаму Магістэрыю Касцёла. Нягледзячы на той факт, што Прэфект Кангрэгацыі дактрыны веры пастаянна заяўляў, што вучэнне Касцёла не змянілася, паасобныя біскупы, кардыналы і нават біскупскія канферэнцыі зрабілі шматлікія заявы, якія сцвярджалі тое, чаго Магістэрый Касцёла ніколі не сцвярджаў. Гэта не толькі доступ да Святой Эўхарыстыі для тых, хто аб’ектыўна і публічна жыве ў сітуацыі цяжкага граху і мае намер у ёй заставацца, але таксама ідэя супярэчнасці маральнага сумлення Традыцыі Касцёла. І таму здараецца — як жа балюча гэта бачыць! — што тое, што з’яўляецца грахом у Польшчы — вітаецца ў Германіі, што забаронена ў архідыяцэзіі Філадэльфіі — дазволена на Мальце. І гэтак далей. Застаецца згадаць горкае назіранне Б. Паскаля: “Справядлівасць на адным баку Пірэнэяў, несправядлівасць на іншым; справядлівасць на левым беразе ракі, несправядлівасць на правым беразе”.

Шматлікія кампетэнтныя свецкія вернікі, якія моцна любяць Касцёл і непарушна прыхільныя Апостальскай Сталіцы, звярнуліся да сваіх пастыраў і да Вашай Святасці з просьбай аб пацвярджэнні святога вучэння адносна трох сакрамэнтаў: Сужэнства, Споведзі і Эўхарыстыі. І менавіта ў гэтыя дні ў Рыме шэсць свецкіх вернікаў, з кожнага кантынента, прадставілі вельмі папулярную канферэнцыю з выразнай назвай: “Унясенне яснасці”.

Перад абліччам гэтай сур’ёзнай сітуацыі, у якой многія хрысціянскія супольнасці падлягаюць раздзяленням, мы адчуваем цяжар адказнасці, і нашае сумленне прымушае нас з пакорай і павагай прасіць аб аўдыенцыі.

Няхай Ваша Святасць памятае пра нас у сваіх малітвах, а мы абяцаем памятаць пра Вас у нашых. Таксама мы просім аб дары Вашага апостальскага благаслаўлення.

Кардынал Карла Кафара

Рым, 25 красавіка 2017 года

Свята св. Марка, евангеліста

*

Аўдыенцыйны ліст

1. Просьба аб праясненні пяці пытанняў, выказаных у dubia; прычына гэтай просьбы.

2. Сітуацыя замяшання і дэзарыентацыі, асабліва сярод душпастыраў, in primis парафіяльных святароў.

Гл. таксама:

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: