У сваіх папярэдніх разважаннях на тэму культу Найсвяцейшай Эўхарыстыі я затрымалася толькі на спосабе прыняцця святой Камуніі. Цяпер я хачу звярнуць увагу на іншы аспект прыняцця і ўдзялення святой Камуніі, а менавіта на злоўжыванне функцыяй надзвычайных распарадчыкаў.

Усё, што адбываецца падчас літургіі, больш ці менш прычыняецца да ўмацавання веры ў Сапраўдную Прысутнасць альбо да яе аслаблення. Таму затрымаемся толькі на праблеме свецкіх распарадчыкаў. Увядзенне гэтай функцыі ў шырокім маштабе аказалася вельмі небяспечным для веры. Такое сцвярджэнне з’яўляецца ў поўнай меры абгрунтаваным: гэта пацвярджаюць гады практыкі, асабліва ў заходніх краінах, дзе злоўжыванні сапраўды вялікія. Тое, што ў нас ячшэ няма аж такіх вялікіх злоўжыванняў, не павінна нас ані супакойваць, ані ўсыпляць. З году на год гэтых злоўжыванняў усё больш, а веруючых у Сапраўдную Прысутнасць усё менш.

Спачатку я звярнуся да некаторых дакументаў Магістэрыя. Я маю на гэта дзве прычыны: я хачу паказаць, што тое, аб чым пойдзе размова, гэта не мае погляды, а справа, якая абапіраецца на дакументы. Па-другое, я хачу нагадаць, што кожны з нас мае абавязак дбаць аб пашане да Найсвяцейшай Эўхарыстыі. (Усе вылучэнні і падкрэсліванні ў цытаваных тэкстах мае.)

З інструкцыі Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў Redemptionis sacramentum ад 25 сакавіка 2004 года:

183. Адпаведна магчымасцям кожнага, усе маюць абавязак выказваць асаблівае дбанне пра ахоўванне Найсвяцейшага Сакрамэнту ад недахопу пашаны і ўсялякага роду дэфармацый, а таксама аб дакладным выпраўленні ўсялякіх злоўжыванняў. Гэты сур’ёзны абавязак, давераны ўсім членам Касцёла і кожнаму паасобку, належыць выконваць без усялякай увагі на асобу.

З Кодэкса кананічнага права:

Кан. 212

§ 2. Вернікі маюць права прадстаўляць пастырам Касцёла свае патрэбы, асабліва духоўныя, як роўна і свае пажаданні.

§ 3. Паводле ведаў, кампетэнцыі і кваліфікацыі, якімі яны валодаюць, яны маюць права і нават часам абавязак абвясціць святым пастырам сваё меркаванне ў справах, якія датычацца дабра Касцёла, а таксама, захоўваючы непарушнасць веры і звычаяў, пашану да пастыраў, беручы пад увагу агульную карысць і годнасць асобы, паведаміць сваё меркаванне астатнім вернікам.

Цяпер працытуем дакумент, які дазваляе ўстанаўленне функцыі надзвычайных распарадчыкаў. Гэта Інструкцыя Святой кангрэгацыі Божага культу, выдадзеная 29 студзеня 1973 года, пад назвай Immensae caritatis. Яна прадпісвае карыстацца дапамогай надзвычайных распарадчыкаў у сітуацыях сапраўднай неабходнасці. Вось спіс гэтых сітуацый:

  • калі няма святара, дыякана альбо акаліта;
  • калі вышэйзгаданыя не могуць удзяліць святую Камунію з увагі на іншую пастырскую паслугу, хваробу альбо сталы ўзрост;
  • калі лічба вернікаў, якія жадаюць прыняць святую Камунію настолькі вялікая, што цэлебрацыя Імшы альбо ўдзяленне Эўхарыстыі па-за Імшою празмерна падоўжылася б.

Інструкцыя перасцерагае, што:

Паколькі гэтыя паўнамоцтвы надаюцца толькі дзеля духоўнага дабра вернікаў і ў сітуацыях сапраўднай неабходнасці, святары павінны памятаць, што яны не звольненыя ад абавязку ўдзялення Эўхарыстыі вернікам, якія законным чынам аб гэтым просяць, а асабліва ад занясення і ўдзялення яе хворым.

Выразна відаць, што вышэйзгаданыя ўмовы можна выканаць толькі ў місійных краінах, ды і то не ўсюды. Бо калі ў місійнай краіне існуе не вельмі вялікая група каталікоў, якая пражывае на невялікай тэрыторыі, то не бачна патрэбы ўвядзення паслугі надзвычайных распарадчыкаў.

Аднак на практыцы ўсё па-іншаму. Надзвычайныя распарадчыкі з’явіліся ў шматлікіх каталіцкіх краінах, што адразу прывяло да спаду колькасці пакліканняў. Што яшчэ горш, удзяляць Камунію дазволілі таксама жанчынам, але пра гэта мова пойдзе ніжэй.

У Польшчы апошнім часам колькасць надзвычайных распарадчыкаў расце. Адзначым, што такой патрэбы няма ўвогуле. Паводле статыстыкі, якую падае KAI [Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва — рэд.], у нас ёсць каля 30 000 дыяцэзіяльных і законных святароў. Ёсць, відавочна, такія парафіі, дзе святароў зашмат, і такія, дзе магло б быць на аднаго ці дваіх болей. Аднак няма парафій увогуле без святароў. Адкуль тады такое паўсюднае ўстанаўленне надзвычайных распарадчыкаў?

Напрыклад, да парафіі св. Дамініка ў варшаўскім Служаве, якая ахоплівае тэрыторыю раёна “Над Далінкай”, належыць каля 20 000 жыхароў. Парафія св. Дамініка знаходзіцца пры кляштары, і яна мае, верагодна, 26 (дваццаць шэсць) дзейсных айцоў (без уліку старых і хворых). Калі, паводле статыстыкі, лічба dominicantes складае максімальна 40 %, то на аднаго святара прыпадае каля 320 асобаў. Калі лічыць паводле статыстычнай лічбы communicantes, то на святара будзе прыпадаць каля 140-160 асобаў. Гэта разлікі па максімальных лічбах. Верагодна, ў рэальнасці людзей менш. І ў гэтай парафіі ёсць аж шэсць надзвычайных распарадчыкаў! З якой прычыны? Нават адзін — гэта зашмат, а шэсць?

Што пра гэта кажуць дакументы Касцёла?

Ліст Яна Паўла ІІ Dominicae Cenae (1980):

Дакрананне да кансэкраваных Гостый, а таксама раздаванне іх уласнымі рукамі з’яўляецца выключна прывілеем пасвячаных асобаў.

У іншым месцы таго самага ліста Ян Павел ІІ нагадвае, што:

Нельга забывацца пра найважнейшую ўладу святароў, якія былі кансэкраваны на моцы сваіх пасвячэнняў для прадстаўлення Хрыста-святара: таму іх рукі, як і іх словы і іх воля, зрабіліся непасрэднымі інструментамі Хрыста. Праз гэты факт, г. зн. як распарадчыкі святой Эўхарыстыі, яны першыя нясуць адказнасць за святыя Гостыі, таму што гэта поўня адказнасці. Яны ахвяруюць хлеб і віно, кансэкруюць іх, а затым раздаюць святыя Гостыі тым удзельнікам сходу, якія прагнуць іх прыняць.

Дададзім яшчэ цытату з Інструкцыі Inaestimabile Donum (1980):

(…) Гэтыя станоўчыя і радасныя аспекты, аднак, не могуць суцішыць неспакою, з якім мы назіраем за найразнастайнейшымі і частымі злоўжываннямі, пра якія мы даведваемся з розных бакоў каталіцкага свету: змешванне функцый, асабліва калі мова ідзе пра паслугу святароў і ролю свецкіх асобаў (чытанне разам са святаром эўхарыстычных малітваў, прамаўленне гамілій свецкімі, удзяленне святой Камуніі свецкімі, калі гэта могуць рабіць святары); пашырэнне адсутнасці пачуцця сакральнасці (занядбанне літургічным убраннем, цэлебрацыя Эўхарыстыі па-за касцёлам без абгрунтаванай неабходнасці, адсутнасць пашаны да Найсвяцейшага Сакрамэнту і г. д.); неразуменне касцёльнага характару літургіі (ужыванне прыватных тэкстаў, памнажэнне колькасці эўхарыстычных малітваў без касцёльнага зацвярджэння, выкарыстанне літургічных тэкстаў у грамадска-палітычных мэтах). У гэтых выпадках мы маем справу з сапраўднай фальсіфікацыяй каталіцкай літургіі: “быў бы вінаваты ў фальсіфікацыі той, хто ад імя Касцёла здзяйсняў бы Божы культ спосабам, супярэчным з тым, які Касцёл устанавіў Богам дадзенай уладай і які быў асвячаны звычаем” (7) [Св. Тамаш Аквінскі, Сума тэалогіі, 2-2, Q. 93, A. 1].

Вось дакументы: адназначна сказана, што там, дзе няма сапраўднай патрэбы, няможна ўстанаўліваць надзвычайных распарадчыкаў. Гэта вядзе да знікнення пачуцця сакральнасці, да ўпадку веры, зніжэння колькасці святарскіх пакліканняў, дэзарыентацыі вернікаў. Адным словам, да пратэстантызацыі Касцёла.

Але распарадчыкі (надзвычайныя) ёсць, і іх усё больш. У некаторых дыяцэзіях біскупы нават загадваюць пробашчам падаваць кандыдатуры мужчын на распарадчыкаў і акрэсліваюць іх колькасць. Пробашчы знаходзяцца ў цяжкой сітуацыі: мусяць альбо пайсці на канфікт з біскупам, альбо застацца вернымі загадам Магістэрыя. У большасці выпадкаў яны вырашаюцца на надзвычайных распарадчыкаў. Гэта зразумела (што не азначае, што гэта правільна). Біскуп блізка і можа перавесці ў іншую парафію, а Магістэрый далёка… Прыгадваецца руская прыказка: да Бога высока, да цара далёка, а тут пана трэба слухаць…

Пробашчы з пераменным поспехам шукаюць мужчын, якія выкажуць згоду быць надзвычайнымі распарадчыкамі. Здараецца, што знайсці не могуць (і дзякуй Богу!), але часта і знаходзяць. Варта спытацца: чаму людзі згаджаюцца быць распарадчыкамі?

Думаю, што іх можна падзяліць на дзве катэгорыі.

Першая катэгорыя — гэта тыя, хто не ўсведамляе сабе, што іх новая функцыя шкодная для Касцёла. Яны бескрытычна прынялі запэўніванні ў тым, што гэтым яны дапамагаюць Касцёлу. Магчыма, шматлікія з іх нават не ведаюць адпаведных дакументаў. Яны часта перакананыя, што робяць адпаведна з патрабаваннямі Магістэрыя, што нясуць дабро людзям і Касцёлу. Іх дураць пастаяннымі словамі пра любоў да бліжняга, таму яны паціху пачынаюць верыць, што ўваходзяць у шляхетную місію дабрадзеяння для людзей і Касцёла.

Надзвычайныя распарадчыкі не толькі раздаюць святую Камунію, але і ходзяць да хворых. У гэтай паслузе знаходзіцца пастка і для распарадчыкаў, і для саміх хворых. Распарадчыкам сказалі, што калі б не яны, то хворыя радзей атрымлівалі б Камунію, а так атрымліваюць яе часцей. І тыя адчулі сябе вельмі важнымі, забыліся, што хворы патрабуе святарскага суцяшэння. Часта хворы чалавек не жадае візіту надзвычайнага распарадчыка, але калі святар яму скажа (а гэта здараецца), што альбо распарадчык, альбо ніхто, то прыме Эўхарыстыю і ад свецкай асобы.

Эўхарыстыю прыме, але духоўнага суцяшэння не атрымае, не кажучы ўжо пра тое, што не зможа прыступіць да сакрамэнту споведзі. Ну і пра якое духоўнае суцяшэнне можа ісці размова? Пра што размаўляць з надзвычайным распарадчыкам? Пра яго жонку і дзяцей ці пра яго працу? Прыняцце святой Камуніі не вельмі спрыяе такім размовам, а слухаць банальныя рэчы пра любоў і цярпенне, якім навучыўся надзвычайны распарадчык, стамляе.

Хаджэнне “распарадчыкаў” у дамы да хворых часта можа стаць прычынай скандалаў. Альбо прынамсі перасцярог наконт інтымнасці дому. Што, калі гэта сусед? Ён прыходзіць у дом, бачыць, што ў ім і як, а ці напэўна не пойдзе распавядаць пра гэта далей? Калі не распавядзе ўсёй ваколіцы, дык ці напэўна не распавядзе сваёй жонцы? А калі той сусед — звычайны гандляр, а можа працуе на разніцы і рубіць мяса, а можа пячэ печыва і цэлы дзень у яго рукі ў муцэ. Гэта не пасвячаныя рукі. Хоць, можа, і добра вымытыя, але гэта рукі мясніка, пекара, а можа ён гандлюе на рынку бульбай альбо прадае старое адзенне. І гэтак далей. Бо калі ўстанаўліваюць надзвычайных распарадчыкаў, гэта ніколі не залежыць ад іх прафесіі. Патрабуецца, каб “распарадчык” быў мужчынам ва ўзросце ад 25 да 65 гадоў, жанаты альбо вольны, які мае павагу сярод духавенства і вернікаў, станоўчую маральную ацэнку, эўхарыстычную пабожнасць і актыўнасць у парафіяльным жыцці.

Звярніце ўвагу на патрабуемы ўзрост. Калі можна здагадвацца, чаму ніжняя мяжа ўзросту ўстаноўлена на 25 гадоў (відаць, Касцёл лічыць, што маладзейшыя яшчэ недастаткова сталыя), то з якой прычыны абмежаваны ўзрост зверху? Перасцярогі перад старэчым недаўсціпам? Але нагадаю, што зараз мужчыны будуць абавязкова працаваць да 67 гадоў, таму тут мова не пра страту фізічных ці разумовых здольнасцяў. Зрэшты, “пачатковы” ўзрост таксама дзіўны: з 18 гадоў чалавек становіцца паўнапраўным грамадзянінам і можа заключыць сужэнскі саюз, гэта значыць ён дастаткова сталы для заснавання сям’і. Таксама ў патрабаваннях няма ўмовы, каб “распарадчык” быў ахрышчаны і канфірмаваны. Аднак ва ўстанаўленні “распарадчыкаў” ёсць і станоўчы элемент: іх устанаўліваюць на адзін год, пасля чаго іх функцыя падлягае паўторнаму зацвярджэнню. Таму кожны можа праз год адмовіцца. Але трэба мець моцнае самавырачэнне, каб гэта зрабіць: такое звальненне заўсёды па-рознаму будзе ўспрымацца акружэннем, таму шмат хто баіцца страціць добрае меркаванне парафіянаў ці суседзяў аб сабе. Каб ніхто не падумаў, што чалавек канфліктаваў з біскупам альбо што стаў горшым каталіком і г. д.

Вось так. Усё гэта можа быць, але ці ўвогуле варта быць надзвычайным распарадчыкам? Што з’яўляецца першым абавязкам таго чалавека: займацца домам, арганізаваць быт сям’і ці выручаць ксяндза?

Такім людзям удасца памалу растлумачыць, што не прыстоіць свецкаму чалавеку быць “распарадчыкам”. Калі яны вывучаць дакументы, калі задумаюцца, калі ўбачаць, як гэта выглядае на Захадзе, дзе касцёлы пустыя, а семінарыі яшчэ пусцейшыя, калі пабачаць, як карыкатурна яны выглядаюць у касцёле, то шматлікія з іх,  верагодна, адмовяцца ад гэтай працы. А калі яшчэ зразумеюць, што з іх прычыны шмат людзей перастае верыць у Сапраўдную Прысутнасць Хрыста Пана ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі, калі яны сапраўды маюць тую самую эўхарыстычную пабожнасць, то дакладна адмовяцца.

З імі трэба размаўляць, падаваць ім дакументы, кнігі, паказваць фільмы, адным словам, трэба ім тлумачыць шкоднасць функцыі надзвычайнага распарадчыка.

Другая катэгорыя распарадчыкаў, пра якую я згадвала вышэй, гэта мужчыны, якія ўзмацняюць у сабе пачуццё ўласнай вартасці. У іх жыцці штосьці пайшло не так, як яны хацелі, часам яны спрабавалі стаць святарамі, але штосьці перашкодзіла, часам толькі думка такая была, але не прынялі адпаведнага рашэння, не паступілі ў семінарыю, а цяпер ужо позна. Часам яны стараюцца камусьці паказаць, што яны лепшыя, больш цэнныя за іншых, што яны амаль святары, хоць не да канца, але заўсёды лепшыя за звыклых вернікаў. Іх перапаўняе гонар (пыха?). Хоць яны захоўваюць сябе лагодна (амаль як авечкі), а на іх вуснах толькі словы пра любоў, служэнне і пакору, насамрэч яны кожнаму даюць адчуць, што яны лепшыя, іншыя, чым увесь той шэры тлум вернікаў. Гэтыя адчуваюць сябе апраўданымі, і з імі няма сэнсу пачынаць размову. За іх можна толькі памаліцца, каб добры Бог праясніў іх розум.

Ёсць яшчэ адзін (крыху іншы) від “распарадчыкаў” — з усіх найбольш трагічны. Мова ідзе ў цэлым не пра “распарадчыкаў”, а пра “распарадчыц”.

У сакавіку 2006 года Канферэнцыя епіскапату Польшчы прыняла Інструкцыі наконт надзвычайнага распарадчыка святой Камуніі. У іх чытаем:

Дыяцэзіяльныя біскупы могуць упаўнаважыць мужчынаў, а таксама законных сясцёр і жанчын кансэкраванага жыцця ва ўзросце ад 25 да 65 гадоў да паслугі надзвычайнага распарадчыка святой Камуніі.

Адразу паўстае пытанне: а чаму толькі законных сясцёр і іншых жанчын кансэкраванага жыцця? Чаму не адзінокіх спадарынь ці замужніх жанчын? А ўдоваў? Якая розніца, калі патрабаванні выстаўляюцца наступныя:

Кандыдаты павінны адрознівацца ўключанасцю ў жыццё Касцёла, узорным маральным жыццём, а таксама пашанаю сярод духавенства і вернікаў. Кандыдат павінен ведаць асноўныя катэхетычныя праўды, а таксама найважнейшыя тэалагічна-літургічныя пытанні.

Ці ж замужняя жанчына альбо дзяўчына не можа мець пашаны сярод духавенства? Ці не можа яна жыць маральным жыццём? Ці ж гэта не абавязак кожнага верніка ведаць асноўныя катэхетычныя праўды і найважнейшыя тэалагічна-літургічныя пытанні?

Але не, відаць, ёсць нейкая спецыфічная розніца паміж жанчынамі і жанчынамі. Таму некаторыя манахіні гэтым зацікавіліся, паверылі, што так і трэба, і пачалі раздаваць святую Камунію.

Першы раз я пачула пра жанчын-“распарадчыц” у Любліне. Гэта было ў часы цяпер ужо памерлага біскупа Ю. Жыцінскага, таму асабліва мяне гэта не здзівіла.

Пару месяцаў таму на сяброўскім блогу з’явілася разважанне рымска-каталіцкага святара на тэму нахабства сясцёр, якія раздаюць святую Камунію ў рэктаральным касцёле ў Чэнстахове. Гэтая практыка існуе там па сённяшні дзень.

Тым сёстрам нават рука не тарганецца, напісаў са здзіўленнем святар. А чаму павінна, калі не тарганецца іх сэрца, калі душа іхняя не баліць? Не ведаю, якая іхняя вера, але адно здаецца пэўным: яны даюць выраз вялізнай пыхі і непавагі да Найсвяцейшага Сакрамэнту. Відаць, бедныя сёстры паверылі банальным словам пра самарэалізацыю і пра тое, што яны нясуць дапамогу Касцёлу. Бедныя ашуканыя жанчыны, якія забыліся пра сваё манаскае пакліканне. Бедныя жанчыны, якія не ведаюць, што прыстоіць жанчыне, а што не. Бедныя манахіні, якія замест узнясення хвалы Найсвяцейшаму Сакрамэнту больш ці менш свядома гэтую хвалу памяншаюць!

Гэтаму артыкулу я дала назву “Злоўжыванні пры ўдзяленні і прыняцці святой Камуніі”. Дагэтуль мова ішла пра злоўжыванні пры ўдзяленні. Цяпер трэба сказаць пару словаў пра прыняцце святой Камуніі з рук “распарадчыкаў”.

Вось жа, увогуле няможна прымаць Камунію з іх рук. Калі распарадчыкі прысутнічаюць на Імшы, варта іх абмінаць і прымаць святую Камунію толькі з рук святара (альбо дыякана). Мы не можам браць удзелу ў абразе Пана Езуса, не можам пагаджацца на тое, каб дзейнічаць на шкоду Касцёлу. Калі нават нам удасца пераканаць кагосьці з распарадчыкаў, што яго функцыя шкодная, то гэтага будзе мала. Здаецца, яшчэ прасцей размаўляць з вялікай колькасцю знаёмых і тлумачыць ім, якая існуе небяспека для веры, як яны ўдзельнічаюць у спадзе колькасці пакліканняў тым, што прымаюць Камунію ад “распарадчыка”.

Калі падчас святой Імшы святар не ўдзяляе Камуніі, належыць пасля заканчэння Імшы  пайсці да сакрыстыі і папрасіць яго ўдзяліць Камунію. Калі такой магчымасці няма, належыць прымаць святую Камунію духоўна.

Такім чынам, трэба размаўляць з людзьмі. Большасць людзей прымае за чыстую манету тое, што пробашч альбо іншы святар дазваляе “распарадчыку” ўдзяляць Камунію. У нас ксёндз пакуль яшчэ цешыцца пашанай і аўтарытэтам, таму вернікі думаюць, што калі ён дазваляе, то хіба што ўсё ў парадку.

Выкарыстаю пэўны прыклад з жыцця. Я размаўляла з вельмі пабожнай асобай, якая пражывае ў Чэнстахове. Згадваю пра факт, што ў рэктаральным касцёле манахіні раздаюць Камунію. Мая знаёмая пра гэта ведае, у тым касцёле бывае і не мае нічога супраць гэтага факту. Яна ўспрымае гэта як штосьці нармальнае, бо гэта ж рэктаральны касцёл і там напэўна ведаюць, што і як мае быць. Вось жа, можа быць, і ведаюць. Але робяць так, як не павінна быць. І робяць гэта свядома! І вядуць душы на пустыню.

І апошняя заўвага. Дакумент Канферэнцыі епіскапату Польшчы наконт надзвычайных распарадчыкаў сцвярджае:

Надзвычайны распарадчык падчас выконвання гэтай паслугі ў часе святой Імшы павінен быць апрануты ў альбу, а калі трэба, падперазаны пасам. Выконваючы сваю паслугу па-за Імшою, ён можа насіць звычайнае адзенне. Законныя сёстры выконваюць паслугу надзвычайнага распарадчыка ў сваім законным убраніі, а асобы кансэкраванага жыцця — у сваім убранні.

Я звяртаю на гэта ўвагу, таму што ўбранне можа ўвесці вернікаў у зман. Можа здавацца, што мужчына ў альбе — гэта нейкая духоўная асоба, таму належыць звяртаць асаблівую ўвагу на тое, хто раздае святую Камунію. Што да сясцёр, то іх можна адрозніць паводле полу (і трэба пазбягаць прыняцця Камуніі ад іх усялякім коштам!). А пад асобамі кансэкраванага жыцця могуць мецца на ўвазе законныя браты ў хабітах, і звыкламу верніку будзе цяжка даведацца, ці раптам гэта не святар, які забыўся апрануць стулу. А кансэкраваныя спадарыні ходзяць у свецкім адзенні, таму іх характарыстыкай застаецца толькі пол. І хутка мы ўжо не будзем ведаць, ці гэта кансэкраваныя асобы (якія “лепш” надаюцца да ўдзялення Камуніі) альбо іншыя жанчыны — адпаведна падабраныя.

Калі нехта мае сумневы, няхай паглядзіць на YouTube фільмы з розных краін і касцёлаў. Ён пераканаецца, што навальніца надыходзіць і што нас чакае тое самае, што даўно нішчыла Касцёл у іншых краінах. Хіба што мы будзем маліцца і дзейнічаць. Тлумачыць усім, да каго маем доступ, і не дапускаць таго, каб “распарадчыкі” адчувалі сябе патрэбнымі. Самім распарадчыкам можна між іншым параіць пэўны форум, на якім выказваюцца сужэнцы распарадчыкаў. Можа, гэта адкрые ім вочы на некаторыя рэчы (http://www.netkobiety.pl/t23660.html).

Таму будзем супрацьстаяць знішчэнню веры, пратэстантызацыі Касцёла і памятаць словы кардынала Стэфана Вышынскага: “Адна жанчына ў прэзбітэрыі зрывае 40 святарскіх пакліканняў у дадзенай парафіі”. А датычыцца гэта не толькі “распарадчыц”, але і ўсялякіх “лектарак” і “прапаведніц”. Але гэта ўжо іншая тэма.

24 верасня 2012 года


Аўтар: Maria Kominek OPs
Крыніца: MariaKominekOPs
Ілюстрацыя: П’етра Антоніа Навэлі, Эўхарыстыя (1779).

Тэкст перакладзены з польскага арыгінала.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар