15.06.2017 / Maria Kominek OPs

Марыя Камінэк OPs. “Чаму мы не ўкленчваем?” (1 з 3)🕑 5 хвілін

З нагоды свята Божага Цела і з прычыны таго, што пашаны да Найсвяцейшай Эўхарыстыі ніколі не даволі, публікуем тры тэксты сястры Марыі Камінэк (1944—2013) са свецкага дамініканскага закону. Атрымаўшы ступень магістра па фізіцы і ліцэнцыят па пастырскай тэалогіі, Марыя Камінэк шмат гадоў прысвяціла катэхізацыі, а таксама працы на карысць дамініканскіх тэрцыярыяў у якасці правінцыяльнай настаяцельніцы, пакінуўшы па сабе некалькі кніг і больш за 100 артыкулаў.

Нашым чытачам вядома, што мы імкнемся паважаць правы аўтараў і не красці іхнюю працу, але ў дадзеным выпадку дазволу ўжо невядома каго пытацца, таму просім кожнага, хто гэта чытае, прамовіць адну “Вітай, Марыя” за сястру Камінэк. Магчыма, гэта будзе найлепшы ганарар і выраз удзячнасці.

* * *

Тое, што святую Камунію заўсёды належыць прымаць на каленях, не павінна нават увогуле ставіцца пад пытанне. Перад Богам трэба скарыцца, укленчыць, аддаць Яму пашану. Асабліва ў тым моманце, калі Ён прыходзіць да нас, калі прыніжаецца да той ступені, што яднаецца з намі. Чаму ж мы тады не ўкленчваем, калі прымаем святую Камунію? Бо не так даўно падчас прыняцця святой Камуніі паўсюль укленчвалі. Сёння гэты годны пахвалы звычай захаваўся толькі ў невялікай колькасці касцёлаў.

Здаецца, на гэта ёсць некалькі прычын. Цягам шматлікіх гадоў нас вучылі, што належыць ісці да Пана з годнасцю і працэсійна, таму што такім спосабам мы выказваем сваю гатоўнасць прыняць хрысціянскі лад жыцця, сведчым пра тое, што мы з’яўляемся пілігрымамі да неба, ідзем супольна, разам да Бога. Такая тэалогія ў цэлым не з’яўляецца памылковай, хоць яна не ўлічвае ўсіх аспектаў прыняцця святой Камуніі.

Але тэалогія — гэта тэалогія, а практыка — гэта практыка. Практыка ж дэманструе ўсе недахопы працэсійнага падыходу да Камуніі. Зазвычай гэта падыход у чарзе, які можа выглядаць вельмі па-рознаму. Людзі ўкленчваюць за спіною папярэдняга чалавека, што часам стварае ў чарзе замяшанне. Не вельмі зразумела, каму аддаецца пашана. Горш бывае на Імшах для дзяцей: дзеці часта штурхаюцца і размаўляюць, нагадваюць адзін аднаму выплюнуць жуйку, адыходзяць размаўляючы. Найгорш аднак здараецца на ўрачыстых Імшах, у якіх бярэ ўдзел вялікая колькасць людзей. І гэта не залежыць ад таго, ці Імша адбываецца на дварэ ці ў святыні — кепска заўсёды. Святары прапіхваюцца праз тлум, тлум насядае на святароў. Святары падаюць Камунію тым, хто спераду тлуму, і тым, хто далей. Няма ніякага засяроджання, ніякага моманту пакланення. Я бачыла святара (бачыла, а не выдумала!), які хадзіў па лаўках, трымаючы ў адной руцэ цыборый з гостыямі. Малады і спраўны, ён неяк не паваліўся, але гэта не змяняе таго факту, што Пану Езусу ніякай пашаны аказана не было. Я шматразова бачыла, як падаюць фрагменты Цела Хрыста, бо на Імшах з удзелам такой колькасці людзей зазвычай не ўспамінаюць пра патэны. А калі б людзі маглі спакойна падысці да святароў, укленчыць і спакойна пайсці, то не было б балагану, не было б штурханіны і — што важней за ўсё — не было б абразы Хрыста Пана. Аднак нас навучылі падыходзіць у чарзе (працэсіі) і мы над гэтым не задумваемся. Бо святары так вучаць, значыць гэта павінна быць правільна.

Мы, вернікі, як авечкі. Так навучаў Пан Езус, і насуперак таму, што кажуць некаторыя экзэгеты, Ён так навучаў не таму, што тагачасныя людзі ведалі толькі жывёльную гаспадарку і іншыя прыклады былі ім незразумелыя, а таму што авечкі настолькі дурныя, што без пастуха не справяцца. Калі пастух добры, то і статак пойдзе ў правільным накірунку. А калі кепскі, то статак хутка зробіцца здабычай ваўкоў. Дарэчы, пастух не заўсёды мусіць быць кепскі. Ён проста можа не задумвацца, можа, яго так навучылі, а ён ні ў чым не сумняваецца. І ён перакананы, што няма нічога лепшага за працэсійны падыход да Камуніі.

Па вялікім рахунку, усё залежыць ад пастыраў. Я ведаю пэўнага святара, які просіць вернікаў, каб яны прымалі святую Камунію на каленях, калі яны не маюць праблемаў са здароўем. Тады ўсе прымаюць Камунію кленчачы. Але ў тым самым касцёле ў іншы дзень Імшу служыць іншы святар, які становіцца з цыборыем і нічога не кажа — усе прыступаюць да Камуніі стоячы. А гэта заўсёды тыя самыя людзі, якія штодзённа ходзяць у касцёл. І ў залежнасці ад таго, хто цэлебруе святую Імшу, яны тым ці іншым спосабам прымаюць Камунію.

Пастыры… Ужо колькі гадоў Вярхоўны пастыр [1] дае нам прыклад: святую Камунію належыць прымаць на каленях. Дык чаго так мала вернікаў укленчвае? Ёсць дзве прычыны. Па-першае, людзі зазвычай саромеюцца. Яны не хочуць адрознівацца, баяцца меркавання іншых. Пару разоў у мяне спыталіся: ты не баішся, што ўсе падумаюць, што ты вар’ятка? Ну, неяк не баюся, але факт, што ў кожнай парафіі ёсць якая-небудзь асоба, якая не да канца валодае розумам, і найчасцей гэтая асоба рэгулярна прыступае да Камуніі ўкленчыўшы. Бо не баіцца і не саромеецца.

Другая прычына — гэта страх пасля некалькіх спробаў. Ксёндз альбо прапусціў, альбо сказаў пачакаць, пакуль усім астатнім раздасць Камунію, альбо папросту адмовіў. (Калісьці я перачакала, пакуль усе прымуць Камунію стоячы, і працягвала кленчыць побач са святаром, дык ён павярнуўся да мяне і спытаўся: “А што, спадарыня, вы тут Камунію чакаеце?” Гэта быў малады святар і ён, мабыць, упершыню сустрэўся з такім дзівам.) Таму людзі знеахвочваюцца і больш не спрабуюць.

Крайскі [2] прапануе змовіцца і ўсім разам укленчыць перад святаром, каб змусіць яго да ўдзялення святой Камуніі ў такой паставе. Можа, гэта і спрацуе, але дзе ж знайсці столькі ахвотнікаў? Калісьці мы так рабілі, а было нас каля шасці асобаў. Аднак святар стаў побач з намі і раздаваў Камунію іншым (якія стаялі), а ў канцы аднак злітаваўся і з нас. Калі б тымі, хто ўкленчыў, была занята ўся першая прыступка, можа, справа выглядала б іначай…

Канчаткова нічога не зменіцца, пакуль святары па прыкладзе Святога Айца [1] не пачнуць удзяляць святую Камунію тым, хто кленчыць, і тлумачыць вернікам, што яны павінны аддаваць Богу належную Яму пашану. Але праз 40 гадоў адбудоўваць руіны не так і проста.

Нам застаецца маліцца да Багародзіцы за святароў і незалежна ад людскога меркавання прымаць Хрыста Пана на каленях.

6 жніўня 2012 года

Гл. таксама:


[1] Бенедыкт XVI.

[2] Аўтар мае на ўвазе артыкул Станіслава Крайскага, які яна каментуе сваім тэкстам.


Аўтар: Maria Kominek OPs
КрыніцаBIBUŁA
Ілюстрацыя: П’етра Антоніа Навэлі, Эўхарыстыя (1779).

Тэкст перакладзены з польскага арыгінала.

Пакінуць каментар

Scroll Up