За чатырнаццаць месяцаў, якія прайшлі з моманту публікацыі апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia, дзеля дыскусіі, разбору дакумента, яго аналізу і падкрэслівання яго неартадаксальных намераў была выліта бясконцая колькасць літар.

Мы бачылі, як сумнеўныя інструкцыі, што на аснове гэтага дакумента больш-менш канкрэтна дазвалялі доступ да Камуніі разведзеным і паўторна жанатым асобам, уводзіліся на Філіпінах, у Аргентыне, на Мальце, у Германіі, Бельгіі і нават у Рыме. Фактычна, менавіта аргентынскія біскупы пастырскага рэгіёна Буэнас-Айрэса пралілі святло на асабістую інтэрпрэтацыю Папам Францішкам сваёй жа адгартацыі, калі ён у сваім лісце адобрыў іх дазвол паўторна жанатым асобам прыступаць да сакрамэнтаў, кажучы: “Дакумент вельмі добры, ён цалкам тлумачыць значэнне восьмага раздзела Amoris Laetitia. Іншых інтэрпрэтацый няма”.

Выглядае, што адзін з біскупаў у Аргентыне, узняты да біскупскай годнасці самім Папам Францішкам у 2013 годзе, вырашыў рэалізаваць інтэрпрэтацыю, пра якую Папа сказаў, што іншых няма:

У мінулую нядзелю ў парафіі св. Роха (Рэканкіста, Санта-Фэ, Аргентына) мясцовы біскуп мансіньёр Мацін, прызначаны Папам Францішкам у 2013 годзе, здзейсніў вялізны блюзнерскі скандал, які добра дэманструе плёны Amoris Laetitia.

У гэтым касцёле ён арганізаваў урачыстую Імшу, на якой публічна паведаміў, што паводле нормаў, дасланых больш за шэсць месяцаў таму Папам Францішкам, і ў межах агульнай лініі па інтэграцыі хрысціянаў, якія аказаліся “маргіналізаванымі” з-за сваёй неўрэгуляванай сітуацыі, пасля шасці месяцаў суботніх сустрэчаў пад назвай “шлях распазнання” было вырашана, што ў згодзе з вышэйзгаданым (па загадзе Папы) яны будуць далучаныя да поўнай і сакрамэнтальнай еднасці, што адбудзецца падчас гэтай цырымоніі. Ніякім чынам не згадвалася тое, ці гэтыя людзі ўзялі на сябе абавязак захоўваць чысціню ці жыць як браты і сёстры.

Такім чынам, Камунія была ўдзелена ўсім згаданым (каля 30 пар), якіх суправаджалі іхнія родзічы і рабілі фотаздымкі ў святочнай атмасферы. Не прагучала ані слова пра тое, што Пісанне асуджае чужалоства, але зноў і зноў гучалі фрагменты Amoris Laetitia, дзе сказана, што разведзеных і паўторна жанатых асобаў след уключаць у поўную еднасць.

Спадарства, мы дасягнулі апошняй станцыі на гэтым маршруце. Гэта і ёсць поўная рэалізацыя Amoris Laetitia, і дарога не заняла нам шмат чаму.

Калі Папа жадае выправіць гэты напрамак, адступіць і сказаць, што гэта не тое, чаго ён хацеў, цяпер добры час і адпаведная нагода. Калі ён нічога з гэтым не зробіць — а можна абгрунтавана меркаваць, што ён не зробіць, — гэта пакладзе канец усялякім дэбатам пра тое, ці ён насамрэч хацеў дамагчыся гэтага рэзультату пры дапамозе Amoris Laetitia ці не хацеў.


Аўтар: Steve Skojec
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыйнае фота: Jessie Eastland (CC BY-SA).

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі 1P5. Першае паведамленне: Adelante la Fe.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар