№36. Алтар (A)

Найлепшыя аўтарытэты падаюць, што слова “алтар” паходзіць ад лацінскага altus — “высокі” і ara — пагорак, узвышэнне. Алтар — гэта святы стол, на якім складаецца святая Ахвяра Імшы.

Згодна з правіламі, алтар павінен быць каля 1 м вышынёю, 90 см глыбінёю і 2 м даўжынёю. Алтар мусіць трывалы, каб указваць на дасканаласць Пана, Якога ён прадстаўляе ў сістэме сакральных знакаў (Bouvry, ii. 223). Перад тым, як на алтары можна будзе цэлебраваць Імшу, ён павінен спачатку быць кансэкраваны біскупам.

Матэрыял. — Згодна з цяперашняй дысцыплінай Касцёла, алтар мусіць быць каменны, альбо каменнай мусіць быць прынамсі тая яго частка, дзе ставіцца келіх і іншыя прадметы. Калі алтар не зроблены цалкам з каменя, спераду заўсёды мусіць вісець давесак, які называецца антыпендыем і закрывае пярэднюю частку алтара.

У старажытныя часы, асабліва ў дні пераследу, алтары рабілі пераважна з дрэва. Фактычна, было б марнаваннем часу і высілкаў рабіць іх з чагосьці больш трывалага, таму што язычнікі маглі зняважыць ці знішчыць іх у любы момант. Але калі ў Касцёле быў адноўлены спакой, у склад алтароў пачалі ўваходзіць найкаштоўнейшыя матэрыялы.

Алтар Апошняй вячэры. — Літургічныя аўтары падзяляюць меркаванне, што наш Пан устанаўліваў Эўхарыстыю на звыклым драўляным стале, за якім зазвычай прымалі ежу габрэі.

Мартэн (De Antiquis Eccl. Ritibus) сцвярджае, што ў Рыме дагэтуль захоўваюцца два драўляныя алтары — адзін у касцёле св. Яна на Латэране, а другі ў касцёле св. Пудэнцыяны, — на якіх св. Пётр служыў Імшу падчас свайго рымскага пантыфікату. Другі з іх амаль знішчаны часам, але яго захоўваюць ад далейшага разбурэння пры дапамозе каменнай аправы. На ім ёсць наступны надпіс: “In hoc altari Sanctus Petrus pro vivis et defunctis ad augendam fidelium multitudinem, Corpus et Sanguinem Domini offerebat” — “На гэтым алтары святы Пётр ахвяроўваў Цела і Кроў Пана за жывых і памерлых, дзеля павелічэння лічбы вернікаў”.

Кажуць, што першым зрабіў каменныя алтары абавязковымі Папа Сільвестр (314), але некаторыя сумняваюцца ў гэтым: па-першае, сярод дакументаў гэтага Папы не ўдалося знайсці адпаведнага дэкрэта, а па-другое, добра вядома, што драўляныя алтары існавалі і выкарыстоўваліся і пасля (Merati, 118). З упэўненасцю можна сцвярджаць толькі тое, што Эпаонскі сабор у 517 годзе забараніў кансэкраваць алтары, зробленыя не з каменя.

Алтары з золата, срэбра і каштоўных камянёў. — Падчас панавання Канстанціна Вялікага (312—336), які выдаў шмат эдыктаў на карысць хрысціянства, у некаторых гарадах на Захадзе і Усходзе можна было назіраць велічныя алтары, зробленыя з золата, срэбра, а часам і з каштоўных камянёў. Сам імператар загадаў паставіць у Рыме, у базіліцы, названай яго імем, — цяпер гэта касцёл св. Яна на Латэране — сем розных алтароў з найчысцейшага золата (Kozma, 29, note 4). Імператрыца Пульхерыя падаравала канстантынопальскай базіліцы алтар з золата і каштоўных камянёў (ibid.) У французскім Шартры дагэтуль можна бачыць вельмі старажытны алтар, зроблены з яшмы (ibid.)

Але найбольш велічны з усіх алтароў знаходзіцца ў знакамітым саборы Святой Сафіі [1] у Канстантынопалі. Ён справядліва лічыцца адным з цудаў свайго часу. Усе каштоўнасці зямлі і мора былі набыты і прывезены, каб зрабіць гэты выключны алтар. Золата, срэбра, найдаражэйшыя металы і разнастайныя камяні сабраў імператар Юстыніан для яго пабудовы. Працэсам кіравалі самыя дасведчаныя рамеснікі, і на гэтую справу не шкадавалі ані высілкаў, ані сродкаў. Калі алтар быў скончаны, на ім змясцілі надпіс: “Мы, твае слугі Юстыніан і Тэадора, ахвяруем Табе, о Хрысце, Тваё з Твайго і ўпрошваем Цябе міласціва прыняць гэта, о Слова і Сыне Божы, Які стаўся целам і быў укрыжаваны за нас; захавай нас у сапраўднай артадаксальнай веры, а гэтую імперыю, якую Ты нам даверыў, павяліч і захавай дзеля сваёй славы праз заступніцтва Багародзіцы Дзевы Марыі” (Martène, De Antiquis Ecclesiae Ritibus, art. “Altare”).


[1] Паколькі гэты касцёл часта называюць Святой Сафіяй, некаторыя думаюць, што ён прысвечаны нейкай святой з такім імем. Насамрэч ён прысвечаны Божай Мудрасці (грэцк. Σοφία — мудрасць). Гэты знакаміты касцёл збудаваў спачатку Канстанцін Вялікі ў 325 годзе. Другі касцёл пад тым жа тытулам і на тым жа фундаменце пабудаваў Канстанцый у 359 годзе. Феадосій Вялікі пабудаваў трэці касцёл на тым жа месцы ў 415 годзе. Чацвёртай і апошняй стала святыня Юстыніана. Яна была закладзена ў восем гадзін раніцы 23 лютага 532 года. Яе архітэктарамі былі Анфімій Тральскі і Ісідор Мілецкі, абодва знакамітыя канструктары. З чатырох старон свету былі запрошаны мастакі, а першым з працаўнікоў, як кажуць, быў сам імператар, падпярэзаны тунікай і ўзброены малатком і кельмаю. Ад пачатку працы да яе завяршэння прайшло пяць гадоў, дзесяць месяцаў і тры дні. Калі Юстыніан убачыў, што праца скончана, і ацаніў, наколькі цудоўным атрымаўся будынак, ён усклікнуў у захапленні: “Я перамог цябе, Саламон! Хвала Богу, Які палічыў мяне годным такой працы!” У 1453 годзе, калі Канстантынопаль трапіў у рукі туркаў, гэты знакаміты касцёл быў перароблены ў мусульманскі мячэт, і большасць дэкарацый, хоць і не ўсе, была знішчана (Neale, Holy Eastern Church, i. 235, 236; Catholic World, жнівень, 1865; Gibbon, Decline and Fall of the Rom. Emp., vii 117).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Staselnik, пахавальня Інакенція ХІ ў капліцы Перамянення Пана ў базіліцы св. Пятра (CC BY-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: