05.06.2017 / Te igitur

Што сталася з альтэрнатыўнымі заходнімі абрадамі?🕑 10 хвілін

Кніга кс. Джона О’Браена пра гісторыю святой Імшы, якую мы часткамі публікуем у беларускім перакладзе, была добрай на свой час. Па-першае, мы маем справу з яе пятнаццатым выданнем, прычым яно не апошняе. Па-другое, кс. О’Браен на 400+ старонках здолеў выкласці гісторыю і цырымоніі не толькі рымскага абраду, але і ўсходніх абрадаў (сярод якіх нават абрады схізматычных супольнасцяў), а таксама закрануў нярымскія заходнія абрады, пра якія апошнім часам і ішла размова.

Абсалютная большасць чытачоў, як і аўтар гэтых словаў, не жылі ў 60-я гады ХХ стагоддзя, і, верагодна, ніколі не бачылі ўжывую ані дамініканскага, ані картузіянскага абраду. Тым не менш варта прыняць, што да літургічнай рэформы ХХ стагоддзя (у асноўным, гэта часы пасля Другога Ватыканскага сабору, але штосьці здаралася і перад ім) альтэрнатыўныя лацінскія абрады былі абсалютна нармальнай часткай жыцця Касцёла. Ніхто не ўважаў іх ані за дзівы, ані за нейкую асаблівую “старажытнасць”.

У 1879 годзе было так, што калі хтосьці вырашаўся стаць дамініканцам, для яго не стаяла пытанне, у якім абрадзе цэлебраваць святыя Імшы. Ордэн прапаведнікаў меў свой уласны абрад, старажытны і даволі адрозны ад рымскага. У часы пантыфікату Папы Пія V для яго адваявалі права на існаванне. Гэта было сваё, ён быў часткай дамініканскай духоўнасці.

Тое ж можна сказаць і пра іншыя манаскія абрады, а для Мілана і Таледа ўвогуле мець свае асобныя літургічныя традыцыі, несумненна, было (і засталося) найвышэйшым гонарам. Таму, калі мы абмяркоўваем “прыгоды” рымскага абраду на пераломе эпох, варта памятаць пра тое, што іншыя заходнія абрады Касцёла таксама вялі сваю ўласную гісторыю.

Тэрытарыяльныя абрады

У 1963 годзе апостальская канстытуцыя Sacrosanctum Concilium акрэсліла далейшыя планы Касцёла адносна разнастайнасці абрадаў:

Нарэшце, верна трымаючыся традыцыі, Святы Сабор заяўляе, што святая Маці-Касцёл лічыць роўнымі ў правах і годнасці ўсе законна прызнаныя абрады, хоча захаваць іх на будучыню і ўсяляк развіваць (SC 4).

Што ж тады зрабілася з усімі абрадамі, пра якія мы пісалі?

У цэлым, нічога добрага, але з кожным па-рознаму. З належнай стараннасцю мы гэтае пытанне яшчэ не вывучалі, але, на першы погляд, найбольш пашчасціла амбразіянскаму абраду. Ён дагэтуль знаходзіцца ва ўжытку ў большай частцы архідыяцэзіі Мілана, у некалькіх суседніх дыяцэзіях, а таксама ў адным швейцарскім кантоне. Агулам гэта больш за 5 млн каталікоў.

Ці гэта той самы амбразіянскі абрад, пра які кажа Джон О’Браен у сваёй кнізе? Хутчэй, не. У сярэдзіне ХХ ст. амбразіянскі абрад быў рэфармаваны па тых жа прынцыпах, што і рымскі. У пэўным сэнсе ён нават паслужыў кропкай апоры для рэформы рымскай літургіі, бо рэфарматары чэрпалі натхненне з некаторых яго асаблівасцяў. Найперш мова ідзе пра тое, што амбразіянскі абрад спрадвеку меў два чытанні перад Евангеллем, якія перамяжоўваліся адмысловымі спевамі. Па волі рэфарматараў, якія азіраліся на амбразіянскі абрад, гэтую рысу меў набыць і рымскі абрад, што выклікала поўны перагляд рымскага лекцыянарыя. Гэта не адзіны выпадак, калі амбразіянскім абрадам тлумачылі новаўвядзенні ў рымскай літургіі, але іронія ў тым, што пасля выхаду Рымскага Імшала Паўла VI амбразіянскі абрад таксама пачалі рэфармаваць на ўзор “адноўленага” рымскага абраду.

У выніку атрымаўся нібыта паралельны перанос:

  • традыцыйны рымскі абрад → новы рымскі абрад
  • традыцыйны амбразіянскі абрад → новы амбразіянскі абрад

Суадносяцца новыя абрады прыкладна так жа, як і традыцыйныя рымскі і амбразіянскі абрады. Страта? З большага, так, але варта заўважыць, што амбразіянскі абрад усё ж перажыў спробу скасаваць яго з той цудоўнай прычыны, што ён “зрабіўся вельмі падобным да рымскага абраду” [1].

Такім чынам, амбразіянскі абрад прынамсі жывы і, напэўна, камусьці з прыхільнікаў аднастайнасці слепіць вочы сваімі асаблівасцямі. Якімі?

  • Ён карыстаецца сваім уласным календаром;
  • Сімвал веры падчас Імшы чытаецца пры ўжо “падрыхтаваных” дарах;
  • абмыванне рук адбываецца ў межах Эўхарыстычнай малітвы перад словамі ўстанаўлення;
  • абрад ламання хлеба праводзіцца перад малітвай Ойча наш і суправаджаецца спевам, уласным для кожнага дня (confractorium);
  • іншымі [2].

Зрэшты, кожны можа сам скласці ўласнае ўражанне. Два месяцы таму ў Мілане Папа Францішак адслужыў (рэфармаваную) амбразіянскую святую Імшу. На пададзеным ніжэй відэа добра чуваць адмысловыя амбразіянскія літургічныя спевы і добра відаць дзікія для рымскага вока ўзмахі кадзільніцы, якія выконваюць міланскія дыяканы.

Што да традыцыйнага амбразіянскага абраду, то ён сапраўды нагадвае традыцыйны рымскі абрад і знаходзіцца ў прыкладна такім жа стане традыцыяналістычнага гета. Хіба што міланскі арцыбіскуп кардынал Анджэла Скола ставіцца да сваёй паствы з большым спачуваннем і час ад часу выдзяляе касцёлы пад патрэбы прыхільнікаў традыцыйнай літургіі [3]. Чытачы, зацікаўленыя традыцыйным рымскім абрадам, напэўна, атрымаюць задавальненне, пераглядаючы адзін-другі запіс традыцыйнай амбразіянскай Імшы і назіраючы за адрозненнямі ад рымскага абраду.

Калі браць агульна, то можна лічыць, што амбразіянскаму абраду пашчасціла. Чаму? Бо Папа Павел VI адзін час быў міланскім арцыбіскупам, і іншым абрадам пашчасціла менш. Напрыклад, другі з захаваных “тэрытарыяльных” абрадаў — масарабскі — ужо падчас Другога Ватыканскага сабору знаходзіўся ў стане музейнага экспанату, бо цэлебраваўся толькі ў сямі касцёлах, а пасля Сабору яго яшчэ і рэфармавалі, і цяпер адшукаць канкрэтную інфармацыю пра ягоны лёс надта цяжка. Але ў раскладзе Таледскай катэдры такая Імша ёсць, таму калі нехта з чытачоў паедзе ў Таледа і наведае гэтую Імшу, няхай нам нешта напіша.

Манаскія абрады

Як добра заўважылі адны нашыя калегі, у выпадку манахаў як добрыя, так і маральна дрэнныя ўчынкі прыносяць адпаведна большы плён альбо большую шкоду, чым у іншых станаў. Чаму? Бо ў манахаў, у параўнанні з секулярным духавенствам і тым больш свецкімі вернікамі, нібыта большы множнік, і выходзіць альбо надта добра, альбо надта кепска.

Гэтая тэорыя знайшла пацвярджэнне ў выпадку манаскіх абрадаў. Бо калі амбразіянскі абрад стараннямі Паўла VI, кардынала Каломба і свецкіх вернікаў неяк ператрываў, то манаскія абрады не ўдалося выратаваць ад саміх манахаў.

Калі казаць больш дакладна, то сучаснай інфармацыі пра картузіянскі і кармелітанскі абрады амаль няма з-за закрытага характару гэтых ордэнаў. А вось гісторыя рэформаў дамініканскага абраду добра задакументавана а. Аўгустынам Томпсанам ОР [4-5]. На жаль, з гэтых даследаванняў вынікае, што дамініканскі абрад знішчылі зусім не рэфарматары і не ворагі Касцёла. Гэта быў бы адносна някепскі варыянт: смутны, але прынамсі прымальны. На жаль, колькасць зваротаў дамініканскіх настаяцеляў у Кангрэгацыю абрадаў з просьбай дазволіць ім ці то як найхутчэй прыняць штосьці з рымскага абраду, ці то як найхутчэй адкінуць штосьці са свайго, сведчыць пра тое, што дамініканскі абрад задушылі самі ж дамініканцы.

Адно за адным загінулі старажытная сістэма паклонаў і прастрацый (prostratio in formis) [6], складаныя правілы накладання і скідання капелюша, большасць асаблівасцяў дамініканскага абраду ў тым, што датычылася Імшы, а таксама дамініканскі брэвіярый і дамініканскі спеў. У 1968 годзе дамініканцы прынялі новую канстытуцыю, з якой увогуле не вынікала, што ордэн калісьці меў свой літургічны абрад. 2 чэрвеня 1969 года Ордэн прапаведнікаў атрымаў дазвол перайсці на рымскі абрад, а на цэлебрацыю дамініканскага абраду з таго часу трэба атрымліваць дазвол настаяцеляў.

Браты, якія жылі ў той час, сцвярджалі, што на практыцы справы ішлі з яшчэ большым імпэтам: змены ўводзіліся, як толькі пра гэта пісалі ў мясцовых каталіцкіх газетах.

У навучальным доме Заходняй правінцыі ЗША, напрыклад, браты вычыталі ў дыяцэзіяльнай газеце Сан-Францыска, што алтары паварочваюць у іншы бок. Тым жа вечарам, рыхтуючыся да ранішняй Імшы, літургіст дома і некаторыя іншыя браты перанеслі дадатковы алтар св. Ружы Лімскай з бакавой капліцы ў прамежак паміж хорамі. З таго часу ён зрабіўся алтаром ахвяры і, калі не ўлічваць, што яго крыху змянілі і перасунулі, застаецца ім да сённяшняга дня [5].

Такім чынам, з 1969 года дамініканскі ордэн цалкам перайшоў на рымскую літургію. У паслярэформенны час пабачыла свет выданне з пералікам характэрных рысаў дамініканскага абраду, якія можна было выкарыстоўваць у новым рымскім абрадзе, аднак у шырокую практыку гэтыя прадпісанні не трапілі, што кожны сёння бачыць сам. Фактычна, для дамініканцаў старажытны дамініканскі абрад зрабіўся справай мінуўшчыны, а новага так і не ўзнікла.

Што ж да традыцыйнага дамініканскага абраду, альбо проста дамініканскага абраду, бо новага няма, то ён ператрываў дзякуючы групе зацікаўленых манахаў з Заходняй дамініканскай правінцыі ЗША ў той форме, у якой быў кінуты ў 1969 годзе [7], і дачакаўся выхаду motu proprio Summorum Pontificum і інструкцыі Universae Ecclesiae, паводле якіх кожны дамініканец атрымаў права карыстацца сваім абрадам, падобна як і кожны святар рымскага абраду можа выкарыстоўваць традыцыйны рымскі абрад [8]. Цяпер дамініканскі абрад пакрысе ажывае, што бачна па працавітасці таго ж а. Томпсана ОР, а таксама мінулагоднім семінары Ars Celebrandi ў Польшчы, на якім штодзённа служыліся святыя Імшы ў гэтым абрадзе.

Сённяшні стан

У цэлым, цягам літургічнай “адновы” ХХ стагоддзя колькасць заходніх літургічных абрадаў зменшылася, а калі нейкі абрад і захаваўся, яго таксама напаткаў даволі незайздросны лёс. На сённяшні дзень большасць альтэрнатыўных абрадаў (як традыцыйных, так і новых) знаходзіцца ў настолькі маргінальным стане, што не будзе перабольшваннем сказаць, што мы знаходзімся ў стане літургічнай монакультуры. Чаму? Бо абсалютная большасць каталікоў адназначна асацыюе літургічную практыку Касцёла з адноўленым рымскім абрадам, з якім сустракаецца кожны дзень. Калі ж у таго ці іншага чалавека запытацца, ці не згадае ён яшчэ якіх абрадаў, то найчасцей усплывае сіра-малабарскі, ды і то ў фармаце прымаўкі.

Ці вернецца наша страчаная разнастайнасць? Верагодна.

Айцец Джон Ханвік у сваім блогу “Fr Hunwicke’s Mutual Enrichment” [9] прыводзіць даволі прыгожую тэорыю таго, як гэта можа стацца:

Вось што я маю на ўвазе. Прымем, напрыклад, што кс. Мэйнстрым кожныя выходныя служыць адну вігілійную Імшу і дзве нядзельныя Імшы. Дзве Імшы з трох, напрыклад, служацца ў монакультуры 1970-х, тады як трэцяя Імша… іншая. Наколькі яна іншая, для маёй тэорыі не мае значэння. Гэта можа быць надзвычайная форма. Альбо, дай Божа, Імша ў абрадзе ардынарыяту. Альбо гэта можа быць звычайная Імша з некаторымі адрозненнямі… магчыма, ad orientem… з падрыхтаваным, старанным і артадаксальным казаннем… з часткамі на лацінскай мове… з біблійнымі і дагматычна артадаксальнымі гімнамі з цудоўнага англа-каталіцкага English Hymnal… са святой Камуніяй, якую з пашанай удзяляюць і пабожна прымаюць… дым валіць клубкамі з кадзільніцы… альбо нейкія камбінацыі з пералічанага.

Уявім сабе, што потым ксяндзу прыходзіцца прыняць дадатковую парафію за 80 км, у якой, напрыклад, такі самы расклад Імшаў. Цяпер ён мусіць служыць шэсць Імшаў. Натуральна, ён пастараецца скараціць гэты цяжар да чатырох Імшаў: дзвюх вігілійных, па адной у кожным касцёле, і дзвюх нядзельных, па адной у кожным касцёле. Вядома, з пастырскіх меркаванняў разнастайнасці і з меркаванняў асацыяцыі “Свецкія Жанчыны Маюць Права на Выбар” ён пакіне дзве розныя Імшы. Рэзультат будзе такім, што чатыры монакультурныя Імшы з 1970-х скароцяцца ў колькасці да дзвюх… на 50 %.

Вуаля. Альбо, як мы сёння кажам, Bergoglio’s your uncle. Дадайце сюды той факт, што ўсё большая колькасць святароў, небаракі, надта маладыя, каб ведаць усю прыгажосць 1970-х, і пры распазнанні свайго паклікання яны ўсё ж неяк адчуваюць, што Бог кліча іх быць святарамі. Гэтыя светлыя, адукаваныя маладыя людзі не будуць губляць сваё святарскае жыццё на тое, каб падтрымліваць гэты тужлівы парк атракцыёнаў з 1970-х. У іх дастаткова вялікае сэрца і яны не будуць трымаць сваю паству ў стане інфантыльнасці. Акрамя таго, іх няможна будзе зачыніць у сутарэннях плябаніі і прызначыць ім пакаранне ў выглядзе дваццаці гадоў працы малодшым вікарыем на шасці стаўках, бо, на шчасце, нястача святароў прывядзе да таго, што ўсе яны хутка стануць пробашчамі! (…) Можа выявіцца, што цяперашнія нястачы запланаваныя Богам.

Менавіта.

Спадзяемся, што цяпер апошнія ўрыўкі з цыклу “Гісторыя Імшы” крыху актуалізаваліся. На нейкі час гэтую тэму пакінем, бо Мілан і Таледа далёка, картузіянцаў у нас няма, а кармеліты ёсць, але яны босыя, а нам патрэбныя абутыя. Што праўда, ёсць дамініканцы, і даволі шмат. Таму з часам, можа, пра гісторыю іхняга абраду штосьці напішам.


[1] Gregory DiPippo, “A detailed explanation of the Ambrosian rite and San Simeon Piccolo“, New Liturgical Movement, 2007.

[2] An Introductory Dictionary of Theology and Religious Studies. Liturgical Press, 2007, p. 44.

[3] “New church for those in Milan attached to traditional Ambrosian rite“, Rorate Caeli, 2014.

[4] Augustine Thompson, “Preconciliar Reforms of the Dominican Rite Liturgy: 1950–1962,” Antiphon 15 (2011): 185-201

[5] Augustine Thompson, “Postconciliar Reform of the Dominican Rite Liturgy: 1962‑1969, ” Antiphon 15 (2011): 299-317

[6] Augustine Thompson, “Prostration on the Forms in the Dominican Rite“. New Liturgical Movement, 2008.

[7] Augustine Thompson, “Current Status of the Dominican Rite: A Summary“. New Liturgical Movement, 2011.

[8] Pius Pietrzyk, “Canonical Status of the Dominican Rite“, 2008.

[9] John Hunwicke, “Moving beyond monoculture: solving the problem of the Novus Ordo“, 2016.

Фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up