24 мая бельгійскія біскупы выдалі пастырскі ліст на нідэрландскай і французскай мовах, дзе выказалі сваю згоду і падтрымку паслясінадальнай адгартацыі Amoris Laetitia, такім чынам стаўшы ў адзін шэраг з нямецкім і мальтыйскім епіскапатамі, а таксама некаторымі аргентынскімі, італьянскімі і амерыканскімі біскупамі. Важнасць гэтай падзеі заключаецца ў тым, што, як і ў выпадку Германіі і Мальты, бельгійскія біскупы прадстаўляюць увесь нацыянальны епіскапат. Акрамя таго, у хуткім часе варта чакаць пахвальнага папскага адказу альбо прынамсі ўскоснай падзякі Папы Францішка бельгійскім біскупам за падтрымку.

Ліст бельгійскіх біскупаў сцвярджае наступнае:

Таму нельга пастанавіць, што ўсе разведзеныя і паўторна жанатыя асобы могуць быць дапушчаны да Камуніі. Таксама нельга пастанавіць і таго, што ўсім ім гэта забаронена. Шлях кожнай асобы патрабуе неабходнага распазнання ў святле пастырскага рашэння, зробленага ў сумленні [en conscience].

Як і ў выпадку нямецкіх біскупаў, бельгійскія біскупы таксама прапануюць, каб гэты шлях распазнання суправаджаўся дыялогам альбо са святаром, альбо з дыяканам, альбо нават з “пастырскім супрацоўнікам” [agent pastoral], пад якім маецца на ўвазе свецкая асоба. Менавіта ў гэтым канкрэтным кантэксце бельгійскія біскупы спасылаюцца на Amoris Laetitia і кажуць пра дадатковую “дапамогу сакрамэнтаў”. Гэты працэс распазнання павінен праводзіцца у святле сумлення як “паўторна жанатай” асобы, так і афіцыйна ўключанага ў гэты працэс пастырскага апекуна. Яшчэ раз гучыць заява з прамой спасылкай на Amoris Laetitia, 37 пра тое, што індывідуальнаму і суправаджаючаму сумленню трэба даць больш прасторы для дзеяння. Наступны фрагмент адносна разведзеных і паўторна жанатых асобаў гучыць амаль даслоўна так, як і ў нямецкіх інструкцыях:

Можа здарыцца, што нехта вырашыць не прыступаць да Эўхарыстыі. Мы вельмі паважаем такое рашэнне. Можа таксама здарыцца, што нехта ў сумленні вырашыць прыступаць да Эўхарыстыі. Такое рашэнне таксама заслугоўвае павагі.

Для параўнання, нямецкія пастырскія інструкцыі кажуць наступнае:

Індывідуальнае рашэнне — у індывідуальных абставінах — пакуль што не прыступаць да сакрамэнтаў заслугоўвае павагі і высокай ацэнкі. Але трэба таксама мець павагу да рашэння на карысць прыняцця сакрамэнтаў.

Таксама бельгійскія біскупы адкрыта выказваюць сваю “высокую ацэнку і глыбокую ўдзячнасць за Amoris Laetitia“.

Выглядае, што дзякуючы свайму падыходу да разведзеных і паўторна жанатых асобаў і да магчымасці іх доступу да сакрамэнтаў бельгійскія біскупы прымаюць паставу, падобную да паставы нямецкіх біскупаў, бо сцвярджаюць, што не кожная “паўторна жанатая” асоба можа per se мець доступ да сакрамэнтаў (ствараючы ўражанне нейкага аб’ектыўнага балансу); але ў той самы час яны даюць індывідуальнаму сумленню гэтых асобаў вялікую прастору для дзеяння, у тым ліку і дазвол прыступаць да сакрамэнтаў.

Бельгійскія біскупы ніякім чынам не згадваюць маральны абавязак жыць у чысціні, як брат і сястра, калі “паўторна жанатая” пара жадае прыступаць да сакрамэнтаў.

Такім чынам, выглядае, што яшчэ адна нацыянальная біскупская канферэнцыя трапіла ў пастку і дазволіла чужаложнікам мець прамы доступ да сакрамэнтаў.

Аднак, як нядаўна заявіў журналіст Сандра Маджыстэр, за паблажлівыя рэформы Папы Францішка выступае не так і шмат нацыянальных біскупскіх канферэнцый. Найбольшая падтрымка, па яго словах, паходзіць з Еўропы. Ён кажа:

З прызначэннем старшынёю кардынала Гуалцьера Басэці, пасля яго ж прызначэння сакратаром тры гады таму, Папа Францішак атрымаў поўны кантроль над італьянскай Канферэнцыяй біскупаў, траціну біскупаў якой ён устанавіў сам, нават у такіх першакласных дыяцэзіях, як Балонья, Палерма, Рымскі вікарыят і Мілан.

Прызначэнні з’яўляюцца ключавым элементам стратэгіі Хорхе Марыя Бергольё. Дастаткова паглядзець, як ён фармуе на свой узор Калегію кардыналаў, якая ў будучыні будзе абіраць яго наступніка. Разам з апошняй порцыяй кардыналаў, абвешчанай на канец чэрвеня, верагоднасць таго, што будзе абраны Папа, які зробіць паварот назад, яшчэ больш паніжаецца.

Аднак, калі не глядзець на Італію, пагаджэнне з біскупамі для Францішка зусім нялёгкае.

Адзіныя нацыянальныя епіскапаты, на якія ён можа лічыць сёння, гэта нямецкі, аўстрыйскі і бельгійскі — у гэтых нацыях Каталіцкі Касцёл прыходзіць у найбольш драматычны заняпад.

Як паказвае Маджыстэр, Папа атрымлівае найбольшую падтрымку ад нацыянальных біскупскіх канферэнцый тых краін, якія найбольш хутка страчваюць веру. Гэта нядобры знак для цяперашняга пантыфікату.

Стыў Скоджэк толькі што напісаў пра нядаўнія недастойныя выбухі кардынала Оскара Радрыгеса Марадзьягі. Выглядае, што кола найбліжэйшых супрацоўнікаў Папы — і сам Папа — даволі крыўдлівае і адчувальна нярвуецца. Магчыма, цяпер яны ўсведамляюць, што не маюць падтрымкі большасці каталікоў у сваёй радыкальнай праграме пераменаў, нягледзячы на гучныя заявы пра адваротнае.

Памолімся, каб гэтая трывога сярод архірэфармістаў сапраўды засноўвалася на рэальных фактах і каб іхні неспакой прынамсі запаволіў іх планаваную рэвалюцыю ці нават цалкам яе спыніў. Колькі яшчэ Папа Францішак зможа кантраляваць свой неспакойны пантыфікат?


Аўтар: Maike Hickson
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыйнае фота: Andreas F. Borchert (CC BY-SA), вітраж у касцёле св. Якуба (Гленбі, Ірландыя).

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар