№34. Масарабская літургія

Старажытная іспанская літургія, уведзеная святым Торкватам і яго паплечнікамі, ва ўсіх істотных элементах нагадвала рымскую. Калі Іспанію запаланілі свевы, аланы, вандалы і вестготы (у V ст.), усе з якіх былі арыянамі, іспанская і арыянская літургіі змяшаліся і суіснавалі на працягу многіх гадоў. Паколькі Касцёл у Іспаніі падтрымліваў пастаянныя зносіны з Касцёлам у Канстантынопалі — галоўным Касцёлам на Усходзе ў той час, — у іспанскую літургію трапілі некаторыя грэцкія традыцыі, а таксама некаторыя традыцыі, аналагічныя арыянскім. Такім чынамі, іспанская літургія патрабавала аднаўлення. У 537 годзе арцыбіскуп Галісіі Прафутур папрасіў парады ў гэтай справе ў тагачаснага Вярхоўнага Пантыфіка Папы Вігілія. Яго Святасць даслаў яму Канон Імшы, згодны з рымскімі нормамі, а таксама копію тэкстаў Велікоднай Імшы, каб той мог сфармаваць новую літургію па гэтых узорах. Да канца шостага стагоддзя вестготы навярнуліся да веры, і тады іспанская літургія набыла свае найважнейшыя рысы. На Чацвёртым Таледскім саборы ў 633 годзе іспанскія біскупы на чале са святым Ісідорам Севільскім пастанавілі забараніць у краіне ўсе замежныя абрады і мець ва ўсёй краіне адзіны абрад. Паколькі гэтую працу ўзначальваў св. Ісідор, яго лічаць аўтарам іспанскай літургіі. Такая літургія, якую называлі гоцкай, працягвала выкарыстоўвацца ў Іспаніі і не была закранута рэформай Папы Грыгорыя Вялікага.

Чарговыя змены наступілі каля пачатку восьмага стагоддзя, калі іспанскія землі трапілі ў рукі маўраў [1]. Тых, хто падпарадкаваўся ўладаранню маўраў, называлі Mostarabuna — арабскім дзеепрыметнікам, якія азначае “змяшаны з арабамі” [2], а літургію пачалі называць мусарабскай альбо масарабскай. Падчас кіравання маўраў, якое працягвалася каля васьмісот гадоў, літургія пастаянна змянялася і скажалася. Таму падчас Сінода ў Сан-Хуан-дэ-ла-Пенья, які праводзіўся пры пантыфікаце Папы Аляксандра ІІ (1061), кароль Арагоніі Санча Рамірэс правёў замену гоцкага абраду рымскім. Сабор у Бургасе ў 1085 годзе выдаў адпаведнае ўрачыстае пастанаўленне. Аднак на практыцы ўвесці рымскі абрад было няпроста, бо людзі надзвычай моцна хіліліся да старажытных традыцый. Адны падтрымлівалі рэформу, а іншыя былі супраць. Парадаксальна, але для вырашэння гэтай справы звярнуліся да “суду Божага”: распалілі вялікае вогнішча і кінулі ў яго па экзэмпляры кожнага Імшала, каб паглядзець, які з іх застанецца некранутым. Спачатку кідалі Рымскі Імшал, але як толькі ён дакрануўся да полымя, ён адразу адскочыў некранутым. Затым у вогнішча кінулі Масарабскі Імшал. Немагчыма паверыць, але ён застаўся некранутым, лежачы пасярод полымя! Паколькі абедзве літургіі былі ўратаваныя цудоўным чынам, было вырашана, што абедзве з іх дастаткова добрыя, і таму ва ўжытку пакінулі і тую, і іншую. Аднак у хуткім часе перавагу аддалі рымскаму абраду, які і стаў абрадам усёй краіны, за выключэннем Таледа, дзе масарабскі абрад выкарыстоўваўся ў шасці касцёлах: святых Марка, Лукі, Себасцьяна, Торквата, Эўлаліі і Юсты. З часам жа рымскі абрад прыжыўся і ў гэтых касцёлах, а масарабскі стаў цалкам звязаны толькі з катэдральным саборам. Аднак кардынал Хімэнэс, арцыбіскуп Таледа, пасля вельмі гарачых просьбаў загадаў аднавіць яго ў пяці з вышэйзгаданых касцёлаў і ўстанавіў ахоўнікаў, якія называліся “Sodales Mozarabes”, — трынаццаць святароў, якім ён аддаў капліцу Божага Цела. Масарабскі абрад яшчэ захоўваецца ў гэтых месцах, але больш нідзе не ўжываецца (гл. Hefele, Life of Cardinal Ximenes; Bona, Rer. Liturg., p. 219; Kozma, 157; Gavantus, Thesaur. Rit., 23). У гэтай кнізе пры нагодзе мы яшчэ будзем распавядаць пра асаблівасці масарабскага абраду.


[1] Маўры — гэта народ паўночнаафрыканскай краіны Маўрытаніі, альбо Марока. Яны прынялі іслам у сёмым стагоддзі праз падбухторванне іх арабскіх захопнікаў і ў далейшым сталі сцісла асацыявацца з арабамі. Яны былі выкінутыя з Іспаніі Фердынандам і Ізабэлай у 1492 годзе.

[2] Арабы падзяляюць свой народ на тры класы: першы, так званыя “el Arab el Arabeh”, гэта чыстыя арабы; другія — “el Arab el Mota’ arribeh” — гэта тыя, хто ведаюць мову і размаўляюць на ёй; трэція — “el Arab el Mosta’ ribeh” — гэта змяшаныя або натуралізаваныя арабы.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Querubin Saldaña (CC BY-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: