Прафесар Анна Сілвас. “Год пасля Amoris Laetitia: слова ў час”

Год таму прафесар Сілвас адной з першых выказала аргументаваную крытыку апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia. Беларускі пераклад яе заўваг наконт AL дагэтуль з’яўляецца самым чытаным матэрыялам у фармаце PDF на нашым блогу. Таму, даведаўшыся ў красавіку, што сярод дакладчыкаў на рымскай канферэнцыі (пра якую тут ўжо была мова) ёсць яе імя, мы з нецярплівасцю чакалі яе чарговага тэкста. Сёння мы з радасцю публікуем гэты адважны аналіз з яго глыбокім духоўным складнікам і нязменнай ноткай усходняй патрыстыкі.

Год пасля Amoris Laetitia: слова ў час

“Я бачыў пасткі, якія вораг раскідаў па ўсім свеце, і сказаў я са стогнам: “Што ж можа прайсці праз такія шматлікія пасткі?” Тады пачуў я голас, які казаў мне: “Пакора”. Так казаў абат Антоній Вялікі, айцец манахаў.

Сёння, у першую гадавіну Amoris Laetitia, прымаючы запрашэнне прамовіць да вас, я падзяляю ягоныя словы. Прабачце, але мне здаецца, што замест мяне маглі б выступіць многія больш кваліфікаваныя свецкія вернікі. Сёння касцёльнае поле настолькі абстаўлена кананічнымі, тэалагічнымі і эклезіялагічнымі пасткамі, што цяжка асмеліцца нешта сказаць: да таго дзіўныя сённяшнія часы ў Касцёле.

Калі мне трэба было б спыніцца на адной з праблемаў цяперашняга крызісу ў Касцёле, то гэта была б “сучаснасць”, а таксама настрой у Касцёле, які так моцна заахвочвае “сучаснасць” і следуе за ёю любым коштам. Тэолаг Трэйсі Ролэнд [Tracey Rowland] паказала, што “сучаснае”, да якога нас прымушалі дастасоўвацца, ніколі не акрэслівалася ў дакументах Другога Ватыканскага сабору ­— сапраўды незвычайны прагал. Яна кажа: “Адсутнасць тэалагічнага даследавання айцамі Сабору культурнага феномену пад назвай “сучаснасць”, альбо “сучасны свет”, у 1962—1965 гадах з’яўляецца, магчыма, адной з найбольш уражваючых асаблівасцяў дакументаў Другога Ватыканскага сабору” [1].

Лацінскае слова moderna азначае “цяперашні”, “апошні”, “нядаўні”. Культ сучаснасці ствараецца тады, калі мы робім сучаснасць найважнейшым аб’ектам нашых жаданняў, каб атрымаць адабрэнне эліты, медыямагнатаў і суддзяў культуры. Калі б мне трэба было паставіць дыягназ, я б вылучыла менавіта гэтае гарачае жаданне.

Каля двух гадоў таму мая маладая сяброўка Эліза Бек, настаўніца і адданая прыхільніца каталіцкай веры, атрымала новую працу ў новай каталіцкай школе. Аднойчы некаторыя з яе васьмікласнікаў выконвалі ў класе практыкаванне па “палітыцы”. Гэта быў другі год сярэдняй школы, таму вучні ўжо мелі перад тым восем гадоў каталіцкай адукацыі і прайшлі ўсю сакрамэнтальную “праграму” — мярзотнае слова; што яно ўвогуле азначае? Яна спыталася ў іх: калі б вы былі кандыдатам на надыходзячых выбарах, якою была б вашая палітыка. На яе здзіўленне, кожны з іх, акрамя аднаго хлопчыка, назваў аднаполыя сужэнствы і праграму ЛГБТ. Тады яна завяла з імі выпраўленчую размову. Гэта дапамагло мне ўсвядоміць, наколькі вышэй сярод “каталікоў” сёння стаяць каштоўнасці чыста свецкай сучаснасці, чым каштоўнасці жыцця ў Хрысце і вучэнне Касцёла. Пагружэнне ў практыкі сучаснасці прывяло да фактычнай сітуацыі, калі mythos сучаснасці ўеўся ў самы шпік і кроў каталікоў. Ён цалкам прасякае іхні спосаб мыслення і дзеяння. Я азіраюся навокал і пачынаю з жахам задавацца пытаннем, наколькі гэта датычыцца лідараў Касцёла, магчыма, нават найлепшых з іх. Колькі з іх глыбока, глыбока адданыя праграме сучаснага свету, нават больш, чым таму, чаго Хрыстус патрабуе ад глыбіняў нашага розуму і сэрца?

Пры св. Яне Паўле ІІ мы, здаецца, прынамсі ў некаторых сферах мелі пэўны нядоўгі рэванш: трэба найперш згадаць яго інтэнсіўнае тлумачэнне сужэнскай таямніцы нашага першага стварэння і падтрымку Humanae Vitae. Тое ж працягвалася пры Бенедыкце XVI, і дадаліся некаторыя спробы выправіць літургічны заняпад і маральны бруд сэксуальных злачынстваў духавенства. Мы спадзяваліся, што пэўнае выпраўленне ўжо прынамсі выехала да нас. Цяпер жа, у першыя гады пантыфікату Папы Францішка, зноў узняўся нясвежы і банальны дух сямідзесятых гадоў, прыхапіўшы з сабою сем іншых дэманаў. І калі дагэтуль мы яшчэ сумняваліся ў гэтым, то Amoris Laetitia і тое, што наступіла пасля яе ў мінулым годзе, ясна паказала, што гэта і ёсць наш крызіс. Найбольш пужае і ашаламляе многіх з нас, свецкіх каталікоў, тое, што гэты чужы дух, здаецца, нарэшце паглынуў Пасад Пятра, зацягваючы ўсё большыя шэрагі памяркоўных касцёльных лідараў у свае сеткі. Я гляджу на некаторых з найвышэйшых пралатаў, біскупаў і тэолагаў, і — я клянуся — я не магу знайсці ў іх нават мінімальнага ўзроўню sensus fidelium — а гэта тыя, хто трымае на сабе настаўніцкае служэнне Касцёла. Хто рызыкне сваёй несмяротнай душою і даверыцца іх маральнаму суджэнню на споведзі?

*   *   *

Рыхтуючы гэты артыкул, я амаль праз год удумліва перачытала Amoris Laetitia. Калі я ўвайшла ў брудныя воды восьмага раздзелу, мае былыя ўражанні толькі ўмацаваліся. Насамрэч адгартацыя нават падалася мне яшчэ горшым дакументам, чым я лічыла раней, зусім кепскім.

Няма патрэбы прыводзіць тут дэтальны аналіз, праведзены многімі адукаванымі каментатарамі ў мінулым годзе, напрыклад, першымі героямі Робертам Шпеманам [Robert Spaemann] і Раберта дэ Матэі [Roberto de Mattei], біскупам Шнайдэрам, “45 тэолагамі”, Фінісам і Грысэ [Finnis, Grisez] і многімі іншымі, усе з якіх павінны з’явіцца на дошцы гонару, калі прыйдзе час пісаць гісторыю гэтых часоў.

Аднак ёсць адна група людзей, падыход якіх падаецца мне вельмі дзіўным: сумленныя і прававерныя найвышэйшыя пралаты і тэолагі, якія тлумачаць бязладдзе, што ўзнікла вакол Amoris Laetitia, як справу “няправільных інтэрпрэтацый”. Яны засяроджваюцца выключна на тэксце, не звяртаючы ўвагі на вядомыя ранейшыя словы і дзеянні самога Папы Францішка, а таксама на шырэйшы гістарычны кантэкст. Яны нібы праводзяць непраходны разлом, з аднаго боку якога асоба Папы, за подпісам якога дакумент быў апублікаваны, а з іншага боку — “тэкст” дакумента. Калі Святы Айцец бяспечна ізаляваны ад усялякіх падазрэнняў, яны свабодна разважаюць над праблемай, якую яны ідэнтыфікуюць як “злоўжыванне” тэкстам. Затым яны выказваюць пабожны заклік, каб Святы Айцец “выправіў” гэтыя памылкі.

Несумненна, гэтыя пакручастыя манеўры ўзнікаюць з-за скаванасці пашанай да наступніка Пятра. Я ведаю, ведаю! Мы біліся над гэтай загадкай год ці нават больш. Але для любога разумнага і ўдумлівага чытага, які, кажучы словамі 45 тэолагаў, “не спрабуе перакруціць словы дакумента ў якім-небудзь накірунку, а прымае натуральнае ці непасрэднае ўражанне ад значэння словаў як уласцівае”, усё гэта аддае вытанчанай ненатуральнасцю.

“Намеры” Папы Францішка выдатна выводзяцца з самога тэксту, калі чытаць яго нармальна і натуральна, без аніякіх фільтраў. Давайце паглядзім на некаторыя прыклады.

Першае з пяці пытанняў чатырох кардыналаў завяршаецца словамі: “Ці можа выраз “у некаторых выпадках”, які знаходзіцца ў зносцы 351 (№ 305) адгартацыі, прымяняцца да разведзеных асобаў, якія заключылі новы саюз і якія працягваюць жыць more uxorio?” Несумненна, для Касцёла надзвычайна важна, каб Папа растлумачыў намер гэтай зноскі. Тым не менш, тое, што Папа меў на ўвазе, становіцца ясна з пачатку дадзенага фрагмента (№ 296). Ён прысвечаны тым, хто жыве ў “нестандартных сітуацыях”. Усё, што ў наступных радках сказана пра тых, хто ў сітуацыі аб’ектыўнага граху ўзрастае ў ласцы, любові і асвячэнні, магчыма, пры дапамозе сакрамэнтаў, у прыватнасці Святой Камуніі, напісана пад гэтым загалоўкам пра “нестандартныя сітуацыі”.

Да тых, хто знаходзіцца ў нібыта “асвячальных” “нестандартных сітуацыях” і дапускаецца да Эўхарыстыі, далучаюцца таксама разведзеныя і паўторна жанатыя асобы, якія не збіраюцца пакідаць свае сэксуальныя адносіны. Пра гэта гаворыцца ў № 298, дзе ў зносцы 329 урывак з Gaudium et Spes 51, які абмяркоўвае пытанне часовага ўстрымання ў сужэнстве, як навучаў св. Павел, абуральна пераносіцца на тых, хто знаходзіцца не ў хрысціянскім сужэнстве, а ў “нестандартнай сітуацыі”, і выкарыстоўваецца як аргумент, што ім не след жыць, як брат і сястра. Намер, які пачынаецца са скажэння св. Яна Паўла і нахабнай хлусні пра сапраўднае значэнне Gaudium et Spes 51, зразумелы. Дык дзе тут цяжкасці з разуменнем таго, што мае на ўвазе Папа?

У № 299 Папа Францішак просіць нас распазнаваць “якія з розных форм выключэння, практыкаваных сёння ў літургічнай, пастырскай, адукацыйнай і інстытуцыянальнай сферы, можна адмяніць”. Гэта ясна сведчыць пра ягоную мэту: як мы будзем адмяняць тыя формы “выключэння”, найперш літургічную, якія мы практыкавалі дагэтуль? Дзе тут цяжкасці з разуменнем намеру Папы Францішка?

Ёсць і шмат іншых падобных прыкладаў. Яшчэ ў прадмове ён папярэджвае нас, што “ўсе будуць вельмі зацікаўлены восьмым раздзелам”, а затым ажно ў № 308 ён ускосна прызнаецца, што ягоны падыход можа “пакінуць месца блытаніне”. Паверым жа яму: гэта ягоны намер, які не так ужо і цяжка зразумець.

Мы звярнулі ўвагу на незразумелае засяроджанне на адным толькі тэксце, праз якое дзеянні і асоба Папы Францішка пры абмеркаванні намеру дакумента педантычна выключаюцца з усялякага разгляду. Не выкарыстоўваецца як спосаб зразумець думкі Папы і гістарычная мінуўшчына. Выбіраючы некаторыя з многіх выпадкаў, можна назваць наступныя: вядомая практыка арцыбіскупа Бергольё па маўклівым допуску да Камуніі ў сваёй дыяцэзіі ўсіх наведвальнікаў, уключна з сажыцелямі, а таксама разведзенымі і паўторна жанатымі асобамі [2]; ягоны асабісты выбар кардынала Каспера для ўступнай прамовы падчас Сінода 2014 года, як быццам мы павінны ветліва закрыць вочы на ўсю перадгісторыю Касперавай дзейнасці па гэтых пытаннях; разнастайныя сродкі, пры дапамозе якіх адбываліся маніпуляцыі з гэтымі сінодамі, напрыклад, загад Папы, каб прапанова наконт Камуніі для разведзеных і паўторна жанатых асобаў, супраць якой біскупы прагаласавалі ў 2014 годзе, была ўключана ў фінальную справаздачу [3]; яго з’едлівае асуджэнне фарысеяў і іншых зацвярдзелых асобаў падчас заключнай прамовы на завяршэнне Сінода 2015 года; а пазней — яго цёплая пахвала Бенхарда Герынга [Bernhard Häring], старшыні нязгодных маральных тэолагаў 1970-1980-х гадоў, чыя кніга (1989) пра допуск разводзеных і паўторна жанатых асобаў да Эўхарыстыі на ўзор праваслаўнай іканоміі была зброяй у заплечніку Каспера. Затым, зразумела, было адабрэнне Папам Францішкам “інтэрпрэтацыі” Amoris Laetitia, падрыхтаванай аргентынскімі біскупамі, якая аказалася менавіта такой, якою ён яе задумваў: “No hay otras interpretaciones” [4]. Вы ведаеце ўсе гэтыя выпадкі, а таксама шмат іншых, амаль штодзённых, на аснове якіх зусім няцяжка зрабіць вывад пра намер Папы Францішка.

*   *   *

Я ўпэўнена, што Папа Францішак вельмі добра ведае вучэнне пра беспамылковасць Папы, ведае, наколькі вялікія вымаганні гэтая беспамылковасць ставіць, і ён дастаткова разумны, каб ніколі не запусціць гэты механізм. Унікальным прэстыжам папства ў Каталіцкім Касцёле, нароўні з практычным эмацыйным папізмам многіх каталікоў, з’яўляюцца карысныя інструменты, і іх ён выкарыстае цалкам: справа не ў беспамылковасці; яна ўвогуле не мае значэння, калі ён зможа арганізаваць у Касцёле ўпэўненасць у патрэбе пераменаў. Пра гэтае яго жаданне мы даведваемся з AL, № 3, дзе ён кажа: “Нагадваючы, што “час важнейшы за прастору”, хачу падкрэсліць, што не ўсе дактрынальныя, маральныя або пастырскія дыскусіі павінны праходзіць з удзелам Настаўніцкага Інстытута Касцёла. Безумоўна, у Касцёле павінна быць еднасць дактрыны і дзеяння, але гэта не перашкаджае існаванню розных інтэрпрэтацый пэўных аспектаў вучэння або некаторых высноў, якія вынікаюць з яго. Так будзе адбывацца да таго часу, пакуль Дух не прывядзе нас да поўнай праўды (пар. Ян 16:13), гэта значыць, пакуль цалкам не ўвядзе нас у таямніцу Хрыста, калі мы зможам бачыць усё Ягонымі вачыма” [5].

Але я думаю, што пад “духам”, пра які так супакойвальна згадвае Францішак, больш маецца на ўвазе Geist спадара Гегеля, а не Святы Дух, пра Якога кажа наш Пан: “Дух праўды, Якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае” (Ян 14:17). Гегелеўскі ж Geist праяўляецца пасярод супярэчнасцяў і супрацьстаянняў, пераадольваючы іх у новым сінтэзе, не знішчаючы палярнасці і не зводзячы адно да іншага. Гэта гнастычны дух культу сучаснасці.

Таму Францішак будзе выконваць сваю праграму без папскай беспамылковасці і без ажыятажу, звязанага з настаўніцкімі сцвярджэннямі. Мы знаходзімся ў свеце дынамічнай плыннасці, у свеце распачынання свабодных працэсаў, сяўбы зерняў жаданай перамены, якая з часам пераможа. Іншыя тэарэтыкі — у вас у Італіі, напрыклад, ёсць Грамшы [Gramsci] са сваім маніфестам культурнага марксізму — вучаць, як дасягаць рэвалюцыі непрыкметна. Таму ў Касцёле Францішак і ягоныя паплечнікі працуюць з вучэннем не шляхам прамога аспрэчвання тэорыі, таму што, калі яны зробяць гэта, яны пацерпяць паразу, а шляхам паступовай змены практыкі. Яны будуць граць гэтую пераканальную песню сірэн, пакуль не будзе напрацавана столькі практыкі, што назад ужо не будзе вяртання. Такая тайная тактыка яўна гуляе на карысць дыялектыкі Гегеля. Пра тое, што гэта modus operandi Папы Францішка, сведчыць пэўны выпадак, які адбыўся за кулісамі Сінода 2015 года. “Калі мы будзем адкрыта казаць пра Камунію для разведзеных і паўторна жанатых асобаў, — сказаў арцыбіскуп Фортэ, перадаючы жарт Папы Францішка, — вы нават не ўяўляеце, які хаос мы створым. Таму мы не будзем казаць наўпрост, але зробім так, што будуць перадумовы, а затым я зраблю высновы”. “Тыповы езуіт”, — пажартаваў арцыбіскуп Фортэ [6].

Тады паціху, рэгіён за рэгіёнам, біскупы па ўсім свеце пачынаюць “інтэрпрэтаваць” AL у такім ключы, быццам Касцёл цяпер “развіў” сваю пастырскую практыку і дапускае разведзеных і паўторна жанатых асобаў да Эўхарыстыі, не звяртаючы ўвагі на найсур’ёзнейшае сакрамэнтальнае вымаганне, якое існавала да гэтага моманту. Вядома, пры гэтым яны ціснуць на звонкую клавішу “суправаджэння”. І калі Папа Францішак бачыць гэта, які ягоны адказ? Ён радуецца, што яны дакладна падхапілі ўсе ягоныя намёкі ў AL: я ўжо згадвала ягонае знакамітае “No hay otras interpretaciones” да аргентынскіх біскупаў. Пазней з’явіўся ягоны ліст падзякі біскупам Мальты за іх інтэрпрэтацыю.

Мне здаецца, несправядліва абвінавачваць гэтых біскупаў у “злоўжыванні” адгартацыяй AL. Наадварот, яны зрабілі вывады, відавочныя кожнаму ўдумліваму і шчыраму чытачу гэтага папскага дакумента. Віна ж, як і няшчасце для Касцёла, схавана ў намеры, які знаходзіцца і дастаткова выяўлены ў самой Amoris Laetitia, а таксама наіўны папізм з боку біскупаў, які аказвае настолькі кепскі ўплыў на спрадвечную паслухмянасць веры Касцёла, што тая вера ўжо не адчувае, што знаходзіцца пад вельмі сур’ёзнай атакай, хоць нават і з той аддаленай часткі свету.

У гэтай хітрай гульні важную ролю адыгрываюць прадуманыя размовы пра стараннае “распазнанне” і “суправаджэнне” ў складаных маральных сітуацыях — гэта часовыя фіранкі для канчатковай мэты. Ці ж мы не бачылі, як нізкае мастацтва “складаных выпадкаў” працуе ў свецкай палітыцы, каб правярнуць чарговы этап сацыяльных пераменаў? Цяпер гэта ёсць і ў палітыцы Касцёла. Канчатковы рэзультат будзе дакладна адпавядаць маўклівай практыцы арцыбіскупа Бергольё ў Буэнас-Айрэсе. Будзьце ўпэўненыя, што гульня вядзецца дзеля больш ці менш неразборлівага допуску да Святой Камуніі кожнага жадаючага. І тады мы дасягнем жаданай “міласэрнай” прыстані без дыскрымінацыі: выпустошвання мовы, канчатковай трывіялізацыі Эўхарыстыі, граху і пакаяння, сакрамэнту сужэнства, усялякай веры ў аб’ектыўную і трансцэндэнтную праўду, а таксама ўсялякіх мукаў сумлення перад жывым Богам, Богам святасці і праўды. Адаптуючы словы св. Тамаша Аквінскага, можна сказаць: міласэрнасць без праўды — гэта маці распаду [7].

Папа Францішак абсалютна не збіраецца гуляць па нечыіх “правілах”, а тым больш па ўсіх вашых, альбо маіх, альбо яшчэ нейкіх “правілах” для папства. Вы добра ведаеце, што ён думае пра “правілы”. Ён пастаянна нам пра гэта кажа. Гэта адно з больш мяккіх прыніжэнняў у яго звычайным стосе абразаў. Калі я слухаю, як тыя, хто нас вучыць, кажуць, што Папа Францішак — гэта сённяшні голас Святога Духа ў Касцёле, я не ведаю, ці смяяцца з такой наіўнасці, ці плакаць ад шкоды, нанесенай несмяротным душам. Я б сказала, так, Францішак сапраўды з’яўляецца пасрэднікам духа, а менавіта гегелеўскага Geist “сучаснасці”, які так старанна працуе ў Касцёле. Як я казала раней, гэта нясвежы і банальны дух, стары дух, які не мае ў сабе жыцця, адмоўная сіла, якая толькі і можа весці паразітычнае існаванне на тым, што ўжо існуе. Мне здаецца, што “Эсэ аб развіцці хрысціянскага вучэння” [An Essay on the Development of Christian Doctrine] Ньюмэна дае нам усё неабходнае, каб справіцца з цяперашнім крызісам. У сваіх сямі “заўвагах”, альбо крытэрыях, для адрознення сапраўднага развіцця вучэння ад яго скажэння Ньюмэн прыводзіць неабходны адказ на гегелеўскі праксіс, які дыялектычна пераўзыходзіць тэорыю. Яго сёмая заўвага датычыцца “хранічнага імпэту”. З часам распад праяўляецца надзвычай актыўна — але толькі напачатку “інфекцыі”, бо ён не можа падтрымліваць сваё жыццё на працягу доўгага часу. Ён скончыць сваё развіццё і вымра. Жыццё ж ласкі мае ў сабе боскае жыццё, і таму з часам яно пераможа ўсё, што змагаецца супраць яго. Праўда вытрымае. Магчыма, у будучыні будуць моманты вялікай драмы, але праўда абавязкова пераможа. Так дзейнічае ласка ў арганічным развіцці натуры, а не гнастычнае “час важнейшы за прастору”.

Мае дарагія адзінаверцы ў Езуса Хрыста, нашага Пана, гэты фальшывы дух не пераможа і не можа перамагчы. У XVI стагоддзі пратэстанцкі бунт аддзяліў сужэнства ад сакрамэнту і распачаў секулярызацыю сужэнства на Захадзе. Канстантынопаль пачаў траціць разуменне евангельскіх словаў пра сужэнства пры імператары Юстыніане і яго рымскім грамадзянскім законе пра разводы. Цягам таго, як скандальны прыклад распусных імператараў і імператрыц, што паўторна жаніліся і выходзілі замуж пры жыцці іхніх сапраўдных сужэнцаў, пранікаў у Касцёл і рабіўся традыцыяй, пачала ўзнікаць прыемная на выгляд тэалогія іканоміі, якая мусіла прыкрываць гэты разрыў са святой Традыцыяй. Менавіта на іканомію ў сваёй неразумнасці спасылаюцца Герынг, Каспер і кампанія, заклікаючы следаваць ёй. Каталіцкі ж Касцёл у еднасці з Рымам ажно дагэтуль цвёрда трымаўся Хрыстовага і апостальскага вучэння пра сакрамэнтальнасць і неразрыўнасць хрысціянскага сужэнства. Вам варта пазнаёміцца з сучаснай гісторыяй Копцкага Касцёла па гэтым пытанні: яна вельмі натхняе і заахвочвае. Будзем жа трымацца коптаў і ў гэтым пытанні, і ў іншых.

Ці магчыма, што ўсё ж здарыцца прапанаванае кардыналамі братэрскае выпраўленне Папы? Мы чулі пра гэта мінулым лістападам, і напэўна гэта падбадзёрыла нашыя абцяжараныя душы. Але цяпер ужо канец красавіка, і нічога не здарылася. Мне заўсёды прыгадваецца радок з Шэкспіра: “У справах ёсць прыплыў і ёсць адплыў…”, і мне здаецца, што хвалі прыйшлі і пайшлі, а мы, свецкія вернікі, зноў застаёмся на мелі.

Нядаўна кардынал Бёрк сказаў: “Пакуль гэтыя пытанні застаюцца без адказу, у Касцёле працягвае распаўсюджвацца вельмі шкоднае замяшанне, і адно з фундаментальных пытанняў датычыцца той праўды, што існуюць учынкі, заўсёды і ўсюды няправільныя, якія мы называем унутрана дрэннымі ўчынкамі, і таму мы, кардыналы, будзем працягваць настойваць, каб нам далі адказ на гэтыя шчырыя пытанні” [8].

Я спадзяюся на гэта, дарагія кардыналы, я спадзяюся. Мы, вернікі, заклікаем вас: перастаньце вылічваць, як дамагчыся разумных вынікаў. Сапраўдная разважлівасць падкажа вам, калі прыйшоў час для адважнага сведчання, якое таксама завецца мучаніцтвам.

Папа Францішак не зверне ўвагі ні на якое братэрскае выпраўленне, як гэта аднойчы зрабіў Ян ХХІІ. Але ведаеце што? Нават калі б ён і апублікаваў нейкае адпаведнае паведамленне з гэтай нагоды, гэта не мела б ніякага значэння. Прайшло б усяго 24 гадзіны, як яго наступныя выказванні пачалі б тонка падразаць тое, што было сказана днём раней, альбо нават адкрыта супярэчыць гэтаму. Калі мы дагэтуль не зразумелі гэтай манеры, то мы сапраўды найдурнейшыя з авечак — альбо пастыраў, у залежнасці ад абставінаў. Прабачце, што асмелюся сказаць гэта, аднак — як бы мы гэта ні тлумачылі — цяпер папства ў Касцёле не працуе. Пётр зноў стаўся скандалам, каменем спатыкнення (пар. Мц 16:16-24). Пакуль мы не прымем гэтую рэальнасць, магчыма, абсалютна неверагодную, мы застаемся прыкаванымі да страху і ілюзій, а выйсце (1 Кар 10:13), якое прапануе нам Пан, адкладаецца. Якога прарока вы хочаце ў свае часы? Ананію ці Ерамію? Выбірайце.

Які ж наш абавязак, абавязак свецкіх вернікаў, у гэтыя дні суровага выпрабавання ў Касцёле? Наўрад ці я змагу напісаць лепш, чым аўтар наступнага каментара да артыкула шляхетнага і смелага змагара Стыва Скоджэка [Steve Skojec] на 1Р5. Маліцеся за Стыва і яго сям’ю. Аўтар гэтага каментара — Родэрык Хальварсэн з Санты, штат Айдаха. Некалькі год таму ён перайшоў у Каталіцкі Касцёл з пратэстантызму і не збіраецца яго пакідаць, але ён бачыць, як метастазы ліберальнага пратэстантызму пранікаюць у Касцёл. Вось што ён кажа пра нас, свецкіх вернікаў:

Але насамрэч Бог выпрабоўвае нас. Ён просіць нас знаходзіцца ў адносінах з ім, асабіста, блізка і сапраўдна. Ён забраў у нас усе “падпоркі” каталіцтва: моц, славу, пашану свету, надзейных лідараў і прыклады, карацей, усе рэчы, якія могуць дапамагаць веры, але неабавязковыя для яе, і, як багацце ці поспех, могуць стаць прычынай аслаблення нашай веры, калі мы пачынаем ускладаць наш давер на “культуру” веры, а не на асобу нашай веры: Езуса Хрыста [9].

Езус сказаў яму ў адказ: “Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго” (Ян 14:23). Да гэтага жылля, да гэтага прабывання, гэтага існавання, схаванага з Хрыстом у Богу (Клс 3:3), мы павінны імкнуцца.

Пасярод сацыяльнага, культурнага і эклезіяльнага калапсу я заўважаю цудоўную рэч: быццам для манаства і для таго, што свецкія вернікі шукаюць унутранага прабывання з Хрыстом, існуе агульная прычына. Нядаўна выдадзеная кніга “The Benedict Option” Рода Дрэера [Rod Dreher] пацвярджае гэтую з’яву. Бо манаскія супольнасці незаўважна, абмінаючы эфектыўныя палітычныя праграмы, праз пакорнае жыццё ў супольнасці, упарадкаванай у Хрысце, паціху выставілі наступальныя аванпосты новага літургічнага сусвету на руінах заходняй Рымскай імперыі. Нейкім іншым чынам, але свецкія людзі таксама — асабліва я маю на ўвазе сямейныя дамашнія касцёлы — адчуваюць паглыбленне крызісу нашых часоў і інтуітыўна спасцігаюць, што іхні шлях духоўнага выпрабавання ляжыць у мясцовай супольнасці, у малой, схаванай, неістотнай у вачах свету супольнасці. Яны амаль не адыгрываюць ніякай ролі ў касцёльным свеце і, магчыма, не дасягнулі аніякага поспеху ў свеце зямным. Гэтыя шукальнікі прагнуць альтэрнатыўнай літургіі жыцця і супольнасці, малітвы і працы, і некаторыя з іх адчуваюць, што глыбокае манаства мае што ім сказаць. Конар Свіні [Conor Sweeney], мой блізкі сябра ў Інстытуце Яна Паўла ІІ у Мельбурне, часта выкарыстоўвае аналогію з хобітамі з міфалагічнага свету Толкіна, каб паказаць гэты схаваны альтэрнатыўны хрысціянскі стыль жыцця. Бо менавіта хобіты, малаважны народзец, які не ўдзельнічаў у перамовах вялікіх, насуперак усяму атрымаў вырашальную ролю ў зрынанні магутных сілаў цёмнага Уладара, які пагражаў падпарадкаваць сабе ўсё Міжзем’е.

Для майго іншага сябра, Майкла Раяна [Michael Ryan], мужа і бацькі, ззяючым святлом натхнення сярод святых з’яўляецца святы Бруна. Уявіце сабе, сведка найбольш глыбокага сузіральнага манаскага жыцця ў Заходнім Касцёле, картузіянец — маяк надзеі для свецкага чалавека? Бо манаства сканцэнтравана вакол moné, прабывання ў Хрысце, вакол чакання і назірання з верай, поўнай надзеі, настолькі ж “карыснага”, як стаянне прарока Авакума на вартавой вежы; настолькі ж “карыснага”, як пажыццёвае чаканне Сімяона і Ганны ў святыні, каб узышло святло збаўлення; настолькі ж “карыснага”, як жанчына, якая сядзела здалёк і назірала за магілай нашага Пана напярэдадні першай Вялікай Пятніцы; насколькі ж “карыснага”, як наша Найсвяцейшая Маці Марыя, якая стаяла пад Крыжам.

Магчыма, малітва, малітва такога кшталту і з’яўляецца найбольш радыкальным палітычным актам з усіх і самым ядром хрысціянства? Дзе ж, о дзе ж былі мы, каталікі?

Наш Пан сам часта падымаўся задоўга да світання і чуваў у начныя гадзіны, нават у самыя занятыя дні свайго служэння. Вучні, аднойчы захопленыя таямніцай Яго малітвы, адчулі глыбокае тужлівае жаданне: Пане, навучы нас маліцца. Менавіта такое тужлівае жаданне патрэбна і нам: жаданне Езуса — адзінага ўзору, наследаванню якога мы можам аддацца цалкам, і мы не будзем здраджаныя. Ці можам мы, ці ўвогуле магчыма навучыцца нейкім пачуццям, якія напаўнялі Яго людское сэрца і розум у гэтыя адзінокія гадзіны блізкасці са сваім Айцом? Так, мы можам, бо ў сваім вялікім спачуванні ён падзяліўся імі з намі ў форме словаў: святых словаў, сакральных словаў бясконца надзейнай моцы і праўды:

Abba! Abbuna de b’ashmayo, yithqaddash shm’okh.

Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся Імя Тваё…


[1] Tracey Rowland, Culture and the Thomist Tradition (London: Routledge 2003), 13.

[2] “Перадусім ён заахвоціў сваіх святароў не забараняць нікому прыступаць да Камуніі, нягледзячы на тое, ці жанатыя яны, ці проста жывуць разам, ці яны разведзеныя і паўторна жанатыя. Без мітусні і публічных заяваў тагачасны арцыбіскуп Буэнас-Айрэса ўжо рабіў тое, што Папы ў той час забаранялі і што ён сам дазволіць пазней, калі стане Папам. — Сандра Маджыстэр, “The Man who had to be elected Pope”, http://www.onepeterfive.com/man-elected-pope/ доступ 5 красавіка 2017 года.

[3] Relatio Synodi 2014, № 52.

[4] https://www.lifesitenews.com/news/pope-no-other-interpretation-of-amoris-laetitia-than-allowing-communion-for

[5] Гл. дыякан Джым Расэл, “Pope Francis ‘Time is greater than Space’: What does it mean?’,  ‘http://aleteia.org/2016/05/24/pope-francis-time-is-greater-than-space-what-does-it-mean/

[6] http://www.onepeterfive.com/pope-speaking-plainly-communion-divorced-messy/ accessed Friday, 7 April 2017

[7] Super Matthaeum, Cap. V, l. 2. Арыгінальныя словы: “Міласэрнасць без справядлівасці — гэта маці распаду”.

[8] from https://cruxnow.com/vatican/2017/03/27/burke-says-pope-must-answer-amoris-questions/ accessed

[9] “RTHEVR” з каментароў да “Archbishop of Malta Claims Fidelity to Pope on Exhortation Guidelines”, Steve Skojec, 20 лютага 2017 года, http://www.onepeterfive.com/archbishop-of-malta-claims-fidelity-to-pope-on-exhortation-guidelines/, доступ 22 лютага 2017 года


Аўтар: д-р Анна Сілвас, навуковы супрацоўнік Універсітэта Новай Англіі ў Аўстраліі, вядомы спецыяліст ва ўсходняй патрыстыцы.

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: