Назва рэлігійнага ордэна картузіянцаў паходзіць ад слова Шартроз (Grande Chartreuse) — назвы дзікай даліны (каля Грэнобля ў Францыі), у якой быў пабудаваны іхні першы кляштар. Гэты ордэн быў заснаваны ў 1084 годзе святым Бруна, святаром з Кёльна. Ён лічыцца найбольш суровым ордэнам у Касцёле і з’яўляецца адзіным, да якога можа далучыцца член іншага жабрацкага ордэна як да больш дасканалага, чым яго ўласны. Знакам гэтага ордэна з’яўляецца крыж, які перасякаецца з зямным шарам, а пад ім подпіс: “Stat crux dum volvitur orbis”, што азначае “Крыж стаіць, пакуль круціцца Зямля”. Хабіт гэтых манахаў цалкам белы, але за мяжою яны носяць зверху чорны капялюш. Іхнія манахіні маюць адзін дзіўны і рэдкі прывілей: ва ўрачысты момант прынясення сваіх абяцанняў яны апранаюць маніпул і стулу, і ім дазваляецца праспяваць Пасланне на ўрачыстай спяванай Імшы (Romsee, iv. 356, note). У набажэнствах яны не выкарыстоўваюць ніякіх музычных інструментаў і спяваюць усё найчысцейшым грыгарыянскім спевам.

Іхняя Імша мае наступныя асаблівасці. Яны змяшчаюць віно і ваду ў келіх перад Імшою і прамаўляюць уступны псальм і “Confiteor” не перад цэнтрам алтара, як гэта робіцца ў нас, а на баку Паслання, тварам да алтара. Іхняя форма агульнай споведзі значна карацейшая за нашую, а замест малітвы “Oramus te, Domine” падчас узыходжання па прыступках алтара яны кажуць “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”, пасля чаго робяць знак крыжа. Яны прамаўляюць “Gloria” на баку Паслання, дзе знаходзіцца кніга, і паварочваюцца на тым самым месцы, каб сказаць “Dominus vobiscum”. Пасля Евангелля яны цалуюць край Імшала, а не сам тэкст, а на “Et homo factus est” падчас Сімвала веры яны не ўкленчваюць, а робяць глыбокі паклон. Фактычна, ні ў адной частцы Імшы яны не дакранаюцца каленам да падлогі, калі робяць жэсты ўшанавання, як мы. Падчас аферторыя яны благаслаўляюць і віно, і ваду адзіночным знакам крыжа, а прынашэнне гостыі і келіха здзяйсняюць адзіным актам, кладучы патэну з вялікім хлебам на келіх. Ад пачатку Канона да малітвы “Hanc igitur” яны выцягваюць рукі ў форме крыжа, а падчас кансэкрацыі яны падымаюць келіх толькі на некалькі сантыметраў ад алтара, таму людзі яго ніколі не бачаць. Гэта падобна на тое, як робім мы падчас “Omnis honor et gloria” перад “Pater noster”. Пасля кансэкрацыі яны зноў выцягваюць рукі ў форме крыжа і трымаюць іх да малітвы “Supplices te rogamus”, калі яны схіляюцца і скрыжоўваюць іх.

Напрыканцы Імшы яны не благаслаўляюць людзей і не чытаюць Евангелле ад святога Яна, але сыходзяць і вяртаюцца ў сакрыстыю адразу пасля малітвы “Placeat”. Пра іншыя асаблівасці мы яшчэ згадаем на працягу кнігі.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Вінчэнца Кардучы, Святы Бруна развітваецца са сваімі паплечнікамі ў Рыме (1626-1632).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар