22 красавіка на канферэнцыі ў гатэлі “Columbus” у Рыме, усяго ў адным квартале ад Ватыкана, шасцёра навукоўцаў сабраліся, каб “унесці яснасць праз год пасля Amoris Laetitia” (“fare chiarezza a un anno da AL”), папскай апостальскай адгартацыі пра любоў і сужэнства, з асаблівым акцэнтам на ўскосна пададзены ў гэтай адгартацыі дазвол на доступ да сакрамэнтальнай Камуніі для разведзеных і паўторна жанатых асобаў, а таксама пар, якія жывуць у іншых неўрэгуляваных сітуацыях. Кангрэс быў арганізаваны двума італьянскімі каталіцкімі выданнямі: La Nuova Bussola Quotidiana і Il Timone.

Яснасць асабліва патрэбная, таму што з-за розных інтэрпрэтацый тэкста Amoris Laetitia паўстала замяшанне. Пасля выхаду дакумента ў красавіку 2016 года некалькі свецкіх навукоўцаў апублікавалі артыкулы і лісты, а таксама далі крытычныя інтэрв’ю: сярод іх Раберта дэ Матэі, Крысціян Брагер, Ёзаф Зэйферт, Роберт Шпеман, Джон Фініс, Жэрмэн Грысэ і група з 45 тэолагаў. Разам з імі толькі адзін біскуп, Атаназіус Шнайдэр з Казахстана, асмеліўся адкрыта выказаць крытычнае стаўленне і моцнае патрабаваў праяснення. Некаторыя іншыя іерархі, як прэфект Кангрэгацыі дактрыны веры кардынал Мюлер, аддалі перавагу ўскоснаму супраціву, які нейкім чынам адпавядае ўскоснасці дысцыплінарных і дактрынальных зменаў, якія прапануюцца ў дакуменце. У той час, як гэтыя змены ў самой Amoris Laetitia пакінуты ўскоснымі, шэраг выдадзеных дэкларацый і ўчынкаў Папы і яго найбліжэйшых супрацоўнікаў, такіх як кардынал Каспер, кардынал Шонбарн, кардынал Кокапальмерыё, кардынал Марадзьяга і айцец Спадара, падтрымаў гэтыя змены і зрабіў іх вельмі яснымі.

У святле гэтай сур’ёзнай сітуацыі мінулым вераснем група з чатырох кардыналаў (Бёрк, Кафара, Брандмюлер і Майснер) прадставіла ў Кангрэгацыю дактрыны веры пяць пытанняў пераважна наконт таго, ці папярэдняе настаўніцкае вучэнне пра сужэнства і чужалоства, а таксама — у агульным — пра абсалютную абавязваючую моц негатыўных прыказанняў дагэтуль мае сілу. Гэтыя пытанні засталіся без адказу, таму кардыналы апублікавалі іх, даўшы пачатак агульным дэбатам і заахвоціўшы дыскусію таксама і сярод вернікаў. Абмеркаванне пашыралася, хоць толькі некалькі біскупаў і група з 23 навукоўцаў выказалі адкрытую падтрымку гэтым пытанням.

З таго часу сусветны епіскапат прадпрыняў тры спосабы дзеяння. У першай групе знаходзяцца тыя верныя традыцыйнаму вучэнню біскупы, якія выдалі “правілы інтэрпрэтацыі”, што згаджаліся з Amoris Laetitia і не трапілі пад папскую забарону. У другой групе тыя, хто выступае за змены, зрабілі дазвол на сакрамэнтальную Камунію яшчэ больш яўным і атрымалі адабрэнне і падзяку Папы. Нарэшце, у трэцяй групе абсалютная большасць біскупаў выбрала цішыню, не супярэчачы гэтым традыцыйнаму вучэнню і ў той самы час пазбягаючы магчымых сутыкненняў з Папам. Не будзе перабольшваннем сказаць, што такая заблытаная сітуацыя ніколі не назіралася ў Каталіцкім Касцёле на працягу 2000 гадоў.

Хоць 22 красавіка было прадстаўлена шэсць дакладаў, мы спынімся на чатырох, а менавіта на тых, якія падымаюць асноўныя дактрынальныя пытанні. Дзеля больш цэласнага погляду і пазбягання паўтораў я выкарыстаю для апоры даклад прафесара Фэроу, бо, на мой погляд, ён утрымлівае найбольш поўны агляд дактрынальных праблем Amoris Laetitia, пастаўленых у гістарычную перспектыву і ў адносіны з папярэднімі ерасямі ў гісторыі хрысціянства. Затым я дадам пэўныя рэчы, узятыя з іншых дакладаў.

Прафесар Дуглас Фэроу: Раздзелены Бог

Фактычна, Дуглас Фэроу перайшоў непасрэдна да галоўных дактрынальных праблемаў Amoris Laetitia, звязваючы іх паходжанне з даўняй ерассю Маркіёна (ІІ ст. н. э.)

Маркіён, філосаф і адзін з гнастычных інтэрпрэтатараў хрысціянства, наўпрост супраціўляўся Богу Старога Запавету  — справядліваму, але не добраму, — падпарадкаванаму Богу Новага Запавету, Айцу Езуса Хрыста — добраму і міласэрнаму, але не справядліваму. Каб лагічна дасягнуць сваёй амбіцыйнай мэты, Маркіёну прыйшлося паставіць “Пісанне супраць Пісання”, і ён не спыніўся перад тым, каб выразаць вялікія часткі Новага Запавету як “фальшывыя”, таму што, вядома, многія ўрыўкі Новага Запавету сведчаць пра ідэнтычнасць гэтых нібыта “двух Багоў”. Падобным чынам, і многія ўрыўкі Старога Запавету прыйшлося неабгрунтавана адставіць убок для таго, каб такое меркаванне выглядала лагічным, а менавіта тыя ўрыўкі, якія кажуць пра Божую дабрыню і міласэрнасць.

Як справядліва заўважыў св. Ірынэй, такое мысленне ўводзіць супярэчнасць у саму ідэю Бога, таму што яно разглядае дзве дасканаласці ў апазіцыі адна да адной, тады як насамрэч яны ўзаемазалежныя і пра іх няможна думаць як пра асобныя.

Цытуючы св. Ірынэя:

Каб адабраць у Айца ўладу караць і судзіць, лічачы яе недастойнаю Бога і думаючы, што яны вынайшлі Бога добрага і без гневу, яны казалі, што адзін Бог судзіць, а іншы збаўляе (Супраць ерасяў, ІІІ, 25).

Але, раздзяляючы Бога такім чынам, маркіяніты выпадкова адбіраюць “розум і правасуддзе абодвух бостваў”, кладучы канец боству ўвогуле:

Бо калі Бог, які судзіць, разам з тым недастаткова добры, каб аказваць прыхільнасць тым, каму трэба, і судзіць тых, каго след судзіць, то ён акажацца несправядлівым і неразумным суддзёю. З іншага боку, добры Бог, калі ён проста добры і не правярае тых, каму ўдзяляе сваю дабрыню, будзе па-за дабрынёю і справядлівасцю, а ягоная дабрыня акажацца недасканалай, бо не збаўляе ўсіх, хто гэтага заслугоўвае, калі не суправаджаецца судом.

Прафесар Фэроу каментуе:

Сённяшнія неамаркіяніты больш хітрыя. Яны не кажуць пра двух багоў, але кажуць пра адзінага Бога так, быццам ён не можа судзіць альбо вядомы толькі сваёй міласэрнасцю. Яны кажуць, што служаць гэтаму адзінаму Богу, калі без асуджэння суправаджаюць усіх, хто жадае іхняга суправаджэння. “Не судзіце, каб вас не судзілі” — вось Пісанне (сапраўды, гэта выказванне самога Пана), у якім яны ўпэўненыя. Вельмі добра. Але яны забываюцца сказаць тым, каго суправаджаюць, пра Божы суд, зусім не падобны на людскі суд. Яны забываюцца сказаць ім пра святасць, без якой ніхто не ўбачыць Бога. Яны думаюць, што казаць так — гэта дакучлівасць, нячуласць, зацвярдзеласць альбо ўвогуле нешта нерэальнае. Хто будзе дабравольна слухаць гэтыя рэчы? Хто хоча чуць пра Божы суд?

Таму насамрэч гэтае дзіўнае і супярэчнае вучэнне з’явілася з-за “хранічнай маральнай праблемы, бо асаблівасцю ўпаўшага чалавека з’яўляецца тое, што ён праецыруе сваю ўласную неўпарадкаванасць на нябёсы, уважаючы разлад унутры Бога за сапраўдную прычыну свайго ўласнага разладу”.

Можна дадаць, што ўпаўшы чалавек, пакінуты сам сабе, насамрэч не жадае асвячэння, аднак ён баіцца наступстваў свайго граху, і таму ён звяртаецца да вучэння, якое кажа, што “апраўданне магчымае без асвячэння”, гэта значыць міласэрнасць магчымая без справядлівасці. Такім чынам, сцвярджае прафесар Фэроу, звязваючы Маркіёна з Лютэрам, “Трыдэнцкі сабор адмяняецца”.

Прафесар Фэроу падкрэслівае, што дзеля нападу на такое цэнтральнае вучэнне як каталіцкая дактрына пра асвячэнне і апраўданне на лаву падсудных прыходзіцца ўсадзіць усю Традыцыю:

Каб раздзяліць Бога, трэба раздзяліць Ягонае Аб’яўленне: не толькі Пісанне ад Пісання, але і Пісанне ад Традыцыі. На саму Традыцыю паглядаюць з падазрэннем, як на тое, што трымае нас у памылцы, а не на тое, што захоўвае нас у праўдзе. Таму яны робяць такі гвалт. І гэты гвалт распаўсюджваецца, як нядаўна заўважыў кардынал Сара (The Catholic World Report, 31 сакавіка 2017 года), нават на само Евангелле. У сваіх заўвагах для калоквіума, прысвечанага дзесяцігадоваму юбілею Summorum Pontificum, ён кажа пра “кашмарную, абуральную рэч, якая выглядае як жаданне поўнага разрыву з мінуўшчынай Касцёла”, як быццам “апостальскі Касцёл і хрысціянскія супольнасці ў раннія стагоддзі хрысціянства нічога не разумелі з Евангелля”, як быццам Евангелле заставалася незразуметым да нашага часу, як быццам “толькі ў наш час план збаўлення, прынесены Езусам Хрыстом, быў зразуметы”!

Каб даць лепей зразумець гістарычную сувязь паміж лютэранскім прынцыпам разбурэння Традыцыі і цяперашняй сітуацыяй, прафесар Фэроу коратка згадвае дактрыну мадэрнізму, якую ў пачатку ХХ стагоддзя абараняў а. Эрнэста Буонаюці [Ernesto Buonaiuti], “чыё абыходжанне з Пісаннем і Традыцыяй надзвычай пратэстанцкае, нават калі і каталіцкае па форме. Поўнае адкіданне [значнай антымадэрністычнай энцыклікі Папы Пія Х] Pascendi dominici gregis сімвалізуе пэўны паварот у каталіцтве”, які тлумачыць, якім чынам “нам нарэшце дасталася галаваломка накшталт Amoris Laetitia”.

Хоць Другі Ватыканскі сабор часта згадваў Традыцыю (прафесар Фэроу цытуе Dei Verbum, 7-10), няцяжка ўбачыць, што пратэстанцкі погляд на Пісанне глыбока пранік у каталіцкую тэалогію і экзэгезу. “Таму функцыянаванне Магістэрыя, — тлумачыць прафесар Фэроу, — знаходзіцца пад пытаннем. Новым голасам аўтарытэту з’яўляецца голас сумлення”.

Нарэшце, разбурэнне Традыцыі прыводзіць да нявернага разумення самога сумлення:

Наша сучасная праблема — і галоўны складнік цяперашняга крызісу — заключаецца ў тым, што сумленне няверна ўспрымаюць як крыніцу маральнага аўтарытэту побач з натуральным і Божым правам, як крыніцу, здольную перавысіць не толькі ius canonicum і сакрамэнтальную дысцыпліну, але і вучэнне Пана з lex credendi, на якіх гэтая дысцыпліна засноўваецца.

Адносна dubia прафесар Фэроу справядліва заўважае, што ядро дактрынальнай праблемы, з якой мы сутыкнуліся, можна падсумаваць словамі пятага dubium:

У першым пытанні гучыць просьба аб праясненні канкрэтнага роду сітуацый — сэксуальных адносінаў, якія, згодна са словамі самога Езуса, заўсёды лічыліся чужаложнымі: ці з’яўляюцца яны чужаложнымі ці не? Цяжар жа іншых пытанняў знаходзіцца ў пятым з іх, якое датычыцца ролі сумлення ў адносінах да Пісання і Традыцыі:

Пасля Amoris Laetitia (303) ці трэба яшчэ лічыць сапраўдным вучэнне энцыклікі св. Яна Паўла ІІ Veritatis Splendor, 81, заснаванай на Святым Пісанні і на Традыцыі Касцёла, якое выключае крэатыўную інтэрпрэтатыўную ролю сумлення і якое падкрэслівае, што сумленне ніколі не мае права апраўдваць выключэнні з абсалютных маральных нормаў, што забараняюць учынкі, унутрана дрэнныя з прычыны свайго аб’екту?

Нарэшце, прафесар Фэроу выкладае практычныя наступствы такой змены:

Калі сумленню дазволяць не лічыцца з унутранай істотай учынку і адразу паставяць перад суб’ектыўным вымярэннем учынку, перад разглядам абставінаў і наступстваў, патрэбнае раскаянне, адплата і адпушчэнне моцна зменяцца. І гэта будзе ўплываць таксама і на знешнюю сферу. Тое, што калісьці лічылася чужалоствам і, як вынік, пазбаўленнем права на Камунію, цяпер будзе лічыцца новай формай вернасці і, як вынік, дазволам, у выпадку чаго сама Эўхарыстыя зробіцца сведкам гэтай вернасці, якая калісьці была нявернасцю.

Раней я казаў, што dubia, якія здаліся патрэбнымі, абавязкова патрабуюць адказу. Але ўсё не так проста. Калі разглядаць іх па сутнасці, а не толькі працэдурна, dubia сапраўды патрэбныя, але прынамсі на пятае з іх няможна адказаць — ці, хутчэй, адзіным магчымым адказам будзе скасаванне праблемнага фрагменту Amoris Laetitia і выпраўленне альбо праясненне перадумоваў, якія з’яўляюцца ў іншых месцах і падтрымліваюць гэты фрагмент.

Апошняя рэмарка асабліва важная: у апошнія месяцы шматлікія галасы выказалі жаданне атрымаць адказы на dubia — вядома, адказы, якія адпавядаць традыцыйнаму вучэнню. Але тут прафесар Фэроу справядліва адзначае, што гэтага будзе недастаткова, таму што, калі нехта лічыць Veritatis Splendor 56 дагэтуль сапраўдным, заснаваным на Пісанні і Традыцыі, тады станоўчы адказ на пятае пытанне не можа лагічна суіснаваць з восьмым раздзелам Amoris Laetitia і яго перадумовамі, якія знаходзяцца ў іншых частках дакумента. Калі паразважаць, то тая ж логіка прымяняецца і да іншых чатырох пытанняў, бо яны, па вялікім рахунку, залежаць ад пятага. Таму насамрэч прадстаўленне dubia з’яўляецца тоесным просьбе адклікаць восьмы раздзел Amoris Laetitia і ўрыўкі, якія яго падтрымліваюць (і якія след канкрэтна вызначыць). Пакуль гэта не зроблена, паміж сучасным Магістэрыем і Традыцыяй застаецца непазбежная супярэчнасць, якая і надалей будзе крыніцай пастаяннай інфекцыі і схізмы ўнутры Касцёла.

Прафесар Клаўдыё П’ерантоні: Папы-ерэтыкі і чатыры ўзроўні небяспекі

Даклад прафесара П’ерантоні таксама разглядае цяперашняе замяшанне ў гістарычнай перспектыве, але з іншага пункту гледжання: дакладчык спрабуе параўнаць прыклады “Папаў-ерэтыкоў” у старажытным Касцёле, а менавіта Ліберыя і Ганорыя І, з сучасным выпадкам. Для нашых мэтаў асабліва цікавы выпадак Ганорыя, таму што ён быў фармальна асуджаны Трэцім Канстантынопальскім саборам (681 год), шостым экуменічным саборам у гісторыі Касцёла, за сваю прыхільнасць вучэнню пра “адну волю” Хрыста, тады як Сабор урачыста абвясціў вучэнне пра “дзве волі”, боскую і людскую, якое лагічна вынікае з вучэння, раней устаноўленага Халкідонскім саборам (451 год), пра “дзве прыроды”, з’яднаныя ў адной Асобе Хрыста. Затым Папа Леў ІІ пацвердзіў асуджэнне Ганорыя Саборам, дадаўшы фармальную цэнзуру за нядбайнасць Ганорыя, які дазволіў распаўсюджанне ерасі. Такім чынам, мы можам заўважыць, што асуджэнне Папы можа засноўвацца не толькі на фармальнай ерасі, але і на практычных паводзінах з боку Папы, які церпіць ерась альбо, як у выпадку Францішка, адкрыта ёй спрыяе.

Падсумоўваючы параўнанні паміж старажытнымі Папамі і цяперашнім выпадкам, прафесар П’ерантоні заяўляе:

Аднак, нягледзячы на розніцу, агульна кажучы, абодва выпадкі Ліберыя і Ганорыя аб’ядноўвае важная рэч. Гэта той факт, што абодва іх умяшальніцтвы мелі месца ў той час, калі працэс фармулявання таго ці іншага дагмату яшчэ працягваўся. У выпадку Ліберыя гэта быў трынітарны дагмат, а ў выпадку Ганорыя — хрысталагічны. …І гэтая рэч, якая аб’ядноўвае адхіленні абодвух Папаў старажытнасці, несумненна з’яўляецца для іх змякчальнымі абставінамі. На жаль, тая ж рэч адрознівае іх ад дактрынальнага адхілення, якое адбываецца падчас цяперашняга пантыфікату і мае моцны абцяжарваючы фактар, бо ставіць сябе не супраць яшчэ няяснага вучэння альбо вучэння, якое яшчэ фармулюецца, а супраць вучэння, якое мае моцныя карані ў Традыцыі і ў дадатак у апошнія дзесяцігоддзі грунтоўна абмяркоўвалася і было дэтальна растлумачана нядаўнім Магістэрыем. Таму гэта не толькі агульнае адхіленне Магістэрыя ад Традыцыі, але таксама супярэчанне сцвярджэнням вельмі нядаўняга Магістэрыя.

Затым, больш дэтальна аналізуючы выпадак Францішка, прафесар П’ерантоні вылучае чатыры ўзроўні дактрынальных памылак, якія знаходзяцца ў Amoris Laetitia, паказваючы, як накапленне аргументаў нібыта на карысць яго прапановы прыводзіць да таго, што Папа ставіць пад вялікую небяспеку фундаментальныя элементы хрысціянскага вучэння.

На першым узроўні, калі да Камуніі дапускаецца той, хто знаходзіцца ў сужыцельстве, пад сумнеў ставіцца неразрыўнасць сужэнства, пра якую заяўляецца на словах.

Паколькі з гэтым ёсць вялікія праблемы, на другім узроўні ў дакуменце робіцца націск на суб’ектыўную сітуацыю няведання альбо несвядомасці, якая можа апраўдваць тое, што, аб’ектыўна кажучы, з’яўляецца чужалоствам. Але гэта, заўважае прафесар П’ерантоні, моцна супярэчыць націску, які дакумент кладзе на распазнаванне і суправаджэнне. Фактычна, супярэчным тут выдаецца тое, што асоба ў працэсе стараннага распазнання можа ўсё яшчэ лічыцца “няведаючай” альбо “несвядомай”.

Стараючыся (больш ці менш свядома) пазбегнуць гэтага супярэчання, Amoris Laetitia апускаецца на трэці ўзровень дактрынальнай дэфармацыі, кажучы, што праз распазнанне можна адкрыць, што сітуацыя асобы, якая аб’ектыўна супярэчыць прыказанням, і таму — натуральнаму праву, можа быць не толькі тым, што дазволена, але і тым, чаго сапраўды патрабуе Бог у такой сітуацыі. Прафесар П’ерантоні падкрэслівае, што гэта супярэчыць самой сутнасці натуральнага права, якое з’яўляецца не знешнім альбо проста пазітыўным правам, але адлюстроўвае самую прыроду людской істоты:

Прывяду наступнае простае параўнанне: пазітыўнае права, якое кіруе рухам аўтамабіля ў пэўнай краіне, — гэта адна рэч; інструкцыя, напісаная вытворцам да транспартнага сродку, — гэта іншая рэч. Калі я, напрыклад, перавышаю абмежаванне хуткасці з прычыны крайняй неабходнасці, я магу мець маральнае апраўданне, таму што гэты закон, справядлівы сам па сабе, аднак не з’яўляецца абсалютным, таму што ён не звязаны ўнутрана з сутнасцю транспартнага сродку. Калі, з іншага боку, я парушаю прадпісанні вытворцы, які кажа мне, што машына працуе на бензіне, ніякая неабходнасць, ніякае выключэнне і, напэўна, ніякае распазнанне не пераканае мяне, што гэтая машына можа працаваць на дызелі. Таму выкарыстоўваць дызель — дрэнна, але не таму што гэта “забаронена” нейкім знешнім правам, але таму што гэта ўнутрана абсурдна, бо супярэчыць самой істоце машыны.

Таму меркаваць, што натуральнае права можа дапускаць выключэнні, гэта сапраўдная супярэчнасць. Гэта меркаванне, якое не разумее сапраўднай сутнасці натуральнага права, і таму блытае яго з пазітыўным правам.

Гэтая блытаніна паміж натуральным правам і пазітыўным правам з’яўляецца прычынай, чаму Amoris Laetitia жорстка (і са справядлівай крыўдай) нападае на “законнікаў”. Фактычна, у разуменні Езуса, фарысеі часта паводзяць сябе няправільна, таму што яны зацвярдзела прытрымліваюцца “людскіх устанаўленняў” (пазітыўных законаў), адкідаючы фундаментальныя Божыя законы, але ў Евангеллі напэўна няма сітуацый, калі Езус крытыкуе кагосьці за тое, што ён прытрымліваецца Дзесяці запаведзяў!

І цяпер мы даходзім да чацвёртага ўзроўню дактрынальнай дэфармацыі, таму што натуральнае права, вядома, гэта і ёсць тое права, якое нам даў Аўтар Прыроды. Боская Асоба Хрыста, Logos, Слова, якое было ад пачатку (Ян 1:1), гэта менавіта Той, праз Якога ўсё сталася (Ян 1:3). Казаць пра натуральнае права, як быццам гэта ўсяго толькі пазітыўны закон, які падлягае памылкам, быццам гэта людзьмі прыдуманае агульнае правіла, якое можа мець выключэнні, азначае няправільна разумець боскую прыроду Асобы Хрыста, Божага Слова. Гэта азначае поўнае адкіданне самой сутнасці Евангелля і ўсяго Аб’яўленння, якое, вядома, з’яўляецца прамым выразам асабістага Слова Бога і аб’яўленнем самога Айца: “Адзінародны Сын, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў” (Ян 1:18, Vulg.)

У заключэнне:

Што… кідаецца ў вочы ў цяперашняй сітуацыі, дык гэта менавіта прыхаваная дактрынальная дэфармацыя, якая, як бы па-майстэрску яна ні абыходзіла наўпроставыя гетэрадаксальныя фармулёўкі, усё ж робіць манёўры, каб правесці атаку не толькі супраць канкрэтных дагматаў, напрыклад, супраць неразрыўнасці сужэнства і аб’ектыўнасці маральнага права, але і супраць самой ідэі правільнага вучэння, а разам з тым супраць самой асобы Хрыста як Слова. Першай ахвярай гэтай дактрынальнай дэфармацыі з’яўляецца менавіта Папа, які, рызыкну выказаць здагадку, наўрад ці ўсведамляе гэта і з’яўляецца ахвярай усеагульнага эпахальнага аддалення ад Традыцыі ў вялікіх сегментах тэалагічнага навучання. Пасля яго ідуць незлічоныя ахвяры, якія паддаюцца падману…

У святле ўсяго гэтага, яшчэ больш чым калі патрэбна, каб кардыналы, але таксама і біскупы, а затым усе кампетэнтныя свецкія вернікі, зацікаўленыя ў гэтым, зрабілі далейшы крок адвагі, праўды і любові. У такой сур’ёзнай сітуацыі небяспекі для веры і паўсюднага скандалу малодшаму не толькі дазволена па-братэрску выправіць старэйшага, але гэта нават ягоны абавязак, калі ён робіцца з любоўю. Нават іерархічная і рэлігійная паслухмянасць у такой нябеспечнай сітуацыі не можа апраўдваць маўчанне.

Такім чынам, прафесар П’ерантоні падкрэслівае важнасць і патрэбу ў братэрскім выпраўленні, якое не будзе ані “ўчынкам варожасці, ані адсутнасцю павагі, ані праявай непаслухмянасці”. Яшчэ менш верагодна, што яно выкліча схізму, бо “няма інфармацыі пра тое… што хтосьці з кардыналаў захоча заявіць, што Францішак не з’яўляецца Папам, і тым больш ніхто не захоча, каб яго абралі антыпапам. Сапраўдная схізма, якая павялічваецца кожны дзень, хутчэй праяўляецца de facto, і стрымаць яе можа толькі братэрскае выпраўленне”.

Братэрскае выпраўленне будзе “нічым іншым, як дэкларацыяй праўды: caritas in veritate. Папа, нават перад тым, як быць нашым Папам, з’яўляецца нашым братам, і таму гэта найперш абавязак любові да яго. У нас спытаюцца за ягоны лёс і лёс тых, хто пакладаецца на яго кіраванне”.

Дадаючы да прапановы Дугласа Фэроу сваю, я скажу, што выпраўленне будзе рашучым толькі тады, калі яно будзе патрабаваць, каб восьмы раздзел Amoris Laetitia быў адкліканы разам з фрагментамі, якія да яго падводзяць.

Прафесар Цібо Кален: Сумленне вышэй за Хрыста

Трэцім мы разгледзім даклад прафесара Цібо Калена, які засяродзіўся на праблеме сумлення і няправільным разуменні сумлення ў Amoris Laetitia. Прафесар Кален таксама ставіць AL у гістарычную перспектыву, гэтым разам нагадваючы нам пра супраціў энцыкліцы Папы Паўла VI Humanae Vitae, у якой ён паўтарыў поўнае непрыманне кантрацэпцыі Касцёлам.

У параўнанні з Humanae Vitae, сітуацыя з Amoris Laetitia звязана са зменай роляў: прафесар Кален бачыць незвычайнае падабенства паміж крытыкамі HV і цяперашнім папскім дакументам. Фактычна, усе яны заклікаюць разглядаць аб’ектыўныя патрабаванні маральнага права толькі як ідэал, як “неабавязковы выбар”, які можа адпавядаць некаторым прывілеяваным людзям у ідэальных сітуацыях, але не абавязвае ўсіх каталікоў. Ён згадвае “пастырскую заўвагу наконт HV ад французскіх біскупаў у лістападзе 1968 года, § 16”, якая практычна пакінула выкананне HV на суб’ектыўнае і сітуацыйнае суджэнне са спасылкай на “канфлікт абавязкаў” — аргумент, вельмі падобны да таго, што прапануецца ў AL.

Кален заўважае:

Такое ўспрыманне на практыцы азначае ліквідацыю. Маральная нарматыўнасць была ператворана ў простую прапанову, захаваную для найбольш старанных вернікаў, для тых, хто жыве ў аптымальных для гэтага ўмовах.

Карацей, заключае прафесар Кален, “гэта было пастырскае фіяска”.

На практыцы, з-за страху прапанаваць сапраўдную змену ў гэтай грэшнай сітуацыі многія пастыры аддалі перавагу нейкаму нявызначанаму “суправаджэнню”. “Суправаджэнню куды?” — пытаецца прафесар Кален.

Можа існаваць пастырскі “бугізм” [рух дзеля руху], нешта накшталт “бясконцага прагрэсу”, канец якога схаваны, бо ён звязаны з канцом амаль бясконцага шляху, а ва ўсякім выпадку гэты канец вельмі далёкі і згублены ў тумане. Але закончанасць хрысціянскага жыцця знаходзіцца не ў будучыні, яна ўжо цяпер: гэта саюз любові з Богам, Які шчодра прапаноўвае нам ласку, дзякуючы якой мы свабодна згаджаемся на гэты саюз. Гэта ніколі не здараецца без Крыжа, але Езус чакае нас.

Дапаўняючы рэмаркі прафесара Фэроу і прафесара П’ерантоні, прафесар Кален справядліва заўважае, што ў AL мы бачым “пераход ад памылковага сумлення да аб’ектывацыі памылкі”: “Божы закон тут не больш чым элемент, які трэба ўзважваць сярод іншых элементаў, канкрэтных і асобных”. Божы закон успрымаецца як “абстрактны”, а “на канкрэтныя магчымасці вернікаў спасылаюцца як на крытэрыі вызначэння Божай волі”. “Як тады, — пытаецца аўтар, — мы зможам пазбегнуць перамянення Божай міласэрнасці ў звыклую талерантнасць?”

Фактычна, такое ўспрыманне Божага права як “абстрактнага” больш “кантыянскае, чым хрысціянскае”; гэта “легалістычнае і свецкае ўспрыманне [Божага] права”.

Аўтар падкрэслівае адваротнае:

Божае права таксама вельмі персанальнае і канкрэтнае, таму што гэта закон, напісаны ў сэрцы кожнага чалавека. Напрыклад, Бог кажа мне: “Калі ты хочаш пакланяцца мне і быць шчаслівым, любі сваю жонку і будзь верны ёй”.

“Сацыялагізм” і “педагагізм” Amoris Laetitia “супярэчаць Божай задуме, адкрытай і даверанай Касцёлу. Яны супярэчаць дабру, якое кожны можа спазнаць дзякуючы ўсемагутнай Божай ласцы”. Таму што “для Бога няма нічога немагчымага”.

Прафесар Кален дарэчы заканчвае свой даклад словамі Трыдэнцкага сабору:

Ніхто, нават самы апраўданы, не павінен лічыць сябе свабодным ад выканання запаведзяў; ніхто не павінен карыстацца гэтым неабдуманым выказваннем, аднойчы забароненым Айцамі пад карай анафемы, што выкананне Божых запаведзяў немагчыма для таго, хто апраўданы. Бо Бог не загадвае немагчымых рэчаў, але сваімі прыказаннямі заклікае цябе рабіць тое, што ты можаш, і маліцца аб тым, чаго не можаш, і дапамагае табе, каб ты быў здольны (св. Аўгустын, De natura et gratia, 43, 50). Ягоныя прыказанні не з’яўляюцца цяжкімі (1 Ян 5:3), а ярмо ягонае прыемнае і цяжар лёгкі (Мц 11:30). (Трыдэнцкі сабор, сесія VI, Cum hoc tempore, раздз. 11, Denzinger 1536).

Прафесар Анна Сілвас: Няма артадаксальнай інтэрпрэтацыі

Нарэшце, звернемся да дакладу прафесара Анны Сілвас, якая ў вострых словах бязлітасна выкрывае трагічную сітуацыю ў нашым Касцёле. Яна пачынае, коратка згадваючы пра “дух сучаснасці” і крытычную сітуацыю, якая наступіла адразу пасля Другога Ватыканскага сабору. Затым яна кажа:

Пры св. Яне Паўле ІІ мы, здаецца, прынамсі ў некаторых сферах мелі пэўны нядоўгі рэванш: трэба найперш згадаць яго інтэнсіўнае тлумачэнне сужэнскай таямніцы нашага першага стварэння і падтрымку Humanae Vitae. Тое ж працягвалася пры Бенедыкце XVI, і дадаліся некаторыя спробы выправіць літургічны заняпад і маральны бруд сэксуальных злачынстваў духавенства. Мы спадзяваліся, што пэўнае выпраўленне ўжо прынамсі выехала да нас. Цяпер жа, у першыя гады пантыфікату Папы Францішка, зноў узняўся нясвежы і банальны дух сямідзесятых гадоў, прыхапіўшы з сабою сем іншых дэманаў. І калі дагэтуль мы яшчэ сумняваліся ў гэтым, то Amoris Laetitia і тое, што наступіла пасля яе ў мінулым годзе, ясна паказала, што гэта і ёсць наш крызіс. Найбольш пужае і ашаламляе многіх з нас, свецкіх каталікоў, тое, што гэты чужы дух, здаецца, нарэшце паглынуў Пасад Пятра, зацягваючы ўсё большыя шэрагі памяркоўных касцёльных лідараў у свае сеткі.

Прафесар Сілвас спрачаецца з пытаннем розных інтэрпрэтацый і асабліва са спробамі інтэрпрэтаваць тэкст артадаксальным спосабам. Яна знаходзіць гэтыя спробы “вельмі дзіўнымі”:

Аднак ёсць адна група людзей, падыход якіх падаецца мне вельмі дзіўным: сумленныя і прававерныя найвышэйшыя пралаты і тэолагі, якія тлумачаць бязладдзе, што ўзнікла вакол Amoris Laetitia, як справу “няправільных інтэрпрэтацый”. Яны засяроджваюцца выключна на тэксце, не звяртаючы ўвагі на вядомыя ранейшыя словы і дзеянні самога Папы Францішка, а таксама на шырэйшы гістарычны кантэкст. Яны нібы праводзяць непраходны разлом, з аднаго боку якога асоба Папы, за подпісам якога дакумент быў апублікаваны, а з іншага боку — “тэкст” дакумента. Калі Святы Айцец бяспечна ізаляваны ад усялякіх падазрэнняў, яны свабодна разважаюць над праблемай, якую яны ідэнтыфікуюць як “злоўжыванне” тэкстам. Затым яны выказваюць пабожны заклік, каб Святы Айцец “выправіў” гэтыя памылкі.

Несумненна, гэтыя пакручастыя манеўры ўзнікаюць з-за скаванасці пашанай да наступніка Пятра. Я ведаю, ведаю! Мы біліся над гэтай загадкай год ці нават больш. Але для любога разумнага і ўдумлівага чытага, які, кажучы словамі 45 тэолагаў, “не спрабуе перакруціць словы дакумента ў якім-небудзь накірунку, а прымае натуральнае ці непасрэднае ўражанне ад значэння словаў як уласцівае”, усё гэта аддае вытанчанай ненатуральнасцю.

“Намеры” Папы Францішка выдатна выводзяцца з самога тэксту, калі чытаць яго нармальна і натуральна, без аніякіх фільтраў.

Можна дадаць, што вылучэнне тэксту без аналізу агульнага кантэксту недастатковае для апраўдання Amoris Laetitia; намер, выражаны ў гэтым дакуменце, вельмі ясны. Аналіз прафесара Сілвас і прыклады, якія ідуць за гэтым, дапаўняюць тое, што мы бачылі ў дакладзе прафесара П’ерантоні пра дактрыны, якія ясна маюцца на ўвазе, хоць яны і не называюцца фармальна і наўпрост. Вось адзін з прыкладаў, якія яна прыводзіць:

Першае з пяці пытанняў чатырох кардыналаў завяршаецца словамі: “Ці можа выраз “у некаторых выпадках”, які знаходзіцца ў зносцы 351 (№ 305) адгартацыі, прымяняцца да разведзеных асобаў, якія заключылі новы саюз і якія працягваюць жыць more uxorio?” Несумненна, для Касцёла надзвычайна важна, каб Папа растлумачыў намер гэтай зноскі. Тым не менш, тое, што Папа меў на ўвазе, становіцца ясна з пачатку дадзенага фрагмента (№ 296). Ён прысвечаны тым, хто жыве ў “нестандартных сітуацыях”. Усё, што ў наступных радках сказана пра тых, хто ў сітуацыі аб’ектыўнага граху ўзрастае ў ласцы, любові і асвячэнні, магчыма, пры дапамозе сакрамэнтаў, у прыватнасці Святой Камуніі, напісана пад гэтым загалоўкам пра “нестандартныя сітуацыі”.

Такім чынам, тое, пра што пытаецца dubium, насамрэч не настолькі і няяснае [dubious]; сэнс ясна перадаецца ў тэксце восьмага раздзелу Amoris Laetitia, хоць гэта і не фармулюецца наўпрост.

Прафесар Сілвас завяршае гэтую частку свайго дакладу такімі словамі:

Ёсць і шмат іншых падобных прыкладаў. Яшчэ ў прадмове ён папярэджвае нас, што “ўсе будуць вельмі зацікаўлены восьмым раздзелам”, а затым ажно ў № 308 ён ускосна прызнаецца, што ягоны падыход можа “пакінуць месца блытаніне”. Паверым жа яму: гэта ягоны намер, які не так ужо і цяжка зразумець.

Затым прафесар Сілвас цытуе некалькі шырока вядомых эпізодаў, якія пацвярджаюць намеры Папы, пасля чаго яна робіць аглушальную выснову:

Я ўпэўнена, што Папа Францішак вельмі добра ведае вучэнне пра беспамылковасць Папы, ведае, наколькі вялікія вымаганні гэтая беспамылковасць ставіць, і ён дастаткова разумны, каб ніколі не запусціць гэты механізм. Унікальным прэстыжам папства ў Каталіцкім Касцёле, нароўні з практычным эмацыйным папізмам многіх каталікоў, з’яўляюцца карысныя інструменты, і іх ён выкарыстае цалкам: справа не ў беспамылковасці; яна ўвогуле не мае значэння, калі ён зможа арганізаваць у Касцёле ўпэўненасць у патрэбе пераменаў. Пра гэтае яго жаданне мы даведваемся з AL, № 3, дзе ён кажа: “Нагадваючы, што “час важнейшы за прастору”, хачу падкрэсліць, што не ўсе дактрынальныя, маральныя або пастырскія дыскусіі павінны праходзіць з удзелам Настаўніцкага Інстытута Касцёла. Безумоўна, у Касцёле павінна быць еднасць дактрыны і дзеяння, але гэта не перашкаджае існаванню розных інтэрпрэтацый пэўных аспектаў вучэння або некаторых высноў, якія вынікаюць з яго. Так будзе адбывацца да таго часу, пакуль Дух не прывядзе нас да поўнай праўды (пар. Ян 16:13), гэта значыць, пакуль цалкам не ўвядзе нас у таямніцу Хрыста, калі мы зможам бачыць усё Ягонымі вачыма”.

Але я думаю, што пад “духам”, пра які так супакойвальна згадвае Францішак, больш маецца на ўвазе Geist спадара Гегеля, а не Святы Дух, пра Якога кажа наш Пан: “Дух праўды, Якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае” (Ян 14:17). Гегелеўскі ж Geist праяўляецца пасярод супярэчнасцяў і супрацьстаянняў, пераадольваючы іх у новым сінтэзе, не знішчаючы палярнасці і не зводзячы адно да іншага. Гэта гнастычны дух культу сучаснасці.

Таму Францішак будзе выконваць сваю праграму без папскай беспамылковасці і без ажыятажу, звязанага з настаўніцкімі сцвярджэннямі. Мы знаходзімся ў свеце дынамічнай плыннасці, у свеце распачынання свабодных працэсаў, сяўбы зерняў жаданай перамены, якая з часам пераможа. Іншыя тэарэтыкі — у вас у Італіі, напрыклад, ёсць Грамшы [Gramsci] са сваім маніфестам культурнага марксізму — вучаць, як дасягаць рэвалюцыі непрыкметна. Таму ў Касцёле Францішак і ягоныя паплечнікі працуюць з вучэннем не шляхам прамога аспрэчвання тэорыі, таму што, калі яны зробяць гэта, яны пацерпяць паразу, а шляхам паступовай змены практыкі. Яны будуць граць гэтую пераканальную песню сірэн, пакуль не будзе напрацавана столькі практыкі, што назад ужо не будзе вяртання.

Прафесар Сілвас лічыць, што несправядліва асуджаць нібыта кепскія інтэрпрэтацыі гэтага тэкста:

Мне здаецца, несправядліва абвінавачваць гэтых біскупаў у “злоўжыванні” адгартацыяй AL. Наадварот, яны зрабілі вывады, відавочныя кожнаму ўдумліваму і шчыраму чытачу гэтага папскага дакумента. Віна ж, як і няшчасце для Касцёла, схавана ў намеры, які знаходзіцца і дастаткова выяўлены ў самой Amoris Laetitia, а таксама наіўны папізм з боку біскупаў, які аказвае настолькі кепскі ўплыў на спрадвечную паслухмянасць веры Касцёла, што тая вера ўжо не адчувае, што знаходзіцца пад вельмі сур’ёзнай атакай, хоць нават і з той аддаленай часткі свету.

У гэтай хітрай гульні важную ролю адыгрываюць прадуманыя размовы пра стараннае “распазнанне” і “суправаджэнне” ў складаных маральных сітуацыях — гэта часовыя фіранкі для канчатковай мэты. Ці ж мы не бачылі, як нізкае мастацтва “складаных выпадкаў” працуе ў свецкай палітыцы, каб правярнуць чарговы этап сацыяльных пераменаў? Цяпер гэта ёсць і ў палітыцы Касцёла. Канчатковы рэзультат будзе дакладна адпавядаць маўклівай практыцы арцыбіскупа Бергольё ў Буэнас-Айрэсе. Будзьце ўпэўненыя, што гульня вядзецца дзеля больш ці менш неразборлівага допуску да Святой Камуніі кожнага жадаючага. І тады мы дасягнем жаданай “міласэрнай” прыстані без дыскрымінацыі: выпустошвання мовы, канчатковай трывіялізацыі Эўхарыстыі, граху і пакаяння, сакрамэнту сужэнства, усялякай веры ў аб’ектыўную і трансцэндэнтную праўду, а таксама ўсялякіх мукаў сумлення перад жывым Богам, Богам святасці і праўды. Адаптуючы словы св. Тамаша Аквінскага, можна сказаць: міласэрнасць без праўды — гэта маці распаду. (Арыгінальныя словы: “Міласэрнасць без справядлівасці — гэта маці распаду”.)

У гэтай змрочнай сітуацыі прафесар Сілвас таксама нагадвае нашым кардыналам пра абяцанае выпраўленне:

Ці магчыма, што ўсё ж здарыцца прапанаванае кардыналамі братэрскае выпраўленне Папы? Мы чулі пра гэта мінулым лістападам, і напэўна гэта падбадзёрыла нашыя абцяжараныя душы. Але цяпер ужо канец красавіка, і нічога не здарылася. Мне заўсёды прыгадваецца радок з Шэкспіра: “У справах ёсць прыплыў і ёсць адплыў…”, і мне здаецца, што хвалі прыйшлі і пайшлі, а мы, свецкія вернікі, зноў застаёмся на мелі.

Трымаючыся скептычнага меркавання наконт таго, які вынік можа тут атрымацца, яна ўсё ж заклікае:

Я спадзяюся на гэта, дарагія кардыналы, я спадзяюся. Мы, вернікі, заклікаем вас: перастаньце вылічваць, як дамагчыся разумных вынікаў. Сапраўдная разважлівасць падкажа вам, калі прыйшоў час для адважнага сведчання, якое таксама завецца мучаніцтвам.

У апошняй частцы дакладу, Анна Сілвас кажа кантэмплятыўныя словы надзеі, звяртаючыся пераважна да свецкіх людзей і іх здольнасці супраціўляцца фальшываму духу, нават не маючы інстытуцыянальнай улады, ці то ў Касцёле, ці то ў свеце. Яна спасылаецца на нядаўнюю кнігу Рода Дрэера “The Benedict Option”, якая адзначае неабходнасць канцэнтравацца на нашых сем’ях альбо малых супольнасцях, дзе найбольш “палітычна эфектыўным” дзеяннем можа быць ціхая праца, глыбокая малітва і практыкаванне цнотаў у на першы погляд нязначным існаванні (як у толкінаўскіх хобітаў ва “Уладары пярсцёнкаў”), падобна як гэта было з ціхай працай і малітвай сярэднявечных манахаў падчас падзення Рымскай імперыі і хаосу, які наступіў пасля.

Апошні заклік да сузіральных і ўкрытых дзеянняў набывае яшчэ больш сэнс, калі мы суаднясем яго з папярэдняй заўвагай прафесара Сілвас наконт знакамітых “заўвагаў” кардынала Ньюмана, якія дапамагаюць адрозніць сапраўднае развіццё вучэння ад яго распаду:

Яго сёмая заўвага датычыцца “хранічнага імпэту”. З часам распад праяўляецца надзвычай актыўна — але толькі напачатку “інфекцыі”, бо ён не можа падтрымліваць сваё жыццё на працягу доўгага часу. Ён скончыць сваё развіццё і вымра. Жыццё ж ласкі мае ў сабе боскае жыццё, і таму з часам яно пераможа ўсё, што змагаецца супраць яго. Праўда вытрымае. Магчыма, у будучыні будуць моманты вялікай драмы, але праўда абавязкова пераможа.

Але трэба заўважыць, што гэты заклік да сузірання напэўна не выключае закліку да мучаніцтва. Наадварот, можна ўпэўнена сказаць, што сузіранне рыхтуе мучаніцтва і робіць яго магчымым.

* * *

Такім чынам, па выніках гэтых чатырох дакладаў можна сказаць наступнае.

1. У Каталіцкім Касцёле праяўляецца глыбокі дактрынальны крызіс, у якім допуск да Камуніі з’яўляецца толькі верхавінай айсберга, прыкладам глыбокай дактрынальнай дэфармацыі, якая дасягае найбольш фундаментальных праўдаў пра Бога і Хрыста.

2. Гэты крызіс цяпер заражае людзей на найвышэйшых пасадах у Касцёле, і нават самога Папу, хоць меншасць клерыкаў і свецкіх аказвае моцны супраціў, праяўляючы здаровую рэакцыю жывога цела на інфекцыю.

3. У гэтай духоўнай барацьбе мы павінны зноў адкрываць звязнасць і глыбіню нашага вучэння, але таксама паглыбляць нашую малітву і сузіральнае вымярэнне, якое можа падпітваць нашую любоў і нашую веру ў канчатковую перамогу Праўды.

4. У святле ўсяго гэтага, тэрмінова неабходным з’яўляецца яснае і рашучае сведчанне — мучаніцтва — з боку кардыналаў, біскупаў, святароў і свецкіх асобаў, якія ўсведамляюць гэтую трагедыю; братэрскае выпраўленне, якое шчыра прамовіць да Папы і ягоных дарадцаў, якое паставіць праўду вышэй за ўсялякі чалавечы разлік і фальшывую асцярожнасць.

5. Гэтае выпраўленне павінна абавязкова ўключаць не толькі заклік да праяснення. але і заклік да тэрміновага скасавання (альбо прынамсі стараннай перапрацоўкі) восьмага раздзела Amoris Laetitia, а таксама ўсіх урыўкаў, што падтрымліваюць ерэтычнае вучэнне, якое там відавочна ўтрымліваецца.


Аўтар: Клаўдыё П’ерантоні, прафесар сярэднявечнай філасофіі ва Універсітэце Чылі. Мае ступені Ph. D. па гісторыі хрысціянства (Рымскі універсітэт) і філасофіі (Universidad de Los Andes). Навуковы кірунак: хрысталагічныя і трынітарныя дыскусіі ў старажытным Касцёле, св. Аўгустын, філасофская праблема Праўды і тэалогія прыроды.
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: Edward Pentin

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі OnePeterFive.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар