11 красавіка 2017 года, на Імшы Хрызма, біскуп Роберт Марліна звярнуўся да святароў дыяцэзіі Мэдысана (ЗША) з гаміліяй, у якой заклікаў да далейшай працы над прыгажосцю і пабожнасцю ў літургіі. Сярод іншага, біскуп папрасіў святароў заахвочваць людзей да прыняцця святой Камуніі на каленях і ў вусны.

Чытачу гэты біскуп вядомы з блога а. Зюльсдорфа (Fr. Z), дзе з-за сваёй прыхільнасці традыцыйнай літургіі ён часта фігуруе як надзвычайны ардынарый (extraordinary ordinary). Адным з першых ён адрэагаваў на заклік кардынала Сара да святароў павярнуцца ў адным накірунку з вернікамі. Таксама біскуп Марліна растлумачыў вернікам сваёй дыяцэзіі праблемы з Супольнасцю святога Пія Х, заклікаў іх “рамантаваць Касцёл” у еднасці з духавенствам і прапанаваў спіс законных традыцыйных лацінскіх Імшаў на тэрыторыі сваёй дыяцэзіі.

* * *

Які цудоўны дзень, каб сабрацца разам для падрыхтоўкі да святкавання вялікай таямніцы нашага збаўлення і сапраўднага перажывання гэтай таямніцы ў Пальмовую нядзелю і яшчэ раз сёння ўвечары.

Нядаўна кардынал Рабэр Сара, прэфект Кангрэгацыі Божага культу ў Рыме, зрабіў пэўную прамову. Ад імя Святога Айца ён дапамагаў нам у нашай малітве і пакланенні. Ягоная прамова была вельмі шчырай, амаль грубаватай. Тэмай гэтай прамовы было тое, што Касцёл знаходзіцца ў крызісе, у вельмі сур’ёзным крызісе. Многія людзі ўстануць і скажуць: “Але я не бачу крызісу! Дзе крызіс? У ЗША ў Імшы ўдзельнічае больш каталікоў, чым у большасці іншых частак свету!” Гэта праўда, але такіх усё яшчэ менш за 25 працэнтаў.

БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ НАРОД

Напрыканцы першага чытання прагучала падказка пра тое, дзе цяпер крызіс. У ім мы чуем пра намашчэнне Духам Пана і пра ўсе вялікія рэчы, якія Пан робіць чалавецтву. І, бачачы цудоўны рэзультат намашчэння Духам Пана ўсяго чалавецтва, аўтар заключае: “Іх патомства будзе вядомым сярод народаў. Яны — патомства, якое Пан благаславіў” (Іс 61:9). Усе народы прызнаюць, што гэтыя людзі благаслаўлёныя! Гэта пра нас! І ў той момант, калі мы чуем гэта, мы бачым праблему.

Малюнак гэтай праблемы працягваецца ў вялікім абвяшчэнні Пасхі, Exsultet, у ноч Святой суботы. Я працытую гэты прыгожы гімн Уваскрасенню Пана: “А сёння гэтая ноч усіх веруючых у Хрыста на ўсёй зямлі… (тая ж ідэя: усе народы назавуць іх благаслаўлёнымі!) …вызваляе ад даўніх правінаў і змроку граху”. Ці ў сённяшнім свеце хрысціяне выглядаюць так, нібы яны былі вызвалены ад даўніх правінаў і змроку граху?

“Святасць гэтай ночы праганяе злосць, змывае правіны і вяртае беззаганасць ўпаўшым, а засмучаным радасць, праганяе нянавісць, яднае ў згодзе і скарае зямныя ўлады”. Вось што робіць Пасхальная таямніца. Людзі глядзяць на нас і кажуць: які благаслаўлёны народ! І вось, мы адвярнуліся ад граху, ад змроку і цемры… Праўда?

А правільны адказ — прынамсі для свету, для большай яго часткі — не. Вось і крызіс.

КРЫЗІС ВЕРЫ

Цяпер пішуць так шмат прац і артыкулаў пра тое, што большасць тых, хто лічыць сябе каталікамі, жывуць больш-менш так жа, як і ўсе астатнія ў нашай краіне і ў нашай культуры. Эфект Хрыстовага адкуплення не такі бачны. Гэта крызіс.

“(Нашае адкупленне ў Хрысце) праганяе нянавісць, яднае ў згодзе!” Паглядзіце на нянавісць у свеце. Паглядзіце на забойствы на Блізкім Усходзе. Паглядзіце на нянавісць у Злучаных Штатах. Многія людзі, а сярод іх многія каталікі, пітаюць у сваіх сэрцах сапраўдную нянавісць да прэзідэнта ЗША. З ім можна не згаджацца, але ўзбуджаць нянавісць супраць законна абранага дзяржслужачага? Гэта не паводзіны адкупленых.

У свеце шмат такіх паводзінаў — і, на жаль, гэта датычыцца многіх каталікоў — паводзінаў, якія нельга назваць паводзінамі адкупленых. Сёння, на жаль, я прапаведую гэта сваім. Тут вы паводзіце сябе, як адкупленыя. Вы ідзеце дадому і там паводзіце сябе, як адкупленыя. Але для іншых гэта не мае вялікага значэння. Тое, што мы маем у Хрысце, не выглядае вельмі заразным. Гэта крызіс.

У ЗША каталікі вельмі спраўныя, яны добра радзяць, калі трэба дзейнічаць у грамадстве, дапамагаць бедным, сляпым, хворым, вязням. Паглядзіце, што робіць арганізацыя “Catholic Charities”, на іх новы цэнтр дапамогі бяздомным, які цалкам расквітнее ўвосень і які працуе пры ўдзеле нашых братоў і сясцёр-лютэранаў з “Bethel Lutheran”. Цудоўная экуменічная справа хрысціянскага сведчання!

Паглядзіце на цудоўную працу Рыцараў Калумба, многія з якіх знаходзяцца тут. Паглядзіце на цудоўную працу Супольнасці св. Вінцэнта дэ Поля. Паглядзіце на працу Апостальства дапамогі інвалідам. Паглядзіце на цудоўную працу Каталіцкага шматкультурнага цэнтра. Паглядзіце на цудоўную працу паасобных парафій і на іх сацыяльныя праграмы, на сацыяльныя праграмы асобных людзей па ўсёй дыяцэзіі — вельмі высакародна!

Калі казаць пра сацыяльны ахоп, я б сказаў, што мы надзвычай добра спраўляемся. Тут крызісу няма. Крызіс заключаецца ў крызісе веры. Гэты крызіс — крызіс малітвы, таму што як мы молімся, так мы і верым. Веру і малітву ніколі няможна раздзяліць. А якая нашая самая значная малітва? Імша! Эўхарыстычная цэлебрацыя!

ПРЫГОЖАЯ, ПАБОЖНАЯ ЛІТУРГІЯ

Крызісу няма ў сферы сацыяльнай актыўнасці, сацыяльных праграм. Крызіс ёсць у Імшы і ў літургіі. Я працую тут 14 гадоў, і з Божай дапамогай нам удалося шмат чаго дабіцца ў сэнсе прыгожай, пабожнай літургіі, якая сапраўды праслаўляе Пана, якая сапраўды накіроўвае людзей да таямніцы Айца, Сына і Духа Святога. Гэта вялікі прагрэс.

Але, шчыра кажучы, ён няпоўны. Мы яшчэ зусім не скончылі. У літургіі не павінна быць нічога непрыгожага. У гэтай дыяцэзіі ёсць прыклады непрыгожай літургіі. Я бачыў іх. Я не кажу, што хтосьці робіць так з дрэннымі намерамі; дрэнных намераў у нас няма, але непрыгожыя літургіі ёсць.

Ёсць прыклады не зусім пабожнай літургіі, што асабліва бачна ў спосабе прыняцця Камуніі. Некаторыя людзі так трымаюць у руках Найсвяцейшы Сакрамэнт, што цяжка паверыць, што яны сапраўды вераць, што гэта Цела Хрыста. Можна падумаць, што гэта M&M.

“РЭАЛЬНЫ” ЎДЗЕЛ

Другі Ватыканскі сабор заклікаў да рэальнага ўдзелу ў літургіі, actuosa. Не столькі да “актыўнага” ўдзелу, колькі да актуальнага, да рэальнага. Што такое “актыўны” ўдзел? Вельмі часта актыўны ўдзел азначае, што трэба падняць на ногі як мага больш людзей альбо даць ім нейкую працу, рэалізуючы нашыя ідэі. “Актыўны” ўдзел азначае інавацыю. У Злучаных Штатах актыўны ўдзел часцей азначае “не глядзець у кніжку”. Дух Святы даў Касцёлу Імшу, аднак нейкім чынам пасля Сабору многія людзі вырашылі, што яны змогуць лепей!

Мы ж хочам “актуальнага” ўдзелу. Ён складаецца з актыўнай пасіўнасці, актыўнай успрымальнасці да раскрыцця таямніцы Хрыста, якая здзяйсняецца перад намі на алтары. Актыўная пасіўнасць, актуальны ўдзел, сузіральны ўдзел — даць уцягнуць сябе ў таямніцы і ніколі не рабіць нічога, таму што людзі лічаць гэта забаўным. Справа не ў тым, каб забаўляцца, а ў тым, каб паглыбляцца ў таямніцу, якая здзяйсняецца толькі тады, калі рабіць тое, чаго хоча Касцёл.

Таму няхай гэты новы год стане годам, калі ўсе мы будзем атрымліваць асалоду ад актуальнага ўдзелу, а не ад інавацый. Інавацыі паходзяць ад нас. Актуальны ўдзел — гэта дар Духа Святога. Уся літургія канцэнтруецца вакол працы Духа Святога. Літургія не канцэнтруецца вакол таго, што робім мы. Мы проста інструменты. Мы — нібы працаўнікі ў руках Пана. Нішто не паходзіць ад нас. Усё паходзіць ад Бога, Якому мы пакорна падпарадкоўваемся.

ПРЫНЯЦЦЕ СВЯТОЙ КАМУНІІ З ПАШАНАЙ

Напрыканцы я б хацеў перайсці да канкрэтных рэчаў. Пачынаючы з наступнага навучальнага года (гэта значыць, з восені 2017 года) я буду прасіць вас, каб мы разам пачалі рухацца да большай пашаны ў прыняцці святой Камуніі. Я папрашу, каб вы заахвочвалі людзей прымаць Камунію ў вусны і на каленях.

Несумненна, у прыняцці Камуніі ў вусны праяўляецца больш пашаны. Такі спосаб прыняцця Камуніі не можа быць легкадумным. Так, існуе і іншая магчымасць, якой я не магу забараніць. Калі вы хочаце прымаць Камунію ў руку, прымайце ў руку. Але я хачу заахвоціць вас да большай пашаны, і я спадзяюся, што вы і мае браты-святары пагодзяцца супрацоўнічаць са мною.

Ёсць і іншыя рэчы, праз якія мы можам павялічыць сваё ўзрастанне ў пабожнасці. Напрыклад, у наступным годзе, калі мы дойдзем да гэтай пары года, я спадзяюся, што кожная парафія закрые свае статуі і распяцці фіялетавай тканінай на апошнія два тыдні Вялікага посту як знак таго, што боскасць Хрыста была схаваная і затым выявілася ў хвале Крыжа. Мы закрываем статуі і крыжы не проста так. Мы ствараем пэўную атмасферу для тых, хто ўваходзіць у касцёл напрыканцы Вялікага посту. Такое асяроддзе павялічвае адчуванне таямніцы і пашану. Нам гэта патрэбна.

Пачынаючы з гэтай восені, мы будзем размаўляць пра гэтыя і іншыя рэчы, якія дапамогуць нам развіць пашану і прыгажосць. Мы здолеем справіцца з крызісам у Касцёле толькі тады, калі літургія зробіцца такою, якой яна павінна быць, а менавіта пабожнай і прыгожай. Калі з малітвай непарадак, нашая вера ніколі не будзе ў парадку і крызіс працягнецца.

Мне патрэбна вашае супрацоўніцтва, каб распавесці пра гэта іншым. Вы ведаеце, што я кажу праўду, але мне трэба, каб вы дапамаглі мне і распавялі пра гэта іншым. Братоў-святароў я прашу яшчэ мацней, чым дагэтуль, заахвочваць такую прыгажосць і пабожнасць. Многія ўжо шмат зрабілі ў гэтай сферы, і я дзякую маім братам-святарам за іхнія старанні. Але дарога няблізкая. Мы працавалі над літургіяй 14 гадоў, мы прайшлі доўгі шлях, і ўсё ж наперадзе яшчэ шмат.

Папросім Духа Святога выправіць у Касцёле супраціўленне таму, што больш пабожнае, таму, што больш прыгожае. Будзем жа кожны дзень набліжацца выглядам да народу, які благаславіў Пан, да народу, вызваленага ад даўніх правінаў і змроку граху, да народу, адасобленага ад нянавісці і зямной пыхі. Давайце распачнем сёння ўвечары, але рухацца будзем і на працягу наступнага навучальнага года, і далей, да самай вечнасці, каб па меры аздараўлення нашай літургіі выпраўляўся і крызіс у Касцёле, каб з Касцёла распаўсюджвалася моц Уваскрослага Хрыста ва ўсёй яе паўнаце і каб Бог зрабіўся ўсім для ўсіх.

Пахвалёны Езус Хрыстус!


Крыніца: Roman Catholic Man
Ілюстрацыйнае фота: Roman Catholic Archdiocese of Boston (CC BY-ND)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар