На YouTube-канале Душпастырства каталіцкай Традыцыі ў Беластоку распачынаецца трансляцыя нядзельных святых Імшаў у надзвычайнай форме рымскага абраду. Чарговае відэа з’яўляецца на канале па нядзелях у 10:30 ў фармаце наўпроставай трансляцыі, пасля чаго яго можна будзе праглядаць у запісе.

Традыцыйная лацінская Імша выклікае вялікую зацікаўленасць у Беластоку: апрача людзей, якія называюць сябе прыхільнікамі Традыцыі, яе наведваюць і тыя, хто шукае чагосьці новага, нязведанага, таямнічага і прыгожага. Прыцягвае яна і маладыя шматдзетныя сем’і, бацькі якіх хочуць надзейнай крыніцы веры, каталіцкага выхавання і культуры для сваіх дзяцей.

Трансляцыі святых Імшаў будуць весціся з капліцы Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава, біскупа і мучаніка, закінуты будынак якой быў перададзены для патрэбаў Душпастырства каталіцкай Традыцыі ў 2012 годзе. Відэазапісы Імшаў застаюцца даступнымі на канале на працягу некалькіх дзён, пасля чаго яны сыходзяць у архіў. Акрамя трансляцый, канал таксама прапануе відэазапісы казанняў, рэкалекцый і канферэнцый, якія, несумненна, паслужаць на добрае тым, хто валодае польскай мовай.

Фармальным пачаткам Душпастырства каталіцкай Традыцыі ў Беластоку можна лічыць 2013 год, калі супольнасць атрымала ўласны статут, аднак фактычны пачатак працы адбыўся яшчэ ў 2010 годзе. Менавіта тады беластоцкі ардынарый арцыбіскуп Эдвард Азароўскі прыслухаўся да просьбы вернікаў вярнуць у горад Імшу ў класічным рымскім абрадзе. Першая святая Імша ў гісторыі Душпастырства была адслужана 18 красавіка 2010 года ў Старым фарным касцёле. На дадзены момант Душпастырствам кіруе кс. Гжэгаж Снядах з Інстытуту Добрага Пастыра (IBP).

Вэб-сайт Душпастырстваhttp://bialystok.tradycjakatolicka.pl
YouTube-каналhttps://www.youtube.com/user/DTKwB/videos
Расклад святых Імшаў: буднія дні — 7:00, 18:00 (ціхая Імша); нядзеля і святы — 8:00 (ціхая Імша), 10:30 (спяваная Імша).

Te igitur,
фота: Loraine (СС BY-SA)

Пакінуць каментар