№30. Разнастайныя абрады ў межах Касцёла

Паколькі на працягу гэтай кнігі нам прыйдзецца часта звяртацца да абрадаў, якія не ва ўсім супадаюць з тым, што ў сціслым сэнсе называецца рымскім абрадам, мы вырашылі прадставіць чытачу невялікі агляд іншых абрадаў, каб зрабіць нашыя далейшыя рэмаркі больш зразумелымі і пазбавіцца ад лішніх паўтораў.

Вучоны кардынал Бона, кажучы пра розныя абрады ў межах Касцёла, параўновае іх з убраннем нявесты з Песні Песняў, якое пераліваецца мноствам колераў. У пэўныя часы няможна было знайсці такога месца, дзе не існавала б нейкіх асаблівасцяў у цэлебрацыі Святой Ахвяры. Вядома, гэтыя асаблівасці не датычыліся самой істоты Ахвяры, і іх нельга было лічыць адыходам ад агульных нормаў Імшы. Яны існавалі, як кажуць тэолагі, хутчэй “praeter Missam” [побач з Імшою], чым “contra Missam” [насуперак Імшы]. Гэта былі нейкія ўпрыгожванні ў цырымоніях, не прадпісаныя звычайнымі правіламі цэлебрацыі Божай службы. Але паколькі гэтыя асаблівасці часта выклікалі непаразуменні, а ў некаторых выпадках спрыялі фарміраванню нацыянальных касцёлаў, Святы Пасад вырашыў звярнуць на іх непасрэдную ўвагу і спыніць іх хуткае развіццё. За справу ўзяўся Святы Трыдэнцкі сабор пад кіраўніцтвам Папы Пія V. Яго Святасць выдаў дэкрэт, паводле якога ўсе абрады, не зацверджаныя Рымам у спрадвечныя часы альбо якія не маглі давесці сваю старажытнасць даўжынёю прынамсі ў дзвесце гадоў, павінны былі быць скасаваныя адразу і назаўсёды.

Як вынік, толькі тры законы змаглі давесці існаванне свайго абраду на працягу двухсот гадоў: картузіянцы, кармеліты і дамініканцы, і толькі ў двух выпадках было прадэманстравана тое, што абрад быў зацверджаны са спрадвечных часоў: гэта былі масарабскі абрад і амбразіянскі, альбо міланскі, абрад. Усім гэтым абрадам было дазволена застацца і захаваць свае ўласныя асаблівыя цырымоніі і літургічныя традыцыі, а астатнія абрады адразу былі скасаваныя. Некаторым арцыбіскупскім касцёлам у Францыі (напрыклад, у Ліёне), а таксама двум іншым (у Германіі і Неапалі) было дазволена захаваць некаторыя пахвальныя традыцыі меншых маштабаў, але паколькі яны не з’яўляюцца ў поўным сэнсе асобнымі абрадамі, мы згадаем іх толькі мімаходзь.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Saint Joseph / Flickr (CC BY-NC-ND).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: