№29. Музычныя інструменты

Усе згодна прызнаюць, што ад моманту свайго ўвядзення грыгарыянскі спеў выконваўся без суправаджэння музычных інструментаў. Інструменты і сёння не выкарыстоўваюцца ў цыстэрцыянцаў і картузіянцаў, а таксама ў старажытным касцёле ў Ліоне (Францыя). Таксама мы бачым, што інструментаў няма ў набажэнствах Усходняга Касцёла, калі не ўлічваць нямногія з іх, якія выкарыстоўваюць эфіопы і копты. З папскага хору таксама выдалены ўсе інструменты, акрамя трубы ці дзвюх, якія цудоўна гучаць падчас узнясення кансэкраваных постацяў. Гэты хор, які справядліва лічыцца самым добра падабраным сярод усіх існуючых, заўсёды суправаджае Святога Айца, калі ён служыць урачыстую спяваную Імшу ў адным з касцёлаў Рыма. Яго членам сурова забаронена спяваць дзесьці яшчэ, а дапускаюцца ў гэты хор толькі мужчынскія галасы.

Арган. — Агульна лічыцца, што ўвядзенне аргана ў набажэнствы Касцёла адбылося дзякуючы Папу Віталію альбо што прынамсі гэта адбылося падчас ягонага пантыфікату (657—672). У Францыі першы арган з’явіўся ў 757 годзе, калі імператар Канстанцін V Капранім падараваў яго каралю Піпіну Кароткаму. Гэты арган быў змешчаны ў касцёле св. Карнэлія ў Камп’ене. Спачатку арганы мелі вельмі малы дыяпазон, але ў хуткім часе пасля іх увядзення ў практыку яны набылі большыя прапорцыі. Пра гэта можна даведацца са словаў св. Альдхельма, які ў сваёй паэме “De Laudibus Virginitatis” кажа аматару музыкі, што калі яму не падабаецца больш сціплы гук арфы, яму варта паслухаць тысячы галасоў аргана. Старажытны катэдральны касцёл у англійскім Вінчэстэры меў вялізны арган, які было чуваць з вельмі далёкай адлегласці. Ягоны гук, як кажуць, нагадваў раскаты грому, а сам арган быў настолькі агромністы, што трэба было семдзесят дужых мужчынаў, каб накачваць яго паветрам. Ён меў чатыры сотні трубаў, дваццаць шэсць фідэраў і два рады клавішаў. Ён быў такі знакаміты, што станавіўся тэмай многіх паэтычных твораў таго часу. Пра яго вельмі шмат пісаў манах Вулстан.

Іншыя музычныя інструменты. — Акрамя аргана, у англасаксонскіх касцёлах выкарыстоўваўся шэраг духавых інструментаў, а таксама пэўны абруч, пакрыты срэбранымі пласцінкамі, з якога звісала шмат званочкаў. Гэтыя інструменты выкарыстоўваліся пераважна падчас працэсій па-за касцёлам, але часам іх ужывалі і ў звычайным хоры.

Заканчваючы раздзел, прысвечаны касцёльнай музыцы, мы хочам звярнуць увагу чытача на вялікае дбанне нашых продкаў, якія назіралі, каб падчас набажэнства не выконвалася нічога, што не было б найчысцейшым і найсур’ёзнейшым па сваёй прыродзе. Каб лепш выканаць гэтую задачу, найвялікшыя прадстаўнікі эліты прапаноўвалі сваю паслугу і з усім астатнім хорам бралі ўдзел у кіраванні святым спевам у нядзелі і святы. Як жа радасна і павучальна было бачыць, як Рычард І — Рычард Львінае сэрца, як яго называлі, — браў удзел у спеве ў сваёй прыватнай капліцы і спяваў ад пачатку да канца Імшы! Так, гэты магутны ваяр, які наводзіў страх на Усход сваім агромністым войскам, якое вёў у Палестыну дзеля абароны Святой Зямлі ў межах Трэцяга крыжовага паходу, станавіўся на адзін узровень са сваімі сціплымі слугамі і спяваў хвалу Богу. “Ён падымаўся на хоры і сыходзіў, — кажа Рудольф, абат Когесхола, — і заахвочваў усіх прысутных спяваць разам; і ён уздымаў свае рукі ўгору і атрымліваў вялікую асалоду ад кіравання музыкай падчас галоўных урачыстасцяў”.

(За асноўны матэрыял раздзела пра музыку і музычныя інструменты мы ўдзячныя аўтарам наступных прац: Кардынал Бона, Divina Psalmodia; Lingard, Antiquities of the Anglo-Saxon Church, том ii; Dr. Rock, Church of Our Fathers, том iii, частка 2, а таксама Hierurgia; Canon Pope, Holy Week in the Vatican; і артыкул з Dublin Review за 1836 год пад назвай “Ecclesiastical Music”. Астатняе мы знайшлі ў месцах, якія не можам цяпер прыгадаць, аднак мы напэўна не казалі нічога наўздагад.)


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Жан Жорж Вібэр, Дуэт пры аргане.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: