Паколькі паглыбленне ў гісторыю касцёльнай музыкі не з’яўляецца мэтай гэтай кнігі, мы будзем лічыць сваю задачу выкананай, калі дадзім чытачу кароткія звесткі пра месца, якое яна сёння займае ў касцёльных набажэнствах.

Найперш заўважым, што музыка з’яўляецца часткай набажэнства толькі падчас спяванай Імшы. Для ціхай Імшы яна не прадпісана.

Захаваннем і культывацыяй касцёльнай музыкі, альбо харалу, як яго зазвычай называюць, у лацінскім, альбо рымскім, Касцёле мы абавязаныя найперш стараннай працы св. Амброзія, арцыбіскупа Мілана (IV ст.), а таксама знакамітым пантыфікам Гелазію і Грыгорыю Вялікаму. Першым з іх напісана большасць гімнаў Божага Афіцыя, альбо Брэвіярыя. Як ён сам кажа, напісаць іх яго прымусіла неабходнасць супрацьстаяць злым схільнасцям, якія паўставалі ў розумах вернікаў з-за абарачэння і рэцытавання арыянскіх гімнаў, якія ў ягоныя дні набіралі папулярнасць у хрысціянскім свеце. Калі казаць пра амбразіянскі спеў у сціслым яго разуменні, то сёння ў Імшы мы маем толькі адзін яго прыклад — гэта твор, які спяваецца пры благаслаўленні Пасхальнай свечкі ў Святую суботу і бярэ назву ад першага слова, з якога пачынаецца, — “Exsultet“. Амаль паўсюдна прызнаецца, што сам гімн з’яўляецца творам святога Аўгустына, але спеў амбразіянскі.

Паколькі святы Амброзій дастаткова часу пражыў на Усходзе, дзе касцёльная музыка ўжо старанна развівалася, лічыцца, што менавіта там ён атрымаў першыя ўражанні ад яе невымоўнай прыгажосці, а затым вырашыў увесці яе ў сваім касцёле ў Мілане пасля таго, як правёў шмат даследаванняў і прыстасаваў яе да ўспрымальнасці заходніх вушэй. Мы не можам дакладна сказаць, ці была гэтая музыка заснавана на “васьмі ладах” [1] грэцкай музыкі ці не; вельмі верагодна, што была. Адно зразумела, што сістэма гэтай музыкі была даволі заблытанай і часта пераўзыходзіла дыяпазон звычайных галасоў, таму было разумным даць ёй новы подых і дастасаваць да магчымасцяў кожнага, каб усе маглі далучыцца да жадання Касцёла сумесна спяваць хвалу Богу. Гэтая добрая праца была прадпрынята Папам Грыгорыем Вялікім, які таксама заснаваў рэгулярную школу ў Рыме, каб гэтую мадыфікаваную сістэму годна захоўвалі і паўсюдна практыкавалі. Гэта і ёсць пачатак так званага грыгарыянскага спеву. З-за вялікай прастаты яго таксама называюць cantus planus (плаўны спеў, альбо просты спеў), а італьянцы завуць яго canto firmo з-за надзвычайнай велічы, якая яго перапаўняе.

Дакладныя заслугі амбразіянскага спеву нам амаль невядомыя; а ці адпавядае той спеў, які выкарыстоўваецца ў Мілане сёння, спеву з IV стагоддзя, мы пакідаем для высвятлення іншым. Але напэўна гэты старажытны спеў поўніўся веліччу і боскай слодыччу. Гэта мы ведаем ад святога Аўгустына, вялікае сэрца якога раставала ў слёзы раскаяння, калі ён слухаў яго ўрачыстыя гукі. “Калі я прыгадваю, — кажа ён у “Споведзі”, — слёзы, якія я праліваў пры спевах у тваім Касцёле ў першыя дні маёй аднойдзенай веры, і як яны кранаюць мяне і сёння… я прызнаю вялікую карысць гэтага ўстанаўлення”.

Заслугі грыгарыянскага спеву вядомыя ўсім. І хто з тых, хто калісьці чуў яго выкананым так, як трэба, не прызнае, што ён мае боскі ўплыў на душу? Калі святы Аўгустын праліваў слёзы над амбразіянскім спевам, шмат людзей у больш позні час плакалі, слухаючы простыя, але кранальныя мелодыі грыгарыянскага спеву. Беда Вялебны, напрыклад, распавядае нам, наколькі глыбока ўзрушваўся святы Кутберт, калі спяваў прэфацыю, — настолькі, што на ўвесь касцёл было чуваць яго хліпанне. А калі ён уздымаў рукі на “Sursum corda” (“Угору сэрцы”), яго спеў рабіўся больш падобны на ўрачысты стогн, чым на што іншае (Vita S. Cuthbert, cap. xvi.). Знакаміты Гайдн часта кранаўся да слёз, слухаючы, як дзяці з лонданскіх дабрачынных школ спявалі псальм ва унісон у грыгарыянскім стылі. А Моцарт, вялікі настаўнік музыкаў і кампазітараў, нават казаў, што лепш бы ён быў аўтарам прэфацыі і “Ойча наш” у грыгарыянскім стылі, чым усяго, што ён калісьці напісаў. Гэта ўсяго некалькі прыкладаў са шматлікіх выпадкаў пахвалы грыгарыянскаму спеву ад людзей, якія напэўна маглі лічыць сябе дастойнымі суддзямі.

Галоўнай асаблівасцю грыгарыянскага спеву з’яўляецца яго цудоўная прастата, злучаная з пэўнай боскай веліччу, якая цалкам напаўняе яго і якую цяжка апісаць словамі. Каб гэта ацаніць, гэта трэба пачуць. Другой цудоўнай асаблівасцю з’яўляецца яго здольнасць хавацца за словамі і рабіць апошнія дасканала чутнымі для слухачоў. Так грыгарыянскі спеў зрабіўся найбольш урачыстым відам малітвы, вельмі адрозным ад пераважнай большасці сучасных кампазіцый, якія сваёй плынню, здаецца, цалкам патапляюць словы альбо настолькі іх калечаць, што яны становяцца цалкам незразумелымі і неразборлівымі.

Цягам шматлікіх гадоў Рым захоўваў гэты святы спеў у сваёй першаснай чысціні і зайздросна наглядаў за тым, каб у яго не трапіла штосьці, што аддавала свецкай музыкай. Але, хоць Рым і паводзіў сябе асцярожна, пачаліся інавацыі і скажэнні; і было іх столькі, што ўжо цяжка было знайсці сляды грыгарыянскага спеву ў тым, што калісьці было гонарам Касцёла. Як і можна было меркаваць, скажэнні пачаліся ў Францыі. На працягу сямідзесяці гадоў (ад Папы Клімента V у 1309 годзе да Папы Грыгорыя ХІ) Рымскія Пантыфікі знаходзіліся ў Авіньёне і, натуральна, папскі хор складаўся цалкам з французскіх выканаўцаў. Яны рабілі з грыгарыянскім спевам тое, што ім хацелася, але ўсё гэта не мела б такога вялікага значэння, калі б не той факт, што пры сваім вяртанні ў Рым Папа Грыгорый ХІ прывёз з сабою і французскі хор з усімі яго капрызамі. У Рыме гэты музычны калектыў зрабіў самае кепскае ўражанне, бо з таго, што яны спявалі, няможна было пачуць ці зразумець ніводнага слова. Іхняе спяванне было такім бязглуздым, што Папа Мікалай V спытаўся ў кардынала Капранікі, што той думае пра гэта. Кардынал адказаў з гумарам: “Ну, Святы Айцец, я параўноўваю гэта з віскам вялікай колькасці свінняў; яны робяць страшэнны шум, але ніводнае слова не вымаўляюць выразна”.

Стан касцёльнай музыкі заставаўся такім да Трыдэнцкага сабору, калі было вырашана альбо палепшыць яе альбо ўвогуле выкінуць з Касцёла. Папа Пій IV сфарміраваў з кардыналаў камісію, якая павінна была паглядзець, ці можна скласці для Імшы музыку, якая была б гарманічнай, а словы былі б яснымі і зразумелымі. Сярод выбраных для гэтай справы былі св. Карла Барамеа і кардынал Вітэлоццы. У той час у складзе хора Санта Марыя Маджорэ працаваў чалавек выключнага таленту і вялікай славы сярод музыкаў. Да яго і звярнулася камісія. Ён прыняў іх прапанову і сур’ёзна ўзяўся за працу, каб напісаць Імшу, якая прыйшлася б ім даспадобы. Ён адразу напісаў два творы, якія ўсім вельмі спадабаліся, але трэці твор быў вяршыняй дасканаласці. Гэты твор быў просты, гарманічны і вельмі пабожны. Кожнае слова гучала выразна. Твор прадставілі Папу і Калегіі кардыналаў, і ўсе адзінадушна выказалі яму падтрымку. Касцёльная музыка была ўратавана. Чалавекам, які фігураваў у гэтай вельмі важнай складанай сітуацыі быў праслаўлены Палестрына [2], які з таго часу стаў вядомы як вялікі рэфарматар касцёльнага спеву. Яго ўшаноўваюць як бацьку касцёльнай гармоніі, а яго цудоўная Імша пад назвай “Missa Papae Marcelli” (ад імя Папы Марцэла ІІ, перад якім яе спявалі, 1554) заўсёды будзе лічыцца адным з яго найвялікшых поспехаў. Гэтая Імша выконваецца ў кожную Вялікую Суботу ў Папскай капліцы. Спачатку яна складалася з васьмі частак, але потым сам Палестрына скараціў яе да шасці. Іншымі рэфарматарамі, а хутчэй тымі, хто ўпрыгожыў касцёльную музыку, былі Алегры, аўтар знакамітай “Miserere” для Сікстынскай капліцы; Пергалезі, аўтар неперавышанай музыкі “Stabat Mater”, і Моцарт, чыя слава ў свеце не скончыцца ніколі.


[1] Восем ладоў грэцкай музыкі: дарыйскі, гіпадарыйскі, фрыгійскі, гіпафрыгійскі, лідыйскі, гіпалідыйскі, міксалідыйскі, гіпаміксалідыйскі.

[2] Яго сапраўднае імя было П’ерлуіджы (Джавані П’ерлуіджы), але яго зазвычай называлі па назве яго роднага горада, Палестрына (у старажытнасці — Прэнэстэ) у Італіі, дзе ён нарадзіўся ў 1524 годзе. Ён памёр у 1594 годзе і быў пахаваны ў базіліцы св. Пятра. У апошнія моманты жыцця яго наведаў св. Філіп Нэры.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Ганс Мемлінг, Анёлы-музыкі, 1480-я (левы фрагмент).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар