Нядаўна я даў часопісу Regina інтэрв’ю пра дзяцей на Імшы. Мая суразмоўца сказала — і я думаю, што гэта праўда, — што некаторыя бацькі з малымі дзецьмі непакояцца, што іх дзеці не будуць удзельнічаць у традыцыйнай Імшы, альбо што іхнія паводзіны не будуць адпавядаць чаканням наведвальнікаў. Такія думкі нібыта адахвочваюць іх паспрабаваць.

Немагчыма гарантаваць, што на традыцыйнай Імшы ніхто не будзе ганіць бацькоў малых дзяцей, але я хацеў бы іх падтрымаць:

У некаторых касцёлах існуе такая рэч, як варожасць да сем’яў і дзяцей, але гэта значна больш распаўсюджана на Імшах звычайнай формы, чым на традыцыйных Імшах, дзе прысутнічае значна большая колькасць дзяцей. Часткова гэта з-за большых сем’яў, а часткова таму, што маладыя бацькі шукаюць традыцыйную Імшу. Незадаволеныя погляды і цыканне на бацькоў, якія стараюцца справіцца з малымі дзецьмі на Імшы, зазвычай паходзяць ад людзей (пераважна, свецкіх, але часам і ад святароў), якія не прызвычаіліся бачыць дзяцей на Імшы. Тыя, хто рэгулярна наведвае традыцыйную лацінскую Імшу, з большай верагоднасцю паспелі да іх прызвычаіцца.

Цалкам інтэрв’ю можна прачытаць тут.

У гэтым допісе я хацеў бы сказаць больш пра людзей, якія сварацца на бацькоў на Імшы. На мяне сварыліся некалькі разоў, прычым часам за паводзіны не маіх, а чужых дзяцей. Канец Імшы ў касцёле — гэта не найлепшы час і месца для дыскусій, а тым больш для гарачых спрэчак, і таму цяжка штосьці сказаць у адказ.

Я думаю, што добрым і хуткім адказам можа быць спроба накіраваць раздражёную асобу да цэлебранта альбо пробашча. Бо святару належыць вызначаць, якія паводзіны з’яўляюцца непрымальнымі, а людзям мае права не падабацца тое, што адбываецца ў касцёле, і яны могуць звяртацца са сваімі прэтэнзіямі да святара. Менавіта святар мае права папрасіць бацькоў паспрабаваць іншы падыход у абыходжанні са сваімі дзецьмі падчас Імшы, калі гэта сапраўды неабходна. Таксама ён лепш зможа правесці рацыянальную дыскусію на гэты конт, чым бацькі, якіх заспелі знянацку скаргай напрыканцы Імшы (альбо, яшчэ горш, у сярэдзіне).

Калі б тых людзей, якія скардзяцца на дзяцей падчас Імшы, можна было ўцягнуць у пашыраную дыскусію, я б задаў ім наступныя пытанні.

Ці спрабавалі вы самі прыводзіць малых дзяцей у касцёл?

Здаецца, нараканні заўсёды прыходзяць ад людзей, якія не мелі такога досведу. Бацькі не з’яўляюцца дасканалымі — мы такія ж грэшнікі, як і астатнія людзі, — але разуменне таго, якія стратэгіі выкарыстоўваюць ці маглі б выкарыстоўваць бацькі, разуменне тых ці іншых праблемаў прыходзіць з досведам.

Ці вы перасунуліся кудысьці далей ад вашай лаўкі побач з дзецьмі?

Дзіўна, але людзі, якія скардзяцца на дзяцей, рэдка думаюць пра такі варыянт. Яны чакаюць, што бацькі пойдуць на ўсялякія меры, нават увогуле перастануць прыходзіць у касцёл, каб ім толькі не адысці на дзесяць метраў у цішэйшую частку касцёла.

Ці заўважалі вы намаганні, якія прыкладаюць бацькі, каб суцішыць сваіх дзяцей падчас Імшы?

Нараканні наведвальнікаў Імшы на дзяцей асабліва цяжка зносіць, калі ты сорак хвілін запар стаяў з малым дзіцём на руках, стараючыся яго суцішыць, альбо калі большую частку Імшы ты знаходзіўся за дзвярыма касцёла. Згода з чужымі прэтэнзіямі знаходзіцца ў прамой залежнасці ад іхняй удзячнасці за твае намаганні.

Як вы думаеце, ці павінны бацькі малых дзяцей удзельнічаць у Імшы?

Тыя, хто скардзіцца, не ўлічваюць, што калі тут не будзе дзяцей, то тут не будзе і іхніх бацькоў, таму што бацькі зазвычай не могуць удзельнічаць у Імшы без дзяцей. Асабліва гэта датычыцца традыцыйнай Імшы, дзе няможна выбіраць Імшу сярод розных даступных гадзінаў. Іншая праблема — гэта тое, што досвед чужога грубіянства можа адахвоціць бацькоў малых дзяцей наведваць дадзены канкрэтны касцёл, а магчыма, любы касцёл і пры любых умовах. Так ці інакш, вы аддаляеце гэтыя сем’і ад Імшы. Гэта сапраўды вельмі добрая ідэя?

Як вы думаеце, ці самім малым дзецям след наведваць Імшу?

Падтэкст прынамсі некаторых нараканняў на дзяцей такі, быццам малым дзецям не варта тут быць увогуле. Сапраўды, некаторыя прасунутыя цыкальшчыкі часта не толькі выступаюць супраць дзяцей, якія робяць шум у касцёле падчас Імшы, але і ўвогуле супраць малых дзяцей, якія ціха гуляюцца ў канцы касцёла пад бацькоўскім наглядам, калі гэта аказалася патрэбным. Гэта можа гучаць неверагодна, але я не раз сутыкаўся з гэтым на прыкладзе сваёй уласнай сям’і.

Гэта праўда, што малыя дзеці не знаходзяцца пад тым самым абавязкам удзельнічаць у Імшы, як старэйшыя дзеці і дарослыя, а таксама праўда, што для пэўных класаў людзей, у пэўныя часы і ў пэўных месцах у гісторыі Касцёла існаваў звычай пакідаць дзяцей дома разам са служанкамі, пакуль дарослыя ідуць у Касцёл. (Праўда, у многіх гістарычных і культурных кантэкстах было прынята, што і маці не магла надоўга пакідаць дом пасля нараджэння дзіцяці.)

Аднак пастава Езуса Хрыста канкрэтная: не перашкаджайце малым (parvuli ў Марка; infantes у Лукі) прыходзіць да Яго (Мк 10:13-16). Зноў жа, Ён не проста дазволіў, а фактычна абараніў ролю дзяцей (pueri) падчас іх спеву пры Ягоным уваходзе ў Ерузалем (Мц 21:15-16). Першасвятары думалі, што яны робяць шмат шуму…

Пэўная рэч здзівіла мяне, калі я рабіў даследаванне для артыкула федэрацыі “Una Voce” (FIUV Position Paper) наконт дзяцей. Гэта былі старазапаветныя фрагменты, якія патрабавалі прысутнасці дзяцей на літургічных мерапрыемствах. Напрыклад:

  • “збярыце юнакоў і немаўлят” (Ёэл 2:15-17);
  • “як мужчынаў, так і жанчын, дзяцей (parvuli) і чужаземцаў” (Дрг 31:12).

Ёсць і шмат іншых прыкладаў таго, як у Старым Запавеце “ўсіх” заклікаюць да ўдзелу ў літургіі, і ў святле гэтых ясных вершаў няма прычыны меркаваць, што дзяцей трэба выключаць з гэтага пераліку.

Гэта не проста практычнае пытанне таго, каб не прымушаць маці заставацца дома і глядзець дзяцей. Наадварот, наш Пан кажа нам, што малыя дзеці — гэта мадэль удзелу ў літургіі, прыкладаючы да дзяцей, якія спявалі Яму ў Святыні, цяпер ужо знакамітыя словы псальміста: “ex ore infantium et lactentium” — “з вуснаў немаўлят і тых, хто ссе, Ты ўчыніў хвалу” (Пс 8:3). Зноў жа, Хрыстус кажа вучням, што яны павінны прыняць Божае Валадарства, як дзеці (Мк 10:15). Гэта адлюстравана ў хрысціянскай практыцы Усходу і Захаду, дзе немаўлятам і малым дзецям удзяляюцца сакрамэнты і благаслаўленні. Чаму ж тады нехта думае, што дзецям не след быць на Імшы?

Калі коратка, то адказ заключаецца ў рацыяналістычным успрыманні літургіі. Калі вы думаеце, што літургічны ўдзел патрабуе інтэлектуальнага разумення таго, што адбываецца, тады вам падасца, што дзеці наўрад ці атрымліваюць шмат з яго (гэта можна сказаць і пра многіх дарослых). Калі, з іншага боку, вы думаеце, што літургія прыносіць аб’ектыўнае і сапраўднае благаслаўленне для прысутных і для тых, за каго яна ахвяруецца; калі вы думаеце, што сакрамэнты з’яўляюцца знакам аб’ектыўнага Божага ўмяшальніцтва ў жыццё тых, хто іх прымае, тады вы захочаце прывесці сваіх дзяцей. Менавіта рацыяналістычны склад розуму патрабуе літургіі на народнай мове, патрабуе адкласці хрост, Першую святую Камунію і канфірмацыю на пазнейшыя і пазнейшыя гады. Гэты склад розуму лічыць, што святарскія благаслаўленні, святая вада, шкаплер і ўшанаванне рэліквій з’яўляюцца ў лепшым выпадку натуральнымі спосабамі нагадаць людзям (інтэлектуальна) пра адно ці іншае, а ў горшым выпадку — забабонамі. І, нарэшце, гэты ж склад розуму супраціўляецца прысутнасці дзяцей на Імшы. Такі склад розуму адкідваецца Старым Запаветам і словамі нашага Пана.

Вось і яшчэ адна перавага традыцыйнай Імшы над новай Імшою для бацькоў малых дзяцей, і яе я не згадаў у інтэрв’ю часопісу Regina. Такі рацыяналістычны склад розуму, дзякуй Богу, значна менш пераважае ў супольнасцях наведвальнікаў лацінскай Імшы.

Нарэшце, вы хочаце быць часткай рашэння ці часткай праблемы?

Атмасфера асуджэння, якая сустракае бацькоў з малымі дзецьмі ў некаторых супольнасцях, робіць абыходжанне з дзецьмі бясконца складаным. Чаму, спытаецеся вы? Таму што ўсе робяцца напружанымі. Дзеці падхопліваюць гэта і пачынаюць пішчаць. Людзі, якія выцягваюць шыі і адорваюць іх незадаволенымі поглядамі, павінны найперш вінаваціць саміх сябе.

Што сапраўды дапаможа? Адзіная рэч, якая зробіць найбольшую розніцу для дзяцей, што ўдзельнічаюць у набажэнстве, гэта час. Імшы, запланаваныя на тую гадзіну, калі малыя дзеці зазвычай ядуць альбо спяць, будуць па вядомых прычынах значна больш складанымі, чым Імшы ў іншыя гадзіны. Мы разумеем, што Імша ў надзвычайнай форме з вялікімі цяжкасцямі ўлазіць у заняты парафіяльны расклад, але з улікам таго, што ў ёй захочуць удзельнічаць бацькі з малымі дзецьмі, на гэта таксама варта звярнуць увагу. Падтрымка ўсіх парафіянаў у пераносе традыцыйнай Імшы з перыферыі і з непрыдатных для дзяцей гадзінаў зробіць значна больш пазітыўны ўнёсак, чым усё цыканне на свеце.


Аўтар: Joseph Shaw
Крыніца: LMS Chairman
Ілюстрацыйнае фота: Joseph Shaw (СС BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар