Ніжэй мы прадстаўляем артыкул з каталіцкага часопіса Regina — чарговы каштоўны дадатак да нашай рубрыкі “Дзеці на Імшы”. Карэспандэнт часопіса размаўляе са старшынёю Таварыства лацінскай Імшы Англіі і Уэльса, прафесарам Оксфардскага універсітэта Джозэфам Шоў і абмяркоўвае пытанне, якое непакоіць тамтэйшых каталікоў: ці можна прывесці дзяцей на традыцыйную Імшу? Ці будуць іх там цярпець?

Нам, на першы погляд, мала карысці з адказу на гэтае пытанне, бо няможна прывесці дзіця на лацінскую Імшу, якой няма. Аднак аптымістычны погляд на рэчы падказвае, што традыцыйная Імша калісьці будзе, а вось праблемы з дзецьмі, наадварот, ніколі не скончацца. Да таго ж, бацьку сямі дзяцей паслухаць варта ў любым выпадку.

* * *

REGINA: Улічваючы фармалізаванасць традыцыйнай лацінскай Імшы, ці будуць дзеці на ёй добра ўспрынятыя?

ДЖОЗЭФ ШОЎ: У некаторых касцёлах існуе такая рэч, як варожасць да сем’яў і дзяцей, але гэта значна больш распаўсюджана на Імшах звычайнай формы, чым на традыцыйных Імшах, дзе прысутнічае значна большая колькасць дзяцей. Часткова гэта з-за большых сем’яў, а часткова таму, што маладыя бацькі шукаюць традыцыйную Імшу. Незадаволеныя погляды і цыканне на бацькоў, якія стараюцца справіцца з малымі дзецьмі на Імшы, зазвычай паходзяць ад людзей (пераважна, свецкіх, але часам і ад святароў), якія не прызвычаіліся бачыць дзяцей на Імшы. Тыя, хто рэгулярна наведвае традыцыйную лацінскую Імшу, з большай верагоднасцю паспелі да іх прызвычаіцца.

REGINA: Што вы можаце сказаць бацькам малых дзяцей, якія разважаюць над наведваннем лацінскай Імшы?

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Мой першы пасыл да бацькоў такі: вы знойдзеце больш спачування і сімпатыі на лацінскай Імшы, чым прывыклі атрымліваць на вашай звычайнай парафіяльнай Імшы, асабліва калі ваша парафія імкнецца заціснуць дзяцей у пэўнага кшталту дзіцячыя гета: “Імшы для дзяцей”, “дзіцячыя літургіі” і “пакоі для дзяцей”. З-за такіх рэчаў галоўныя Імшы ў многіх парафіях становяцца зонамі, свабоднымі ад дзяцей.

REGINA: “Дзіцячыя гета”?

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Так. У саміх дзіцячых гета больш няма цыкання, але дзеці і некаторыя з іх бацькоў часта пачынаюць думаць, што там не трэба рабіць высілкі і падтрымліваць малітоўную атмасферу. У такіх умовах дзеці ніколі не навучацца правільна паводзіць сябе на Імшы.

REGINA: Што вы прапануеце ўзамен?

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Найлепшая сітуацыя, якая дапаможа бацькам вучыць сваіх дзяцей паводзіць сябе правільна, гэта Імша са спрыяльнай атмасферай і прыкладамі да пераймання. Не атмасфера, як у заапарку, не касцёл, поўны цыкаючых старых, і не пакой за гуканепранікальным шклом.

REGINA: Як падрыхтавацца да свайго першага ўдзелу ў лацінскай літургіі?

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Няма патрэбы рабіць нешта адмысловае. Літургія — гэта не самастойная работа, да якой трэба рыхтавацца; гэта досвед. Калі вы хочаце атрымаць ад яе максімум, магчыма, вам будзе карысна даведацца пра яе больш, але спачатку трэба атрымаць досвед — і атрымліваць яго пастаянна.

REGINA: А што наконт дзяцей?

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Дзецям дапаможа агульная катэхізацыя дома ці ў школе, але яны мусяць атрымліваць яе незалежна ад таго, у якой Імшы вы ўдзельнічаеце.

Па-першае, дзеці павінны ўдзельнічаць у сямейнай малітве. Калі вы хочаце навучыць дзяцей стаяць на каленях і паводзіць сябе ціха і засяроджана, то дзесяць хвілін практыкі ў дзень зробяць значна больш, чым адна гадзіна ў тыдзень.

Па-другое, кожны катэхізіс альбо падручнік для заняткаў па рэлігіі ўтрымлівае матэрыял пра прыроду Імшы і іншых сакрамэнтаў. Вядома, некаторыя катэхізісы і падручнікі спраўляюцца з гэтым лепш за іншыя.

REGINA: А што наконт музыкі?

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Напэўна, цяжка чакаць ад вашай мясцовай нядзельнай школы, што яна навучыць вашых дзяцей лацінскай мове і грыгарыянскаму спеву, але так павінна быць: кожны заходні каталік мае на гэта права ад нараджэння.

REGINA: Як навучыцца таму, што адбываецца на лацінскай Імшы?

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Калі лацінская Імша стане вашым рэгулярным досведам, вы можаце набыць шмат выдатных кніг для дзяцей рознага ўзросту, куды яны могуць заглядаць падчас Імшы, а таксама чытаць іх дома. Яны дапамогуць вашым дзецям (а магчыма і вам) больш дакладна разумець, што адбываецца на кожным этапе і што азначаюць цырымоніі. Калі дзеці вырастуць, ім прыдадуцца імшалы з чытаннямі і іншымі тэкстамі для кожнай Імшы, з малітвамі для асабістага карыстання і прыгожымі малюнкамі.

REGINA: Гучыць цікава!

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Аднак я не хацеў бы рабіць вялікі націск на гэтыя кнігі. У касцёл ходзяць не па тое, каб чытаць кнігу: гэта можна зрабіць дома. Мы наведваем Імшу, каб узяць у ёй удзел: каб у духу малітоўнага сузірання глядзець на тое, што адбываецца, і слухаць спевы. Дзяцей няможна навучыць малітоўнаму сузіранню з кніжкі. Гэтаму іх навучыць Імша: як казаў Папа Бенедыкт, літургія — гэта школа малітвы.

REGINA: Якую параду вы далі б таму, хто разважае аб тым, каб пайсці на традыцыйную Імшу ўпершыню?

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Калі ў вас ёсць выбар, ідзіце на спяваную Імшу. Ціхая Імша — гэта цудоўны досвед, але да яе больш складана прызвычаіцца. Музыка на спяванай Імшы — калі яна добра выканана — дадае да Імшы дадатковы ўзровень прыгажосці, дадатковы спосаб удзелу ў ёй. Калі гучыць грыгарыянскі спеў, дзеці, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у Імшы, могуць лёгка вывучыць сталыя спевы (Kyrie, Sanctus, Agnus) і далучыцца да іх.

REGINA: Якую параду вы далі б бацькам, каб дапамагчы ім утрымаць увагу сваіх дзяцей падчас Імшы?

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Бацькам трэба рабіць тое, што яны і так робяць. Традыцыйная Імша тут нічым не адрозніваецца, хоць яна і дае некаторыя перавагі ў гэтым сэнсе.

Немаўлятам на Імшы след проста быць задаволенымі альбо спаць, каб яны не турбавалі бацькоў і іншых, а калі яны няшчасныя, бо ім штосьці трэба, бацькі стараюцца ім гэта забяспечыць. Часам ім трэба дыхнуць свежага паветра і іх след вынесці з касцёла.

Дзеці, якія пачынаюць хадзіць, могуць гуляцца з цацкамі, налепкамі, размалёўкамі. Калі яны падрастаюць, іх можна знаёміць з ключавымі момантамі Імшы, напрыклад, кансэкрацыяй. Гэта становіцца яшчэ больш важна, калі яны рыхтуюцца да Першай святой Камуніі, атрымліваючы дадатковую падрыхтоўку па-за Імшой. Паступова яны пачнуць удзельнічаць у Імшы так, як дарослыя. Калі яны навучацца добра чытаць, ім могуць дапамагчы кнігі, пра якія я ўжо згадваў. Паўтару, што гэта не залежыць ад формы Імшы, і бацькі не павінны думаць, што з традыцыйнай Імшой ёсць нейкія асаблівыя праблемы ці патрабаванні.

REGINA: У чым адрозненне традыцыйнай Імшы, калі казаць пра бацькоўскія задачы, незалежна ад узросту іх дзяцей?

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Гэта лягчэй.

REGINA: Сапраўды?

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Меншым дзецям прасцей паводзіць сябе ціха і спакойна, таму што яны знаходзяцца ў ціхім і спакойным акружэнні. Бацькі часта кажуць, што іхнія малыя дзеці лепш паводзяць сябе на лацінскай Імшы. У адной з калонак брытанскага Catholic Herald, а. Цім Фініган адказваў на пытанне бацькоў, як заахвоціць малых дзяцей цішэй паводзіць сябе на Імшы. Парада была простая: бярыце іх на цішэйшую Імшу.

REGINA: Хтосьці сказаў бы, што ў выпадку малых дзяцей гэта нелагічна.

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Існуе меркаванне, што няможна гарантаваць таго, што дзіця не будзе шумець, а таму яно будзе мацней раздражняць людзей на ціхай Імшы, таму бацькі з малымі дзецьмі ходзяць на шумныя Імшы, дзе атмасферу ўжо няможна сапсаваць яшчэ больш.

Гэта крок адчаю. Настаўнікі вучаць дзяцей сядзець ціха ў класе; бацькі вучаць дзяцей добра паводзіць сябе ў бабулі з дзядулем. Дзеці вучацца гэтым рэчам, таму што так трэба. Тое самае і з Імшою.

REGINA: А калі яны падрастаюць?

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Калі вы пачынаеце паказваць старэйшым дзецям пэўныя рэчы, традыцыйная Імша мае іншую вялікую перавагу: яе цырымоніі значна больш яркія і выразныя, чым у новай Імшы. Традыцыйная кансэкрацыя са сваімі ўкленчваннямі, уздыманнямі, званкамі, кадзілам развілася ў той час, калі свецкія каталікі нячаста прымалі Камунію, і кансэкрацыя зрабілася такой, каб аблегчыць удзел у святой Камуніі не толькі праз фізічнае прыняцце, але і праз погляд, праз узіранне і ўнутраны намер. Таму яна ідэальна падыходзіць дзецям, якія яшчэ не прымалі Першую святую Камунію. Бацькі могуць заахвоціць дзяцей прамаўляць пра сябе акт веры (“Пан мой і Бог мой”) і фармальную альбо нефармальную духоўную Камунію ў гэты момант альбо калі Камунію прымае святар.

REGINA: Так, дакладна. У гэтай Імшы больш драмы, калі можна так сказаць.

ДЖОЗЭФ ШОЎ: У Імшы ёсць і іншыя драматычныя і выразныя моманты, якія бацькі могуць растлумачыць, напрыклад, укленчванні ў Сімвале веры і Апошнім Евангеллі, альбо момант, калі святар паказвае сабраным кансэкраваную Гостыю (“Вось Баранак Божы”). Не трэба заўсёды на ўсё звяртаць увагу дзяцей: дастаткова проста час ад часу паказваць сёе-тое. Дзецям, як і дарослым, трэба дазволіць удзельнічаць у Імшы са сваімі ўласнымі думкамі і малітвамі.

REGINA: Людзі цікавяцца, што могуць атрымаць дзеці з лацінскага мнагаслоўя і складаных абрадаў, з якімі яны сутыкнуцца на традыцыйнай Імшы.

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Несумненна, яны мала разумеюць і з тэкстаў на роднай мове, якія чуюць на Імшы ў звычайнай форме. З пункту гледжання свецкага чалавека, яна нагадвае лекцыю: плынь словаў. Цяжка ўявіць сабе штосьці, што было б менш разлічана на прыцягненне дзіцячай увагі. Натуральна, дзеці абмежаваныя ў вербальных здольнасцях, але і дарослыя мусяць папрацаваць над тым, каб засяродзіцца і зразумець доўгі тэкст, які перадаецца вусна. Разнастайнасць опцый і шматгадовы лекцыянарый прыводзяць да таго, што многія з гэтых тэкстаў не робяцца пазнавальнымі, каб яны не надакучылі, але з-за гэтага іх толькі цяжэй успрымаць.

REGINA: Гэта вельмі цікавая заўвага. Новая Імша сапраўды вельмі арыентаваная на размову.

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Складанасць тут заключаецца ў тым, што Імша на народнай мове стараецца перадаць амаль увесь свой матэрыял, выкарыстоўваючы словы. Традыцыйная Імша перадае інфармацыю праз поўны набор сродкаў, выкарыстоўваючы атмасферу, прыгожае і складанае ўбранне і абсталяванне касцёла, візуальна незвычайныя цырымоніі, кадзіла, асаблівыя формы музыкі, а найперш годнасць і прыгажосць сакральнай мовы. Так яна перадае цэнтральнае пасланне літургіі: надзвычайную важнасць і годнасць Сакрамэнту і Ахвяры. Паколькі гэтага нельга цалкам перадаць дзецям толькі праз словы, гэтыя сродкі старажытнай Імшы маюць істотную перавагу.

REGINA: Вы пісалі пра ролю міністрантаў у традыцыйнай лацінскай Імшы. Як вы лічыце, ці ўплывае іх прысутнасць на хлопцаў, якія наведваюць Імшу?

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Іншая перавага традыцыйнай Імшы звязана са служэннем хлопцаў пры алтары. У звычайнай форме яно не такое прывабнае, бо міністранты там не адыгрываюць такую важную і цікавую ролю, а ўва многіх месцах яно ўвогуле зрабілася пераважна дзявочым заняткам. На традыцыйнай жа Імшы гэтае служэнне можа аказваць надзвычайны эфект на малых хлопцаў, якім больш цяжка, чым дзяўчынкам, сядзець роўна і ціха на працягу доўгага часу. Дысцыпліна міністранцкага служэння і глыбокая ўцягнутасць у цырымоніі дае ім новы погляд на Імшу, і часта яны ставяцца да гэтага з вялікім энтузіязмам.

REGINA: Пару словаў на заканчэнне?

ДЖОЗЭФ ШОЎ: Найбольш важна, аднак, не тое, колькі дзеці ведаюць пра Імшу ці нават пра праўды веры, а сустрэча з Богам, магчымасць якой адкрывае літургія.  


Карэспандэнт: Anna-Maria Vesey
Крыніца: Regina
Ілюстрацыйнае фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі часопіса.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар