Кароткі змест

  • секвенцыі з’яўляюцца не біблійнымі чытаннямі, а паэтычным каментаром да Евангелля;
  • секвенцыі належаць да ўласных спеваў літургіі (як, напрыклад, псальм), а не суправаджальных (як спеў на ўваход);
  • секвенцыя была завяршальнай часткай “Аллелюя”, ад якога потым адасобілася, а цяпер яе цалкам перасунулі перад “Аллелюя”;
  • да самай рэформы Другога Ватыканскага сабору падчас “Аллелюя”, якое было ўласным спевам, а не суправаджальным, люд сядзеў;
  • не магу пераканаўча (з падтрымкай дакументаў) адказаць, чаму менавіта на “Аллелюя” трэба падымацца, нават калі няма працэсіі з Евангеліярыем;
  • падчас секвенцыі належыць сядзець, бо яна хутчэй з’яўляецца памяткай пра старую традыцыю, а не часткай “Аллелюя”; акрамя таго няма прадпісання, якое казала б вернікам падымацца на секвенцыю;
  • секвенцыю спявае кантар альбо хор, а не люд;
  • секвенцыю няможна рэцытаваць.

Уступ

Двойчы на працягу года сучасная літургія (а надзвычайная форма рымскага абраду — пяць разоў) змяшчае перад Евангеллем спеў секвенцыі. Мова ідзе пра асаблівы літургічны твор, які з’яўляецца часткай Імшы і прадпісваецца на канкрэтную нагоду. Секвенцыя мае на мэце ўвесці вернікаў у Евангелле, а таксама даць паэтычны (у даўнія часы — таксама сцэнічны) каментар да яго. Тэксты секвенцый не мусяць паходзіць дакладна са Святога Пісання, а таму яны з’яўляюцца не часткай Божага слова, а каментаром да яго, касцёльнай творчасцю.

Назва і гісторыя

Лацінская назва sequentia даслоўна азначае “працяг” і ўказвае на паходжанне секвенцыі: першапачаткова гэта было паэтычнае развіццё спеву “Аллелюя” перад Евангеллем. Прыблізна з ХI стагоддзя секвенцыя аддзялілася ад “Аллелюя” і стала самастойным музычным жанрам. З часоў росквіту гэтага жанру (ХІІ ст.) устанавілася стылістыка секвенцыі: простая рытміка на ўзор гімнаў, рыфмы, строфы, цыклічная мелодыя (якая змяняецца кожную другую страфу), прастата тэкста і ідэі, бегкасць верша, сімвалічнае багацце вобразаў. Секвенцыі здабылі вялікую папулярнасць па ўсёй Еўропе: дастаткова сказаць, што іх колькасць дасягала пяці тысяч. Рэформа Рымскага Імшала скараціла іх колькасць да пяці, а рэформа часоў Паўла VI — да дзвюх. На думку М. Рыгецці [M. Righetti], рэформа была надта суровая да гэтага прыгожага літургічнага жанру, які быў адным з найбольш спантанных і гарачых выразаў жывой рэлігійнасці хрысціянскага люду.

Дзве сучасныя секвенцыі

У сучаснай літургіі ў велікодную нядзелю спяваецца секвенцыя з XI ст. “Victimae Paschali laudes” (“У радаснае свята Пасхальнай Ахвяры”) аўтарства Віпа з Бургундыі, капелана імператара Конрада ІІ. Гэтую ж секвенцыю спяваюць і на працягу актавы Пасхі. Гэты спеў апісвае раніцу Уваскрасення.

У нядзелю Спаслання Духа Святога спяваюць секвенцыю “Veni Sancte Spíritus” (“Божа, Дух Святы, прыйдзі”), якую прыпісваюць Папу Інакенцію ІІІ (+1216). Польская версія гэтай секвенцыі спяваецца на мелодыю са спеўніка Р. Гілара (г. Бытам, 1903—1908) і, бясспрэчна, адыходзіць ад грыгарыянскай мелодыі. Праз свой тэкст (больш малітоўны, чым апавядальны) яна набліжаецца па форме да гімна, з-за чаго шматлікія святары і вернікі трактуюць яе як гімн-малітву (і таму падымаюцца на секвенцыю). Але нягледзячы на тое, што тэкст скіраваны непасрэдна да Святога Духа (“Божа, Дух Святы, прыйдзі”), трэба памятаць, што гэта не малітва і не гімн, а медытацыйны і малітоўны спеў, які апісвае дары Духа Святога, якіх прагнуць і аб якіх просяць тыя, хто верыць ў Хрыста.

Месца секвенцыі: усярэдзіне спеву “Аллелюя” ці перад ім?

Як было сказана вышэй, першапачаткова секвенцыя з’яўлялася развіццём спеву “Аллелюя” перад Евангеллем, і таму знаходзілася нібы напрыканцы таго, што мы сёння называем акламацыяй перад Евангеллем.

У Трыдэнцкай літургіі, згодна са сваім першапачатковым месцазнаходжаннем, секвенцыя спяваецца перад апошнім “Аллелюя” перад Евангеллем у наступным парадку:

А) “Аллелюя, аллелюя”;
Б1) верш псальма;
Б2) дадатковы тэматычны верш (калі ёсць);
В) секвенцыя;
Г) “Аллелюя”.

Імшал Паўла VI (2002) падае такое прадпісанне: “Секвенцыя, якая, за выключэннем дзён Пасхі і Спаслання Духа Святога, з’яўляецца неабавязковай, спяваецца перад Аллелюя” (АУРІ 64) [1]. Такім чынам, у новым абрадзе секвенцыя цалкам папярэджвае “Аллелюя”.

Спевы паміж чытаннямі і паставы цела вернікаў

Паставы цела вернікаў падчас спеву секвенцыі не акрэсліваюцца рубрыкамі канкрэтна, таму нам застаецца карыстацца метадам дэдукцыі. Хоць адназначна вырашыць гэтае пытанне цяжка, ёсць некаторыя звесткі, якія дапамагаюць нам сфарміраваць сваё меркаванне.

Пачаць трэба з таго, што хоць літургія першых стагоддзяў аддавала перавагу паставе “стоячы”, ужо з самага пачатку вернікі часта сядалі, напрыклад, падчас гаміліі. Спачатку яны сядалі непасрэдна на падлогу альбо абапіраліся на кійкі, але з часам, асабліва з XVI ст., калі ў касцёлах пачалі з’яўляцца лаўкі, пайшоў звычай заўсёды сядаць на час чытанняў і гаміліі. На Евангелле люд падымаўся.

Уставанне на “Аллелюя” ці на працэсію з Евангеліярыем?

Крыніцы сведчаць, што ў VII ст. у заходняй літургіі існавала развітая працэсія з Евангеліярыем, які суправаджалі сем свечак і спеў “Святы”. Працэсія ішла ад алтара да амбоны, сімвалізуючы трыумф Хрыста над смерцю. Паўсюдна лічыцца, што падчас такіх працэсій людзі падымаліся, каб ушанаваць кнігу Евангелля. Такім чынам, можна дапусціць, што пайшоў звычай уставаць на ўрачыстую працэсію з Евангеллем падчас спеву.

Выглядае, што люд падымаўся не на спеў “Аллелюя”, а на ўрачыстую працэсію. Бо спеў “Аллелюя” першапачаткова быў паўнапраўным спевам паміж чытаннямі, накіраваным на слуханне і медытацыю (і не выкарыстоўваўся так часта, як потым у Трыдэнцкай Імшы і Імшы сучаснай, пра што жаліцца М. Рыгецці, сцвярджаючы, што надта частае штодзённае “Аллелюя” траціць сваю літургічную вартасць). Паколькі першыя секвенцыі былі працягам спеву “Аллелюя” (ад Х ст.), люд мог падчас іх стаяць, калі яны з’яўляліся часткай працэсіі з Евангеліярыем.

Мы, аднак, ведаем, што ў Трыдэнцкай Імшы люд сядзіць як падчас чытанняў і псальма, так і падчас спеву “Аллелюя” (і, відавочна, секвенцыі)! Устаюць людзі толькі на “Пан з вамі” (Dominus vobiscum), пасля заканчэння спеву “Аллелюя”. Гэта згаджаецца з тэорыяй, што спевы паміж чытаннямі маюць сваю ўласную вартасць, а не суправаджаюць працэсіі. Сапраўды, у Трыдэнцкай Імшы дыякан і асіста пачынаюць працэсію з Евангеліярыем падчас “Аллелюя”, але робяць гэта падчас апошняга “Аллелюя”, таму, верагодна, “Аллелюя” з’яўляецца не проста працэсійным спевам.

Тым часам літургічная рэформа пасля Другога Ватыканскага сабору акрэсліла рубрыкамі ўставанне на спеў “Аллелюя”, трактуючы яго як падрыхтоўку да Евангелля. Справядлівае пытанне: навошта? Навошта вернікі падымаюцца на “Аллелюя”, калі дагэтуль гэты спеў належыў да групы спеваў паміж чытаннямі, так званых уласных спеваў Імшы (а не суправаджальных)? Магчыма, так сталася таму, што заахвочваецца працэсія з Евангеліярыем, але, па-першае, рубрыка не нарміруе справы такім чынам, а па-другое, інструкцыі пра штодзённую працэсію з Евангеліярыем адсутнічаюць, тады як “Аллелюя” зазвычай спяваецца штодзённа… Можа, праблема ў тым, што сучасныя вершы перад Евангеллем кароткія і няма настолькі развітых мелодый, каб яны сапраўды патрабавалі часу на іх слуханне/медытацыю? На дадзены момант, я не магу даць адпаведных крыніцаў па гэтых пытаннях.

Адзначым толькі, што і ў рэфармаванай літургіі ёсць асоба, якая сядзіць падчас “Аллелюя”, і гэта біскуп (прычым не толькі тады, калі яму трэба засыпаць ладан; прадпісанні гэтага не ўдакладняюць). Тады пытанне: навошта падымаюцца вернікі?

Якая пастава падчас секвенцыі: падымацца ці сядзець?

Так ці інакш, хоць вернікі маюць (згодна з традыцыяй ці не) падняцца на “Аллелюя”, секвенцыі адасобіліся ад працэсіі з Евангеллем, а перадусім адасобіліся ад “Аллелюя”. Таму можна спакойна прыняць тэзіс, што падчас спеву секвенцыі захоўваецца пастава “седзячы”, а ўстаецца толькі на спеў “Аллелюя”. Так, напрыклад, спяваецца секвенцыя падчас Імшы ў базіліцы св. Пятра на Вялікдзень альбо Спасланне Духа Святога: усе падымаюцца толькі на спеў “Аллелюя”.

Хто спявае секвенцыю?

Застаецца пытанне: ці можам мы далучацца да спеву секвенцыі? Гістарычна секвенцыі належылі да жанру, які спявалі кантары. Сучасная практыка ў базіліцы св. Пятра падказвае, што секвенцыю не спяваюць усе сабраныя, бо іх заданнем з’яўляецца слуханне зместу секвенцыі, згодна з яе першасным сэнсам. Выдаецца слушным рабіць тое самае ў нашых касцёлах: секвенцыю павінен выконваць кантар альбо хор, у выпадку неабходнасці святар.

Адной з прычын замяшання падчас секвенцыі “Божа, Дух Святы, прыйдзі” з’яўляецца тое, што святары ці вернікі жадаюць спяваць яе разам з кантарам. Менавіта тады, калі замест каб слухаць секвенцыю, хочацца яе спяваць, ногі самі выпростваюцца ў жэсце малітвы да Духа Святога. Калі ўсе спяваюць секвенцыю, можна сказаць, што яна перастае быць творам для слухання і медытацыі і становіцца ў сваёй істоце гімнам і малітвай, а тады седзячая пастава цела выдаецца неадпаведнай. Але замест таго, каб дапускаць такі дыскамфорт, магчыма, лепей не дапускаць усеагульнага ўдзелу ў секвенцыі. Так робіцца ў Ватыкане, дзе ўсе слухаюць секвенцыю “Veni Sancte Spiritus”, а падымаюцца на “Аллелюя”.

Нарэшце, звернем увагу, што секвенцыю няможна рэцытаваць: пункт 64 АУРІ выразна кажа “спяваецца”.

Літаратура

  • B. Nadolski, “Sekwencja”, w: Leksykon liturgii, Poznań 2006
  • M. Righetti, Storia liturgica, Milano 1998 (reprint z 1959)
  • The Ceremonies of the Roman Rite described, wyd. 14, red. A. Fortescue – J.B.O’Connell – A. Reid OSB, Farnborough 2003

[1] Ад рэдакцыі. Польскае выданне Рымскага Імшала сапраўды прадпісвае спяваць секвенцыю перад “Аллелюя”. Беларускія ж “Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала” даюць наступнае прадпісанне: “Секвенцыя, якая, за выключэннем дзён Пасхі і Спаслання Духа Святога, з’яўляецца неабавязковай, спяваецца пасля Аллелюя”, што цалкам згаджаецца з лацінскім тэкстам “Institutio Generalis Missalis Romani” (2002): “Sequentia, quae praeter quam diebus Paschae et Pentecostes, est ad libitum, cantatur post Allelúia”. Паўсюдна вядома, аднак, што ў нашай краіне гэтую рубрыку мала хто чытаў і ўсе ставяць секвенцыю перад “Аллелюя”. Таму, хоць аргументацыя кс. Дамініка нібыта і супярэчыць інструкцыям, прыняць яе варта, бо яна цалкам згаджаецца з літургічнай практыкай (як у Польшчы, так і ў Беларусі). Пытаннем жа “post vs. ante” калісьці зоймемся асобна.


Аўтар: ks. Dominik Ostrowski
Крыніца: Liturgista.pl
Ілюстрацыя: Даменіка Гірландая, Пакланенне мудрацоў, 1488 (фрагмент).

Тэкст перакладзены з польскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар